1.3.2 Творы Васіля Быкава і экзістэнцыялізм
Праблема «Васіль Быкаў і экзістэнцыялізм» ужо мае сваю гісторыю. Адны даследчыкі мяркуюць, што пісьменнік з экзістэнцыялізмам палемізуе, другія, што існуе шмат кропак судакранання гэтага філасофска-літаратурнага напрамку і творчасці беларускага празаіка (І. Афанасьеў, М. Анастасьеў, В. Локун, Е. Лявонава). Так, І. Афанасьеў разглядае “Сотнікава” і “Дажыць да світання” В. Быкава паралельна з творчасцю А. Камю і Ж.-П. Сартра. Рускі крытык М. Анастасьеў параўноўвае аповесць В. Быкава “Дажыць да світання” з раманам англійскага пісьменніка У. Голдзінга “Шпіль” і “Чумой” А. Камю. Л. Корань слушна падкрэсліла, што “найбольш кваліфікаваныя і аўтары-тэтныя даследчыкі параўноўваюць В. Быкава з заходнімі аўта-рамі не як сціплага падсуседа, а як роўнавялікую мастацкую з'яву, далёка не абмежаваную і не вычарпаную ўласна экзіс-тэнцыяльнымі, напрыклад, ідэямі і паэтыкай”.
У творах В. Быкава заўсёды прысутнiчае “памежная” сiтуацыя, сітуацыя выбару, выбару памiж жаданнем “застацца ў жывых” (Рыбак) i “чалавекам унутры чалавека” (Сотнікаў). Гэта невыносны выбар, коштам якога часта становiцца смерць. П. Васючэнка адзначае: «Па сутнасці, большасць быкаўскіх персанажаў выбірае паміж магчымасцямі (спосабамі) памерці». Часта героі В. Быкава трапляюць проста-такі ў абсурдную сітуацыю (“Мёртвым не баліць”, “Сцяна”, “У тумане”). “Памежная” сiтуацыя, сітуацыя выбару – паняцці з катэгарыяльнага апарату экзістэнцыялістаў.
Аналагічныя меркаванні выказвае М. Тычына: “В. Быкава цiкавiць найперш чалавек, яго характар, паводзiны ў экстрэмальнай сiтуацыi, калi размова iдзе пра жыццё i смерць. Звычайна ён шукае вытокi характару ў мiнулым героя, выяўляе зноў i зноў складаную залежнасць героя i абставiн. Прычым абставiны заўсёды складваюцца так, што ад самога чалавека амаль нiчога не залежыць, застаецца вельмi вузкi выбар, i менавiта ў гэты момант выяўляецца сапраўдная духоўная сутнасць гэтага цi iншага чалавека”.
Сітуацыя выбару ўласціва большасці твораў В. Быкава. Аднак нельга абмінуць увагай відавочную эвалюцыю ў поглядах пісьменніка. На пачатку сваёй творчасці В. Быкаў сцвярджаў сілу чалавечага духу, выступаў прыхільнікам гераічнай канцэпцыі чалавека, сцвярджаў вялікі сэнс пакут і смерці сваіх герояў. У аповесці “Дажыць да свiтання” (1972): “… ён амаль пэўна ведаў, што ўсё скончыцца кепска, i адначасна адмаўляўся разумець гэта. Ён хацеў верыць, што ўсё, зробленае iм у такiх пакутах, павiнна недзе адбiцца, у чымсьцi выявiцца. Няхай не сёння, не тут, не на гэтай дарозе, – можа, у iншым месцы. Павiнен жа быць у гэтым нейкi, хай не дужа значны, але ўсё ж чалавечы сэнс” [10, с. 468]. Гэты сэнс – у бунце Iваноўскага супраць наканавання, што надае цану яго iснаванню (І. Афанасьеў). Такім чынам, тут відавочная пераемнасць з экзістэнцыялізмам.
Сітуацыя выбару асабліва востра пастаўлена ў так званых партызанскiх аповесцях В. Быкава: “Спрадвечная праблема “выбару” ў партызанскай вайне i на акупiраванай тэрыторыi стаяла больш востра i вырашалася больш разнастайна, матываванасць чалавечых учынкаў была болей ускладнена, лёсы людзей больш багатыя i часта больш трагiчныя, чым у кожным з самых розных армейскiх арганiзмаў. I наогул элемент трагiчнага, якi заўсёды з'яўляецца iстотным элементам вайны, праявiўся тут на ўсю сваю страшэнную сiлу”.
Вялікі розгалас у грамадстве мела аповесць “Сотнiкаў”. А. Твардоўскі назваў яе “евангеллем дваццатага стагоддзя”. Галоўная праблема твора – “унутраны свет чалавека, магчымасцi яго духу” (В. Быкаў). У аповесцi гэта праблема гучыць як маральны iмператыў: “Што такое чалавек перад знiшчальнаю сiлай бесчалавечных абставiн? На што ён здольны, калi магчымасцi абаранiць жыццё вычарпаны iм да канца i прадухiлiць смерць немагчыма?”.
Аднак з цягам часу танальнасць твораў В. Быкава мяняецца, яны набываюць выразна трагедыйнае гучанне, і пісьменнік ужо не пакідае сваім героям маральнага задавальнення, што ўласціва творам экзістэнцыялістаў (“Міф пра Сізіфа” А. Камю, дзе Сізіф “у вачах аўтара з'яўляецца бязмоўнай мадэллю вызваленага духу” (П. Васючэнка). Даследчык піша: “Цяжкасць выбару, які твораць гэтыя героі, не абарочваецца чаканай палёгкай або ўнутранай разняволенасцю, якую экзістэнцыялісты трактавалі як звышмэту, этычны абсалют. Як правіла, учынкі гэтых персанажаў не прыносяць ім вялікай славы, не даюць самім адчування поўнай самарэалізацыі... Васіль Быкаў нібыта ігнаруе пытанне пра ўнутранае вызваленне чалавека ў выніку выбару... Этычнае пытанне пераводзіцца ў іншы ракурс: а ці натуральна ўвогуле выпрабоўваць каго-небудзь праз нялюдскія пакуты і штурхаць да волі праз катавальню і эшафот?”. П. Васючэнка называе такі падыход пісьменніка “экзістэнцыялізмам у беларускай рэдакцыі”.
Гэтая эвалюцыя пісьменніка асабліва выразна прасочваецца ў аповесці “У тумане” (1988). У галоўнага героя Сушчэні не застаецца ніякага выбару: “Сумленна, як усе, на роўных правах з людзьмi жыць ён не мог, а несумленна не хацеў… Што яму яшчэ засталося?…Чалавек не ўсё можа…” [11, с. 363-364]. Пісьменнік шмат ўдакладняе i пераасэнсоўвае з таго, што раней сцвярджаў у сваiх творах. В. Быкаў ужо не судзіць сваіх герояў паводле патрабаванняў “маральнага катэгарычнага iмператыву”, для яго вызначальнымі становяцца адчуванні і пакуты чалавека, што не па сваёй волі трапіў у безвыходную сітуацыю.
В. Локун у сваім грунтоўным артыкуле “Літаратура і свабода выбару”, прысвечаным асвятленню экзістэнцыяльных кірункаў у прозе В. Быкава, сцвярджае: “Экзістэнцыяльныя матывы ў творчасці В. Быкава праявяцца з новай сілай ужо ў постсавецкія часы, асабліва ў пачатку 90-х гадоў. Калі першы перыяд вызначаўся блізкасцю галоўным чынам у плане жанрава-структурным, а не светапоглядным, то другі перыяд характа-рызуецца падабенствам больш глыбокім – на ўзроўні разумення прыроды чалавека і свету. Тэма адчужанасці чалавека ад гра-мадства, духоўная ізаляванасць, адсутнасць ілюзіі будучыні, ідэя варожасці свету ў адносінах да чалавека або чалавека да свету – усё гэта чытаецца ў апавяданнях “На Чорных лядах”, “Жоўты пясочак”, “Сцяна” і часткова ў аповесці “Аблава” [12, с. 247].
Аповесць “Аблава” (1989), па словах М. Тычыны, “узнiкла як спроба адказаць на пытанне, наколькi чалавек з'яўляецца разумнай, свабоднай i цывiлiзаванай iстотай i якой маральнай мерай яго можна судзiць”. Тут наглядаюцца таксама відавочныя набліжэнні экзістэнцыялізму і твораў В. Быкава – праз з’яўленне катэгорыі абсурду. В. Локун адзначае: “Хведар Роўба – новы тып быкаўскага героя. Ён пазбаўлены аптымізму, светлай надзеі на будучыню. Менавіта ў трагічным непрыманні абсурду, у трагічным бунце, асуджаным на паражэнне, у бес-перапынным і бессэнсоўным супрацьстаянні, што нагадвае сізіфаву працу, Хведар Роўба набывае сваю велічную трагіч-насць. Ён паглыбляецца ў жыццё–абсурд не дзеля таго, каб прыняць яго і пасля годна ім пагарджаць, а хоча зразумець пры-роду абсурду, “механізм” яго ўздзеяння на людзей” [12, с. 248].
I. Афанасьеў, асэнсоўваючы трагiзм беларускай сiтуацыi, задаецца канцэптуальным пытаннем: “Але ж у чым беларуская вiна? Няўжо i наш лёс, наш урок – паражэнне? Адкуль праклён?”. Адказ на пытанне – у творах В. Быкава: “Праблему iхняга (беларусаў – А. М.) выяўлення В. Быкаў вырашае ў канфлiкце “апантанай сацыяльнасцi канца 19 – пачатку 20 ста-годдзя”(В. Быкаў) i нацыянальнай iдэi. Формула беларускага лёсу з аповесцi “Аблава” (“не па-людску i не па-боску”) вызначае наш шлях памiж утапiчнасцю сацыяльных праектаў i бязглуздым здзекам з традыцыйнай хрысцiянскай маралi, недаравальным нiкому…”.
Выхад у 1997 годзе кнігі “Сцяна” (апавяданне “Сцяна” пабачыла свет у 1995) дало падставы даследчыкам гаварыць “пра свядомыя этыка-эстэтычныя арыентацыі беларускага мастака слова на пэўныя творы экзістэнцыялісцкіх аўтараў, перадусім – на творы Жана Поля Сартра” [13, с. 27], “пра больш уважлівае, чым раней, стаўленне Васіля Быкава да экзiстэн-цыялісцкай філасофіі, пра яго заўважную эвалюцыю ў бок гэтага, без перабольшання, магутнага сілавога поля сучаснасці, пра рух ад стыхійнага, так бы мовіць, экзiстэнцыялізму да ўласна экзiстэнцыялісцкай канцэпцыі чалавека і свету” [13, с. 26]. В. Быкаў свядома бярэ сюжэт апавядання “Сцяна” (у беларускім перакладзе “Мур”) Ж. П. Сартра i ўносiць уласныя карэктывы ў асэнсаванне экзiстэнцыяльнай праблемы выбару. Як падкрэс-лівае Е. Лявонава, у абодвух пісьменнікаў “намаганні персана-жаў не прыносяць поспеху; больш за тое, намаганні гэтыя маюць цалкам процілеглы жаданаму, абсурдна-трагічны вынік... У абодвух выпадках чытачу прапануюцца жахліва-жорсткія, абсурдна-лагічныя схемы, своеасаблівыя “паводзінавыя” тэк-сты” [13, с. 27].
I. Афанасьеў у сваёй манаграфіі “Чарнобыльскае света-адчуванне ў беларускай літаратуры” быкаўскую “Сцяну” “пра-чытвае” “паралельна” з “Праклятымi i забiтымi” В. Астаф’ева, “у сiлавым полi” iдэй Г. Фядотава (раздзел “Мелодия оборванной струны”), а ў раздзеле “Апостальскi час” творы В. Быкава суадносяцца з творамi А. Камю, Э. Хэмiнгуэя, Г. Бёля, Г. Маркеса, Т. Мана, Э. Рэмарка.
У апошнi час свайго жыцця В. Быкаў звяртаецца да жанру прыпавесцей: “На чорных лядах”, “Бедныя людзi”, “Жоўты пясочак” (1994-1995) “Музыка”, “Народныя мсцiўцы” (1997), “Ваўчыная яма”, “Мальбара”, “Тры словы нямых”, “Труба” (1998), “Хутаранцы”, “Апалагетыка “нагана”, “Кошка i мышка” (1999). Гэты жанр таксама надзвычай паказальны для экзiстэн-цыялістаў. В. Быкаву iмпануе унiверсальнасць прытчы, яе паву-чальнасць, змястоўная блiзкасць да хрысцiянскай пропаведзi. Высновы пісьменніка ў большасці выпадкаў песiмiстычныя.
Нельга не ўзгадаць і падабенства ў назвах некаторых твораў беларускага пісьменніка і экзiстэнцыялістаў (“Мёртвыя без пахавання” Ж. П. Сартра і “Мёртвым не баліць” В. Быкава, “Сцяна” Ж. П. Сартра і “Сцяна” В. Быкава ), шматлікія выказванні самога В. Быкава адносна твораў Ж.- П. Сартра і А. Камю.
Е. Лявонава піша і пра традыцыі Ф. Дастаеўскага, культавай постаці для экзiстэнцыялістаў у творчасці В. Быкава і Ж. П. Сар-тра (матыў дзіцячых пакут) [13].
Крытыкi шмат гавораць пра спецыфiку быкаўскiх аповес-цяў, пра тое, што пісьменнік стварыў уласную, “новую мадыфiкацыю жанру аповесцi на мяжы рэалiстычнай i экзiс-тэнцыйнай паэтыкi”, засвоiўшы пэўныя фармальныя прыёмы да структурнай пэўнасцi.
I. Штэйнер, пiшучы пра катастрафiчнасць, “перакуленасць” сучаснага свету, узгадвае пра людзей, надзеленых дарам прадбачання (якiм, згодна легендзе, ангел смерцi разам з жыццём дадаткова пакiнуў пару вачэй). На Беларусi такiм чалавекам, як адзначае даследчык, быў В. Быкаў, “лейтматывам творчасцi якога становiцца асэнсаванне ўнутранай сутнасцi беларускай душы, месца народа ў людской супольнасцi, перспектыў развiцця, у рэшце рэшт” [14, с. 72]. I. Штэйнер сцвярджае, што творчасць В. Быкава – гэта “квiнтэсэнцыя ўсiх творчых пошукаў беларускай лiтаратуры апошнiх двух стагоддзяў, своеасаблiвы паўтаральны курс усёй новай беларускай мастацкай традыцыi” [14, с. 72].
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Лойка, А. Паэт нараджаецца не аднойчы [Тэкст] // Багдановіч М. Поўны збор твораў: у 3 т. Т.1. – Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – Мн. : Навука і тэхніка, 1991. – С. 7 – 51.
2. Максімовіч, В. Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку 20 стагоддзя [Тэкст] / В. Максімовіч. – Мн. : Аракул, 2000. – 351 с.
3. Конан, Ул. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча [Тэкст] / Ул. Конан. – Мн. : Маст. літ., 1991. – 208 с.
4. Васючэнка, П. Беларуская лiтаратура пачатку 20 стагоддзя ў кантэксце еўрапейскага сiмвалiзму [Тэкст] / П. Васючэнка // Скарыназнаўства, кнiгазнаўства, лiтаратуразнаўства: матэрыялы Ш Мiжнар. кангрэса беларусiстаў «Беларуская культура ў дыялогу цывiлiзацый» (Мiнск, 21 – 25 мая, 4 – 7 снежня 2000 г.). – Мн. : “Беларускі кнігазбор”, 2001. – С. 96 – 101.
5. Чабан, Т. Космас “Вянка” [Тэкст] / Т. Чабан // Максім Багдановіч. Поўны збор твораў: у 3 т. Т.1. Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – Мн. : Навука і тэхніка, 1991. – 752 с.
6. Корань, Л. Цукровы пеўнік [Тэкст] : Літ.-крыт. арт. / Л. Корань – Мн.: Маст. літ.,1996. – 286 с.
7. Абдзіраловіч, І. Адвечным шляхам [Тэкст] / І. Абдзіраловіч // Вобраз – 90: Літ. – крытыч. арт. / уклад. С. Дубавец; рэдкал. : Н. Пашкевіч (рэд.) і інш. – Мн. : Маст. літ., 1990. – С. 43 – 86.
8. Максімовіч, В. Шыпшынавы край: Старонкі беларускай літаратуры 20–30–х гг. 20 ст. [Тэкст]: дапаможнік для настаўнікаў / В. Максімовіч. – Мн. : “ІВЦ Мінфіна”, 2002. – 160 с.
9. Дубавец, С. Максим Горецкий. Неюбилейное слово [Тэкст] / С. Дубавец // Нёман. – 1993. – № 2. – С. 92 – 94.
10. Локун, В. «Вайна i мiр» Л. Талстога i развiццё беларускай i ўкраiнскай ваеннай прозы першай паловы 20 стагоддзя: канцэпцыя гiсторыi i чалавека [Тэкст] / В. Локун // Нарысы беларуска-ўкраiнскiх лiтаратурных сувязей: Культурна-гістарычны і літаратуразнаўчы аспекты праблемы / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т. літ. імя Я. Купалы. – Мн. : Беларуская навука, 2002. – С. 138 – 220.
11. Быкаў, В. У тумане [Тэкст] / В.Быкаў // Зб. Тв.: У 6 т. Т.5. – Мн.: Маст літ., 1994. – С. 277 – 364.
12. Локун, В. Літаратура і свабода выбару [Тэкст] / В. Локун // Полымя. – 1998. – № 5. – С. 238 – 255.
13. Лявонава, Е. Творчасць В. Быкава i Ж. П. Сартра праз прызму традыцыi Дастаеўскага: фiласофска-эстэтычныя перасячэннi [Тэкст] / Е. Лявонава // Роднае слова. – 2000. – № 1. – С. 26 – 30.
14. Штэйнер, І. Deja vu, або Успамiн пра будучыню [Тэкст] / І. Штэйнер. – Мн. : ЛМФ “Нёман”, 2003. – 144 с.
0 комментариев