1.1.3 М. Багдановіч і мадэрнізм

В. Максімовіч адзначае: “…беларускі мадэрнізм не ёсць толькі вынік пераапрацоўкі знешніх уздзеянняў, а глыбока ўкаранёны ў сваё прамацернае ўлонне, лагічны працяг усяго папярэдняга развіцця” [2, с.185]. Пра мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М. Багдановіча сведчыць ужо нават выява Лебедзя, змешчаная на вокладцы зборніка “Вянок”. Сімвал Лебедзя – не толькі герб Магдалены Радзівіл, фундатаркі зборніка, але і “знак прыгажосці, адзін з ключавых сімвалаў мадэрнізму, яго эмблематычны вобраз, які сімвалізуе Боскае Натхненне, што параджае Красу-Паэзію. У сусветнай “мадэрнісцкай” традыцыі сімвал Лебедзя мае некалькі значэнняў. Лебедзь Вагнера – гэта лебедзь захаду, змяркання. У М. Багдановіча – сімвал прадвесця, світання, што ўзыходзіць да элінічнай традыцыі, дзе ён звязаны з вобразам святла ўвогуле (Зеўс, Юпітэр). Знак пытання” [2, с. 188].

Карані мадэрнізму – гэта і эстэтыка панэстэтызму, культ Красы, уяўленне аб абсалютнай аўтаномнасці і самакаштоўнасці мастацтва. “Панэстэтызм – гэта ўяўленне аб эстэтычным як аб глыбіннай сутнасці свету, гэта асэнсаванне і ўспрыманне свету ў эстэтычных катэгорыях” [2, с. 188]. Да мадэрнізму творчасць М. Багдановіча набліжаецца па наступных параметрах. Перш за ўсё, гэта абагаўленне Красы. Краса ў беларускага паэта выступае як усеагульная, глабальная катэгорыя. А менавіта эстэтызацыя Хараства – адна з істотных адзнак мадэрнізму. Паняцце Красы, прыгажосці набыло гучанне ўсеагульнай, глабальнай катэгорыі, стала прадметам абагаўлення. І побач з гэтым абагаўленнем красы – матывы скону, красы смерці, спакушэння смерцю. Паказальны ў гэтым сэнсе цыкл М. Багдановіча “Каханне і смерць”. “У паэзii М. Багдановiча навiдавоку матывы эстэтызацыi хворасцi, нямогласцi, завядання. Пранiкнёнае адчуванне крохкасцi ўсяго жывога, хуткага прамiнання красы i разам з тым клопат пра музыкальнасць радка, адмысловую насычаную асацыятыўнасць – усё гэта ўваходзiць у мастацкi свет М. Багдановiча. Цыкл “У зачараваным царстве” выяўляе таксама моманты iрацыянальна-мiстычнага погляду на светабудову. Нiзка “Каханне i смерць” адпаведна сталай традыцыi сiмвалiзму гранiчна зблiжае архетыпы Эрасу i Танатасу”, – адзначае П. Васючэнка [4, с. 97].

Істотнай адзнакай мадэрнізму з’яўляецца супрацьпастаўленне прыроды і культуры. Што тычыцца беларускага паэта, то, як заўважае В. Максімовіч, “у М. Багдановіча мы не назіраем дуалістычнага супрацьстаяння прыроды і культуры, хаосу і космасу. Хутчэй у яго паэзіі адбілася ідэя іх злітнасці, узаемаабумоўленасці, згарманізаванасці” [2, с. 190]. (Нізка “У зачараваным царстве”).

Таксама беларускія вучоныя пішуць пра ўплыў на М. Багдановіча так званых “праклятых” паэтаў Францыi – Ш. Бадлера, А. Рэмбо, П. Верлена, С. Маларме. Найбольш поўна гэта пытанне распрацавана П. Васючэнкам [4]. М. Багдановiча называюць “верленiстам” ужо толькi за пераклад дваццаці двух вершаў П. Верлена на беларускую мову. Універсальнай мадэллю светабудовы выступае ў творах М. Багдановіча Эротыка.

Можна гаварыць пра блізкасць светаадчування П. Верлена і М. Багдановіча. Заўважаючы, што “верленаўскі паэтычны свет як бы балансаваў на трагічнай мяжы разрыву эстэтычнага і этычнага, паміж трагічным гуманізмам і дэкадэнцтвам” [2, с. 203], В. Максімовіч мяркуе, што гэта мяжа няўхільна прыцягвала ўвагу М. Багдановіча, але за якую ён не перайшоў: “Яму (Багдановічу – А. М.) была чужой і ўнутрана непрымальнай пропаведзь сатанінскага амаралізму, ніцшэанства, таму што яны знішчаюць красу” [2, с. 204]. Але, разам з тым, М. Багдановіча і П. Верлена родніць “раскрыжаванасць паміж язычніцтвам і хрысціянствам” (В. Максімовіч).

Вобраз каханай неадлучны ў М. Багдановіча ад вобраза Маці. Як і ў А. Блока. В. Максімовіч заўважыў: “Багдановіч усё жыццё захоўваў сімвалічную вернасць мацеры” [2, с. 207].

Але ў паэзii М. Багдановiча гучаць i бадзёрыя галасы, што здымаюць “праклёны” дэкадансу. Гэта – паэтычны вiталiзм, адраджэнцкi пафас i славутыя рэнесансныя вобразы Мадонаў. “М. Багдановiч, – па словах П. Васючэнкі, – спрычынiўся да стварэння адметнай нацыянальнай мадэлi сiмвалiзму, у якой дэкадансныя настроi пераплятаюцца з рэнесансавымi” [4, с. 97].

Светапоглядная сістэма М. Багдановіча блізкая да “філасофіі жыцця”. Жыццё, згодна беларускаму паэту, спасцігаецца не праз розум, а праз інтуіцыю, а само жыццё – гэта багацце шмат-стайных адчуванняў i перажыванняў. Культ стыхіі, інтуітыўнага, спантаннага – паказальная рыса мадэрнізму. М. Багдановіч імкнецца перадаць багацце чалавечых настрояў, непаўторнасць непасрэдных уражанняў, разнастайнасць станаў прыроды.

Уплыў неаязычніцтва Ф. Ніцшэ на светапоглядную сістэму М. Багдановіча: “Ідэя высокай эстэтычнай значнасці і жыццёвай самакаштоўнасці “язычніцкага” з’яўлялася важнейшым культурным сімвалам для свядомасці мадэрністаў” [2, с. 204]. Алюзіі да ідэй Ф. Ніцшэ ў вершы “Д. Д. Дзябольскаму” (ідэя “вечнага вяртання”). В. Максімовіч падкрэслівае: “Паэтыка-філасофская сістэма М. Багдановіча, на нашу думку, выяўляе даволі блізкае падабенства з ідэямі “ніцшэанства”, у нечым нагадваючы іх мастацкае пералажэнне. У прыватнасці, цыкл “У зачарованым царстве” ўспрымаецца ў гэтай сувязі як рэпрадуктаваны варыянт міфалагемы ўваскрасення і памірання бога…” [2, с. 192].

Слушнымі падаюцца словы В. Максімовіча: “Выяўляючы генетычную сувязь “міфалогіі” Багдановіча з французскім, з еўрапей-скім у цэлым неаязычніцтвам (комплекс ідэй Ніцшэ), варта падкрэсліць, што Багдановічава ідэалогія і эстэтыка неаязычніцтва маюць іншыя сэнс і арыенціры, якія напрамую выражаюць унутраную патрэбу ўласнай культуры” [2, с. 204]. М. Багдановіч выступаў апалагетам нацыянальнай беларускай культуры.

Відавочны ўплыў імпрэсіянізму ў паэзіі М. Багдановіча. У вершах паэта перададзены асабістыя ўражанні ад навакольнай рэчаіснасці, прыродных з’яў, адценні і нюансы чалавечых настрояў.

М. Багдановіч стаў заснавальнікам пэўнай традыцыі ў нацыянальнай літаратуры. Яго набыткі адчувальныя ў вершах Ул. Дубоўкі, Ул. Жылкі, Т. Кляшторнага, Я. Пушчы, Н. Арсенневай, А. Разанава, Э. Акуліна.


Информация о работе «Максім Багдановіч, Максім Гарэці i Васіль Быкаў як класічныя прадстаўнікi беларуская лiтаратуры 20 стагоддзя»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 40210
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх