2. Захоп Беларусі гітлераўскімі войскамі і ўстанаўленне фашысцкага акупацыйнага рэжыму. Дзейнасць калабарацыяністаў

У канцы жніўня 1941 г. пад націскам групы армій «Цэнтр» Заходні фронт адступіў за межы Беларусі. На працяглы час яе насельніцтва трапіла ва ўмовы нямецка-фашысцкага акупацыйнага рэжыму, які меў на мэце ўсталяванне і здзяйсненне ўлады заваёўнікаў праз сістэму палітычных, ваенных, эканамічных, ідэалагічных і культурных захадаў, скіраваных на ліквідацыю савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу, захоп і эксплуатацыю нацыянальных багаццяў, падаўленне народна-вызваленчай барацьбы, фізічнае знішчэнне камуністаў і яўрэяў, ідэйна-прапагандысцкую апрацоўку насельніцтва і г. д.

Практычныя захады па «асваенні» новых зямель утрымліваліся ў адмысловай праграме «Ост» і выдадзенай 13 сакавіка 1941 г. «Інст рукцыі аб асобных абласцях да дырэктывы №21». 17 ліпеня 1941 г. Міністэрства акупіраваных усходніх тэрыторый узначаліў А. Розенберг. Апорай акупацыйнага рэжыму на Беларусі з’яўляліся 5 кадравых ахоўных дывізій. Для барацьбы з партызанамі і вынiшчэння яўрэйскага насельніцтва прызначаліся айнзацгрупы. У зоне групы армій «Цэнтр» мясцовым камендатурам падпарадкоўваліся каманды жандармерыі, 8 груп тайнай палявой паліцыі. Агульная колькасць ваенна-паліцэйскіх сіл на Беларусі дасягала 160 тыс.

У першую чаргу акупанты прынялі захады па знішчэнні ачагоў супраціўлення. Захопленыя са зброяй у руках чырвонаармейцы, а таксама палітработнікі, камуністы і яўрэі расстрэльваліся на месцы. Усе астатнія зганяліся ў лагеры для ваеннапалонных.

Пад страхам пакарання смерцю насельніцтву было загадана здаць зброю, боепрыпасы, ваенную маёмасць, а таксама радыёпрыёмнікі, фотаапараты, друкаваныя машынкі. У гарадах уводзілася сістэма прапускоў і «каменданцкая гадзіна». За замах на жыццё германскага салдата або афіцэра падлягалі расстрэлу 50–100 мірных жыхароў. Каб тэрарызаваць насельніцтва, асобных парушальнікаў рэжыму акупанты публічна каралі смерцю. Так, 25 кастрычніка ў Мінску былі павешаны М. Брускіна, К. Трус і В. Шчарбацэвіч за аказанне дапамогі савецкім раненым салдатам.

БССР як тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка СССР перастала існаваць. Яе тэрыторыя была падзелена паміж Усходняй Прусіяй, генеральнымі акругамі «Літва», «Латвія», рэйхскамісарыятам «Украіна». Вiцебская, Магілёўская, большая частка Гомельскай i усходнія раёны Мiнскай абласцей – увайшлі ў падпарадкаванне камандаванню армейскага тылу групы «Цэнтр».

У генеральную акругу «Беларусь» была ўключана чацвёртая частка (68 раёнаў), былой БССР з насельніцтвам каля 3, 2 млн. чал. Уся яе тэрыторыя падзялялася на 10 акруг (гебітаў). Вышэйшым акупацыйным органам улады з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусі, які ўзначальваў гаўляйтэр В. фон Кубэ. Яму падпарадкоўваліся акруговыя, гарадскія, раённыя камісарыяты. Пасля ліквідацыі Кубэ, з 23 верасня 1943 г. абавязкі гаўляйтэра выконваў генерал К. фон Готберг.

Адной з найважнейшых мэт усталявання акупацыйнай адміністрацыі з’яўлялася максімальнае выкарыстанне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў захопленых краін інтарэсам рэйха. З гэтай нагоды яшчэ да вайны былі распрацаваны «Дырэктывы па кiраваннi эканомiкаў у акупiраваных усходнiх абласцях» і план «Ольдэнбург» і інш. З гэтай нагоды ўсе эканамічныя (прадпрыемствы, рэсурсы, сыравіна) і культурныя (музеі, галерэі, бібліятэкі), каштоўнасці абвяшчаліся дзяржаўнай уласнасцю і падлягалі адпраўцы ў Германію.

Пасля загаду А. Розенберга ад 5 лістапада 1941 г. аб рэгістрацыі працаздольнага насельніцтва ва ўзросце ад 14 да 65 года на адмысловых біржах стала на ўлік каля 650 тыс. жыхароў Беларусі.

Падлягалі аднаўленню тыя прадпрыемствы, якія спрыялі ўмацаванню ваенна-эканамічнага патэнцыялу Германіі. Такім чынам, у гаражах СНК БССР быў наладжаны рамонт нямецкіх гармат і зенітак. На бабруйскім механічным заводзе – выраб печак і калёсных восяў. На бырысаўскай фабрыцы піяніна – калёсы для падвод. На мінскай швейнай фабрыцы – выпуск парашутаў і г. д. Тыя, хто працаваў, мог разлічваць на прадуктовую картку і заработную плату ў акупацыйных марках. Спроба ўхілення ад працы або сабатажу пагражала зняволеннем у турму або концлагер.

У раёне ваенных дзеянняў акупанты зганялі мясцовае насельніцтва для будаўніцтва камунікацый, размініравання мясцовасць, высечкі лесу ўздоўж чыгунак. Жорсткай працоўнай эксплуатацыі падверглася яўрэйскае насельніцтва Беларусі да поўнага яго знішчэння ў гета і концлагерах. З цягам часу пачаліся аблавы з мэтай вывазу людзей на працу ў Германію. Усяго за час вайны было вывезена каля 380 000 чал., так званых «остарбайтэраў».

Каб наладзіць сялянскія сельскагаспадарчыя пастаўкі рэйху, акупанты спрабавалі здзейсніць «Новы парадак землекарыстання» і іншыя рэформы, але яны не прынеслі плёну. Таму асноўным сродкам атрымання прадуктаў харчавання, сыравіны і фуражу з’яўляўся збор падаткаў, рэквізіцыі і звычайнае рабаўніцтва.

У выніку акупанты разрабавалi 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС, сотні прадпрыемстваў, вывезлi 90% cтанкоў, 96% энергетычных магутнасцей, больш 9 тыс трактароў i цягнікоў, 18, 5 тыс. аўтамабіляў, 1 100 камбайнаў, 2, 8 млн галоў буйнарагатай і 5, 7 млн – дробнай жывёлы, 1, 6 млн т збожжа, 3 млн т бульбы i гародніны. Імі было высечана 104 тыс. га лесу, вывезена 7 млн куб. м драўнiны, 500 тыс. куб. м пiламатэрыялаў.

У планах акупантаў па ўсталяванні і ўвацаванні свайго рэжыму пэўны разлік ставіўся на ідэйную апрацоўку мясцовага насельніцтва. Яе дэалагічнай асновай з’яўляўся антыкамунізм і антысаветызм. Шырока абвясцiўшы мэтай свайго нападу на СССР знiшчэнне так званага «жыдабальшавiзму», фашысты адразу ж cкiравалi свае намаганнi на лiквiдацыі панаваўшай ідэалогіі, савецкай дзяржаўнасцi, іх сімволікі і г. д. Пры гэтым сваіх расісцкіх планаў акупанты не афішыравалі, а ў сваёй нацыянальнай палітыцы імкнуліся распаліць варожасць паміж беларусамі і прадстаўнікамі дыяспар. Па загаду В. фон Кубэ ад 10 верасня 1941 г. для ўсіх дзяцей, акрамя яўрэяў, ва ўзросце ад 7 да 14 год уводзiлася абавязковае школьнае навучанне на беларускай мове. З мэтай прыцягнення сімпатый хрысціянскага насельніцтва акупантамі быў дадзены дазвол на аднаўленне закрытых бальшавікамі храмаў.

Наогул, ва ўсіх сродках масавай інфармацыі (радыё, кінематограф, прэса) пастаянна праводзіліся думкі аб вызваліцельнай місіі германскай арміі і злачыннасці сталінскага рэжыму, ганаровай працы на карысць Германіі і неабходнасці барацьбы супраць партызанаў.

Для тых, хто не скарыўся акупантам, існаваў багаты арсенал гвалтоўных сродкаў, якія не саступалі сярэднявечнай інквізіцыі. У іх ліку – 260 канцэнтрацыйных лагераў. У буйнейшым з іх – «Трасцянцы», што размяшчаўся каля Мінска, загінула 205 600 чал. Лагер на станцыі «Бронная Гара», у Брэсцкай вобласці стаў месцам пагібелі каля 50 тыс. вязняў. Практычна не засталося жывых ад соцень тысяч савецкіх салдат, трапіўшых у палон летам 1941 г. Помнікам усім ім застаецца мемарыял у Масюкоўшчыне.

Характэрнай рысай фашысцкага акупацыйнага рэжыму ў СССР, асабліва на Беларусі, стала яго скіраванасць на поўнае эканамічнае абрабаванне, маральна-псіхалагічнае прыніжэнне і фізічнае знішчэнне яўрэяў. Ужо летам 1941 г. адбыліся іх масавыя растрэлы ў мястэчках і невялікіх гарадах. У абласных і некаторых раённых цэнтрах яўрэі зганяліся нацыстамі ў ізаляваныя ад іншага насельніцтва месцы пражывання – гета з мэтай іх паступовага знішчэння. Першыя масавыя забойствы ў Мінскім гета пачаліся 7 лістапада 1941 г. У 1943 г. усе гета на Беларусі былі знішчаны разам з жыхарамі.

Не пазбегла генацыду і славянскае насельніцтва. Ужо ў лiпенi-жнiўнi 1941 г. ахоўныя часцi здзейснiлi карныя экспедыцыi супраць партызан у раёне Белавежскай пушчы, на Лепельшчыне i у раёне Iвацэвiч. З лістапада 1942 па сакавік 1943 г. было праведзена 11 буйных экспедыцый як супраць партызан, так і мірнага насельніцтва. Асаблівай жорсткасцю вызначаўся карніцкі атрад на чале з маёрам О. Дырлевангерам, на сумленні якога спаленая 22 сакавіка 1943 г. разам з жыхарамі вёска Хатынь. Карнікі экспедыцыі «Котбус», здзейсненай у раёне Лепеля–Бягомля–Плешчаніц, забілі 3 616 партызан, членаў іх сем’яў і аднавяскоўцаў, а таксама захапілі ў палон для адпраўкі ў Германію 2 812 чал. У 1943–1944 гг. напярэдадні свайго адступлення з Беларусі акупанты праводзілі тактыку «выпаленай зямлі». Так, на Беларусі 628 вёсак былі знішчаны з жыхарамі. Былі вёскі, якія спальваліся па неалькі разоў. А за ўвесь час вайны на Беларусі было знішчана каля 1 400 тыс. мірных жыхароў.

Спрадвек бывала, што ў краіне, акупіраванай іншаземнымі заваёўнікамі, з’яўляліся людзі, якія свядома і дабрахвотна ішлі да іх на службу. У юрыдычнай і гістарычнай літаратуры за імі замацавалася назва «калабарацыяністы» (або «калабаранты»).

Беларускі калабарацыянізм быў сацыяльна і ідэйна неаднародным. Большасць яго прадстаўнікоў паходзіла з дзеячаў БНР, якія апынуліся ў эміграцыі з 1920-х гг. і ўслед за нямецкімі акупантамі вярнуліся на радзіму. Другую групу склалі людзі, якія былі зацятымі ворагамі бальшавізму, пацярпелі ад калектывізацыі або трапілі пад рэпрэсіі і г. д. Нарэшце да супрацоўніцтва з акупантамі схіліліся асобы, якія паддаліся ўздзеянню іх прапаганды і свядома спрыялі ўмацаванню акупацыйнага рэжыму. У іх ліку створаная ў кастрычніку 1941 г. з санкцыі гаўляйтэра В. фон Кубэ ў Мінску Беларуская народная самапомач (БНС), якая ставіла на мэце дапамогу беларусам, пацярпелым ад вайны, бальшавісцкага і польскага праследавання, а таксама развіццё беларускай культуры. Цэнтральны савет («цэнтраль») гэтай арганізацыі складаўся з 10 чал. на чале з І. Ермачэнкам – буйнейшага дзеяча эміграцыйнага ўрада БНР. З цягам часу ва ўсіх 10 акругах Беларусі ўзніклі аддзелы БНС, падкантрольныя акупантам.

29 чэрвеня 1942 г. В. фон Кубэ выказаў зацікаўленасць у просьбе «цэнтралі» аб фарміраванні нацыянальных узброеных сіл, у тым ліку для барацьбы з партызанамі, і даў згоду на заснаванне Беларускага корпуса самааховы. Ён пагадзіўся і з тым, каб камандныя пасады ў БСА займалi беларусы, падрыхтоўка вялася на беларускай мове, каб каманды аддавалiся па-беларуску і г. д. Але начальнік паліцыі, СС і СД Цэнер настаяў, каб акрамя камандзiра-беларуса, у падраздзяленні меўся яшчэ i шэфнемец. Надалей, немцам здаліся больш надзейнымі беларускія паліцэйскія батальёны. Таму ў жніўні 1942 г. у іх стан былі пераведзены ўсе «стральцы», а штаб БСА быў распушчаны.

Большую самастойнасць мела рэарганізаваная Галоўная Рада БНС у пытаннях, звязаных з адукацыяй і сацыяльнай сферай. 13 яе аддзелаў – палітычны, адміністрацыйны, вайсковы, школьны і інш. – складалі аснову будучага дзяржаўнага апарату Беларусі. Удзельнікі з’езда акруговых кіраўнікоў БНС, які адбыўся ў сакавіку 1943 г., звярнуліся да В. фон Кубэ з мемарандумам з просьбай аб прадстаўленні Беларусі аўтаноміі, беларускага ўрада і беларускага войска. Але патрабавальны тон дакумента не задаволіў гаўляйтэра Беларусі, таму лідэр БНС І. Ермачэнка быў адхілены ад пасады, а яго месца заняў больш памяркоўны дзеяч – прафесар В. Іваноўскі.

Неўзабаве БНС была пераiменавана ў Беларускую самапомач. Яе дзейнасць была абмежавана 2 накiрункамi – аховай здароўя i матэрыяльнай дапамогай насельніцтву. 27 чэрвеня 1943 г. на з’ездзе прадстаўнiкоў «беларускай грамадскасцi» з удзелам нямецкага камандавання на чале з В. фон Кубэ было абвешчана аб стварэннi пастаяннага дарадчага органа – Рады даверу з 16 чал. на чале з бургамістрам Мінска В. Іваноўскім. Акрамя акруговых прадстаўнікоў, у яе ўвайшлі: Ю. Сабалеўскі – ад Беларускай самапомачы, К. Рабушка – ад прафсаюзаў, а таксама М. Ганько і Н. Абрамава – ад створанай 22 чэрвеня 1943 г. арганізацыі Саюза беларускай моладзі (СБМ).

Пераемнiк забiтага Кубэ – генерал палiцыi і войск СС К. фон Готберг 21 снежня 1943 г. санкцыянаваў стварэнне Беларускай Цэнтральнай Рады з 15 чал. як дапаможнага дарадчага органа пры камісарыяце на чале з прэзідэнтам Р. Астроўскім. Новая крэатура пазіцыяніравала сябе прадстаўнiцтвам беларускага народа, а яе асноўнай задачай абвяшчалася барацьба з бальшавізмам.

У выніку інтарэсы дзеячаў БЦР сыходзіліся: перад імі ўзнікала перспектыва ўтварэння беларускай дзяржаўнасці пад германскім пратэктаратам, а іх гаспадары маглі разлічваць на актывізацыю беларускага насельніцтва ў барацьбе з партызанамі і задавальненні эканамічнах інтарэсаў рэйха. Так, у сувязі з узрастаннем партызанскай вайны акупанты адчувалі патрэбу ў фарміраванні дадатковых сіл. Прымусова мабілізаваных імі ў канцы 1943 г. – пачатку 1944 г. 5 тыс. беларускіх жаўнераў яўна не хапала. Такім чынам, інтарэсы калабарантаў, якія марылі аб нацыянальным войску, і мэты немцаў ізноў сыходзіліся. У выніку 6 сакавіка 1944 г. з дазволу К. фон Готберга прэзідэнт Р. Астроўскi падпiсаў загад аб стварэнні Беларускай Краёвай Абароны «для канчатковай ліквідацыі бальшавіцкіх бандытаў» і «абароны Бацькаўшчыны».

З гэтай нагоды з 7 сакавіка абвяшчалася мабілізацыя былых афіцэраў, падафіцэраў, а таксама ўсіх мужчын 1908–1917 і 1921–1924 гадоў нараджэння. Таму, хто мусіў ухіліцца ад яе пагражаў надзвычайны суд і пакаранне смерцю. Правядзенне мабілізацыі ўскладалася на Галоўнае ўпраўленне БКА на чале з маёрам Ф. Кушалем. У выніку на прызыўныя пункты з’явілася каля 40 тыс. чал. З-за недахопу зброі і абмундзіравання ў БКА здолелі прыняць каля 25 тыс., з якіх было сфарміравана 39 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. Большасць іх, атрымаўшы зброю, пераходзіла да народных мсціўцаў.

У час, калі поўным ходам ішло наступленне Чырвонай Арміі, 27 чэрвеня ў Мінску пад старшынствам Р. Астроўскага распачаў працу II Усебеларускі кангрэс з удзелам 1 039 дэлегатаў ад беларускіх згуртаванняў і акупацыйнай адміністрацыі. У сваёй рэзалюцыі ўдзельнікі, па-першае, пацвердзілі дзейснасць ІІІ Ўстаўной граматы ад 25 сакавіка 1918 г., па-другое, выказаліся супраць БССР як формы беларускай дзяржаўнасці; па-трэцяе, абавязаліся абвясціць усім народам свету аб тым, што «голас Масквы і СССР у беларускіх справах не мае ніякай праўнай сілы» і, па-чацвертае, назвалі БЦР на чале з прэзідэнтам Р. Астроўскім «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народу і ягонага краю».

Але рэальных сіл для таго, каб рэалізаваць пастанову кангрэса, не хапіла ні ў яго арганізатараў, ні ідэйных натхніцеляў. Ужо 30 чэрвеня лiдэры БКА збеглi у Польшчу, затым у Германiю. Ведамства А. Розенберга выказала зацікаўленасць у БЦР як арганізацыі, здольнай стварыць прагерманскія ўзброеныя фарміраванні, павесці агітацыю і прапаганду сярод беларускіх працоўных, узяць на сябе ўсю працу па аб’яднанні беларусаў Германіі. У кастрычніку 1944 г. вайсковы аддзел БЦР быў рэарганiзаваны ў Галоўнае ўпраўленне вайсковых спраў (ГУВС) на чале з генералам К. Езавiтавым. У адпаведнасці з загадам Г. Гімлера, 25 студзеня 1945 г. ГУВС стварыў I грэнадзерскую брыгаду СС «Беларусь». Але напрыканцы вайны, пакінуўшы акопы, яны здаліся ў палон амерыканцам.

Такім чынам, калабаранты не дасягнулі сваіх мэтаў. Тыя з іх, хто спрабаваў з дапамогай акупантаў дамагчыся беларускай дзяржаўнасці, не знайшоў трывалай народнай падтрымкі. Наадварот, рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя выступілі ў падтрымку савецкага ладу, ідэй Леніна і Сталіна, дапамагалі партызанам, падпольшчыкам і чырвонай Арміі ў вызваленні БССР.


Информация о работе «Удзел беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і міжнародным жыцці пасляваеннага перыяду»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 64814
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
53540
0
0

... сістэмы гаспадарання. Для БССР – гэта час росквіту ідэйна-палітычнага канфармізму грамадзян, пашырэння сярод іх нацыянальнага нігілізму і заняпаду беларускай школы. 7. Спробы мадэрнізацыі савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў перыяд перабудовы З сярэдзіны 1980-х гг. у грамадстве ўзрастала ўсведамленне неабходнасці перамен да лепшага. Такія ж настроі ўзніклі нават у часткі членаў ЦК КПСС. У ...

0 комментариев


Наверх