3. Кіруючая роля камуністычнай партыі ў арганізацыі партызанскага руху і падпольнай барацьбы
Савецкі народ сустрэў напад фашысцкіх агрэсараў на СССР з пэўнай трывогай, але без адчаю і панікі. Выхаваны ўпэўненым у значнай перавазе сацыялістычнага ладу над капіталістычным, несакрушальнай моцы Чырвонай Арміі, ён непахісна верыў у хуткую перамогу над ворагам. Гэтую веру мацавала дзеючая Камуністычная партыя (бальшавікоў) на чале з І. Сталіным.
Беларуская партыйная арганізацыя – каля 51 тыс. камуністаў і 24 тыс. кандыдатаў у члены партыі – апынулася на пярэднім краі барацьбы з фашысцкім агрэсарам. 29 чэрвеня падпісанай І. Сталіным дырэктывай «Партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей» быў пакладзены пачатак арганізацыі супраціўлення. У адпаведнасці з дырэктывай ЦК КБ(б) Б ад 30 чэрвеня «Аб падрыхтоўцы да пераходу на падпольную работу партыйных арганізацый, якія знаходзяцца пад пагрозай фашысцкай акупацыі», каля 8 тыс. камуністаў мусіла перайсці на нелегальнае становішча. Да канца жніўня ва ўмовах акупацыі пачалі сваю дзейнасць Мінскі, Гомельскі і Пінскі абласныя, 1 гарадскі і 19 раённых падпольных камітэтаў партыі.
У Мінску да канца 1941 г. дзейнічала звыш 2 тыс. патрыётаў, арганізаваных гарадскім камітэтам на чале з І. Казінцом. Да вызвалення Мінска тут дзейнічала 9 тыс. чал. падпольшчыкаў, у тым ліку 1 025 камуністаў і 2 044 камсамольцаў. У сакавіку 1942 г. пачаў дзейнічаць Віцебскі, у жніўні – Пінскі абкам КП(б) Б. Восенню 1942 г. партыйны цэнтр Віцебска стварыў у горадзе разгалінаванае падполле. Найбольшую актыўнасць выявіла група В. Харужай. У верасні 1942 г. у Гомелі дзейнічала каля 20 груп. У 1942–1943 гг. моцны падпольны рух існаваў у Магілёве, дзе 40 груп (каля 400 чал.) аб’ядналіся ў адзіную арганізацыю «Камітэт садзеяння Чырвонай Арміі». Вялікі ўклад у падпольную барацьбу ўнеслі камуністы Бабруйска, Баранавіч, Барысава, Брэста, Вілейкі, Жлобіна, Калінкавіч, Оршы і іншых гарадоў.
Падпольшчыкі неслі велізарныя страты. Так, у выніку двух правалаў у складзе каля 700 патрыётаў загінула партыйнае кіраўніцтва падполля Мінска. З 1 500 падпольшчыкаў Віцебска загінуў кожны трэці. Але партыя не прыпыняла барацьбы і ўздымала на яе новых змагароў. Усяго ў баявым падполлі ўдзельнічала каля 70 тыс. чал. Іх намаганнямі адбываліся дыверсіі на фабрыках і заводах, забойствы акупантаў і іх наймітаў, збор разведдадзеных, распаўсюджанне газет і лістовак, зводак Інформбюро і інш. Умелая каардынацыя камуністамі партызанскага і падпольнага руху забяспечылі ліквідацыю гаўляйтэра В. фон Кубэ, якую здзейснілі А. Мазанік, М. Восіпава і Н. Траян.
Усяго ў баявым падполлі ўдзельнічала каля 70 тыс. чал. Лепшым з іх – У. Амельянюку, Е. Зяньковай, І. Казінцу, М. Кедышку, М. Кабушкіну, Я. Клумаву, З. Партновай, В. Харужай і інш. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Першыя партызанскія атрады арганізавалі і ўзначалілі камуністы. Так, 26 чэрвеня ў Пінскім раёне пачаў дзейнічаць атрад на чале з В. Каржом. 9 ліпеня на барацьбу з ворагам узняўся атрад, сфарміраваны Суражскім райкамам партыі Віцебскай вобл. на чале з М. Шмыровым. З першых дзён ліпеня пачаў баявую дзейнасць атрад «Чырвоны Кастрычнік», які ўзначаліў першы сакратар Кастрычніцкага райкама партыі Палескай вобласці Ц. Бумажкоў.
У адказ на пастанову ЦК УКП(б) ад 18 ліпеня 1941 г. «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск» да 25 ліпеня 1941 г. партыйнымі камітэтамі Беларусі было створана 118 атрадаў з 2 600 партызанамі, а праз месяц колькасць патрыётаў ужо складала каля 12 тыс. чал. 6 жніўня 1941 г. за вялікія поспехі ў барацьбе з ворагам Ц. Бумажкову і Ф. Паўлоўскаму першым з савецкіх партызан было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У 1942 г. ЦК КП(б) Б атрымаў дазвол ЦК УКП(б) на адкліканне з Чырвонай Арміі беларускіх камуністаў для іх падрыхтоўкі ў якасці арганізатараў партызанскага руху. З гэтай мэтай у красавіку 1942 г. у г. Мураме Ўладзімірскай вобл. быў створаны «Асобы беларускі збор». Да верасня 1942 г. на Беларусь былі перапраўлены 20 атрадаў, 102 арганізатарскія і 62 дыверсійныя групы, якія налічвалі больш за 3 тыс. чал. Асноўным месцам іх перакідкі сталі так званыя «Суражскія вароты», якія ўтварыліся на стыку груп армій «Поўнач» і «Цэнтр».
30 мая 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў утвораны Цэнтральны Штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з І сакратаром ЦК КП(б) Б П. Панамарэнкам. Як вынікала з загаду народнага камісара абороны Саюза ССР І. Сталіна за №00189 ад 5 верасня 1942 г. «Аб задачах партызанскага руху», роля беларускіх мсціўцаў значна павялічвалася. З гэтай нагоды 9 верасня ўтвараўся Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) як ваенна-баявы орган ЦК КП(б) пад старшынствам ІІ сакратара ЦК П. Калініна.
28 лютага 1943 г. Пленум ЦК КП(б) прыняў пастанову аб узмацненні барацьбы супраць акупантаў. З гэтай нагоды на Беларусь былі перакінуты работнікі Баранавіцкага, Брэсцкага, Вілейскага і Беластоцкага падпольных абкамаў. На працягу з сакавіка па чэрвень 1943 г. у тыл ворага было адпраўлена звыш 220 партыйных кіраўнікоў. Да канца 1943 – пачатку 1944 г. сістэма партыйнага кіраўніцтва народнай вайной складалася з 10 падпольных абкамаў, 17 міжрайкамаў, 8 гаркамаў, 2 гаррайкамаў і 166 райкамаў КП(б) Б.
Па меры арганізацыі партызанскага руху асобныя атрады згуртоўваліся ў брыгады. Так, З красавіка 1942 г. М. Шмыроў узначаліў Першую беларускую брыгаду. На працягу ўсяго перыяду акупацыі ў Беларусі дзейнічалі 199 брыгад, 14 палкоў (997 атрадаў) і 258 асобных атрадаў, у якіх налічвалася 374 тысячы байцоў; На 1 ліпеня 1943 г. камуністы ўзначальвалі 89, 6% атрадаў и 96, 1% брыгад. У межах асобных раёнаў і абласцей брыгады аб’ядноўваліся ў злучэнні пад кіраўніцтвам падпольных абкамаў і на чале з іх сакратарамі.
Важнейшым сродкам актывізацыі партызанскага руху ў 1942–1943 гг. з’яўляліся рэйды па тылах акупантаў, ініцыіраваныя падпольнымі абкамамі партыі. Так, атрады Мінска-Палескага злучэння, брыгада імя К. Заслонава прайшла 300-кіламетровым маршам па Віцебскай і Мінскай абласцях. Атрад «Баявы» начале з А. Флягонтавым здзейсніў пераход у 500 км. Пад час 1000 кіламетровага рэйду Беластоцкага злучэння на чале з сакратаром падпольнага абкама партыі В. Самуціна колькасць байцоў узрасла з 700 да 1 800 чал., было знішчана шмат захопнікаў, падарваны дзесяткі эшалонаў і 1100 рэяк.
З лістапада 1942 па снежань 1943 г. узначалены камуністамі партызанскі рух па формах і размаху баявых дзеянняў, спосабу кіравання імі набываў маштабы ўсенароднай вайны. Яе праявы адбіліся ў разгроме акупацыйных сіл і іх выцясненні за межы кантралюемых народнымі мсціўцамі тэрыторый – 20 партызанскіх зон і 2 краёў.
Асноўным відам барацьбы партызан супраць ворага з’яўляліся дыверсіі на чыгунцы. Найбольшы плён у плане разгрому фашызму яна прынесла пад час так званай «рэйкавай вайны», распрацаванай у Стаўцы сумесна з ЦШПР і БШПР. Праведзеная ў тры этапы: першы – з 3 жніўня па 15 верасня 1943, другі – з 19 верасня па 1–3 лістапада 1943 і трэці – з 20 па 23 чэрвеня 1944 г., яна нанесла каласальны ўрон праціўніку. Толькі чыгуначных рэек было падарвана 272 тыс., без уліку разгромленых гарнізонаў, станцый, іншых дыверсій. Такім чынам, ні пад час бітвы на Курскай дузе, ні пад час фарсіравання Дняпра, ні ў час аперацыі «Багратыён» фашысты не здолелі своечасова падвезці патрэбныя грузы сваім арміям.
Такім чынам, асноўную працу па арганізацыі ўсенароднай барацьбы ўзначальвалі ЦК КП(б) Б і БШПР, у тым ліку П. Панамарэнка, П. Калінін, В. Малін, В. Ванееў, Н. Аўхімовіч, Т. Гарбуноў, Г. Эйдзінаў і інш. Вялікі ўклад у гэтую справу ўнеслі кіраўнікі партызанскага і падпольнага руху І. Бельскі, А. Брагін, І. Варвашэня, Я. Жылянін, І. Клімаў, І. Кожар, В. Казлоў, В. Лабанок, Н. Малінін, Р. Мачульскі, В. Самуцін, С. Сікорскі, І. Стулаў і інш.
На чале партыйных камітэтаў дзейнічала камсамольскае падполле, усяго каля 100 тыс. чал. у складзе 10 абласных, 214 міжраённых, гарадскіх і раённых і звыш 600 пярвічных арганізацый. У іх ліку група «Смерть угнетателям народа» («Смугнар»), якая па-геройску дзейнічала ў Калінкавічах, арганізацыя «Юныя мсціўцы» на станцыі Обаль, Віцебскай вобласці на чале с Е. Зяньковай. Так, у ноч на 30 ліпеня 1943 г. буйнейшая за час вайны дыверсія была здзейснена на ст. Асіповічы, калі камсамолец Ф. Крыловіч замініраваў варожы эшалон з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, ад выбуху якога загарэліся яшчэ 2 – з танкамі і боепрыпасамі.
Узначаленая камуністамі армія народных мсціўцаў складала каля 440 тым. чал. Усяго з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 г., партызаны знішчылі амаль 0, 5 млн акупантаў, пусцілі пад адхон больш за 11 тыс. эшалонаў, разграмілі 29 чыгуначных станцый, звыш 900 штабоў і варожых гарнізонаў, падарвалі 18, 7 тыс. аўтамашын, шмат танкаў і броневікоў, падарвалі тысячы мастоў, перабілі больш 300 тыс. рэяк і інш.
Звыш 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. 88 чалавекам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку сем сакратароў падпольных абкамаў КП(б) Б – В. Казлоў, І. Бельскі, Р. Мачульскі, І. Кожар, А. Кляшчоў, В. Чарнышоў, С. Сікорскі, сакратар падпольнага абкама камсамола П. Машэраў.
Кампартыя Беларусі здзейсніла велізарную палітычную і арганізатарскую работу сярод усіх пластоў і груп насельніцтва. Яе камітэты і арганізацыі склалі касцяк сіл падпольшчыкаў і партызан. У выніку пастаўленая ЦК УКП(б) задача ператварэння партызанскага руху ў тыле ворага ва ўсенародную вайну была выканана. УКП(б) і КП(б) сфарміравалі, узброілі, ідэйна выхавалі масавую партызанскую, армію, забяспечыла яе кіруючымі органамі (БШПР, падпольныя камітэты і г.д.) камандным саставам і кадрамі палітычных работнікаў, натхнілі на самаадданую барацьбу з ворагам.
... сістэмы гаспадарання. Для БССР – гэта час росквіту ідэйна-палітычнага канфармізму грамадзян, пашырэння сярод іх нацыянальнага нігілізму і заняпаду беларускай школы. 7. Спробы мадэрнізацыі савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў перыяд перабудовы З сярэдзіны 1980-х гг. у грамадстве ўзрастала ўсведамленне неабходнасці перамен да лепшага. Такія ж настроі ўзніклі нават у часткі членаў ЦК КПСС. У ...
0 комментариев