2. Беларусь у старажытнарускіх летапісах
Пачатковая гістарыяграфія усходніх славян звязана з Кіевам і Ноўгарадам. Першыя звесткі размешчаны у Кіеўскім летапісным зводзе «Аповесцъ мінулых часоў», які меў тры рэдакцыі. Асновай твора з'яўляецца старажытны летапісны звод, у якім падзеі даводзяцца да 1037 г. Яго стваральнікі былі блізкімі людзьмі да князя Яраслава Мудрага, таму выражалі інтарэсы Кіева, займалі патрыятычную пазіцыю.
Першую рэдакцыю звода зрабіў буйны царкоўны і палітычны дзеяч Русі Нікан, які працягнуў падзеі да 1073 г., унёс літаратурны запіс аб прызванні варагаў. 3 1061 г. ім даюцца дакладныя звесткі. Нікан упершыню паведаміў аб Менску пад 1067 г. і апісаў бітву на Нямізе (магчыма, па расказах яе удзельнікаў).
Другая рэдакцыя атрымала назву Пачатковага звода, бо падзеі былі даведзены да 1093 г. і дапоўнены наўгародскімі звесткамі. Яго аўтар ва ўмовах аслаблення Кіеускай Русі імкнецца даць станоўчую ацэнку першым кіеускім князям, высока ацаніць іх ваенныя заслугі.
Трэцюю рэдакцыю зрабіў каля 1113 г. Нестар у Кіева-Пячэрскім манастыры. Ужо у самым пачатку звода ён вызначыў пастаўленную перад сабой задачу - адказаць, «...Откуда есть пошла Руская земля, кто въ Киеве нача первее княжити, и откуда Руская земля стала есть». Нестар упершыню паспрабаваў звязаць гісторыю усходніх славян з Гісторыяй усяго чалавецтва, стварыу своеасаблівую гістарычную канцэпцыю.
«Аповесць мінулых гадоў» пабудавана на метадалагічных прыёмах антычнай гістарыяграфіі, вызначаных у ІІ ст. да н.э. грэчаскім гісторыкам Палібіем. Яны прадугледжвалі тры правілы: веданне гістарычных сачыненняў папярэднікаў, шырокі агляд геаграфіі даследавання, сувязь падзеяў мінулага і сучаснага. Як Фукідзід і Арыстоцель, Нестар асноўную ўвагу надаваў апісанню палітычных і ваенных падзеяў. Уплыў антычнай традыцыі вельмі выразна адчуваецца тады, калі летапісец укладвае ў вусны сваіх персанажаў антычныя афарызмы, напрыклад, «маці гарадоў рускіх». 3 другога боку, відавочныя прынцыпы і падыходы, характэрныя для сярэднявечнай метадалогіі - правідэнцыялізму. У многіх выпадках летапісец тлумачыць падзеі і дзеянні людзей са спасылкай на Слова Божае. Метадалагічная структура летапіснага звода складаецца з тлумачальнай (галоўнай) і правідэнцыяльнай (дапаможнай) гітсторыі. Тлумачальная гісторыя будуецца на прынцыпах заканамернасці, ісціны і праўды.
Беларускі даследчык М.У. Смяховіч «Аповесць мінулых гадоў» адносіць да пасіўна-сузіральнага кірунку школы базавай верыфікацыі. У зводзе адсутнічаюць элементы крытыкі, папярэдні аналіз матэрыялаў, запазычаных з іншых крыніцаў. Летапісец найперш выконваў камунікатыўную функцыю, каб перадаць гістарычна цэласныя веды, якія назапасіла грамадства.
Летапісны звод пабудаваны на прызнанні заканамернасці сацыяльнага развіцця і па лагічнай схеме: ад апісання падзей да тлумачэння прычынаў яе узнікнення, ад тлумачэння прычынаў - да абагульных высноваў.
Пасля смерці Святаполка і паўстання ў Кіеве ў 1113 г. палітычная арыентацыя «Аповесш мінулых гадоў» не магла задаволіць новага князя Уладзіміра Манамаха. Летапіс забралі з Кіева-Пячэрскага манастыра і перадалі у Выдубіцкі манастыр, які меў статус прыдворнай абіцелі Манамаха. Iгумен манастыра Сільвестр у 1116 г. перапрацаваў «Аповесць мінулых гадоў»: ён паказвае кіеўскага князя памяркоўным, ухваляе яго за тое, што «не загінула зямля Руская» (праца Сільвестра дайшла да нас у складзе Лаўрэнцьеўскага летапіснага звода).
У «Аповесці мінулых гадоў» вялікая ўвага надаецца Полацку і Полацкай зямлі, у прыватнасці, раздача гарадоў Рурыкам, удзел палачан у паходзе Алега на Царград, забойства Рагвалода, напад Брачыслава на Ноўгарад, бітва на Нямізе і іншыя падзеі.
Першы летапісны звод аказаў значны уплыў на развіццё усходнеславянскага летапісання. У наступны час ён уключаўся амаль ва ўсе мясцовыя летапісы ў якасці своеасаблівых уводзінаў, бо галоўная ідэя твора - абарона Русі - была зразумелай і блізкай летапісцам.
У найбольш поўнай рэдакцыі «Аповесць мінулых гадоў» дайшла да нас у Іпацъеўскім і Лаўрэнцъеўскім спісах. Іпацьеускі спіс (канец XIII ст.) складаецца з «Аповесці мінулых гадоў», Кіеускага і Галіцка-Валынскага летапісаў, а Лаўрэнцьеўскі спіс (XIV ст.) - з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст), летапісных запісаў аб гісторыі Паўночна-Усходняй Русі па 1305 г., «Павучэння Уладзіміра Манамаха», падання пра Рагнеду і полацкіх Усяславічаў, жыцця Аляксандра Неўскага[4].
Наибольшую цікавасць выклікае Кіеўскі летапіс, які быў складзены ў Выдубіцкім манастыры на падставе мясцовых летапісаў і асобных пагадовых запісаў. У адрозненне ад «Аповесці мінулых гадоў» ён прысвечаны пераважна мясцовым падзеям (гісторыі Кіева) з 1118 г. да 1200 г., мае больш свецкі характар. Летапісец асуджае княжацкія усобіцы, апісвае барацьбу усходніх славян з полаўцамі. Пад 1159 г. у творы размешчаны аповед аб падзеях у Полацкай зямлі, у прыватнасці, аб дзейнасці веча Полацка і Друцка, узаемаадносінах веча і князёу. Таксама аутар акцантуе ўвагу на Тураве, Пінску, Бярэсці. На думку С.М.Салаўёва, У.Ц.Пашуты, Л.В.Аляксеева, у Кіеускім летапісе ёсць урыўкі з Полацкага летапіса.
Даследчыкі неаднаразова выказывалі меркаванні аб існаванні летапісання у Полацку і Смаленску. Доказам можа быць аповед пад 1159 г. пра вяртанне выгнанага палачанамі князя Рагвалода Барысавіча, які напісаны відавочцам, з яркімі дэталямі. Другім доказам з'яуляецца фрагмент пад 1180 г. з Іпацьеускага спіса пра паход (кіеўскіх, чарнігаўскіх і полацкіх князёў сумесна з наўгародцамі супраць смаленскага князя Давыда, заняўшага Друцк. Дакладная дата падзеі, падрабязны пералік князёў - усё сведчыць аб мясцовым полацкім запісе.
Аб існаванні летапісання у Полацку засведчыў рускі гісторык XVIII ст. В.М.Тацішчаў. У сваей працы «Гісторыя Расійская» ён упамінаў аб спісе, які належаў пецярбургскаму архітэктару П.Яропкіну. Дзесяць разоў Тацішчаў спасылаўся на змест гэтага летапіса, але да нашых дзён рукапіс не дайшоў.
Тацішчаў размясціў аповесцъ пра Святохну - твор зусім невядомы ў іншых усходнеславянскіх крыніцах. Полацкі князь Барыс Давыдавіч ажаніўся другі раз з Святохнай - дачкой паморскага князя Казіміра. Разам з ей у Полацк прыбылі шмат памаран. У Святохны нарадзіўся сын Войцэх, якога бацька назваў Уладзімірам. Каб зрабіць свайго сына адзіным спадкаемцам полацкага прастола, Святохна вырашыла пазбавіцца ад сыноў Барыса ад першага шлюбу - Васількі I Вячкі. Яна здолела з дапамогай інтрыг выслаць старэйшых сыноў полацкага князя і іх прыхільнікаў, затым задумала атруціць Васільку. Той звярнуўся да палачан з заклікам абароны ад іншаземцаў-памаран. Веча раскрыла злачынствы Святохны, якую пасадзілі ў турму.
Тацішчаў датаваў гэтую падзею 1217 г., а польскі гісторык Я.Паверскі 1197-1201 гадамі. І толькі беларусскі даследчык старажытнарускага летапісання В.А.Чамярыцкі даказаў, што аповесць пра Святохну - гэта фальсіфікат XVIII ст., бо яшчэ у XIX ст. М.Лыжын выказаў думку, што гэты твор з'яўляецца своеасаблівым памфлетам на Бірона (нямецкае заскілле ў Расіі. Чамярыцкі адзначыў беднасць мовы і стылю, неадпаведнасць сінтаксісу і лексіцы твора XIП ст., заўважыў, што факталогія твора не супадае з гістарычнымі крыніцамі[5].
Паданне аб Усяславічах, зафіксаванае у Лаўрэнцьеўскім спісе пад 1128 г., магчыма, было створана ў Полацкай зямлі і адтуль трапіла ў Кіеў. На думку беларускага даследчыка Ю.А.Зайца, яно з'яўляецца пераказам тэксту гістарычнай песні, пашыранай на тэрыторыі Полаччыны у канцы XI - пачатку XII ст.
Галіцка-Валынскі летапіс змяшчае унікальныя звесткі па гісторыі Наваградка, Бярэсця, Гародні, Ваукавыска і інш. заходнебеларускіх гарадоў, пра асобныя помнікі беларускай культуры (Лаўрышаўскі манастыр, Камянецкая вежа), пра жыццё і дзейнасць князеў Вялікага княства Літоўскага Міндоўга, Войшалка, Тройдзеня. Гісторыкі У.Ц.Пашута і М.І. Ермаловіч выказалі гіпотэзу, што інфармацыя аб літоуск1х князях запазычана з Наваградскага летапісу, магчыма, складзенага у Лаўрышаўскім манастыры. Фактычна гэта адзіны помнік, які шырока асвятляе пачатковы этап і працэс утварэння ВКЛ. Падзеі пададзены з пазіцыі галіцка-валынскіх князёў, якія прэтэндавалі на Панямонне. Часам яны тэндэнцыйныя, але ў цэлым адпавядаюць гістарычнай праўдзе[6].
Такім чынам, старажытнарускія летапісы з’яўляюцца самымі змястоўнымі крыніцамі па адлюстраванню падзей, што адбываліся на тэрытрорыі Беларусі IX – XIV стст.
0 комментариев