1.6 Персанаж як носьбіт мовы. Дыялог і маналог
У многіх літаратурных творах персанаж паўстае ў якасці носьбіта мовы і такім чынам выяўляе сябе ў словах, што гаворацца ім услых альбо пра сябе.
Гаворачы персанаж у літаратуры апошніх двух стагоддзяў – гэта адна з вышэйшых стадый у яго развіцці. На ранніх жа этапах функцыянавання слоўнага мастацтва аблічча гаворачага персанажа было іншым. Тут ён выступаў як суб’ект, за якога гаварыў аўтар сваім уласным голасам, сваёй мовай і стылем. Аднак ад эпохі да эпохі персанажы сталі ўсё болей і болей атрымліваць права на свой голас, на ўласную моўную характарыстыку і ў выніку набылі новы, больш важны статут у агульнай мастацка-выяўленчай сістэме твора.
Гаворачы персанаж праяўляе сябе ў дыялагічнай і маналагічнай мове. Дыялогі (ад ст.-грэч. dialogos – размова, бяседа двух асоб) і маналогі (ад ст.-грэч. monologos – адпаведна словы, размова аднаго чалавека) «складаюць найбольш спецыфічнае звяно славесна-мастацкай вобразнасці. Яны з’яўляюцца свайго роду сувязным звяном паміж светам твора і яго моўнай тканінай. Як акты паводзін і як асноўны цэнтр думкі, пачуццяў, волі персанажа яны належаць прадметнаму слою твора; узятыя ж з боку слоўнай тканіны, складаюць феномен мастацкай мовы».
Дыялог складваецца з выказванняў розных асоб (як правіла, двух; размова трох і болей персанажаў звычайна імянуецца палілогам) і ажыццяўляе ў выніку зносіны людзей. Удзельнікі камунікацыі ў дыялогу пастаянна мяняюцца ролямі, становячыся на пэўны час (не надта працяглы) то гаворачымі (г. зн. актыўнымі), то слухаючымі (г. зн. пасіўнымі). У час працякання дыялога асобныя выказванні ўзнікаюць імгненна. Кожная наступная рэпліка (надта кароткае і лаканічнае выказванне) залежыць ад папярэдняй, будучы непасрэдным водгукам на яе.
Паводле сваёй будовы і змястоўна-функцыянальных асаблівасцей дыялогі, што знаходзяць выяўленне ў творах мастацкай літаратуры, можна ўмоўна падзяліць на рытуальна строгія (іх яшчэ можна імянаваць этыкетна ўпарадкаванымі ці цэрыманіяльнымі) і звычайныя. Першыя з’яўляюцца характэрнымі для традыцыйных фальклорных і ранніх літаратурных жанраў. Сфера ж прымянення другіх – уся сусветная літаратура Новага часу.
Для дыялога найбольш благапрыемнай і пажаданай з’яўляецца атмасфера нязмушанасці і адсутнасці якой-бы то ні было дыстанцыі (прасторавай, сацыяльнай, разумова-інтэлектуальнай і інш.) паміж удзельнікамі, у выніку чаго рэплікі як быццам бы самі «ільюцца» з вуснаў дзеючых асоб. Прычым наяўнасць у складзе дыялагічнага маўлення сказаў, словазлучэнняў і фраз, не зусім правільных з пункту гледжання сінтаксісу, а таксама лексіка-граматычных адзнак, выступае не тое, каб у якасці нормы, але і не з’яўляецца, скажам так, істотным парушэннем.
Наогул дыялогі адыгрываюць вельмі важную ролю ў мастацкай літаратуры. У эпічных (апавядальных) жанрах узаемаадносіны персанажаў без дыялога наўрад ці змогуць выявіцца канкрэтна, поўна і ярка. Драматычныя ж творы, дзе дыялог ёсць «найважнейшы выяўленчы сродак, пры дапамозе якога фарміруецца і развіваецца дзея, выяўляюцца характары», па-за дыялогам зусім уявіць нельга.
Побач з дыялогам у творах мастацкай літаратуры «сваёй сферай, сваімі магчымасцямі і асаблівай, не меншай значнасцю валодае і маналагічная мова».
Адрозніваюць маналогі накіраваныя (на рускай мове – обращенные) і адасобленыя (на рускай мове – уединенные).
Накіраваныя маналогі прызначаны пэўным чынам уздзейнічаць на адрасата, але ні ў якім разе не патрабуюць ад яго імгненнага і абавязковага водгуку. У дадзенай форме маналога адзін з удзельнікаў камунікацыі з’яўляецца актыўным (увесь час гаворыць), а ўсе астатнія пасіўнымі (слухаюць). Пры гэтым адрасатам накіраванага маналога можа быць і адзін чалавек, і некалькі, а часам і надта шмат (публічныя выступленні палітычных дзеячаў, прапаведнікаў, лектараў і інш.). Накіраваныя маналогі (у адрозненне ад рэплік дыялога) не абмежаваныя ў сваім аб’ёме і, як правіла, папярэдне абдуманыя і дакладна вызначаныя паводле структуры. Яны могуць узнаўляцца ў самых розных жыццёвых сітуацыях. Накіраваныя маналогі выкарыстоўваюць як вусную, так і пісьмовую мовы. Такім чынам, маналог «намнога меней, чым дыялагічная мова, абмежаваны месцам і часам маўлення, ён лёгка распаўсюджваецца ў прасторы чалавечага быцця. Пагэтаму маналагічная мова здольная выступаць у якасці цэнтру збірання пазасітуатыўных сэнсаў, устойлівых і глыбокіх. Тут – яе несумненная перавага над рэплікамі дыялогаў».
Адасобленыя маналогі – гэта выказванні, якія ажыццяўляюцца чалавекам у адзіноце (літаральнай) альбо ў псіхалагічнай ізаляцыі ад іншых. Да адасобленых маналогаў можна аднесці дзённікавыя запісы, што не прызначаны для чытача, а таксама «маўленне» для самога сябе: ці ўслых, ці (што назіраецца часцей) «пра сябе». Маўленне «пра сябе» звычайна імянуецца ў літаратурнай навуцы ўнутраным маналогам.
Маналогі, як ужо адзначалася вышэй, шырока выкарыстоўваюцца ў творах мастацкай літаратуры. Ёсць яны і ў празаічных жанрах, і ў драматургіі. Найбольш жа шырока маналог прымяняецца ў лірыцы: яна практычна поўнасцю пабудавана на маналогу лірычнага героя.
Своеасаблівым маналогам можна лічыць таксама мастацкі твор у цэлым. «Маналог гэты прынцыпова адрозніваецца ад аратарскіх выступленняў, публіцыстычных артыкулаў, эсэ, філасофскіх трактатаў, дзе безумоўна і неабходна дамінуе прамое аўтарскае слова. Ён уяўляе сабой своеасаблівае надмоўнае ўтварэнне – як бы «звышманалог», кампанентамі якога служаць дыялогі і маналогі асоб, што адлюстроўваюцца».
Акрамя таго, што словы-тэрміны «дыялог» і «маналог» ужываюцца ў літаратуразнаўстве як назвы мастацка-маўленчых форм, імі зараз спрабуюць абазначаць таксама і «якасці свядомасці аўтараў і асоб, што імі малююцца. Літаратуразнаўства апошніх дзесяцігоддзяў настойліва звяртаецца да тэрмінаў «дыялагічнасць» («дыялагізм») і «маналагічнасць» (маналагізм»), якія ўвайшлі ў навуковы ўжытак дзякуючы М.М. Бахціну. Гэтыя паняцці належаць тэорыі зносін, культуралогіі, а ў значнай меры і філасофіі. Яны характарызуюць далучанасць (ці, наадварот, недалучанасць) свядомасці, паводзін, выказванняў чалавека да працэсу міжасабовых зносін.
Дыялагічнасць мае месца там, дзе выказванні з’яўляюцца звеннямі жывых і плённых зносін людзей і ўзбагачаюць іх духоўны вопыт. <...> Маналагічнасць жа – гэта перш за ўсё сфера негуманітарных ведаў, куды адносяцца прыродазнаўчыя і дакладныя навукі: мысленне і мова накіраваны на бязмоўную рэч ці нейкую адцягненасць (абстракцыю). І галоўным крытэрыем іх ацэнкі становяцца дакладнасць і завершанасць».
Маналагічны характар літаратурна-мастацкая творчасць у многім насіла на ранніх этапах свайго развіцця. З цягам жа часу ў ёй усё болей і болей усталёўвалася дыялагічнасць, якая выяўлялася перш за ўсё праз імкненне аўтара да дыялогу са сваімі папярэднікамі, затым героямі і, урэшце, чытачом. Дыялогу аўтара з апошнім «садзейнічае запытальная, правакуючая актыўнасць аўтара, які апелюе да індывідуальнага водгуку чытача, да яго духоўнай і разумовай ініцыятывы».
На аснове вылучаных М. Бахціным і атрымаўшых шырокае прызнанне катэгорый «дыялагічнасць» і «маналагічнасць» можна весці гаворку аб адпаведнай свядомасці персанажа. «Здольны да дыялагічных адносін герой нават у рамках маналагічнай мовы звяртаецца да іншай свядомасці і адкрыты ёй. <...> Дыялагічная свядомасць звязана з пэўнага роду паводзінамі, якія выражаюцца ў імкненні асобы да добрага ўдзелу ў лёсе іншага». Маналагічны ж герой – «гэта пераважна персанаж, замкнёны, засяроджаны на сабе. <...> Яго паводзіны вельмі часта звязаны з разбуральным пачаткам».
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Гинзбург Л.Я. О литературном герое / Гинзбург Л.Я. – Л., 1979.
2. Гніламёдаў У.В. Літаратурны герой // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.– Мн., 1986.– Т. 3.
3. Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Персонаж; Характер литературный // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.– Мозырь, 2003.
4. Энциклопедия литературных героев. Русская литература второй половины ХІХ века / Под общ. ред. Е.А. Шкловского.– М., 1997.
5. Мартьянова С.А. Образ человека в литературе: От типа к индивидуальности и личности.– Владимир, 1997.
6. Персонаж // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.
7. Рагойша В. Вобраз літаратурны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.– Мн., 2001.
8. Хализев В.Е. Теория литературы / Хализев В.Е. – 2-е изд.– М., 2000.
9. Прозоров В.В. Автор // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.– М., 2000.
10. Чернец Л.В. Персонаж // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.– М., 2000.
11. Чернец Л.В. Персонажей система // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.– М., 2000.
12. Бахтин М.М. Автор и герой в эстетической деятельности // Бахтин М.М. Литературно-критические статьи.– М., 1986.
... , мае для літаратурнага стылю важнейшае значэнне». Пад стылем (ад ст.-грэч. stylos – завостраная палачка для пісьма на васковых дошчачках) падразумяваецца эстэтычнае адзінства ўсіх кампанентаў вобразна-экспрэсіўнай формы твора, якое скіравана на раскрыццё і ўвасабленне цэласнага мастацкага зместу. Гэта ўстойлівая агульнасць вобразнай сістэмы, сродкаў мастацкай выразнасці, якая валодае, як прав ...
... сапраўдную народную мову, прытым іншы раз з такой этнаграфічнай дакладнасцю, што можна тэрытарыяльна лакалізаваць мову персанажаў, а іншы раз і мову самога аўтара.1 У творах І.Пташнікава дыялектызмы выступаюць не як іншародныя ўкрапванні, а запаўняюць прабелы літаратурнай мовы, надаючы ёй пластычнасць і каларытнасць, таму што ў лексіцы народных гаворак знайшла яркае адлюстраванне шматвекавая гі ...
... і. 2.2 Пафас, яго разнавіднасці Уласна змястоўны пласт твора характарызуе таксама яго пафас (ад ст.-грэч. pathos – пачуццё, натхненне, жарсць). Пафасам называецца «ідэйна-эмацыянальная накіраванасць літаратурнага твора, што вызначае спецыфіку мастацкага зместу ў сукупнасці ўсіх яго кампанентаў». Наогул гэта «пачуццё, жарсць, якія ўклаў у сваё тварэнне аўтар і якімі ён хацеў бы натхніць ...
... вывучэння iх выкарыстоўваць немэтазгодна. 3. Публiцыстычныя творы XVI – XVIII ст. У гэты перыяд развіваецца кнігадрукаванне, і таму неабходна адзначыць, што літаратуразнаўцы ўмоўна падзяляюць гісторыка-літаратурныя творы на рукапісныя і друкаваныя. Да рукапісных яны адносяць тыя матэрыялы, якія засталіся ў асабістым архіве пісьменніка і зберагліся незалежна ад таго, надрукаваныя яны ці не ...
0 комментариев