2. Свецкая літаратура

Вельмі цікавую і важную частку беларускай перакладной літаратуры складаюць творы, якія бытавалі пераважна ў свецкім асяроддзі. Хоць свецкая літаратура не такая разнастайная і багатая ў жанравых адносінах, як царкоўна-рэлігійная, аднак яна вельмі значная сваім зместам і мастацкімі вартасцямі. Вядучае месца ў ёй займаюць творы гістарычнага характару, у якіх апавядаецца пра выдатныя падзеі далёкай мінуўшчыны, пра ваенныя паходы і бітвы, апісваюцца велічныя справы славутых гістарычных асоб, праслаўляюцца рыцарскія подзвігі легендарных герояў. Важная асаблівасць гістарычных аповесцей і раманаў – не дакладнае, заснаванае на дакументальным матэрыяле адлюстраванне мінулага, а яго мастацкае асваенне з мэтай эмацыянальнага ўздзеяння на чытачоў, выхавання іх у духу гераізму і патрыятызму. Блізкія да гэтых твораў перакладныя хронікі і хранографы, што змяшчаюць нямала матэрыялу літаратурнага паходжання, белетрызаваных апавяданняў і аповесцей пра цікавыя і значныя падзеі з мінулага розных народаў свету.

Яшчэ з часоў Старажытнай Русі вялікай папулярнасцю карысталіся на Беларусі гістарычныя раманы і аповесці аб Траянскай вайне і Аляксандры Македонскім. На пачатку XVI ст. іх згадвае Францыск Скарына. Ёсць падставы меркаваць, што першыя пераклады гэтых твораў на старабеларускую мову з'явіліся ўжо ў XV ст.

Першым беларускім перакладам твора пра легендарныя і гераічныя падзеі Траянскай вайны, апетыя ў класічнай паэме Гамера «Іліяда», была, напэўна, так званая «Прытча пра каралёў», што прыйшла на Русь у XV ст. праз паўднёваславянскае пасрэдніцтва ў складзе візантыйскай хронікі XII ст. Канстанціна Манасіі. У гэтай невялікай аповесці коратка расказваецца пра нараджэнне ў траянскага цара Прыяма сына Парыса (у беларускай рэдакцыі – Фарыжа), з-за якога, як прадказалі прарокі, павінна была загінуць Троя, пра яго жыццёвы лёс і выкладаецца традыцыйная фальклорна-паэтычная версія прычын Траянскай вайны: грэкі выступаюць супраць траянцаў таму, што Парыс выкраў у іх цара Менелая жонку – прыгажуню Алену. Гэтак жа сцісла, але дынамічна апісваюцца ў творы падзеі апошняга года вайвы, якая скончылася смерцю яе галоўных герояў (Гектара, Ахіла, Парыса і інш.) і поўным разбурэннем Троі.

У XVI–XVIII стст. на Беларусі быў вядомы і іншы твор аб Траянскай вайне – «Гісторыя разбурэння Троі» (інакш «Гісторыя Траянскай вайны», «Траянская гісторыя»), напісаная ў ХІІІ ст. італьянцам Гвіда дэ Калона. У параўнанні з папярэднім творам гэты раман вылучаецца не толькі большым аб'ёмам, але і шматпланавасцю, багаццем зместу, новых сюжэтных ліній і эпізодаў, грунтоўнасцю і дэталёвасцю апісання падзей, спробамі псіхалагічна матываваць учынкі герояў, раскрыць іх душэўны стан і інш. Дзеянне ў «Траянскай гісторыі» больш расцягнута ў часе і прасторы: пачынаецца з апісання падарожжа грэчаскіх арганаўтаў у далёкую Калхіду па залатое руно і канчаецца апісаннем лёсу некаторых траянскіх герояў (Агамемнана, Уліса – Адысея), што засталіся жывымі пасля вайны.

Вялікай і заслужанай папулярнасцю ў чытачоў эпохі Сярэднявечча карысталіся творы пра Аляксандра Македонскага, які жыў у IV ст. да н.э. Яркая асоба гэтага легендарнага палкаводца старажытнасці, які змог падпарадкаваць сваёй уладзе амаль паўсвету, на працягу многіх стагоддзяў прыцягвала і захапляла людзей. Пісьменнікі розных эпох і народаў звярталіся да яго вобраза, бачылі ў ім рысы ідэальнага цара і военачальніка. Галоўнай крыніцай болыпасці сярэдневяковых твораў пра Аляксандра Македонскага быў грэчаскі раман, напісаны ў Егіпце ў II–III стст. У Еўропе гэты раман бытаваў у дзвюх рэдакцыях, лацінскай і сербскай. Асноўны змест «Александрыі» – гісторыя жыцця, воінскіх подзвігаў і прыгод яе галоўнага героя. Аляксандр Македонскі паўстае перад намі як незвычайная асоба з багатай і складанай натурай. Ён не толькі выдатны палкаводзец і мудры правіцель, але і чалавек высокіх духоўных якасцей, вялікай сілы волі, моцнага характару і глыбокага розуму. Ён хітры і цікаўны, бязлітасны і велікадушны, мужны воін і прыкладны сын. Ён усемагутны валадар, цар над царамі, які вырашае лёс цэлых краін і народаў, і адначасова звычайны чалавек, бяссільны перад сваім уласным лёсам, што наканаваў яму памерці ў маладыя гады. Наяўнасць цэнтральнага героя і адзінства тэмы прыдаюць раману цэласны характар, нягледзячы на ўсю складанасць яго сюжэтнай будовы і разнастайнасць зместу.

Каля 1580 г. у асяроддзі беларускай шляхты была перакладзена з польскага друкаванага выдання 1574 г. «Гісторыя пра Атылу, караля ўгорскага» венгерскага пісьменніка-гуманіста Міклаша Олаха. Вобраз Атылы (памёр у 453 г.) – правадыра ваяўнічых гунаў, якія ў эпоху вялікага перасялення народаў наводзілі жах на цэлыя народы і, быццам смерч, разбуралі і нішчылі ўсё на сваім шляху, адлюстраваны ў шматлікіх помніках фальклору і літаратуры сярэдневяковай Еўропы, у эпічных паэмах і песнях, у гістарычных паданнях і хроніках. У творах, што ўзніклі ў лаціна-хрысціянскім асяроддзі, Атыла паказаны як носьбіт грубай варварскай сілы, бязлітасны заваёўнік, «біч божы». У гуна-гоцкіх паданнях ён апеты як магутны валадар, народны правадыр і выдатны палкаводзец. Погляд на Атылу як на станоўчага ў цэлым героя еўрапейскай гісторыі быў падхоплены і пераасэнсаваны ў эпоху Адраджэння ў нацыянальна-патрыятычных колах Венгрыі, якія перад тварам турэцкай небяспекі марылі аб моцным і мудрым кіраўніку дзяржавы і лічылі гунаў сваімі продкамі. Гэта і знайшло яркі адбітак у творы Міклаша Олаха.

У XV–XVII ст., у эпоху станаўлення і актыўнага развіцця культуры беларускай народнасці на Беларусі была добра вядома і літаратура рускага народа. Аднак шматлікія яе помнікі (жыціі і гістарычныя сказанні, летапісы і воінскія аповесці і інш.), як правіла, бытавалі на беларускіх землях у арыгінале, бо руская мова і ў тыя часы была лёгказразумелай для большасці беларускага насельніцтва. Невыпадкова нават значныя тэкставыя запазычанні з рускіх летапісаў уключаліся ў беларускія летапісныя зводы без перакладу.

Адным з рэдкіх перакладаў твораў рускай гістарычнай белетрыстыкі на беларускую мову з'яўляецца аповесць «Пра пабоішча Мамая». Беларускі пераклад – гэта скарочаная рэдакцыя вядомага помніка Кулікоўскага цыкла – «Сказання пра Мамаева пабоішча» (пачатак XV ст.), прысвечанага выдатнай перамозе рускіх аб'яднаных сіл над татарамі ў 1380 г. на полі Куліковым. Галоўны герой аповесці – вялікі князь маскоўскі Дзмітрый Іванавіч. Ён паказаны не толькі як лепшы прадстаўнік найвышэйшай свецкай улады і выдатны арганізатар гістарычнай перамогі, але і як прыкладны хрысціянін. Яго вобраз месцамі пададзены ў агіяграфічным стылі, падобна ідэальнаму герою жыційнай літаратуры.

Некаторыя буйныя празаічныя творы на гістарычную тэматыку («Александрыя», «Гісторыя Траянскай вайны» Гвіда дэ Калоны) па характары блізкія да рыцарскага рамана. Аднак авантурна-прыгодніцкая фабула ў гэтых творах трымаецца не на любоўнай інтрызе, што з'яўляецца адной з важнейшых асаблівасцей рыцарскага рамана. У іх няма таксама паэтызацыі прыгожай дамы, у імя якой галоўны герой пераадольвае розныя перашкоды, здзяйсняе рыцарскія подзвігі.

Да жанру рыцарскага рамана ў поўным сэнсе гэтага слова можна аднесці аповесці пра Трыстана і Баву, перакладзеныя на беларускую мову ў другой палове XVI ст.

Асноўны змест «Аповесці пра Баву» – незвычайныя прыгоды і гераічныя ўчынкі галоўнага героя, сына цара Гвідона і царыцы Мілітрысы (у беларускай рэдакцыі – Мератрысы), якая з-за каханага Дадона вырашыла загубіць нялюбага мужа і свайго сына. Бава ўцякае з роднага краю і трапляе ў Арменію. Там ён сустракае прыгажуню Дружнену, дачку мясцовага цара. У імя кахання да яе герой праходзіць самыя цяжкія выпрабаванні і здзяйсняе багатырскія подзвігі (забівае асілка Лукапёра, змагаецца з Палканам і Маркабрунам, які хацеў сілаю ўзяць Дружнену сабе за жонку, і інш.). Перамогшы войска Маркабруна, Бава са сваёй каханаю шчасліва вярнуўся на радзіму і пакараў смерцю Мілітрысу і Дадона, забойцаў свайго бацькі.

Класічны ўзор рыцарскага рамана – «Аповесць пра Трышчана». Яна адкрывае выдатны помнік беларускага пісьменства і літаратурнай мовы XVI ст. Пазнанскі рукапіс, у якім тэкст усіх змешчаных аповесцей мае агульны загаловак: «Повесть о витязех с книг сэрбских, а звлашча о славном рыцэры Трысчане, о Анцалоте и о Бове и о иншых многих витезех добрых». Паколькі сербскі пераклад гэтага твора не захаваўся, то беларускі пераклад мае асаблівую каштоўнасць як адзіны прадстаўнік славянскай беларуска-сербскай рэдакцыі славутага заходнееўрапейскага рамана эпохі Сярэднявечча.

Паэтычная легенда аб прыгожым каханні рыцара Трыстана і каралевы Ізольды належыць да найболып папулярных і даўгавечных сюжэтаў у сусветнай літаратуры. Яна ўзнікла больш за тысячу гадоў таму назад на тэрыторыі сучаснай Вялікабрытаніі ў асяроддзі кельтаў – індаеўрапейскіх плямёнаў, якія да прыходу англасаксаў засялялі брытанскія астравы. Пранікнуўшы пасля ў Францыю, легенда была літаратурна замацавана і разышлася па краінах Еўропы, выклікаўшы шматлікія вершаваныя і празаічныя апрацоўкі. На працягу стагоддзяў яна захапляла і хвалявала чытачоў.

Найболып тыповай формай бытавання літаратурных твораў у эпоху Сярэднявечча былі зборнікі невялікіх апавяданняў з напружаным драматычным сюжэтам і нечаканай развязкай (навел). Яны сталі вядомы ўсходнім славянам яшчэ ў часы Старажытнай Русі (Супрасльскі зборнік, «Изборник» 1073 г. і інш.). Адметная іх асаблівасць – няўстойлівасць, рухомасць літаратурнага складу. У працэсе перапіскі тэкст іх скарачаўся і дапаўняўся новымі матэрыяламі і, такім чынам, пастаянна мяняўся змест.

На раннім этапе станаўлення ўласна беларускай літа-ратуры, у XIV–XV стст., на Беларусі бытавалі зборнікі пераважна з творамі балгара-візантыйскага і старажытнарускага паходжання. Пасля, з канца XV ст., у сувязі з пашырэннем культурных кантактаў беларусаў з краінамі Заходняй Еўропы, сталі з'яўляцца беларускія пераклады асобных твораў і нават цэлых зборнікаў з лацінскай і польскай моў. Сярод апошніх найболыпай папулярнасцю тады карысталіся ў беларускіх чытачоў вядомыя зборнікі сярэдневяковых навел і прытчаў «Вялікае люстра» («Великое зерцало») і «Рымскія дзеі» («Римские деяния»).

У «Вялікім люстры» навелы згрупаваны па раздзелах у адпаведнасці са зместам маральных правіл, мастацкаю ілюстрацыяй якіх яны служылі. У зборніку выкладаюцца розныя незвычайныя і павучальныя гісторыі, асуджаюцца адмоўныя з пункту погляду этычных прынцыпаў Сярэднявечча бакі характару чалавека, яго недахопы. У некаторых апавяданнях выкрываюцца амаральныя паводзіны прадстаўнікоў пануючых класаў, свецкіх феадалаў і вышэйшага духавенства. Для ўзмацнення эмацыянальнага, больш эфектыўнага ўздзеяння на чытачоў у творах шырока выкарыстоўваецца хрысціянская міфалоіія і фантастыка, штучна драматызуецца сюжэт, уводзяцца розныя цуды і жахі.

Блізкі да «Вялікага люстра» паводле зместу, характару выкладу і агульнай маралізатарскай накіраванасці і зборнік «Рымскія дзеі», пераважная большасць апавяданняў якога не мае ніякай сувязі з Рымам, з яго гісторыяй. Адны сюжэты грунтуюцца на сярэдневяковых легендах і анекдотах, другія ўзыходзяць да фальклору ўсходніх народаў, трэція запазычаны ў антычных пісьменнікаў.

Апрача гістарычных аповесцей і раманаў, на Беларусі ў эпоху позняга феадалізму бытавала нямала розных летапісных кампіляцый, хронік і хранографаў, якія задавальнялі ўзросшую цікавасць беларускіх чытачоў да гісторыі роднай зямлі і іншых краін. У гэтых творах побач з дакументальнымі, гістарычна дакладнымі звесткамі змешчаны і матэрыялы літаратурнага паходжання, розныя белетрызаваныя апавяданні і аповесці пра мінулае, што дае ўсе падставы разглядаць гэтыя помнікі ў гісторыі беларускай літаратуры.

У 60-я гг. XVI ст. на беларускую мову была перакладзена «Хроніка ўсяго свету» польскага храніста Марціна Бельскага, якая неаднаразова друкавалася на польскай мове (першае выданне выйшла ў Кракаве ў 1551 г.). Дзякуючы гэтай сусветнай гісторыі беларускі чытач мог пазнаёміцца не толькі з многімі невядомымі яму фактамі і падзеямі далёкай мінуўшчыны іншых народаў, але і з асобнымі творамі зарубежнай літаратуры, якія былі змешчаны ў хроніцы: «Трояй», «Александрыяй» і інш.

У першай палове XVII ст. з'явіўся пераклад на беларускую мову «Хронікі еўрапейскай Сарматыі» італьянца Аляксандра Гваніні, які значны час жыў на Беларусі. Яго «Хроніка» ўпершыню была надрукавана ў 1578 г. у Германіі на лацінскай мове, а ў 1611 г. у дапоўненым варыянце ў Кракаве на польскай. Даволі шырока прадстаўлена ў гэтым помніку геаграфія і гісторыя еўрапейскіх краін, у тым ліку і Вялікага княства Літоўскага.

Своеасаблівай гістарычна-белетрыстычнай энцыклапедыяй свайго часу, зборам разнастайных звестак і літаратурных твораў пераважна іншаземнага паходжання была вялікая хранаграфічная кампіляцыя, складзеная ў XVII ст. на беларускай мове і назвавая ў адным са спісаў: «Летапис, то ест Кройника великая з розных многих кройникаров диалектом руским написана». Гэты помнік вылучаецца вельмі шырокім геаграфічным і часавым ахопам сусветнай гісторыі, ад антычнай гісторыі Грэцыі і Рыма да сярэдневяковай Польшчы і Русі, ад біблейскіх часоў і да эпохі еўрапейскай Контррэфармацыі. Аб багацці літаратурнага складу «Вялікай хронікі» красамоўна сведчыць яе змест: «Гисторыя о золотом руне и о войне Троянской», «Александрыя», «Гисторыя Иосифа Жыдовина» (гэта значыць Іосіфа Флавія), «О поражце великой московской над татарами» («Сказание о Мамаевом побоище») і інш. Апісанню мінулага Літвы і Беларусі ў гэтым хранографе прысвечана асобная частка – «Хроніка літоўская і жамойцкая».


Спіс выкарыстаных крыніц

рэлігійны літаратура свецкы апокрыф

1. Мальдзіс А.I. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна XVII–XVIII ст.). Мн., 1980.

2. Саверчанка I.В. Старажытная паэзія Беларусі: XVI – першая палова XVII ст. Мн., 1992.

3. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: У 2 т. Т. 1: З старажытных часоў да канца XVIII ст. Мн., 1968.

4. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд / Пад рэд. М.А. Лазарука і А.А. Семяновіча. Мн., 1985; 4-е выд., 1998.

5. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ–ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: ХІ – першая палова ХVІІІ стагоддзя. Мн., 2006.


Информация о работе «Беларуская перакладная літаратура XV—XVII стст.»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 28041
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
57360
0
0

... літаратурнай з'явай свайго часу. Нездарма «Сказанне пра Барыса і Глеба» было ў ліку найбольш чытэльных твораў жыційнай літаратуры на землях усходніх славян у эпоху Сярэднявечча. У іншым плане складзена «Жыццё Феадосія Пячорскага», вядомага царкоўна-палітычнага дзеяча Старажытнай Русі. Твор напісаны ў канцы XI – пачатку XII ст. Нестарам, манахам Кіева-Пячорскага манастыра, заснавальнікам якога быў ...

Скачать
36096
0
0

... элементаў адраджаюцца такія раней забытыя жанры царкоўнага пісьменства, як пропаведзь, слова, трактат, дыялог і інш., якія напаўняюцца ўжо новым ідэйна-палітычным зместам і мастацкай фактурай. Беларуская літаратура перыяду Контррэфармацыі ў параўнанні з папярэдняй зрабіла рашучы крок наперад у сваім развіцці. Яна пайшла далей па шляху вызвалення ад рэлігійна-царкоўнай ідэалогіі, па шляху ...

Скачать
34057
0
0

... у якой было выдадзена асабліва многа розных па зместу кніг, у апошні перыяд свайго існавання выдавала больш лацінічных кніг, чым кірыліцкіх. 2. Асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця беларускай тэрміналогіі Да ліку фактараў, якія садзейнічалі фарміраванню як беларускай мовы наогул, так і тэрміналагічнай лексікі ў XIV—XVII стст., можна аднесці, па-першае, тое, што з другой палавіны XIV ...

Скачать
66233
0
0

... лася ў межах высокага "шцілю" барока. Свецкая ж часта выражала апазіцыйныя настроі ніжэйшых слаёў насельніцтва. Ёй больш адпавядаў сярэдні "шціль" барока. З духоўнай паэзіяй была звязана зыходзячая лінія развіцця старой беларускай літаратуры, з свецкай — узыходзячая лінія, нараджэнне новых традыцый. Духоўная паэзія, якая нараджалася і пашыралася пераважна сярод вышэйшага духавенства і магнацтва, ...

0 комментариев


Наверх