6. Удзел БССР у заснаванні і дзейнасці ААН
Пасля разгрому фашыстаў пад Курскам краіны-удзельніцы антыгітлераўскай кааліцыі (ЗША, Вялікабрытанія і СССР) прыйшлі да высновы аб тым, што поўная перамога над агрэсарам – гэта толькі пытанне часу. Так, на канферэнцыі ў Тэгеране (Іран) (28 лістапада па 1 снежня 1943 г.) http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%98%D1%80%D0%B0%D0%BDІ. Сталін, прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт і прэм’ер-міністр Велікабрытаніі Ў. Чэрчыль прынялі рашэнне аб стварэнні агульнай арганізацыі, здольнай вырашаць міжнародныя праблемы, прадухіляць новыя войны і быць гарантам захавання міру і бяспекі.
У мэтах атрымання большай палітычнай вагі ў гэтай арганізацыі, савецкае кіраўніцтва выступіла з прапановай аб уключэнні ў яе як мага больш саюзных рэспублік у якасці самастойных членаў. У прыватнасці, у камісію па ваенных злачынствах прапаноўвалася ўключыць сем савецкіх рэспублік. Аднак такія захады не атрымалі падтрымкі з боку ЗША і Вялікабрытаніі на той падставе, што рэспублікі СССР не маюць канстытуцыйнай асновы для асобнага прадстаўніцтва на міжнароднай арэне.
У такіх умовах кіраўніцтва СССР унесла шэраг дадаткаў у саюзную Кастытуцыю, якія былі заканадаўча аформлены ў лютым 1944 г. Вярхоўным Саветам СССР. Новымі нормамі прадугледжвалася права саюзных рэспублік уступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі. З гэтай нагоды ў сакавіку 1944 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон аб утварэнні Народнага камісарыята замежных спраў. Але падобныя змены ў становішчы суб’ектаў Савецкага Саюза не магло канчаткова ператварыць рэспублікі ў суб’ектаў міжнароднага права. І калі савецкі бок прапанаваў у лік будучых членаў ААН усе савецкія рэспублікі, то прэзідэнт ЗША ў спецыяльным пасланні І. Сталіну адзначыў, што такія ініцыятывы пагражаюць стварэнню арганізацыі. Гэтая праблема атрымала працяг пад час Ялцінскай канферэнцыі (4–11 лютага 1945 г.). Пасля напружаных перамоў кіраўніцтва Вялікабрытаніі і ЗША ўсё ж дало згоду на ўключэнне ў будучую ААН 2 – 3 рэспублік, якія найбольш пацярпелі ад фашысцкай агрэсіі. Па выніках канферэнцыі было вырашана, што іх будуць прадстаўляць УССР і БССР.
27 красавіка 1945 г. пасля двух тыдняў працы ўстаноўчай канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска было прынята рашэнне аб уключэнні ЎССР і БССР у лік членаў арганізацыі. У склад дэлегацыі ад нашай рэспублікі ўвайшлі наркам замежных спраў К. Кісялёў, акадэмік А. Жэбрак, прафесар У. Перцаў, дацэнт Ф. Шмыгаў і Г. Байдукоў. Яны ж удзельнічалі ва ўстаноўчай сесіі ААН і 26 чэрвеня 1945 г. і падпісалі Статут Усеагульнай міжнароднай арганізацыі (Арганізацыі аб’яднаных нацый). Уключэнне БССР у склад краін-заснавальніц ААН стала натуральным прызнаннем вялікага ўкладу беларускага народа ў справу перамогі над фашызмам. Тым не менш яна не ўспрымалася ў свеце незалежнай і суверэннай дзяржавай, а разглядалася неад’емнай часткай СССР. Таму знешнепалітычная дзейнасць рэспублікі цалкам праходзіла ў рэчышчы інтарэсаў і рашэнняў саюзнага ўрада.
У далейшым БССР актыўна ўдзельнічала ў працы разнастайных органаў ААН і ў 1946 г. выступала ініцыятарам прыняцця рэзалюцыі аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў у 1946 г.
7. Роля і месца БССР на міжнароднай арэне ў перыяд канфрантацыі дзвюх грамадска-палітычных сістэм у другой палове 40-х – першай палове 80-х гг. ХХ ст
Выхад БССР на міжнародную арэну запатрабаваў распрацоўкі і прыняцця ў 1952 г. яе дзяржаўных сімвалаў – сцяга, герба і гімна.
Дзейнасць БССР на сусветнай арэне праходзіла ў агульным рэчышчы міжнароднай палітыкі СССР і краін-удзельнікаў Варшаўскага дагавору і Савета Эканамічнай Узаемадапамогі. Цыклічнае абвастрэнне адносін паміж дзвюма палітычнымі сістэмамі («Карыбскі крызіс», агрэсія ЗША супраць В’етнама, увядзенне савецкіх войск у Чэхаславакію, араба-ізраільскія войны і інш.) непасрэдна адбівалася на міжнародным аўтарытэце ўсяго СССР. Заходняе грамадства да канца стагоддзя амаль не адрознівала савецкіх грамадзян па нацыянальнай прыкмеце, а называла іх «рускімі». У поўным сэнсе гэтае правіла можна было перанесці і на міжнародную палітыку СССР, якая таксама не мела нацыянальных адценняў.
Гады так званай «хрушчоўскай адлігі» пэўным чынам спрыялі станаўленню БССР як суб’екта міжнародных адносін. Рэспубліка паслядоўна ўдзельнічала ў рамках міжнародных арганізацый і дагавораў. Калі ў канцы 1950-х гг. БССР была ўдзельніцай 54 міжнародных дагавораў, то да канца 1980-х – больш за 170. БССР брала ўдзел у працы 70 міжнародных арганізацый, у тым ліку спецыялізаваных установах ААН ЮНЕСКО, МАГАТЭ, Міжнародным саюзе электрасувязі, Міжнароднай арганізацыі працы і інш.
Важнае месца ў міжнародных стасунках БССР займалі сувязі ў галіне культуры. З дазволу вышэйшых уладных структур іх здзяйснялі творчыя саюзы, навучальныя і навуковыя ўстановы, а таксама спецыяльны орган – Беларускае таварыства сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. У адпаведнасці з рашэннямі ЮНЕСКО ў нашай краіне вялася падрыхтоўка спецыялістаў для краін, якія ўсталі на некапіталістычны шлях развіцця. Да канца 1980-х гг. у БССР прайшлі навучанне каля 10 тысяч грамадзян з Усходняй Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
У галіне захавання міру і бяспекі на планеце БССР стала ўдзельнікам дагавора 1963 г. аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, космасе і пад вадой. Дыпламатычны корпус рэспублікі быў сааўтарам Дэкларацыі сацыяльнага развіцця (1969), Дэкларацыі аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру (1975). Далучылася БССР і да Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці калоніям і іх народам (1960), Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (1966) і інш.
БССР, абраная ў 1974–1975 гг. непастаянным членам Савета Бяспекі ААН, спрыяла прыняццю шэрагу важных рашэнняў. Значнай падзеяй у жыцці рэспублікі стала далучэнне да міжнароднага руху гарадоў-пабрацімаў. У 1957 г. Мінск заключыў адпаведнае пагадненне з англійскім Нотынгемам. У 1985 г. ужо 7 гарадоў БССР мелі пабрацімскія сувязі з 14 гарадамі 9 краін Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі.
З прычыны асаблівасцей савецкай палітычнай сістэмы ў пасляваенныя дзесяцігоддзі БССР так і не набыла міжнародна-прававога прызнання як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Рэспубліка не мела сапраўдных дыпламатычных адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях (пры ААН у Нью-Йорку і пры спецыялізаваных установах ААН у Вене, Парыжы і Жэневе) фактычна з’яўляліся філіяламі агульна-саюзных прадстаўніцтваў. Размяшчэнне ў Мінску генеральных консульстваў Польшчы, ГДР і Балгарыі справы не мяняла.
Найбольш прыкметным полем міжнароднай дзейнасці БССР была ААН. Пераважная большасць падпісаных рэспублікай у рамках сістэмы ААН міжнародных дагавораў насіла шматбаковы характар. Двухбаковымі заставаліся толькі дагаворы 1944–1945 гг. з Польшчай.
Нягледзячы на існаванне Міністэрства замежных спраў БССР, яго магчымасці былі вельмі абмежаванымі саюзным міністэрствам, якое ўзначальваў наш зямляк А.А. Грамыка. Толькі з распадам СССР і ўсёй сацыялістычнай сістэмы і ўсталяваннем дзяржаўнага суверэнітэта Беларусь атрымала магчымасць вызначаць і здзяйсняць уласную ўнутраную і знешнюю палітыку.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.
2. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.
3. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В.В. Гетад, M.I. Калінскі. 3 – е выд. – Мн., 1992.
4. Шымукович С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / С.Ф. Шымукович. – Минск, 2005. – 235 с.
5. История Беларуси в документах и материалах. – Минск: Амалфея, 2000. – 672 с.
... сістэмы гаспадарання. Для БССР – гэта час росквіту ідэйна-палітычнага канфармізму грамадзян, пашырэння сярод іх нацыянальнага нігілізму і заняпаду беларускай школы. 7. Спробы мадэрнізацыі савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў перыяд перабудовы З сярэдзіны 1980-х гг. у грамадстве ўзрастала ўсведамленне неабходнасці перамен да лепшага. Такія ж настроі ўзніклі нават у часткі членаў ЦК КПСС. У ...
0 комментариев