2.2 Аратарская проза

Значнага развіцця дасягнула на Русі аратарская проза. Яна ўзнікла пад уплывам класічных узораў грэка-візантыйскай патрыстыкі, створанай айцамі царквы. Помнікі царкоўнага і свецкага красамоўства паводле характару падзяляюцца на дыдактычныя (павучальныя) і ўрачыстыя. Сярод нешматлікіх твораў арыгінальнай старажытнарускай павучальнай літаратуры найбольш вядомы павучанні Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячорскага і Уладзіміра Манамаха, у якіх аўтары, зыходзячы з прынцыпаў хрысціянскай этыкі і народнай маралі, выкладаюць правілы паводзін чалавека.

Відным прадстаўніком урачыстага красамоўства старажытнай Русі быў кіеўскі мітрапаліт Іларыён. Яму належыць славутае «Слова пра закон і дар божы» (1037–1050). Асноўны змест гэтага твора – услаўленне новай веры і магутнасці Кіеўскай дзяржавы; галоўная ідэя – пропаведзь яе палітычнай і царкоўнай незалежнасці ад Візантыі. Цэнтральную частку твора займае пахвала-панегірык князю Уладзіміру як храбраму воіну, мудраму валадару, настаўніку-асветніку, што садзейнічаў умацаванню міжнароднага аўтарытэту Рускай зямлі і ўсталяваў на землях усходніх славян хрысціянства. Узнёсла-рытарычнае паводле стылю, стройнае па кампазіцыі і глыбока патрыятычнае «Слова» Іларыёна – своеасаблівы гімн Русі, што, як кажа аўтар, «ведома и слышима есть всеми концы земли».

Высокаадукаванай асобай у XII ст. быў Клімент Смаляціч, царкоўны дзеяч і пісьменнік-прапаведнік. Сваю кар'еру ён пачаў манахам у Смаленску, у 1147 г. быў узведзены на пасаду кіеўскага мітрапаліта. Як піша старажытнарускі летапісец, Клімент «бысть книжник и философ так, якож в Руской земли не бяшеть, бо зело книжен и учителен и философ великий, и много писання написав». Захаваўся адзін яго твор – «Пасланне Фаме прэсвітэру», які абвінавачваў пісьменніка ў тым, што апошні ў сваіх творах больш апіраўся на філосафаў-язычнікаў Арыстоцеля і Платона, чым на хрысціянскія аўтарытэты. Для творчай манеры Смаляціча характэрны алегарычна-сімвалічны падыход да Свяшчэннага Пісання, іншасказальнае тлумачэнне біблейскіх тэкстаў.

Славай Златавуста карыстаўся на Русі Кірыла Тураўскі (каля 1130–1182 гг.), пісьменнік-прапаведнік і царкоўна-палітычны дзеяч, выдатны майстар аратарскай прозы. Ён нарадзіўся ў Тураве, сталіцы княства, якое знаходзілася тады ў сферы магутнага культурна-палітычнага ўплыву блізкага Кіева. Паходзіў з сям'і багатых мяшчан. У родным горадзе Кірыла атрымаў вельмі высокую на той час адукацыю. Даволі рана пастрыгся ў манахі ў мясцовым манастыры і аддаўся літаратурнай творчасці. Дзякуючы ўсебаковай падрыхтаванасці, глыбокаму веданню хрысціянскай літаратуры, вялікаму таленту пісьменніка і аратара, прыкладным паводзінам ён набыў высокі аўтарытэт у родным горадзе і быў абраны тураўскім епіскапам.

Кірыла Тураўскі быў яркай творчай асобай, арыгінальным і таленавітым мастаком слова, сапраўдным паэтам. Ён праславіўся як выдатны прамоўца, пранікнёны прапаведнік, што горача клапаціўся пра культурнае развіццё і духоўную дасканаласць суайчыннікаў. Абапіраючыся на лепшыя традыцыі антычнай і візантыйскай аратарскай прозы, ён давёў старажытнарускае ўрачыстае красамоўства да ўзорных вяршынь. Захавалася значная творчая спадчына гэтага пісьменніка. Яго пяру бясспрэчна належаць «Аповесць пра беларызца і манаства», «Казанне пра чарнарызскі чын», «Аповесць пра бяспечнага цара і яго мудрага саветніка», 2 каноны, 8 слоў-павучанняў, як напрыклад, «Слова на вербніцу», «Слова на вялікдзень», «Слова на ўшэсце» і каля 30 малітваў.

Найбольш ярка магутны паэтычны талент пісьменніка-мастака выявіўся ў яго словах з нагоды розных царкоўна-рэлігійных свят. Праз традыцыйнасць зместу, звязанага з біблейскай тэматыкай, і рэлігійную абалонку гэтых твораў шырока прарываецца сапраўднае захапленне чалавека радасцю жыцця і пазнання, хараством прыроды, яго неадольнае імкненне да духоўнай дасканаласці, да ідэалу. Словы вылучаюцца незвычайным багаццем вобразаў і паэтычнай мовы, глыбокай эмацыянальнасцю і лірычным драматызмам, вялікай мастацкай сілай. Пісьменнік шырока карыстаўся эпітэтамі і метафарамі, воклічамі і зваротамі, ствараў разгорнутыя параўнанні, тонка адчуваў стылістычнае адзінства і мастацкую цэласнасць твора. Каб зрабіць больш зразумелымі, даступнымі і нагляднымі высокія ідэі і абстрактныя ісціны, але не збіцца на прамы дыдактызм і голую рыторыку, Кірыла Тураўскі найчасцей звяртаўся да алегарычна-сімвалічнага тлумачэння біблейскіх тэкстаў і з'яў прыроды – галоўнага яго мастацка-творчага прыёму. Гэта быў вялікі майстра асацыятыўных вобразаў. Невычэрпнае паэтычнае ўяўленне, вялікая сіла ідэйнай перакананасці і натхнення давалі яму магчымасць не толькі пластычна намаляваць надзвычай яркую карціну свята, але і перадаць той узнёсла-ўрачысты настрой, той радасна-трыумфальны ўздым захаплення, які павінен панаваць усюды ў такі святочны момант, выклікаць у чытачоў і слухачоў адпаведныя суперажыванні. Кампазіцыйна яго словы складаюцца з трох частак: уступу, цэнтральнай часткі і заключэння. Галоўную ідэйна-эстэтычную нагрузку выконвае апавядальная цэнтральная частка, у якой раскрываецца змест таго ці іншага свята. тлумачыцца яго рэлігійны сэнс і выказваецца пахвала. Некаторыя творы Кірылы Тураўскага паэтычна-ўзнёслым светаўспрыманнем аўтара, багатай вобразнасцю, лірычнай танальнасцю, унутранай сіметрыяй і агульным рытмічным ладам нагадваюць вершы ў прозе. Асаблівай прастатой і непасрэднасцю, здзіўляючай сардэчнасцю і глыбінёй пачуццяў вылучаюцца яго малітвы-споведзі, якія належаць да найлепшых узораў старажытнарускай гімнаграфіі. Творы Кірылы Тураўскага на працягу стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю на землях усходніх славян і ўвайшлі ў залаты фонд старажытнарускай літаратуры. Як класічныя ўзоры высокамастацкай аратарскай прозы іх змяшчалі ў спецыяльныя зборнікі-анталогіі побач з творамі класікаў грэка-візантыйскай патрыстыкі, іншых хрысціянскіх пісьменнікаў. Нездарма нашы продкі называлі іх аўтара «Златоустом, паче всех воссиявшим на Руси», а сучасныя вучоныя ставяць яго ў адзін рад з геніяльным стваральнікам «Слова пра паход Ігаравы». Больш за сто гадоў таму назад вядомы даследчык і знаўца славянскіх старажытнасцей М. Максімовіч адзначаў, што няма нічога ў XI і XII ст. на заходнееўрапейскіх мовах, што пераўзыходзіла б летапіс Нестара, словы Кірылы Тураўскага і «Слова пра паход Ігаравы». Усё гэта дае нам сёння поўнае права лічыць Кірылу Тураўскага першым вялікім мастаком слова, першым еўрапейскага ўзроўню пісьменнікам, які жыў і тварыў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Кірыла Тураўскі быў кананізаваны рускай праваслаўнай царквой і сягоння ўваходзіць у Сабор беларускіх святых. Дзень яго памяці па праваслаўнаму календару – 28 красавіка. У 1993 г. у Тураве быў адкрыты помнік слыннаму ўсходнеславянскаму святару і пісьменніку. Ёсць яму помнік і ў Гомелі, дзе створана і функцыянуе Таварыства Кірылы Тураўскага, а таксама раз у два гады праводзяцца Тураўскія чытанні.


Информация о работе «Літаратура старажытнай Русі»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 57360
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
47641
0
0

... гераізму і патрыятызму. Яны служылі і служаць невычэрпнай крыніцай тэм, вобразаў і сюжэтаў, ведаў і натхнення для вучоных, мастакоў і пісьменнікаў. 3. Творы іншых жанраў Арыгінальная літаратура Беларусі XIV—XV стст. адносна небагатая. Калі не прымаць пад увагу шматлікія помнікі дзелавога пісьменства, якія не належаць да ўласна мастацкай літаратуры, хоць яны і не былі ў эпоху Сярэднявечча ...

Скачать
66233
0
0

... лася ў межах высокага "шцілю" барока. Свецкая ж часта выражала апазіцыйныя настроі ніжэйшых слаёў насельніцтва. Ёй больш адпавядаў сярэдні "шціль" барока. З духоўнай паэзіяй была звязана зыходзячая лінія развіцця старой беларускай літаратуры, з свецкай — узыходзячая лінія, нараджэнне новых традыцый. Духоўная паэзія, якая нараджалася і пашыралася пераважна сярод вышэйшага духавенства і магнацтва, ...

Скачать
65060
0
0

ў выдатны паэт Мікола Гусоўскі, які стварыў у 1521–1522 гг. у Рыме на беларускім матэрыяле глыбока патрыятычную і высокама-стацкую паэму «Песня пра зубра», першы буйны твор рэнесансавага рэалізму ў беларускай літаратуры. 2. Францыск Скарына Францыск Скарына нарадзіўся каля 1490 г. у сям'і полацкага купца Лукі (Лукаша) Скарыны, які ўпершыню згадваецца ў дакументах 1492 г. пад імем Лукіян. ...

Скачать
28041
0
0

... Гэтая шматмоўная царкоўна-рэлігійная літаратура распаўсюджвалася як рукапісным, так і друкарскім спосабам, і мела ў свой час немалы попыт у чытачоў. 2. Свецкая літаратура Вельмі цікавую і важную частку беларускай перакладной літаратуры складаюць творы, якія бытавалі пераважна ў свецкім асяроддзі. Хоць свецкая літаратура не такая разнастайная і багатая ў жанравых адносінах, як царкоўна-рэлігі ...

0 комментариев


Наверх