3. Развіццё асветы
Адразу пасля першага падзелу РП кацярынінская адміністрацыя, імкнучыся да стварэння сацыяльнай апоры ў асноўнай масе хрысціянскага насельніцтва Беларусі, стала адкрываць усесаслоўныя «народныя школы» з рускай мовай навучання. Але цікавасць да іх выявілі толькі рускія ваенныя і цывільныя служачыя. Шляхта ж па-ранейшаму аддавала перавагу традыцыйным навучальным установам.
У 1803 г. на тэрыторыі пяці беларускіх, трох украінскіх губерняў і адной (Беластоцкай) вобласці была створана Віленская навучальная акруга, якой падпарадкаваліся ўсе навучальныя ўстановы на чале з Віленскім універсітэтам (1803).
Усталяваная трохступенная сістэма народнай адукацыі прадугледжвала існаванне прыходскіх і павятовых вучылішч, а таксама губернскіх сямікласных гімназій. Віленскі ўніверсітэт быў прэстыжнай установай і нават па еўрапейскіх маштабах. Ён складаўся з 4 факультэтаў – фізіка-матэматычнага, медыцынскага, маральна-палітычнага (з багаслоўем), літаратурнага з прыгожымі мастацтвамі. У 1804 г. у ім навучалася 290, а ў 1830 – больш за 1300 студэнтаў. Пры ўніверсітэце была адкрыта настаўніцкая семінарыя.
Пасля выкрыцця дзейнасці тайных таварыстваў з Віленскай акругі былі выведзены Віцебская і Магілёўская губ., а ў 1829 іх уключылі ў склад Беларускай навучальнай акругі. У 1831 г. туды ж далучылі вучылішчы і школы Мінскай губ. Навучальным установам прадпісвалася выкладанне дысцыплін толькі на рускай мове.
1 мая 1832 г. цар Мікалай І аддаў загад аб закрыцці ўніверсітэта за ўдзел выкладчыкаў і студэнтаў у паўстанні 1830-1831 г. Медыцынскі факультэт быў ператвораны ў Медыка-хірургічную, а багаслоўскі – у Духоўную рымска-каталіцкую акадэмію. Але іх студэнты выказвалі такія ж антырасійскія настроі, невыпадкова таму першая ўстанова ў 1842 г. была закрыта, а другая ў 1844 г. пераведзена ў Санкт-Пецярбург. Адзінай на Беларусі вышэйшай навучальнай установай з’яўляўся Земляробчы інстытут у Горы-Горках. Але і ён быў закрыты за ўдзел яго навучэнцаў у паўстанні 1863 г.
У той самы час на Беларусі значна павялічылася колькасць навучальных устаноў, асабліва пачатковых – для сялянскіх дзяцей. Прычынай такой увагі да ніжэйшага саслоўся з’яўлялася імкненне царызма шляхам адукацыі ўмацаваць свой уплыў насуперак польска-каталіцкаму ў асноўнай масе беларускага насельніцтва. Як казалі царскія чыноўнікі пасля падаўлення паўстання 1863 г., «што не зрабіў рускі штык, тое зробіць руская школа». Невыпадкова, што, акрамя фарміравання ў навучэнцаў навыкаў чытання, пісьма і ліку, важнейшай функцыяй настаўніцтва з’яўлялася выхаванне ў навучэнцаў свядомай павагі да царскай дынастыі і праваслаўнай царквы, укараненне манархічных і вернападданіцкіх ідэй. У гэтай сувязі сістэме адукацыі надзвычай узрасла роля праваслаўнай царквы, якой у 1866 г. належала падаўляючая большасць навучальных, асабліва сельскіх устаноў. Так, у канцы стагоддзя 77 тыс.чал. набывалі адукацыю ў 999 народных вучылішчах, а амаль 140 тыс. – у 5 814 царкоўна-прыходскіх школах.
У 1864 г. у мэтах падрыхтоўкі кадраў для пачатковай школы была адкрыта настаўніцкая семінарыя ў Маладзечна, затым у Полацку (1872), Нясвіжы (1875) і Свіслачы (1876).
Патрэбы эканамічнага развіцця станоўча ўплывалі на сістэму школьнай адукацыі. Так, з 1881 па 1889 г. колькасць пачатковых народных школ на Беларусі ўзрасла з 1 196 па 6 813, а вучняў, адпаведна, з 49, 2 да 216, 1 тыс. У 1860-х гг. у Брэсце, Вільні, Віцебску, Гомелі, Гродна, Магілёве, Мінску, Слуцку працавалі гімназіі; Бабруйску і Мазыры – прагімназіі; Мінску, Магілёве і Пінску – рэальныя вучылішчы. Сістэма жаночай адукацыі была прадстаўлена гомельскай гімназіяй і шэрагам прыватных навучальных устаноў васьмі гарадоў Беларусі. Да канца стагоддя колькасць сярэдніх устаноў узрасла да 20.
Нягледзячы на велізарныя зрухі ў сістэме адукацыі, паводле перапісу 1897 г., колькасць пісьменных на Беларусі складала крыху больш за чвэрць (25,7%) яго насельніцтва. Высокі для бюджэта сялянскай і рабочай сям’і кошт адукацыі з’яўляўся асноўнай прычынай таго, што ў 1911 г. толькі 18, 4 % дзяцей школьнага ўзросту наведвалі пачатковыя навучальныя ўстановы.
Развіццё прамысловасці, чыгуначнага транспарту, фінансава-крэдытнай сферы, гандлю, сродкаў сувязі і інш. патрабавала прытоку адукаваных работнікаў, што абумовіла неабходнасць правядзення ў пачатку ХХ ст. чарговай адукацыйнай рэформы. У адпаведнасці з ёй, замест царкоўнапрыходскіх стала больш адкрывацца народных вучылішчаў. У Віцебску (1910), Магілёве (1913), Мінску (1914) пачалі працу настаўніцкія інстытуты, якія давалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Навучэнцамі гімназій, рэальных вучылішчаў, інстытутаў былі галоўным чынам дзеці дваран і чыноўнікаў і ў значнай ступені – заможных гараджан. Пасля заканчэння азначаных устаноў выпускнікі мелі магчымасць набыць вышэйшую адукацыю ў Пецярбургу, Маскве, Казані, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых гарадах імперыі.
4. Станаўленне беларусазнаўства
Пасля падзелаў РП беларускія землі зрабіліся аб’ектам скрупулёзнага вывучэння з боку царскіх улад, у першую чаргу, з мэтай уліку матэрыяльных і людскіх рэсурсаў. Акрамя таго, розныя пласты расійскай грамадскасці выяўлялі да Беларусі пазнавальную і навуковую цікавасць. Да канца ХVІІІ ст. яе наведалі Кацярына ІІ і Павел І, К. Р. Дашкава і Г. Р. Дзяржавін і інш. У ліку першых свае ўражанні апублікавалі акадэмікі І. Ляпёхін і В. Севяргін. Цэнтры па вывучэнні Беларусі ўзніклі ў Пецярбургу, Маскве, а таксама ў Гомелі, Вільні, Полацку.
Ужо ў першай чвэрці XIX ст. былі закладзены асновы беларусазнаўства. Расійскі гісторык К. Калайдовіч на матэрыялах праведзеных у 1812-1813 гг. даследаванняў беларускай мовы надрукаваў артыкул "Аб беларускай гаворцы" і "Кароткі слоўнік беларускай гаворкі". У выніку працы энтузіястаў на чале з графам М. Румянцавым, было выяўлена шмат гістарычных крыніц, частка якіх увайшла ў трохтомны "Беларускі архіў старажытных грамат». Адным з піянераў беларусазнаўства, археалогіі, фалькларыстыкі і мовазнаўства быў З. Даленга-Хадакоўскі (1784-1825), аўтар твораў "Аб славяншчыне напярэдадні хрысціянства" і "Пошукі ў дачыненні рускай гісторыі".
Даследчыкі беларушчыны працавалі ў Віленскім універсітэце: прафесар расійскай мовы І. М. Лабойка, прафесары-гісторыкі І. Даніловіч, І. Анацэвіч, М. Баброўскі. Пасля яго закрыцця вывучэнне беларускай мінуўшчыны не спынілася. Для многіх яе аматараў важнай крыніцай ведаў сталі часопісы "Аtеneum", "Rubon" і інш. Іх выдаўцамі былі пісьменнік І. Крашэўскі і гісторык А. Кіркор. Патрэбам аматараў беларушчыны служылі творы М. Бэз-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі...» (1855) і В. Турчыновіча "Агляд гісторыі Беларусі са старажытных часоў" (1857).
Важкі ўклад у вывучэнне мясцін Беларусі ўнеслі браты Тышкевічы, А. Кіркор, П. Шпілеўскі і інш. Нарэшце ў 1840 г. у Парыжы палітычным эмігрантам А. Рыпінскім быў выдадзены зборнік «Беларусь. Колькі слоў аб паэзіі простага люду...». У 1840-1850-я гг. выйшлі ў свет фальклорныя працы беларускіх даследчыкаў "Сялянскія песні з-пад Нёмана і Дзвіны" (1837-1846) Я. Чачота, "Народныя песні пінскага люду" (1851) Р. Зянькевіча, "Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках" (1853-1856) П. Шпілеўскага, "Беларускія народныя песні" (1853) Л. Паўлоўскай, "Беларускія прыказкі і прымаўкі" (1852). Прапаганда дасягненняў беларусазнаўства пераходзіла ў практычную плоскасць: будзіла нацыянальную самасвядомасць, разбурала існаваўшыя перагародкі паміж рознымі пластамі беларускага народа, спрыяючы фарміраванню нацыянальнай ідэі.
Паўстанне на чале з К. Каліноўскім, акрамя іншага, не магло не прыцягнуць увагі міжнароднай, расійскай і польскай супольнасці да Беларусі і яе народа, што дало дадатковы стымул этнаграфічным даследаванням. Карпатлівая праца па збіранні і вывучэнні матэрыялаў аб беларусах, умовах і асаблівасцях іх пражывання, духоўных і матэрыяльных здабытках атрымалі прызнанне расійскай, што знайшло ўвасабленне ў стварэнні і дзейнасці Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (1867-1875) з удзелам А. Семянтоўскага, П. Шэйна, Е. Раманава. Асноўны аб’ём даследчыцкай працы выконвалі мясцовыя навукоўцы. Так, І. Насовіч у ліку іншых буйных твораў выдаў грунтоўны «Слоўнік беларускай гаворкі» (1870). Актыўнай працай на ніве беларушчыны ў 1880-1890-х гг. вызначыліся М. Доўнар-Запольскі, М. Янчук, А. Багдановіч і іншыя. Прыкметным дасягненнем беларусазнаўства сярэдзіны 90-х гг. ХІХ ст. зрабіўся твор М. Нікі-фароўскага "Нарысы простанароднага жыццябыцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку". Шэраг іншых прац навукоўцы асвятляў духоўнае жыццё беларусаў.
Нягледзячы на велізарныя дасягненні ў вывучэнні беларускага народа, у пэўных колах навуковай грамадскасці з’явілася думка аб ім як заходнім адгалінаванні «рускага племені». З гэтай нагоды славуты этнограф, фалькларыст і археолаг, аўтар шматтомнага «Беларускага зборніка» і больш 200 прац Е. Раманаў патраціў шмат энергіі ў абарону пункта гледжання аб беларусах як самабытным народзе.
Такім чынам, беларусазнаўства зрабілася самастойнай галіной ведаў, якія ўвабралі ў сябе дадзеныя аб гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў і інш. Яно паслужыла фарміраванню адэкватнай грамадскай думкі аб беларусах, а таксама спрыялі фарміраванню іх нацыянальнай самасвядомасці.
... у якой было выдадзена асабліва многа розных па зместу кніг, у апошні перыяд свайго існавання выдавала больш лацінічных кніг, чым кірыліцкіх. 2. Асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця беларускай тэрміналогіі Да ліку фактараў, якія садзейнічалі фарміраванню як беларускай мовы наогул, так і тэрміналагічнай лексікі ў XIV—XVII стст., можна аднесці, па-першае, тое, што з другой палавіны XIV ...
... заходней ракі Майн. Пасля перамогі Прусіі над Францыяй і абвяшчэння 18 студзеня 1871 г. Германскай імперыі ў яе склад увайшлі і астатнія германскія дзяржавы. Асноўныя прыкметы і ўмовы станаўлення беларускай нацыі Нацыя – гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца ўстойлівымі эканамічнымі і тэрытарыяльнымі сувязямі, агульнасцю мовы, культуры, характару, побыту, традыцый, звычаяў, ...
... Берн, Капенгаген, маючы дзяржаўныя пашпарты. Існаванне БНР аказала ўздзеянне на працэс утварэння беларускай рэспублікі на рэвалюцыйна-класавай аснове. 7. Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці на рэвалюцыйна-класавай аснове. Утварэнне БССР Пасля перамогі бальшавікоў у барацьбе за ўладу, у тым ліку на Беларусі і Заходнім фронце, частка былых членаў БСГ (грамадоўцаў) пайшла на супрацоўніцтва з ...
... не дарасла да асэнсавання сваiх асобных да расiйскай рэчаiснасцi цi польскай iдэi дзяржаўна-палiтычных iдэалаў i, натуральна, не бачыла неабходнасцi ў iх абгрунтаваннi з боку iнтэлiгенцыi. Адна з асаблiвасцяў фарміравання беларускай iнтэлiгенцыi — гэта страта пераемнасцi памiж рознымi яе пакаленнямi з-за прычын перш за ўсё палiтычнага характару (рэпрэсii ў сувязi з актыўным удзелам яе прадстаў ...
0 комментариев