2. Журналістыка Беларусі ў гады першых пяцігодак

2.1 Журналістыка Беларусі напярэдадні і ў гады першай пяцігодкі (1926-1932)

Аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі было ў асноўным завершана да пачатку 1926 г. Далей маглі быць толькі два шляхі: або прызнанне аб’ектыўнай дзейнасці законаў рыначнай эканомікі і – адсюль – арганічнае ўдасканаленне гарадской і сельскай кааперацыі, павышэнне вытворчасці працы, паляпшэнне гандлю, чыста эканамічнае пераадоленне супярэчнасцей паміж горадам і вёскай, або зварот да жорсткіх, неэканамічных метадаў часоў грамадзянскай вайны. Мы цяпер ведаем, які шлях выбраў урад савецкай дзяржавы.

Да пачатку першай пяцігодкі сетка беларускіх перыядычных выданняў ужо была дастаткова разгалінаванай. У 1927-28 гг. у рэспубліцы выходзіла 26 газет. У 1927 г. кожны экземпляр газеты прыходзіўся на 25-26 чалавек. Вакол друкаваных органаў гуртавалася каля 9 тыс. рабкораў і селькораў.

Варта адзначыць, што газеце “Звезда” адводзілася кіруючая роля ў барацьбе за генеральную лінію партыі. Амаль у кожным яе нумары друкаваліся артыкулы, карэспандэнцыі, заметкі, якія расказвалі аб XIV з’ездзе партыі і яго рашэннях. У пачатку лютага 1926 г. ЦК КПБ (б)Б заслухаў справаздачу рэдакцыі “Звезды”. Рэдакцыі было ўказана на неабходнасць больш глыбокага падыходу да асвятлення жыцця рэспублікі, прапанавана аддаваць перавагу асвятленню пытанняў вёскі і фабрычна-заводскай тэматыкі перад агульнагарадскімі, унутраным пытанням.

Са жніўня 1927 г. “Звезда” поўнасцю пачала выходзіць на беларускай мове. Гэта дало ёй магчымасць значна пашырыць колькасць чытачоў, даносіць друкаванае слова да самых шырокіх мас. Перабудоўвалася і рэдакцыя газеты. Шырокае далучэнне аўтарскага актыву паляпшала змест гахеты. Паказальныя такія дадзеныя. З 7 верасня па 20 красавіка 1926 г. (7 месяцаў і 10 дзён) толькі ў аддзел “Рабочае жыццё” паступіла 6915 карэспандэнцый (амаль па 1000 ў месяц).

Замест разгорнутых артыкулаў газеты часта змяшчалі невялікія аўтарскія або рэдакцыйныя выступленні, якія заклікалі працоўных вучыцца працаваць эканомна, развіваць кааперацыю так, каб яна дапамагала ўзнімацца бедняку і серадняку, павялічваць колькасць і якасць машын для вёскі. Ад усіх газет і часопісаў патрабавалася ўмелае спалучэнне ў сваіх публікацыях яснай партыйнай лініі з даступнасцю мовы, з яркімі прыкладамі, доказнасцю думак і меркаванняў, і ў той жа час – з прадуманай і разнастайнай формай падачы матэрыялу. Матэрыялы “Звезды”, “Рабочего” (№1 выйшаў 29 ліпеня 1927), “Беларускай вёскі” як правіла пачыналіся з цікавых прыкладаў, вакол якіх потым разгортвалася дзелавая размова. Часта складаныя тэарэтычныя пытанні тлумачыліся з выкарыстаннем блізкіх і зразумелых мясцовых фактаў. Гэта рабіла выступленні газет больш пераканаўчымі і прывабнымі. Найбольш складанымі з’яўляліся пытанні аб будаўніцтве сацыялізма ў нашай краіне, аб значэнні нэпа і кааперацыі, аб метадах барацьбы з кулацкай небяспекай. Друк арыентаваўся на падрабязнае асвятленне гэтых пытанняў, цалкам прытрымліваючыся пункту гледжання афіцыйных улад. Альтэрнатыўныя праграмы (Бухарын) шырокага адлюстравання на старонках друку не атрымалі. Варта сказаць, што менавіта ў гэтыя гады ў краіне пачаўся адыход ад прынцыпаў дэмакратыі. Барацьба большасці ЦК партыі з “іншадумствам” у яе радах нярэдка пераходзіла ў праследаванне тых, хто выступаў з крытыкай афіцыйных партыйных лідэраў. Справа даходзіла да таго, што любое выступленне апанентаў афіцыйнага курсу разглядалася спачатку як антыпартыйнае, а праз некаторы час і як антысавецкае. Журналістам беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, як і іншым іх калегам з Краіны Саветаў, пачынаючы з часоў “вялікага пералому” да хрушчоўскай “адлігі” 60-х давядзецца жыць па двайному стандарту, думаць пра адно, пісаць другое. Скончыўся час спрэчак, пачаўся час “жалезнага” адзінства.

У гады першай пяцігодкі бурна развівалася беларускае радыёвяшчанне. Рашаючы ўплыў на станаўленне айчыннай радыётэхнікі аказалася індустрыялізацыя. Дзякуючы масавай вытворчасці радыёпрыёмнікаў, імкліва пашыралася аўдыторыя слухачоў агульнабеларускай радыёстанцыі. Дзякуючы гэтаму голас радыё гучаў у самых аддаленых кутках Беларусі. Вяшчанне вялося на беларускай і польскай мовах. У ліку першых супрацоўнікаў беларускага радыё былі пыэты А.Звонак і С.Грахоўскі, пісьменнік У.Юрэвіч і інш. Радыё хутка атрымала шырокае распаўсюджанне ў розных галінах дзяржаўнага і культурнага жыцця Беларусі. У 1934 г. кінатэатр “Перамога” ў Мінску быў ператвораны ў радыётэатр.

1928-1929 гг. былі паваротным пунктам у правядзенні і характары савецкага кіраўніцтва. Ясна праследжваўся пераход пераважна адкрытай унутрыпартыйнай палітыкі 20-х гг. да тайнай палітыкі 30-х. Пасля 1929 г. адкрытасць савецкага палітычнага жыцця паступова знікае і на старонках друку.

У партыі, якая ажыццяўляла кіраўніцтва друкам, у гэты час пашыраўся настрой “надзвычайшчыны”, які знайшоў сваё “тэарэтычнае” выражэнне ў сфармуляванай у ліпені 1928 г. тэорыі абвастрэння класавай барацьбы па меры поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва. Метады націску і штурму былі правераны ў грамадзянскай вайне, чаму было не прымяніць іх у мірны час, калі скараціліся хлебанарыхтоўкі? “Надзвычайшчына” і нэп супярэчылі адзін аднаму, па сутнасці надзвычайныя меры абазначалі канец нэпа. Закулісная барацьба паміж Бухарыным і Сталіным закончылася перамогай апошняга, што вызначыла і тэматыку публікацый на партыйныя тэмы. Напр., у маі 1929 г. “Звязда” на працягу многіх дзён друкавала вялікі артыкул “Партыя і правы ўклон”. Газета “Рабочий” заклікала камуністаў і беспартыйных мацаваць шэрагі ў барацьбе за генеральную лінію партыі.

Рэвалюцыя “зверху” ў сельскай гаспадарцы СССР адбылася ў снежні 1929 г. Сталін цяпер бамбардзіраваў сельскія кадры катэгарычнымі дырэктывамі аб паскарэнні тэмпаў калектывізацыі. Сутнасць гэтых дырэктыў зводзілася да наступнага: “Кожны, хто не ідзе ў калгас, з’яўляецца ворагам Савецкай улады”. 27 снежня Сталін аб’явіў аб “ліквідацыі кулацтва як класа”. Падмацаванае паспешліва выпрацаваным паняццем “падкулачнікі” раскулачванне санкцыянавала насільную калектывізацыю 125 мільённага сялянства краіны. З таго часу старонкі газет, у тым ліку і беларускіх, сталі падобныя на баявыя зводкі: “Знішчым кулацтва як клас!”, “Біць па кулацтву, правым і левым апартуністам, якія перашкаджаюць разгортванню калектывізацыі” і г.д. Кампанію па раскулачванню заклікаў праводзіць перадавы артыкул “Правды” ад 11 студзеня 1930 г. “Ліквідацыя кулацтва як класа становіцца ў парадак дня”, у якім прапанавалася “аб’явіць вайну не на жыццё, а на смерць кулаку і ў рэшце рэшт змесці яго з ліца зямлі”.

У 1930 г. былі ліквідаваны акругі. Пастановай ЦК ВКП(б) ад 11 жніўня “Аб рэарганізацыі сеткі газет у сувязі з ліквідацыяй акруг” прадугледжвалася на аснове ліквідуемых акруговых, калгасна-саўгасных, асобных фабрычна-заводскіх газет разгарнуць сетку раённых газет. У 1930-1931 гг. у Беларусі выходзіла 36 раёнак, якія адразу ўключыліся ў актыўную работу па асвятленні мясцовага жыцця, хутка набіралі сілы, заваёўвалі новых чытачоў. Прыкладам імклівага росту папулярнасці новых перыядычных выданняў можа служыць раённая газета “Бальшавік Барысаўшчыны”, якая пачала выходзіць у снежні 1930 года. Спачатку яна выдавалася 1 раз у пяцідзёнку, у 1931 – 5 разоў у дэкаду, з 1932 – штодзённа. У 1934 г. каля газеты гуртавалася 944 рабселькоры.

За часы калектывізацыі ў Беларусі было раскулачана 15629 гаспадарак, з якіх 2293 былі серадняцкімі. Газеты ўсяляк расхвальвалі тых кіраўнікоў калгасаў, якія правялі калектывізацыю датэрмінова, друкавалі станоўчыя карэспандэнцыі нават з тых калгасаў, дзе справа не ішла далей фармальнага аб’яднання сялян. Больш за тое, газеты віталі стварэнне калгасаў-гігантаў, у якія ўваходзілі амаль што цалкам асобныя раёны. Канчаткова супраціўленне сялян было зламана голадам 1932-33 гг.

Калі ўсё гэта скончылася, 25 млн прыватных гаспадарак былі заменены 250 тыс. калгасаў, якія знаходзіліся пад кантролем дзяржавы і прымушаны былі пастаўляць ёй значную частку свайго ўраджаю па вельмі нізкіх цэнах. Насільная калектывізацыя была воссю эканамічнай рэвалюцыі Сталіна і яго буйнейшым новаўвядзеннем. Ніхто з бальшавікоў ніколі не заклікаў да чаго-небудзь хоць аддалена падобнага таму, што адбылося ў 1929-1933 гг. Амаль любая іншая с/г палітыка была б больш прадукцыйнай і прынесла б намнога менш шкоды. Толькі адным дасягненнем мог бы пахваліцца Сталін. Ён паставіў пад дзяржаўны кантроль некалі самастойнае сялянства і зрабіў магчымым нешта накшталт “ваенна-феадальнай эксплуатацыі”. Гэта пацвярджаюць і статыстычныя дадзеныя: хоць у 1933 г. ураджай збожжавых быў на 5 млн тон менш, чым у 1928 г., хлебанарыхтоўкі тым не менш выраслі ў два разы.


Информация о работе «Журналістыка Беларусі ў 1918-1928 гг. i ў гады першых пяцігодак»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 33189
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх