3. Веравучэнне і культ пратэстанцтва

Як ужо казалася, у пратэстанцтве ёсць вельмі шмат накірункаў, якія даволі часта ставяцца адзін да другога вельмі непрымірыма. Нягледзячы на гэта, можна вылучыць агульныя рысы ў іх веравучэнні і кульце.

Пратэстанцкае веравучэнне грунтуецца на трох асноўных палажэннях, выпрацаваных Марцінам Лютэрам у яго палеміцы з каталіцтвам:

1. Аб апраўданні адзінай верай незалежна ад спраў. У каталіцтве і праваслаўі прызнаецца важнасць для выратавання добрых учынкаў (устрыманне ад грахоў, выконванне запаведзяў, наведванне царквы, малітвы, дапамога бедным і г.д.), якія з'яўляюцца вынікам веры. Лютэр адзначыў, што ўсе гэтыя ўчынкі можна рабіць чыста фармальна, не маючы веры, і адмовіў іх ролю ў выратаванні. Ён сцвярджаў, што чалавек можа верыць у Бога і рабіць усе, што хоча.

Прыняцце палажэння аб апраўданні адзінай верай з'яўляецца вынікам прызнання пратэстанцтвам фундаментальнай сапсаванасці прыроды чалавека першародным грахом. У выніку грэхападзення чалавек страціў здольнасць самастойна рабіць дабро. Усе тыя добрыя справы, якія ён робіць, з'яўляюцца вынікам дапамогі Бога і не могуць быць пастаўлены чалавеку ў заслугу. Таму праз добрыя справы атрымаць выратавання немагчыма, яно можа разглядацца толькі як вынік выкупляльнай ахвяры Ісуса Хрыста, у якую трэба шчыра верыць.

3 пункту погляду пратэстанцтва, веруючы чалавек – гэта той, хто асэнсоўвае грахоўнасць сваей прыроды і таму звяртаецца да Бога з малітвай аб выратаванні. Гэтая малітва павінна быць падмацавана добрасумленным выкананнем сваіх абавязкаў, бо па ступені такой дабрасумленнасці Бог судзіць аб моцы веры і жаданні атрымаць выратаванне. Для пратэстанцтва любы від чалавечай дзейнасці (грамадзянскай, працоўнай, сямейнай і г.д.) набывае рэлігійны сэнс і разглядаецца як форма служэння Богу. Мірскую дзейнасць пратэстанцтва разглядае з пазіцый рэлігійнага прызвання – выкананне чалавекам сваіх абавязкаў лічыцца асноўнай задачай жыцця хрысціяніна.

Вынікам палажэння аб прынцыповай сапсаванасці прыроды чалавека грахом і апраўданні яго толькі верай у выкупляльную ахвяру Хрыста з'яўляецца вельмі важнае для пратэстанцтва вучэнне аб прадвызначэнні. Згодна з ім, кожны чалавек яшчэ да свайго нараджэння прадвызначаны Богам да выратавання альбо да асуджэння. Але ніхто не можа ведаць аб сваім лёсе і таму павінен верыць у міласэрнасць Бога і спадзявацца на свае выратаванне. Менавіта вера і надзея – дары Бога, і паказчык таго, што чалавек, які іх мае, будзе выратаваны. Таксама аб сваей прадвызначанасці да выратавання можна здагадацца па поспехах у практычнай дзейнасці. Калі чалавек іх мае, значыць Бог прыхільны да яго і дае яму ажыццявіць сваё прызванне.

2. Біблія з'яўляецца адзінай крыніцай веравучэння. Кожны веруючы мае права і нават абавязаны чытаць і тлумачыць Біблію. Да гэтага ў каталіцтве права чытаць Біблію і тлумачыць яе змест мелі толькі свяшчэнкікі. Яна выдавалася на лацінскай мове, і не ўсе веруючыя маглі яе чытаць. Лютэр пераклаў Біблію на нямецкую мову. Ён прысвяціў гэтай працы 12 гадоў, набыў шмат хвароб ад сядзячага вобраза жыцця, але стварыў выдатны пераклад. Таксама і ў іншых краінах пратэстанты актыўна пачынаюць перакладаць і выдаваць Біблію на нацыянальных мовах.

Абвясціўшы Біблію адзінай крыніцай веравучэння, Лютэр тым самым адмовіў боскі аўтарытэт Свяшчэннага Падання, якое разглядаў як вынік чыста чалавечай дзейнасці. Такі падыход быў абумоўлены шмат у чым не столькі багаслоўскімі, колькі арганізацыйнымі аспектамі Рэфармацыі. Неабходна было абгрунтаваць існаванне новых пратэстанцкіх цэркваў, а для гэтага абвясціць існуючую хрысціянскую традыцыю створанай не Богам, а людзьмі і тым самым атрымаць права на сваю ўласную дзейнасць. Аднак цалкам адмовіцца ад традыцыі і абапірацца ў сваім веравучэнні толькі на Біблію пратэстантам не ўдалося. Ролю Свяшчэннага Падання ў пратэстанцтве сталі выконваць творы Лютэра, Цвінглі, Кальвіна і іншых дзеячаў Рэфармацыі.

3. Аб усеагульным свяшчэнстве. Адной з асноўных задач Рэфармацыі было пераадоленне злоўжыванняў з боку каталіцкай іерархіі і памяншэнне яе ўплыву на грамадскае жыццё. Пратэстанты ставілі сваёй мэтай стварэнне простай і таннай царквы, узорам якой з'яўлялася для іх жыццё першых хрысціянскіх суполак. Яны лічылі, што кожны чалавек праз сваю веру непасрэдна зносіцца з Богам і таму адмаўлялі каталіцкі дагмат аб выратавальнай ролі царквы. Згодна з пратэстанцтвам, царкоўная іерархія, свяшчэннікі і манахі непатрэбны для справы выратавання. Кожны хрысціянін праз свае хрышчэнне атрымлівае права на свяшчэнства, ён можа прапаведваць і выконваць богаслужэнні. У пратэстанцтве ёсць свяшчэннаслужыцелі, але іх статус прынцыпова іншы, чым у праваслаўі і каталіцтве. Ад іншых членаў пратэстанцкіх суполак яны адрозніваюцца толькі сваёй прафесійнай падрыхтоўкай у галіне тлумачэння Свяшчэннага Пісання, адпраўленні абрадаў і г.д. Сваю дзейнасць яны разглядаюць як службу, на якую іх упаўнаважыла суполка. Кожны дарослы пратэстант мае права і абавязак прымаць актыўны ўдзел у вырашэнні праблем сваей рэлігійнай арганізацыі. У пратэстанцтве адменены цэлібат, бо лічыцца, што ён не прыносіць ніякай карысці і нават шкодны.

Адмаўляючы выратавальную ролю царквы, дзеячы Рэфармацыі імкнуліся зрабіць культ больш простым і танным. Богаслужэнне было зведзена галоўным чынам да чытання Бібліі, казання, спявання псалмоў. Была скарочана колькасць таінстваў, адмоўлены малітвы за памёрлых, шанаванне святых і святы ў іх гонар. Храмы рабіліся больш простымі без пышнага убрання, з іх былі зняты званы.

У веравучэнні і кульце пратэстанцкіх цэркваў таксама ёсць некаторыя адрозненні.

Англіканства з'яўляецца найбольш кампрамісным варыянтам пратэстанцтва, у яго веравучэнні і кульце спалучаюцца каталіцкія і пратэстанцкія элементы. Так палажэнне аб выратавальнай ролі царквы дапаўняецца палажэннем аб выратаванні асабістай верай. Багаслужэнне ў англікан нагадвае каталіцкае. Прызнаюцца ўсе сем таінстваў. Дакументамі, у якіх выкладзены веравучэнне і культ англіканства з'яўляюцца "39 артыкулаў" (зацверджаны ў 1571 г.) і "Кніга агульных малітваў" (зацверджана ў 1662 г.) Англіканская царква мае епіскапальную пабудову, яе іерархія прэтэндуе на пераемнасць улады ад апосталаў. Англіканства распаўсюджана ў Англіі і яе былых калоніях. Зараз налічваецца 25 аўтаномных англіканскіх цэркваў, кіраўнікі якіх прыкладча раз у 10 год збіраюцца на Ламберцкіх канферэнцыях. У Велікабрытані англіканская царква з'яўляецца дзяржаўнай, кіруе ёй кароль (зараз каралева Елізавета П). Духоўным кіраўніком усіх англікан Велікабрытаніі і старшынёй Ламберцкіх канферэнцый з'яўляецца архіепіскап Кентэрберыйскі. Частка епіскапаў займае месцы ў палаце лордаў парламента краіны. Усяго ў свеце зараз налічваецца каля 70 мільёнаў англікан.

Асноўныя палажэнні веравучэння лютэранства выкладзены ў кнізе "Аўгсбургскае веравызнанне", якое складзена вучнем Лютэра Філіпам Меланхтонам у 1530 г. Прызнаецца таксама НікеаКанстанцінопальскі сімвал веры. У кульце лютэран існуе тры таінствы: хрышчэнне, прычашчэнне і споведзь, але апошняя ў якасці таінства прызнаецца не ўсімі. Канфірмацыя, шлюб, сабораванне разглядаюцца як простыя абрады. Лютэранскімі суполкамі кіруе савет на чале з пастарам. У лютэран ёсць епіскапы, якія пасвячаюць пастараў. Пастары з'яўляюцца арганізатарамі рэлігійнага жыцця, тлумачальнікамі Свяшчэннага Пісання, прапаведнікамі і маральнымі настаўнікамі. Лютэранства распаўсюджана ў такіх краінах як Германія, Швецыя, Данія, Нарвегія, Фінляндыя, ЗША. У Аўстрыі, Венгрыі, Францыі лютэранскую царкву таксама называюць евангелічнай. Зараз у свеце прыкладна 75 мільёнаў лютэран і 192 лютэранскіх царквы. Каля 50 млн. веруючых аб'яднаны ў Сусветны лютэранскі саюз, які функцыянуе з 1947 г. На тэрыторыі Беларусі зараз ёсць 4 лютэранскія суполкі, якія складаюцца пераважна з немцаў.

Найбольш радыкальныя змены каталіцкага веравучэння і культу адбыліся ў кальвінізме. Адзінай крыніцай веравучэння лічыцца Біблія. У адрозненне ад лютэранства няма агульнаабавязковага Сімвалу веры. Аўтарытэтнымі для прапаведнткаў з'яўляюцца кнігі Кальвіна "Настаўленні ў хрысціянскай веры" (15361559), "Царкоўныя ўстанаўленні", "Жэнеўскі катэхізіс" (1545), а таксама "Шатландскае веравызнанне" (1560) і "Вестмінсцерскае вызнанне веры" (1547).

Асаблівасцю веравучэння кальвінізму з'яўляецца паслядоўнае правядзенне палажэння аб прадвызначанасці Богам адных людзей да выратавання, другіх – да асуджэння. Ускосным сведчаннем богаабранасці могуць служыць прафесійныя поспехі чалавека. Гэта стымулявала развіццё капіталістычных адносін і надавала ім вышэйшую санкцыю. Заахвочванне накапляльніцтва спалучалася з пропаведзю мірскога аскетызму ў асабістым жыцці (абавязковае наведванне царквы і выкананне жорсткіх маральных нормаў, заклікаў не ленавацца, эканоміць сродкі, але траціць іх не на сябе, а пускаць у абарот і г.д.).

У кальвінізме значна спрошчаны культавая дзейнасць і рэлігійная арганізацыя. Прызнаецца хрышчэнне і прычашчэнне, але яны страцілі значэнне таінстваў і разумеюцца як сімвалы блізкасці да Ісуса Хрыста і веруючых адзін да аднаго. У храмах адсутнічаюць алтар, арган, іконы, свечы і г.д. На пярэднім плане стаіць вялікі крыж, а побач на ўзвышэнні – кафедра, з якой прапаведуе пастар. У кальвінізме існуе дэмакратычнае кіраванне царквой: незалежныя адна ад другой суполкі (кангрэгацыі) узначальваюцца выбарным органам – кансісторыяй, куды ўваходзяць пастар, дыякан і прэсвітэр (старэйшына). Вышэйстаячым органам э'яўляецца правінцыяльны сінод альбо асамблея, які складаецца з дэлегатаў ад кансісторый. На нацыянальным узроўні дзейнічае нацыянальны сінод. Рашэнні сінодаў не з'яўляюцца абавязковымі для кангрэгацый.

Зараз кальвінісцкія цэрквы ў кантынентальнай Еўропе называюць рэфармацкімі, а ў Велікабрытаніі, ЗША і некаторых былых англійскіх калоніях – прэсвітэрыянскімі. Існуе Сусветны альянс рэфармацкіх цэркваў, які аб'ядноўвае каля 40 мільёнаў чалавек з больш чым 81 тыс. кангрэгацый.

Зараз у свеце налічваееца звыш 50 мільёнаў кальвіністаў. Найбольш моцныя кальвінісцкія цэрквы дзейнічаюць у Нідэрландах, ЗША, Германіі, Францыі, Шатландыі і ПаўднёваАфрыканскай рэспубліцы. На Беларусі ёсць адна кальвінісцкая суполка ў Мінску.


Информация о работе «Пратэнстанцтва в Беларусі»
Раздел: Религия и мифология
Количество знаков с пробелами: 54751
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх