1.4 Партрэт персанажа

Пад партрэтам персанажа падразумяваецца апісанне яго знешнасці (рысаў твару, фігуры, позы, мімікі, асаблівасцей жэстыкуляцыі, адзення і г. д.). Частка пералічаных партрэтных дэталей (твар, фігура, міміка, жэстыкуляцыя) мае ўласна антрапалагічную прыроду. Іншыя ж (адзенне альбо касцюм, упрыгожванні, прычоска) абумоўлены сацыяльным асяроддзем, культурнай традыцыяй.

«Месца і роля партрэта ў творы, як і прыёмы яго стварэння, розняцца ў залежнасці ад роду, жанру літаратуры. Аўтар драмы, як правіла, абмяжоўваецца ўказаннем на ўзрост персанажаў і агульнымі характарыстыкамі ўласцівасцей паводзін, што даюцца ў рэмарках; усё астатняе ён вымушаны прадставіць клопатам акцёраў і рэжысёра. <...> У вершаванай лірыцы важным з’яўляецца не столькі ўзнаўленне партрэтуемага твару ў канкрэтнасці яго рысаў, колькі паэтычна абагуленае ўражанне аўтара. <...> Лірыка максімальна выкарыстоўвае прыём замены апісання знешнасці ўражаннем ад яе». У эпічным родзе таксама ёсць свае нюансы партрэтнай характарыстыкі. Самае ж галоўнае, што партрэт персанажа ў творах гэтага роду можна абмаляваць надзвычай шматпланава і ўсебакова.

Для «высокіх» жанраў, і ў першую чаргу для твораў народна-гераічнага эпасу, з’яўляюцца характэрнымі ідэалізуючыя партрэты, у якіх абмалёўка знешнасці персанажаў надзвычай моцна працуе на выяўленне іх духоўнай сутнасці. У такіх творах, як правіла, вельмі многа метафар, параўнанняў, эпітэтаў, узятых з арсенала фальклорнай паэтыкі.

У гратэскавых партрэтах, уласцівых творам камедыйна-фарсавага характару, асноўная ўвага скіроўваецца на перадачу не духоўнага, а матэрыяльна-цялеснага пачатку ў чалавеку.

Як зазначае В. Халізеў, «пры ўсёй іх супрацьлегласці ідэалізуючыя і гратэскавыя партрэты валодаюць агульнай уласцівасцю: у іх гіпербалічна адлюстравана адна чалавечая якасць: у першым выпадку – цялесна-духоўная дасканаласць, у другім – матэрыяльна-цялесны пачатак у яго магутнасці, кажучы сучаснай мовай – вітальная энергія».

Хоць гратэскавыя партрэты знаходзяць выкарыстанне і ў новай літаратуры, у тым ліку і сучаснай, вытокі і асноўнае месца іх прымянення (як, дарэчы, і ідэалізуючых партрэтаў) – творы ранніх этапаў і стадый у развіцці сусветнага прыгожага пісьменства. З цягам часу «ў літаратуры сталі пераважаць партрэты, што раскрываюць складанасць і шматпланавасць аблічча персанажаў. Тут жывапісанне знешнасці нярэдка спалучаецца з пранікненнем пісьменніка ў душу героя і псіхалагічным аналізам». У такіх партрэтных характарыстыках увага аўтара больш сканцэнтроўваецца на тым, «што выражаюць фігуры ці твары, якое ўражанне яны пакідаюць, якія пачуцці і думкі вызываюць, чым на іх саміх як жывапісуемай данасці».

Партрэт персанажа падаецца, як правіла, у адным месцы ў творы. Часцей за ўсё ён малюецца тады, калі герой з’яўляецца ў першы раз. Такая падача партрэта называецца экспазіцыйнай. Выкарыстоўваецца ў літаратуры і лейтматыўны прыём партрэтнай характарыстыкі, пры якім на адну з рысаў знешнасці персанажа, што перадае важную ўнутраную якасць яго характару, неаднаразова звяртаецца ўвага ў творы.

1.5 Формы паводзін персанажа

Як зазначае С. Марцьянава, «аўтар мастацкага твора звяртае чытацкую ўвагу не толькі на сутнасць учынкаў, слоў, перажыванняў, думак персанажа, але і на манеру здзяйснення дзеянняў, г. зн. на формы паводзін. Пад тэрмінам паводзіны персанажаў разумеецца ўвасабленне яго ўнутранага жыцця ў сукупнасці знешніх рысаў: у жэстах, міміцы, манеры гаварыць, інтанацыі, у становішчах цела (позах), а таксама – у адзенні і прычосцы (у гэтым радзе і касметыка). Форма паводзін – гэта не проста набор знешніх падрабязнасцей здзяйснення ўчынка, а нейкае адзінства, сукупнасць, цэласнасць. Формы паводзін надаюць унутранай сутнасці чалавека (устаноўкам, светаадносінам, перажыванням) выразнасць, пэўнасць, закончанасць».

Формы паводзін персанажаў узнаўляюцца, асэнсоўваюцца і ацэньваюцца пісьменнікамі даволі актыўна, складаючы не менш важную частку мастацкага свету твора, чым уласна партрэты. Гэтыя два бакі мастацкай данасці персанажа ўвесь час паміж сабой узаемадзейнічаюць. Разам з тым яны знаходзяць у творах рознае ўвасабленне. Партрэтныя характарыстыкі выступаюць, як правіла, аднаразовымі і вычарпальнымі: пры з’яўленні персанажа на старонках кнігі аўтар апісвае яго знешнасць, каб больш да яе не вяртацца. Характарыстыкі ж паводзін звычайна раскіданы па тэксце і валодаюць пэўнай разнастайнасцю з элементамі варыятыўнасці.

Мастацкая літаратура нязменна адлюстроўвае культурна-гістарычную спецыфіку форм паводзін.

Так, на ранніх этапах развіцця прыгожага пісьменства, а таксама ў літаратуры сярэднявечча ўзнаўляліся пераважна паводзіны, абумоўленыя звычаямі і традыцыямі. Іх можна назваць рытуальнымі. Такія формы паводзін з’яўляюцца характэрнымі ў першую чаргу для гераічных паэм, трагедый, рыцарскіх раманаў. Разам з тым у літаратуры старажытнасці і сярэднявечча бытавалі і іншыя формы паводзін персанажаў, больш блізкія да паўсядзённай жыццёвай плыні. Яны адлюстраваліся ў «нізкіх» жанрах (камедыях, фарсах, навелах).

Літаратура Новага часу характарызуецца ўзбагачэннем форм паводзін персанажаў. Наступіла эпоха інтэнсіўнага абнаўлення, свабоднага выбару і самастойнага тварэння форм паводзін.

Так, у эпоху Адраджэння быў выпрацаваны этыкет вольнага, нязмушанага субяседавання («Дон Кіхот» М. Сервантэса, «Вопыты» М. Мантэня і інш.).

Класіцызм вывеў на авансцэну паводзіны мараліста-рэзанёра – прыхільніка грамадзянскіх дабрачыннасцей (трагедыі П. Карнеля і Ж. Расіна, байкі Ж. Лафантэна, творы павучальнай прозы Ф. Ларашфуко і інш.).

Своеасаблівыя формы паводзін персанажаў выпрацаваліся ў русле сентыменталізму: жыццё па законах уласнага сэрца і «канон пачуццёвасці» параджалі меланхалічныя ўздыханні і шчодрыя слёзы, часам перарастаўшыя ў экзальтацыю і манернічанне.

У літаратуры рамантызму палітра форм паводзін персанажаў наогул пашырылася. Разам з тым пры імкненні рамантызму да свабодных форм выяўлення ва ўсім, у тым ліку і ў персанажнай сферы, ён не да канца пазбавіўся пэўнай штучнасці, зададзенасці, «тэатральнасці» сваіх герояў. Гэта канчаткова было выцеснена з прыгожага пісьменства (але, заўважым, ненадоўга) толькі ў час ўмацавання ў ім рэалістычнага метаду. Справа ў тым, што на мяжы ХІХ–ХХ стст. у творчасці сімвалістаў, неарамантыкаў, прадстаўнікоў шэрагу мадэрнісцкіх плыней адбылося пэўнае адраджэнне паводзін персанажаў, уласцівае рамантызму, а менавіта погляд героя на свет як бы звысоку, зверху, з позы прарока-месіі і выратавальніка чалавецтва. Некаторая зададзенасць і штучнасць форм паводзін персанажаў, асабліва ярка выяўленая ў поўным ігнараванні героямі асабістага жыцця дзеля агульнага грамадскага дабрабыту, характарызуе таксама даволі вялікую колькасць твораў савецкай літаратуры.


Информация о работе «Персанаж ў мастацкім творы»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 28640
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
51925
0
0

... , мае для літаратурнага стылю важнейшае значэнне». Пад стылем (ад ст.-грэч. stylos – завостраная палачка для пісьма на васковых дошчачках) падразумяваецца эстэтычнае адзінства ўсіх кампанентаў вобразна-экспрэсіўнай формы твора, якое скіравана на раскрыццё і ўвасабленне цэласнага мастацкага зместу. Гэта ўстойлівая агульнасць вобразнай сістэмы, сродкаў мастацкай выразнасці, якая валодае, як прав ...

Скачать
136497
1
0

... сапраўдную народную мову, прытым іншы раз з такой этнаграфічнай дакладнасцю, што можна тэрытарыяльна лакалізаваць мову персанажаў, а іншы раз і мову самога аўтара.1 У творах І.Пташнікава дыялектызмы выступаюць не як іншародныя ўкрапванні, а запаўняюць прабелы літаратурнай мовы, надаючы ёй пластычнасць і каларытнасць, таму што ў лексіцы народных гаворак знайшла яркае адлюстраванне шматвекавая гі ...

Скачать
27793
0
0

... і. 2.2 Пафас, яго разнавіднасці Уласна змястоўны пласт твора характарызуе таксама яго пафас (ад ст.-грэч. pathos – пачуццё, натхненне, жарсць). Пафасам называецца «ідэйна-эмацыянальная накіраванасць літаратурнага твора, што вызначае спецыфіку мастацкага зместу ў сукупнасці ўсіх яго кампанентаў». Наогул гэта «пачуццё, жарсць, якія ўклаў у сваё тварэнне аўтар і якімі ён хацеў бы натхніць ...

Скачать
24496
0
0

... вывучэння iх выкарыстоўваць немэтазгодна. 3. Публiцыстычныя творы XVI – XVIII ст.   У гэты перыяд развіваецца кнігадрукаванне, і таму неабходна адзначыць, што літаратуразнаўцы ўмоўна падзяляюць гісторыка-літаратурныя творы на рукапісныя і друкаваныя. Да рукапісных яны адносяць тыя матэрыялы, якія засталіся ў асабістым архіве пісьменніка і зберагліся незалежна ад таго, надрукаваныя яны ці не ...

0 комментариев


Наверх