7. Беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне пачатку ХХ ст.

Эканамічны ўздым Расійскай імперыі, які назіраўся ў пачатку ХХ ст., стварыў магчымасць для вырашэння шэрагу ўрадавых сацыяльных праграм, у тым ліку ў галіне народнай адукацыі. У выніку на Беларусі да 1914 г. колькасць пачатковых школ узрасла больш, чым у 3, 5 – з 1 314 да 4 784, а навучэнцаў – у 3 (з 106 196 да 304 745 чал.). Беларускія дзеячы няспынна выступалі за адкрыццё нацыянальных школ. У 1905 г. у Пецярбургу з выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» выйшлі першыя буквары для беларускіх дзяцей на лацінцы (укладальнік В. Іваноўскі) і кірыліцы (К. Каганец). А. Пашкевіч (Цётка) выдала кнігі – «Гасцінец для малых дзяцей», «Беларускі лемантар", "Першае чытанне для дзетак беларусаў". Тым не менш ні ўрадавая палітыка, ні пануючая грамадская думка аб беларусах не пакідала спадзяванняў на ўтварэнне беларускай школы.

Да 1914 г. на Беларусі працавала звыш 120 гімназій, камерцыйных і рэальных вучылішч з 31 тыс. навучэнцаў. Для патрэб ніжэйшай пачатковай школы былі адкрыты новыя настаўніцкія семінарыі – дзве мужчынскія – Рагачоўская і Гомельская, а таксама тры жаночыя – Аршанская, Барысаўская і Бабруйская. Пэўную колькасць настаўнікаў выпускалі праваслаўныя семінарыі Віцебска, Магілёва, Мінска. Для навучальных устаноў больш высокага ўзроўню прызначаліся адкрытыя ў тых жа гарадах настаўніцкія інстытуты. У 1911 г. у Віцебску пачало дзейнасць аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, якое давала студэнтам няпоўную вышэйшую адукацыю.

Навуковыя ўстановы Беларусі былі прадстаўлены Беняконскай сельскагаспадарчай (Віленская губ.) і Балотнай станцыямі ў Мінску. У Віцебску і Смаленску працавалі архіўныя камісіі, у Вільні – Паўноч – на Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, у Магілёве – Таварыства вывучэння Беларускага краю. У губернскіх гарадах былі адкрыты краязнаўчыя музеі. У 1912 г. узнікла Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1912 г. Е. Раманаў завяршыў 9-томнае выданне "Беларускага зборніка" – свайго кшталту энцыклапедыі жыцця і побыту беларускага сялянства. Фундаментальнае выданне Я. Карскага «Беларусы» (тры тамы ў сямі частках) пераканаўча сведчыла аб этнічнай самабытнасці народа. Нарэшце важнейшым дасягненнем навукі стала выданне В. Ластоўскім у 1910 г. «Кароткай гісторыі Беларусі» – першага твора аб беларускай мінуўшчыне.

Дэмакратычныя заваёвы рэвалюцыі 1905 г. далі магчымасць беларускім дзеячам распачаць барацьбу за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа, яго афіцыйнае і грамадскае прызнанне, сацыяльнае і палітычнае вызваленне. Цэнтрам яе зрабілася група інтэлігентаў, згуртаваная вакол газеты «Наша Ніва». На ўсім працягу свайго існавання з 1906 па 1915 гг. важнейшая ўвага надавалася абароне права беларускага народа на выкарыстанне і развіццё сваёй мовы і нацыянальнай культуры. Змястоўныя тэарэтычныя доказы беларускай самабытнасці, прапаганда гістарычных звестак і дасягненняў беларусазнаўства, масавая падтрымка суайчыннікаў з усіх куткоў Расійскай імперыі, далёкага і блізкага замежжа, усё гэта і іншае выклікала шалёную нянавісць рускіх і польскіх шавіністаў, а таксама мясцовых беларусаў, апантаных заходнерусізмам або польскай ідэяй.

Выступленні «нашаніўцаў» падтрымалі тыя, хто падзяляў яе погляды на мову як вышэйшую нацыянальную каштоўнасць. У выніку старонкі газеты сталі запаўняцца не толькі карэспандэнцыяй з месцаў, а натхнёнымі вершамі і апавяданнямі. Так, з 1906 па 1909 гг. "Наша ніва" надрукавала творы 61 паэта і 36 празаікаў. З 1910 г. сталі выдавацца "Беларускі каляндар", з вясны 1912 г. – сельскагаспадарчы часопіс «Саха» (рэдактар А. Уласаў), са снежня 1913 – штомесячнік для моладзі «Лучынка» (рэдактар А. Пашкевіч)

За амаль 9-гадовы час існавання «Наша Ніва» здзейсніла велізарную культурна-асветніцкую, ідэйную і кансалідуючую працу. Змагаючыся за пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, газета значна ўзняла яе статус як мовы новай беларускай літаратуры. На яе старонках раскрылі свой талент Я. Купала, Я. Колас, Цётка, М. Гарэцкі, М. Багдановіч і інш. Менавіта ў надрукаваных тут у 1907 г. радках Я. Купалы ў паэтычнай форме прагучала нацыянальная ідэя.

Газета з’яўлялася адзіным цэнтрам прапаганды беларускай культуры, фарміравання сістэмы духоўных каштоўнасцяў беларусаў, агітацыі за стварэнне беларускай школы мастацтваў. Змешчаныя ў «Нашай Ніве» матэрыялы па гісторыі Беларусі спрыялі абуджэнню гістарычный памяці беларусаў і ўмацаванню нацыянальнай свядомасці, натхнялі да збірання і ўмацавання традыцый і звычаяў. У практычным сэнсе «Наша Ніва» у многім паспрыяла заснаванню нацыянальнага прафесійнага тэатра, школы беларускай музыкі, танца.

Пачатак ХХ стагоддзя – час канчатковага фарміравання беларускай літаратурнай мовы. Беларускія літаратары абапіралася на здабыткі сваіх папярэднікаў – В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча і інш. Развіццю беларускай літаратуры істотна паспрыяла скасаванне абмежаванняў на друк іншамоўных твораў, заснаванне беларускіх выдавецтваў, накшталт «Загляне сонца і ў наша ваконца», а таксама агульнарасійскі рэвалюцыйны рух. У ліку першых свае зборнікі вершаў "Скрыпка беларуская" і "Хрэст на свабоду" выдала А. Пашкевіч.

У маі 1905 г. вершам «Мужык» абвясціў аб сабе адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры Я. Купала (І. Д. Луцэвіч) (1882-1942). У 1908 г. ён выдаў свой першы зборнік вершаў «Жалейка», а ў 1913 г. самы значны паэтычны зборнік – «Шляхам жыцця». Яго паэмы «Курган», «Бандароўна» ляглі ў падмурак нацыянальнага эпасу, а п’есы «Паўлінка» і "Раскіданае гняздо" значна ўзбагацілі беларускую драматургію. Дзякуючы намаганням Я. Купалы, новая беларуская літаратура набыла выразна народны характар і выступіла магутным сродкам нацыянальна-культурнага адраджэння.

Разам з Я. Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры па праву лічыцца Я. Колас (К. М. Міцкевіч) (1882-1856) У 1906 г. ён надрукаваў першы верш «Наш родны край», у 1910 г. – першы вершаваны зборнік «Песні жальбы», у 1912 і 1914 гг. – зборнікі прозы «Апавяданні» і «Родныя з’явы». М. Багдановіч (1891-1917) паспеў выдаць толькі адзін зборнік вершаў «Вянок» (1914), але па іх лірычнасці, вобразнасці, патрыятычнасці яны не маюць сабе роўных.

У ліку паэтаў і празаікаў новага стагоддзя былі К. Буйло, 3. Бядуля, Ц. Гартны, А. Гарун, М. Гарэцкі, Я. Журба, К. Каганец, С. Палуян, Ядвігін Ш. Сваёй творчасцю яны імкнуліся абудзіць нацыянальную свядомасць і сацыяльную годнасць беларусаў, скіраваць іх у рэчышча барацьбы за лепшую долю. Лейтматывам твораў гучыць заклік любіць свабоду, родны край і мову. Сялянам пастаянна даводзілася, што яны – беларусы, іх Бацькаўшчына – Беларусь са славутым мінулым, а іх мова не толькі «мужыцкая», а калісьці была дзяржаўнай. Яе літаратурныя ўзоры сталі перакладацца на іншыя мовы і ўзбагачалі агульначалавечую культуру.

Тэатральнае мастацтва Беларусі вырастала з народнай творчасці. На пачатку XX ст. у Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Дзісне, Давід-Гарадку, Радашковічах, Карэлічах і інш. дзейнічалі аматарскія тэатры. У многіх населеных пунктах інтэлігенцыя ладзіла «беларускія вечарыны», на якіх выконваліся народныя песні і танцы, дэкламаваліся вершы Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, ставіліся невялічкія п'есы. Адным з ініцыятараў «беларускіх вечарынак» быў І. Буйніцкі (1861-1917). У 1907 г. на свае сродкі ён арганізаваў у Палевічах (Дзісенскі пав.) аматарскі тэатр пад назвай «Першая беларуская трупа Ігнація Буйніцкага». У 1910 г. яна ўжо складалася з хору, танцавальнага калектыву і драматычнай групы і пачала выступаць на прафесійнай аснове, гастралюючы па Беларусі і іншых рэгіёнах імперыі. У рэпертуары артыстаў былі беларускія песні, танцы, п’есы рускіх, польскіх, украінскіх, беларускіх аўтараў. Іх прафесійная пастаноўка і выкананне, акрамя эстэтычнага задавальнення, выклікала ў гледачоў Пецярбурга, Варшавы і іншых гарадоў цікавасць да беларускіх выканаўцаў і іх нацыянальнай культуры.

Свой уклад у заснаванне прафесійнага тэатра ўнёс А. Бурбіс (1885-1922), які арганізаваў у 1910 г. у Вільні музычна-драматычны гурток. Рэпертуар складаўся з драматычных твораў рускіх, украінскіх і беларускіх аўтараў з фальклорна-этнаграфічнымі элементамі. На Купалле гурток ладзіў нацыянальныя тэатралізаваныя прадстаўленні. У 1912 г. артысты ўпершыню паставілі п’есу Я. Купалы «Паўлінка».

Выступленні аматарскіх тэатральных гурткоў, «беларускіх вечарын» стымулявала збор і мастацкую апрацоўку народных песень. Па іх матывах у 1910 г. кампазітар і дырыжор Л. Рагоўскі напісаў «Беларускую сюіту для сімфанічнага аркестра». У тым самым годзе ён паклаў на музыку верш Я. Купалы «А хто там ідзе?», а «Наша ніва» надрукавала яго разам з нотамі як гімн беларускага народа. Цікавасць да беларускага песеннага мастацтва адбілася ў стварэнні харавых калектываў у многіх гарадах і мястэчках. Адзін з такіх быў арганізаваны ў 1914 г. у Мінску настаўнікам спеваў В. Тэраўскім (1871-1938).

Напачатку ХХ ст. у беларускім жывапісе працягваюць сваю творчасць прадстаўнікі партрэтна-бытавога жанру Ю. Пэн і Я. Кругер, пейзажнага жанру В. Бялыніцкі-Біруля і Ф. Рушчыц, Г. Вейсенгоф, К. Стаброўскі і інш. Рэдкія мастакі так акцэнтавалі ўвагу на беларускіх матывах, як гэта рабіў К. Каганец, пакінуўшы рэалістычныя тыпажы беларусаў і маляўнічыя віды роднай прыроды.

Творчасць Я. Драздовіча (1888–1954) як графіка і жывапісца захавала імкненне беларускай інтэлігенцыі ўзняць на п’едэстал свае нацыянальныя каштоўнасці. Аб гэтым сведчаць жывапісныя замалёўкі старажытных замкаў, партрэт Ф. Скарыны, а таксама афармленне кнігі К. Буйло «Курганная кветка».

Такім чынам, пачатак ХХ стагоддзя ў жыцці беларускага народа азнаменаваўся фарміраваннем літаратурнай мовы і далейшым развіццём літаратуры, што абумовіла пачатак яго адраджэння – якасна новага ўзроўню духоўнага і грамадска-палітычнага жыцця. Вялікі тэарэтычны і практычны ўклад у адраджэнскі працэс быў унесены навуковымі працамі Е. Раманава, Я. Карскага, В. Ластоўскага і інш. Дзякуючы новай плеядзе інтэлігентаў, згуртаваных вакол «Нашай Нівы», права беларускага народа «людзьмі звацца» было абгрунтавана ідэйна і завацавана ў грамадскай думцы. Ва ўмовах фарміравання беларускай нацыі здабыткі літаратараў, навукоўцаў, «нашаніўцаў», энтузіястаў аматарскіх гурткоў, кампазітараў, мастакоў і г.д. з’яўляліся каталізатарам гэтага працэсу, значным сродкам абуджэння нацыянальнай свядомасці народа і яго ўздыму на барацьбу за сацыяльную свабоду і палітычную самастойнасць.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

 

1. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В. В. Гетад, M. I. Калінскі. 3 - е выд. – Мн., 1992.

2. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.

3. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.

4. Марцуль Г. С., Сташкевіч М. С. Гісторыя Беларусі: насельніцтва, фарміраванне і вызначэнне этнічных і дзяржаўна-адміністрацыйных межаў, беларускае замежжа. – Мн., 1997.


Информация о работе «Фарміраванне беларускай нацыі»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 49164
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
34057
0
0

... у якой было выдадзена асабліва многа розных па зместу кніг, у апошні перыяд свайго існавання выдавала больш лацінічных кніг, чым кірыліцкіх. 2. Асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця беларускай тэрміналогіі Да ліку фактараў, якія садзейнічалі фарміраванню як беларускай мовы наогул, так і тэрміналагічнай лексікі ў XIV—XVII стст., можна аднесці, па-першае, тое, што з другой палавіны XIV ...

Скачать
26123
0
0

... заходней ракі Майн. Пасля перамогі Прусіі над Францыяй і абвяшчэння 18 студзеня 1871 г. Германскай імперыі ў яе склад увайшлі і астатнія германскія дзяржавы.   Асноўныя прыкметы і ўмовы станаўлення беларускай нацыі Нацыя – гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца ўстойлівымі эканамічнымі і тэрытарыяльнымі сувязямі, агульнасцю мовы, культуры, характару, побыту, традыцый, звычаяў, ...

Скачать
54196
1
0

... Берн, Капенгаген, маючы дзяржаўныя пашпарты. Існаванне БНР аказала ўздзеянне на працэс утварэння беларускай рэспублікі на рэвалюцыйна-класавай аснове. 7. Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці на рэвалюцыйна-класавай аснове. Утварэнне БССР Пасля перамогі бальшавікоў у барацьбе за ўладу, у тым ліку на Беларусі і Заходнім фронце, частка былых членаў БСГ (грамадоўцаў) пайшла на супрацоўніцтва з ...

Скачать
27440
0
0

... не дарасла да асэнсавання сваiх асобных да расiйскай рэчаiснасцi цi польскай iдэi дзяржаўна-палiтычных iдэалаў i, натуральна, не бачыла неабходнасцi ў iх абгрунтаваннi з боку iнтэлiгенцыi. Адна з асаблiвасцяў фарміравання беларускай iнтэлiгенцыi — гэта страта пераемнасцi памiж рознымi яе пакаленнямi з-за прычын перш за ўсё палiтычнага характару (рэпрэсii ў сувязi з актыўным удзелам яе прадстаў ...

0 комментариев


Наверх