2.4 Хаджэнні
У эпоху Кіеўскай Русі адбывалася станаўленне жанравай сістэмы старажытнарускай літаратуры, яе асноўных літаратурных відаў і форм і бадай ва ўсіх літаратурных жанрах былі напісаны творы, якія сталі ўзорам для ўсходнеславянскіх пісьменнікаў наступных стагоддзяў.
Адносна нешматлікі жанр паломніцкай літаратуры адкрывае «Хаджэнне» ігумена Данііла (пачатак XII ст.). Хаджэнні – гэта апісанні падарожжаў у «святую зямлю», як называлі Палесціну, дзе нарадзіўся, жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс богачалавек Ісус Хрыстос. Пабачыць святыя месцы было для многіх веруючых найвышэйшай марай жыцця, а сустрэча са святым горадам Ерусалімам выклікала ў іх глыбокае душэўнае ўзрушэнне. Вельмі цікаўны і назіральны Данііл, які прабыў у Палесціне шаснаццаць месяцаў, імкнуўся перадаць чытачам свае багатыя ўражанні ад гэтага незвычайнага падарожжа. Зразумела, што для хрысціянскага манаха-пілігрыма найбольшую цікавасць уяўлялі хрысціянскія святыні, памятныя месцы, рэчы, архітэктурныя і іншыя помнікі, так ці інакш звязаныя з біблейскай гісторыяй і біблейскімі героямі. Апісваючы святыя месцы, Данііл падаў таксама нямала розных звестак па гісторыі культуры і геаграфіі Блізкага Усходу, таму яго «Хаджэнне» і сёння мае значную пазнавальную каштоўнасць.
2.5 «Слова пра паход Ігаравы»
Інтэнсіўнасць і высокі ўзровень развіцця зусім яшчэ маладой у XI–XII ст. літаратуры ўсходніх славян абумовілі з'яўленне літаратурных твораў нетрадыцыйных жанраў, надзвычай арыгінальных і самабытных. Дзесьці ў 1185–1187 гг., верагодней за ўсё ў Кіеве, узнік твор, які стаў найвышэйшым дасягненнем старажытнарускай літаратуры, шэдэўрам сусветнай паэзіі эпохі Сярэднявечча – «Слова пра паход Ігаравы» («Слово о полку Игореве»).
Час, калі жыў невядомы аўтар гэтага помніка, быў вельмі складаным у гісторыі ўсходніх славян. Працэс палітычнага драблення і дэцэнтралізацыі Русі ўсё больш пашыраўся і паглыбляўся. Настойлівая барацьба феадалаў за вузкамясцовыя інтарэсы, бесперапынныя княжацкія сваркі, своекарыслівасць, ігнараванне агульных інтарэсаў сталі звычайнай з'явай і нормай унутрыпалітычнага жыцця таго часу. Раздробленая на шматлікія землі-княствы Кіеўская дзяржава страціла сваю былую магутнасць. Карыстаючыся аслабленнем Русі, у другой палове XII ст. сталі больш смела і часта нападаць на усходнеславянскія землі полаўцы і іншыя варварскія плямёны стэпавых качэўнікаў. Пры адсутнасці ваенна-палітычнага адзінства ўсходніх славян іх барацьба з варварамі была доўгай, знясільваючай і не заўсёды паспяховай. Апавяданне пра адзін няўдалы паход старажытнарускіх князёў на полаўцаў і пакладзена ў аснову «Слова пра паход Ігаравы».
Вясною 1185 г., апавядаецца ў старажытнарускіх летапісах, ноўгарадска-северскі князь Ігар Святаславіч са сваім братам Усеваладам, сабраўшы адносна невялікую дружыну, накіраваўся ў стэп. Ля ракі Каялы, у раёне ніжняга Дона, рускае войска неспадзявана было акружана полаўцамі і, нягледзячы на гераічнае супраціўленне, разбіта, а ўсе князі ўзяты ў палон. Гэтае паражэнне мела цяжкія вынікі: Ігар, сцвярджае кіеўскі летапісец, «отвориша ворота на Русьскую землю» полаўцам.
Такім чынам, «Слова пра паход Ігаравы» прысвечана гістарычна сапраўдным падзеям, у ім дзейнічаюць рэальныя гістарычныя героі. Аднак аўтар адлюстраваў свой час і гістарычную мінуўшчыну роднай зямлі не як летапісец, а як сапраўдны паэт. Яго твор – не храналагічна паслядоўны, дакументальна дакладны выклад падзей, а цэласная серыя яркіх, як бы выхапленых з самога жыцця малюнкаў. Яго апавяданне эмацыянальна афарбавана, ліра-эпічнае паводле характару. Гаворка пра сучаснае дапаўняецца аўтарскімі адступленнямі і разважаннямі пра мінулае Русі, напоўненымі глыбокай трывогай за яе будучыню.
У цэнтры твора – апісанне пахода князя Ігара на полаўцаў. Паэт услаўляе гераізм і рыцарскую доблесць старажытнарускіх воінаў. Апяваючы галоўнага героя як храбрага і мужнага воіна, для якога вышэй за ўсё рыцарскі гонар і слава, аўтар «Слова» адначасова дакарае яго за паспешлівасць і самаўпэўненасць, за тое, што ён выступіў у паход, не параіўшыся з іншымі, больш моцнымі князямі, і без іх вайсковай падтрымкі. Паэтычная аповесць пра паход на полаўцаў удзельнага рускага князя перарастае ў пранікнёнае і ўсхваляванае слова пра Радзіму, пра лёс усёй Рускай зямлі, у якім глыбока выявіўся сапраўдны грамадзянскі патрыятызм аўтара, яго шырокі гістарычны кругагляд, дзяржаўная і народная мудрасць. Прычыны няўдачы паходу Ігара аўтар бачыць у агульных сацыяльна-палітычных абставінах, якія склаліся на ўсходнеславянскіх землях у той час, калі «князи сами на себе крамолу коваху». Ён асуджае аднаго з галоўных пачынальнікаў мясцовага сепаратызму, саюзніка полаўцаў чарнігаўскага князя Алега (другая палова XI ст.), пры якім «сеяшется и растяшеть усобицами, погибашеть жизнь Даждьбожа внука, въ княжих крамолах веци человеком скратишась».
Горача перажываючы за будучыню роднай зямлі, спакутаванай няспыннымі міжусобіцамі і крывавымі, разбуральнымі набегамі знешніх ворагаў, аўтар звяртаецца да ўсіх рускіх князёў з палкім заклікам спыніць звады і сваркі: «Ярославли и вся внуце Всеславли! Уже понизите стязи свои, вонзите свои мечи вережени, уже бо выскочисте из дедней славе. Вы бо своими крамолами начясте наводити поганыя на землю Рускую.!» У гэтым асуджэнні міжусобіц, у гэтым закліку да яднання – асноўная ідэя «Слова пра паход Ігаравы», у якім выявіліся погляды перадавых колаў старажытнарускага грамадства, імкненні ўсяго народа.
Твор вылучаецца незвычайным багаццем і першароднай свежасцю мастацкіх малюнкаў, фарбаў, вобразаў, паэтычнай мовы, здзіўляючай ёмістасцю зместу. У ім жыве ўся Русь, якая фактычна з'яўляецца галоўным героем паэмы. У «Слове» гарманічна злучаны ў адзінае цэлае яе мінулае і сучаснае, прырода і людзі, рэальна-гістарычнае і мастацкае, кніжна-літаратурнае і вусна-паэтычнае, хрысціянскае і язычніцкае. Аўтар стварыў яркія, запамінальныя вобразы старажытнарускіх князёў. Тут і родны брат Ігара «яр тур» Усевалад, які на ратным полі засыпае ворага стрэламі, грыміць «о шеломы мечи харалужными», і ўсемагутны Яраслаў Асмамысл Галіцкі, які «подпер горы угорскыи своими железными плъки, заступив королеви путь, затворив Дунаю ворота, меча бремены чрез облаки», і князь суздальскі Усевалад, які можа «Волгу веслы раскропити, а Дон шеломы выльяти», і іншыя князі. З асаблівай сімпатыяй і павагай пададзены ў паэме вялікі князь кіеўскі Святаслаў, умудроны вопытам і сівізною валадар, які, паводле аўтара, няспынна клапаціўся пра інтарэсы ўсёй Рускай зямлі. Невядомы аўтар XII ст. стварыў таксама надзвычай прывабны, вельмі паэтычны вобраз рускай жанчыны. У славутым плачы Яраслаўны з вялікай мастацкай сілаю, са здзіўляючай цеплынёю і праўдзівасцю перададзены яе глыбокія перажыванні і пачуцці,
Здзіўляе шырокі кругагляд аўтара «Слова пра паход Ігаравы», яго высокая грамадзянска-патрыятычная пазіцыя, якая грунтавалася на агульнанародных і агульнарускіх інтарэсах, яго панарамнае і стэрэаскапічнае бачанне ўсёй Русі, усіх яе зямель і княстваў, яе гісторыі ў масавай і прасторавай перспектыве. У шэрагу найлепшых – старонкі, прысвечаныя Полацкай зямлі, Полацку, яго ваяўнічым князям, якія былі актыўнымі ўдзельнікамі складанага ўнутрыпалітычнага жыцця Старажытнай Русі. Паэт згадвае полацкага князя Ізяслава Васількавіча, які «позвони своими острыми мечи о шеломы литовския, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под грълеными щиты на кроваве траве притрепан литовскыми мечи». Асаблівае месца займае ў паэме вобраз нястомнага і непакорлівага Усяслава, полацкага князя (XI ст.), які ўсё сваё доўгае і бурлівае жыццё аддаў настойлівай барацьбе за ўмацаванне палітычнай магутнасці і незалежнасці Полацкага княства. Ён акружаны ў «Слове» таямнічым арэолам князя-чараўніка і паказаны як смелы, умелы, імклівы і таленавіты палкаводзец, герой незвычайных прыгод. Мудрым і дзейным паказаны Усяслаў Чарадзей на вялікакняжацкім троне ў сталіцы Кіеўскай дзяржавы, на які ён быў узведзены воляю народа. Бы эпічны казачны герой, ён надзелены незвычайнымі, чарадзейнымі здольнасцямі: можа ператварацца ў ваўка, нечакана знікаць і з'яўляцца ў самых розных месцах неабсяжнай Русі. З усіх герояў паэмы ён найбольш складаны і загадкавы. Усяслаў – вешчы, усемагутны і адначасова няшчасны, непрыкаяны князь. Аўтар асуджае сучасных яму полацкіх князёў, але з вялікай сімпатыяй і са спачуваннем ставіцца да Усяслава Полацкага і падае яго вобраз у духу вусна-паэтычных традыцый, як легендарнага, авеянага ўсенароднай славай героя. Вобраз яго ў «Слове» нясе вялікую ідэйна-мастацкую нагрузку, дапамагае глыбей асэнсаваць мінулае і сучаснае Русі, лепш зразумець аўтарскую ідэю.
Мастацкая сістэма паэмы звязана з фальклорам, з народнымі язычніцкімі ўяўленнямі. Яна насычана народнай сімволікай, вобразамі славянскай міфалогіі. Адметная асаблівасць аўтарскага светабачання – анімістычнае ўспрыняцце прыроды. Прырода ў «Слове» адухоўлена, персаніфікавана, яна як бы жыве з людзьмі агульным жыццём, суперажывае і саўдзельнічае ў іх справах, дапамагае, перасцерагае альбо перашкаджае героям. Паэтычныя вобразы «Слова» вылучаюцца багаццем асацыяцый, свежасцю і самабытнасцю. Яны грунтуюцца на тонкіх назіраннях над жыццём прыроды, працоўнай практыкай чалавека, воінскім побытам і сёння здзіўляюць нас сваёй дакладнасцю, трапнасцю і мастацкай смеласцю. Напрыклад, бітву паэт параўноўвае з сяўбою, жнівом, малацьбой і пірам. Усё гэта пераканаўча сведчыць пра глыбока народныя вытокі вобразнай сістэмы гэтай гераічнай песні.
«Слова пра паход Ігаравы» – сапраўды «залатое слова» старажытнарускай паэзіі, найкаштоўнейшы помнік культуры ўсходнеславянскіх народаў. Напоўненае сардэчнай трывогай за лёс роднай зямлі, глыбока патрыятычнае па духу, непаўторнае паводле жанравай формы, выключнае сваім багаццем і першароднай свежасцю вобразаў, пластычнасцю і музычнасцю паэтычнай мовы, яно з'яўляецца творам неўміручага ідэйна-эстэтычнага значэння. Створанае восемсот гадоў таму назад геніяльным майстрам мастацкага слова, яно і сёння жыве, хвалюе і захапляе нас.
Паэма перакладзена на шматлікія мовы народаў свету. Найбольш яна перакладалася на рускую і ўкраінскую мовы. Першым у беларускай літаратуры звярнуўся да «Слова пра паход Ігаравы» Максім Багдановіч, які ў 1910 г. пераклаў урывак пра полацкага князя Ізяслава. Поўныя пераклады паэмы на сучасную беларускую мову ўпершыню зрабілі Янка Купала (празаічны ў 1919 г., вершаваны ў 1921 г.) і Максім Гарэцкі (1922). Іх пераклады – яркая з'ява ў гісторыі перакладчыцкай справы на Беларусі. Яны выкананы ў лепшых скарынаўскіх традыцыях, па-майстэрску перадаюць не толькі змест, але і дух арыгінала. Таленавіты і дакладны пераклад гэтага твора на беларускую мову зрабіў у 1984 г. Рыгор Барадулін.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Анталогія даўняй беларускай літаратуры: XI – першая палова XVIII ст. / Уклад. С.Л. Гаранін, В.А. Чамярыцкі. Мн., 2003.
2. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд / Пад рэд. М.А. Лазарука і А.А. Семяновіча. Мн., 1985; 4-е выд., 1998.
3. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ–ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: ХІ – першая палова ХVІІІ стагоддзя. Мн., 2006.
4. Лойка А.А. Старабеларуская літаратура / Лойка А.А. – Мн., 2001.
5. Старабеларуская літаратура XI–XVIII стст. Хрэстаматыя / Уклад., прадм. Г. Тварановіч. Беласток, 2004.
6. Старажытная беларуская літаратура – Мн., 1990.
... гераізму і патрыятызму. Яны служылі і служаць невычэрпнай крыніцай тэм, вобразаў і сюжэтаў, ведаў і натхнення для вучоных, мастакоў і пісьменнікаў. 3. Творы іншых жанраў Арыгінальная літаратура Беларусі XIV—XV стст. адносна небагатая. Калі не прымаць пад увагу шматлікія помнікі дзелавога пісьменства, якія не належаць да ўласна мастацкай літаратуры, хоць яны і не былі ў эпоху Сярэднявечча ...
... лася ў межах высокага "шцілю" барока. Свецкая ж часта выражала апазіцыйныя настроі ніжэйшых слаёў насельніцтва. Ёй больш адпавядаў сярэдні "шціль" барока. З духоўнай паэзіяй была звязана зыходзячая лінія развіцця старой беларускай літаратуры, з свецкай — узыходзячая лінія, нараджэнне новых традыцый. Духоўная паэзія, якая нараджалася і пашыралася пераважна сярод вышэйшага духавенства і магнацтва, ...
ў выдатны паэт Мікола Гусоўскі, які стварыў у 1521–1522 гг. у Рыме на беларускім матэрыяле глыбока патрыятычную і высокама-стацкую паэму «Песня пра зубра», першы буйны твор рэнесансавага рэалізму ў беларускай літаратуры. 2. Францыск Скарына Францыск Скарына нарадзіўся каля 1490 г. у сям'і полацкага купца Лукі (Лукаша) Скарыны, які ўпершыню згадваецца ў дакументах 1492 г. пад імем Лукіян. ...
... Гэтая шматмоўная царкоўна-рэлігійная літаратура распаўсюджвалася як рукапісным, так і друкарскім спосабам, і мела ў свой час немалы попыт у чытачоў. 2. Свецкая літаратура Вельмі цікавую і важную частку беларускай перакладной літаратуры складаюць творы, якія бытавалі пераважна ў свецкім асяроддзі. Хоць свецкая літаратура не такая разнастайная і багатая ў жанравых адносінах, як царкоўна-рэлігі ...
0 комментариев