5. Пачатак вызвалення Беларусі. Аперацыя «Баграціён». Вынікі вайны для беларускага народа і яго ўклад у Перамогу над фашызмам

Разгром фашыстаў пад Курскам абумовіў пачатак вызвалення акупіраваных тэрыторый СССР. Так, 23 верасня 1943 г. войскамі Цэнтральнага фронту быў вызвалены першы раённы горад Камарын, Гомельскай вобласці, а 26 верасня войскамі Бранскага фронту – Хоцімск, раённы цэнтр Магілёўскай вобласці. Усяго да пачатку 1944 г. гітлераўцы былі выбіты з 2 абласных і 36 раённых цэнтраў Беларускага Палесся. У Гомелі пачаў дзейнічаць СНК БССР.

Вясной 1944 г. у савецкага камандавання ўзнік план летняга наступлення на варожую групоўку «Цэнтр», размешчаную на Беларусі. Асноўным матывам такога рашэння з’яўлялася ўпэўненасць у тым, што для фашыстаў гэты ўдар будзе абсалютна нечаканым. Тут, на Беларусі лінія савецка-германскага фронту ўяўляла сабой выступ ад Дзвіны да Прыпяці, скіраваны на ўсход, а акупіраваная тэрыторыя – суцэльны ўмацаваны раён глыбінёй да 270 км, названы «Фатэрляндам». Гарадам: Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Мінск надаваўся статус крэпасцей. У складзе размешчаных на Беларусі групы армій «Цэнтр» (камандуючы – фельдмаршал Э. Буш) і іншых злучэнняў налічвалася 1 200 тыс. чал., 9 500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, каля 1 300 самалётаў.

Распрацаваны савецкай Стаўкай план па разгрому гэтай варожай групоўкі і вызваленні Беларусі набыў кодавую назву «Багратыён». У адпаведнасці з ім, гэтая задача ўскладалася на 4 франты – 1 Прыбалтыйскі (камандуючы – генерал І. Баграмян), 1, 2 і 3 Беларускія (камандуючыя – генералы К. Ракасоўскі, Г. Захараў і І. Чарняхоўскі), якія налічвалі 1 430 тыс. чал. асабовага складу, каля 32 тыс. гармат і мінамётаў, 5 200 танкаў і самаходных гармат, каля 5 тыс. самалётаў.

Асаблівасцю плана «Багратыён» з’яўлялася тое, што савецкае камандаванне сканцэнтравала ўсе сілы не ў адным напрамку, а падзяліла іх для нанясення двух флангавых удараў – на Віцебск і Бабруйск з тым, каб раздрабіць і акружыць усе тры нямецкія арміі.

Ужо 22 чэрвеня асобныя часці І Прыбалтыйскага 3 і 2 Беларускіх прасунуліся на 0, 5 – 1, 5 км наперад і дзе-нідзе завалодалі пазіцыямі праціўніка. На другі дзень, раніцой 23 чэрвеня ў бой уступілі асноўныя ўдарныя групоўкі азначаных франтоў у напрамках Віцебск, Орша, Магілёў. Назаўтра, 24 чэрвеня войскі 1-га Беларускага фронту рушылі ў Бабруйскім напрамку. Дзеянні франтоў каардынавалі маршалы А. Васілеўскі і Г. Жукаў.

Не чакаўшыя наступлення гітлераўцы адчайна супраціўляліся, але неслі вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы. Ужо да 25 чэрвеня пяць нямецкіх дывізій было акружана ў раёне Віцебска, а 26 чэрвеня – вызвалены сам абласны цэнтр. Месцы акружэння – так званыя «катлы» – узніклі пад Оршай і Магілёвам, а пасля наступлення 1 Беларускага фронта, якое пачалося 24 чэрвеня, – і пад Бабруйскам. Тут у «кацёл» трапіла каля 40 тыс. чал. 28 чэрвеня Чырвоная Армія вызваліла Магілёў, а 29 – Бабруйск. Такі катастрафічны для немцаў пачатак абароны «Фатэрлянда» прымусіў А. Гітлера замяніць Э. Буша на больш аўтарытэтнага камандуючага – фельдмаршала В. Модэля. Але гэта не ўратавала гітлераўцаў ад поўнага разгрому.

Пасля ліквідацыі «катлоў» войскі 1-га Беларускага фронту 30 чэрвеня ўзялі Слуцк і адрэзалі немцам шлях да адступлення на паўднёвы захад. Спроба гітлераўцаў падарваць масты і замацавацца на Бярэзіне была няўдалай. 30 чэрвеня рака была фарсіравана на поўнач і на поўдзень ад Барысава, а затым штурмам узяты і сам горад. Такім чынам, шлях на Мінск быў адкрыты. Раніцой, 3 ліпеня 5-я армія генерала П. Ротмістрава і корпус генерала А. Бурдзейнага (3 Беларускі фронт) уварваліся ў Мінск з усходу, а крыху пазней з поўдня – часці 1-га Беларускага фронту. На ўсход ад вызваленай сталіцы БССР узнік так званы «мінскі кацёл», у які трапіла каля 105 тыс. фашыстаў. 7–8 ліпеня асноўныя іх сілы былі знішчаны, а ў палон трапіла больш за 35 тыс. чал, у тым ліку 12 генералаў. Велізарную дапамогу Чырвонай Арміі ў ажыццяўленні аперацыі «Багратыён» аказалі беларускія партызаны і падпольшчыкі.

4 ліпеня войскі І Прыбалтыйскага фронта вызвалілі Полацк і выйшлі да межаў Літоўскай ССР. У заходнім напрамку пасля ўпартых баёў войскі 3-га Беларускага фронту 5 ліпеня вызвалілі Маладзечна, 16 ліпеня – Гродна. 8 ліпеня войскі 1 Беларускага фронта вызвалілі Баранавічы, 14 ліпеня – Пінск, а 23 ліпеня выбілі немцаў з польскага горада Люблін. 28 ліпеня горад Брэст ізноў стаў савецкім.

Такім чынам, Беларусь была цалкам вызвалена ад фашысцкай акупацыі. У выніку наступлення з 28 ліпеня па 2 жніўня 1944 г. войскі І Беларускага фронта выйшлі да Віслы і наблізіліся да Варшавы.

Беларуская наступальная аперацыя з’яўляецца адной з самых буйнейшых не толькі ў Вялікай Айчыннай, але і ў ІІ сусветнай вайне. Войскі чатырох франтоў наступалі на больш, чым 1 000-кіламетровым фронце і з 23 чэрвеня па 29 жніўня прасунуліся на 550–600 км. У ходзе завяршэння аперацыі «Багратыён» савецкія войскі знішчылі і ўзялі ў палон звыш 500 тыс. гітлераўскіх салдат і афіцэраў. 55 тыс. гітлераўцаў прайшлі па Маскве, але не ў якасці пераможцаў, а палонных.

За мужнасць і гераізм звыш 1 500 воінам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, больш за 402 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 663 злучэнні і часці атрымалі ганаровыя найменні Аршанскіх, Мінскіх, Віцебскіх, Бабруйскіх, Магілёўскіх, Рагачоўскіх і інш.

З вызваленнем Чырвонай Арміяй былых акупіраваных тэрыторый СССР сусветная вайна ўступіла ў завяршальную стадыю. Але нягледзячы на адкрыццё ІІ фронту, асноўны цяжар барацьбы з германскім фашызмам і яго сатэлітамі па-ранейшаму прыпадаў на Савецкі Саюз. Яскравым доказам яго вызначальнага ўклада ў разгром агрэсара стала ўзяцце Чырвонай Арміяй Берліна.

II сусветная вайна прынесла велізарныя матэрыяльныя, людскія і духоўныя страты. З загінуўшых 60 млн чалавек большая палова – 27 млн прыпадае на народы СССР. Прынята лiчыць, што з 10-мiльённага насельнiцтва даваеннай БССР загінуў кожны трэці. Акупанты разбурылi 209 з 270 гарадоў i пасёлкаў БССР. У ліку 9 200 спаленых вёсак 627 былі знiшчаны разам з жыхарамi. У іх ліку Хатынь, Дальва і інш.

Акупанты разрабавалі і знішчылі больш за 10 000 фабрык i заводаў, 96% энергетычных магутнасцей, усе калгасы, саўгасы і МТС. Такі ж лёс спасціг музеі, бібліятэкі, навуковыя і навучальныя ўстановы. У грашовым вымярэннi БССР страцiла больш паловы сваiх нацыянальных багаццяў.

Беларусы заплацілі высокую цану за сваё вызваленне. Як і ўсе народы СССР яны мужна змагаліся на ўсіх франтах, ва ўсіх родах войск. Салдаты і афіцэры, партызаны і падпольшчыкі, байцы перадавых ліній і работнікі тыла, усе яны, мужна змагаліся з ворагам. Толькі ў дзеючую армію было прызвана звыш 1, 3 млн жыхароў Беларусі. Яны ўдзельнічалі ва ўсіх буйнейшых аперацыях Вялікай Айчыннай. Бессмяротнай славай пакрылі сябе абаронцы Брэсцкай крэпасці, Магілёва, Гомеля. Сярод абаронцаў Ленінграда вызначыўся снайпер Ф. Смалячкоў. У бітве пад Масквой праславіліся камандзір гвардзейскай дывізіі А. Люзікаў і камандзір кавалерыйскага корпуса генерал Л. Даватар, лётчык А. Катрыч.

За самаадданую абарону Сталінграда званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена нашым землякам – лётчыку І. Сержантаву, радыстцы В. Стэмпкоўскай, мінамётчыку Н. Жолудзеву, камандзіру дывізіі А. Пастрэвічу і інш. Неўміручы подзвіг на Курскай дузе здзейсніў лётчык-знішчальнік А. Гаравец, які ў адным баі цаной уласнага жыцця збіў 9 варожых бамбардзіроўшчыкаў. Сотні тысяч беларусаў бралі ўдзел у фарсіраванні Дняпра. Асобныя з іх – кулямётчык Дз. Жмуроўскі, связісты, М. Піліпенка і І. Карасёў і інш. заслужылі званне Героя Савецкага Саюза. Бессмяротнай славай пакрыў сябе радавы Ю. Смірноў пад час вызвалення Беларусі, які трапіў у палон, але не выдаў планаў камандавання і загінуў. Вядомы імёны 14 беларусаў, якія паўтарылі подзвіг А. Матросава, грудзьмі закрыўшых абмразуры варожых агнявых кропак.

Пры штурме Берліна праславіліся камандзір палка А. Жук, камандзір роты Дз. Пенязькоў, танкіст А. Філімонаў, лётчык П. Галавачоў. Сімвалічным з’яўляецца факт, што ў ліку тых, хто ўсталяваў сцяг Перамогі над рэйхстагам, быў былы партызан М. Ягораў.

Усяго з 11 693 воінаў, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, 466 былі беларусамі або выхадцамі з Беларусі. Чацвярым з іх – лётчыку П. Галавачову і танкістам І. Гусакоўскаму, С. Шутаву, І. Якубоўскаму – гэта званне было прысвоена двойчы. 67 нашых суайчыннікаў сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў. Ратны ўклад 400 тыс. воінаў-беларусаў быў ацэнены баявымі ордэнамі і медалямі.


Информация о работе «Удзел беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і міжнародным жыцці пасляваеннага перыяду»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 64814
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
53540
0
0

... сістэмы гаспадарання. Для БССР – гэта час росквіту ідэйна-палітычнага канфармізму грамадзян, пашырэння сярод іх нацыянальнага нігілізму і заняпаду беларускай школы. 7. Спробы мадэрнізацыі савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў перыяд перабудовы З сярэдзіны 1980-х гг. у грамадстве ўзрастала ўсведамленне неабходнасці перамен да лепшага. Такія ж настроі ўзніклі нават у часткі членаў ЦК КПСС. У ...

0 комментариев


Наверх