1 Работа Усебеларускага з’езда і яго разгон

 

Для ажыццяўлення самавызначэння Беларусі ВБР разам з БАК склікалі Усебеларускі з’езд. Ён адкрыўся 14(27) снежня 1917 г. На з’езд прыбылі 1872 дэлегаты, у тым ліку 1167 з правам рашаючага голасу. Дэлегаты па сваіх грамадскіх поглядах складалі дзве амаль роўныя часткі. Адна з іх падтрымлівала ВБР, другая - БАК. Адразу пасля адкрыцця з’езда дэлегацыя ВБР прапанавала абвясціць незалежную Беларускую рэспубліку. Гэта не было нечаканым.

Прыхільнікі ВБР дамагаліся абвяшчэння БНР і аддзялення яе ад савецкай Расіі. У праекце рэзалюцыі «Аб уладзе», які падрыхтавала левая фракцыя, прапанавалася ўсталяваць уладу беларускіх саветаў сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў па прынцыпу агульнарасійскай савецкай улады.

Дэлегаты, якія падтрымлівалі БАК, адстойвалі знаходжанне Беларусі ў складзе Расіі. У мэтах стварэння асобнага цэнтра Беларусі як аўтаномнай дзяржавы БАК яшчэ раней, у канцы лістапада, звярнуўся да Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей РСФСР з хадайніцтвам аб адкрыцці пры ім аддзела БАК, які прадстаўляў бы ў СНК РСФСР інтарэсы Беларусі. У выніку гэтага 31 студзеня 1918 г. пры Наркамнацы РСФСР быў утвораны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацком).

Праекты рэзалюцый, унесеныя ВБР і БАК, не былі прыняты з’ездам. З’езд адобрыў кампраміснае рашэнне стварыць часовы вышэйшы орган улады - Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які павінен быў замяніць арганізаваныя пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі органы савецкай улады ў Беларусі і на Заходнім фронце.

З’езд не паспеў абраць Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. 17(31) снежня 1917 г. СНК Заходняй вобласці і фронту прыняў рашэнне распусціць з’езд і прапанаваў яго прэзідыуму пакінуць межы вобласці і фронту. Гэта рашэнне абгрунтоўвалася неабходнасцю абароны савецкай улады ў вобласці і на фронце. Выкананне задач, ускладзеных на Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, з’езд даручыў яго выканаўчаму органу - савету з’езда.

Непасрэднымі выканаўцамі згаданага рашэння СНК Заходняй вобласці фронту былі яго прадстаўнікі Л.Рэзаўскі і начальнік Мінскага гарнізона М.Крывашэін, якія на чале атрада салдат прымусілі дэлегатаў Усебеларускага з’езда пакінуць памяшканне, арыштавалі прэзідыум і некаторых дэлегатаў. Фактычна з’езд быў разагнаны, аб чым сведчаць наступныя факты.

Раніцай 18 снежня 1917 г. савет з’езда пастанавіў «лічыць І-ы Усебеларускі з’езд гвалтоўна разагнаным» [6, с.60]. У справаздачы Аблвыкамзаха старшыні СНК У. Леніну аб выкананай рабоце, дасланай ў красавіку 1918 г., зазначана, што з’езд быў разагнаны [7, с.935].

Разгон з’езда грамадскасцю Беларусі не толькі не асуджаўся, але ў шэрагу выпадкаў нават адабраўся. Гэта рашэнне прызнавалі справядлівым сяляне Раснянскай воласці Чавускага павета, Мсціслаўскай воласці Клімавіцкага павета, вёсак Межылессе і Ольніцы Бабруйскага павета, сялянскія з’езды Аршанскага і Слуцкага паветаў, IV Магілёўскі губернскі з’езд сялянскіх дэпутатаў, Віцебскі губернскі з’езд саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. У іх рэзалюцыях было выказана імкненне падтрымаць савецкую ўладу і аўтаномію Беларусі ў складзе савецкай Расіі.

Лідэры беларускага нацыянальнага руху прызнавалі адсутнасць у Беларусі шырокай сацыяльнай базы для нацыянальнага руху, непапулярнасць патрабавання аб адрыве яе ад Расіі.

У тым, што з’езд быў разагнаны, - віна Паўночна-Заходняга АК РСДРП(б) і савецкіх органаў Заходняй вобласці. Яны не ў праве былі ігнараваць амаль двухтысячны з’езд прадстаўнікоў беларускага народа. Што заставалася на тэрыторыі вобласці і фронту, калі ўлічыць месцы, якія прадстаўлялі дэлегаты з’езда? Фронт не ў поўным складзе. Калі партыйныя і савецкія органы Заходняй вобласці сапраўды былі зацікаўлены ў існаванні такога дзяржаўнага фарміравання, як Заходняя вобласць і Заходні фронт, то ім трэба было не ігнараваць, а ўсямерна імкнуцца з найбольшай актыўнасцю ўдзельнічаць у рабоце Усебеларускага з’езду. Аднак кіраўнікам абкома РСДРП(б) і СНК Заходняй вобласці і фронту не хапала рэальных ацэнак і здаровага сэнсу, каб прыняць правільнае рашэнне.

Адабрэнне разгону з’езда некаторымі сходамі і з’ездамі сялян зусім не азначала правамернасці дзеянняў СНК вобласці і фронту. Заняцце абласнымі партыйнымі і савецкімі органамі канструктыўнай пазіцыі ў адносінах да з’езда забяспечыла б зусім іншыя яго вынікі. Аб’ектыўна ў Беларускага з’езда такога фінішу, які меў месца, не павінна было быць. Усе ведалі, якім неаднастайным быў яго склад. У ліку дэлегатаў пераважалі сяляне, салдаты і інтэлігенцыя і ў той жа час адсутнічалі рабочыя. Не ўсе дэлегаты з’езда палітычна і псіхалагічна былі гатовы да прыняцця лёсавызначальнага для беларускага народа рашэння. Аўтарытэтнай жа сілы, якая змагла б аб’яднаць іх, на з’ездзе не было.

Абласны камітэт РСДРП(б) і Аблвыкамзах ухіліліся ад выканання іх пагаднення з Наркамнацам РСФСР і Беларускім абласным камітэтам аб скліканні з’езда сумесна з саветамі ў Мінску. Яшчэ да яго адкрыцця Абласны камітэт РСДРП(б) адкрыта праявіў да яго негатыўныя адносіны. У чым жа была прычына гэтага? Вялікая Беларуская рада, іншыя нацыянальныя арганізацыі не маглі пагадзіцца з тым, у якую форму вылілася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларусі. Аб’яднанне вобласці і фронту ў адзіную дзяржаўную структуру - Заходнюю вобласць і Заходні фронт - не мела прэцэдэнту.

Гэта было адзінае ў Расіі ваенна-грамадзянскае дзяржаўнае ўтварэнне. 3 часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі тут дзейнічалі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, Выканком саветаў вобласці і фронту і Саўнарком вобласці і фронту. Усе гэтыя органы лічыліся абласнымі і франтавымі. Але ў сапраўднасці яны ў пераважнай большасці былі франтавымі і ўкамплектаванымі ваеннымі работнікамі, цывільных асоб у гэтых органах не было. Напэўна, такое аб’яднанне не з’явілася выпадковасцю. Магчыма, у ім быў зацікаўлены ЦК РСДРП(б), які разлічваў на сусветную сацыялістычную рэвалюцыю і якому такое аб’яднанне было неабходна для ажыццяўлення экспарту рэвалюцыі на Захад.

Да таго ж пытанне аб самавызначэнні Беларусі ў значнай ступені рабілася актуальным таму, што фарміраванне Заходняй вобласці не было завершана. Такія беларускія губерні, як Віцебская і Магілёўская, у яе склад не ўваходзілі. Заходняя вобласць у 1917 г. пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі аб’яднала тэрыторыю толькі Мінскай і часткі Віленскай губерняў. Неакупіраваныя паветы Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі ўключаны ў Заходнюю вобласць толькі ў 1918 г., калі пасля пачатку германскай інтэрвенцыі фактычна сфарміравалася новая вобласць з цэнтрам у Смаленску. У патрабаванні аб самавызначэнні Беларусі кіраўніцтва вобласці бачыла толькі імкненне ВБР і Белнацкома ліквідаваць вобласць. Гэта шмат у чым накладвала адбітак на развіццё працэсу ўтварэння нацыянальнай Беларускай рэспублікі.

У гэты час Ваенрэўком, Аблвыкамзах і Саўнарком вобласці і фронту займаліся пераважна справамі Заходняга фронту, які пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі фактычна расфарміроўваўся. Трэба было надаваць шмат увагі стварэнню ўзброенай сілы, здольнай абараніць рэвалюцыю, і таму не было магчымасці займацца правядзеннем рэвалюцыйных пераўтварэнняў у вобласці. Аднак гэта работа з’яўлялася неадкладнай, практычна толькі яна магла замацаваць перамогу новага ладу жыцця [1, с.320].

I нарэшце, яшчэ адна важная прычына. Партыйнае і савецкае кіраўніцтва вобласці складалася з прафесійных ваенных рускай, украінскай, латышскай, армянскай, яўрэйскай і іншых нацыянальнасцей. Беларусаў сярод іх не было. Праблемы ж, якія трэба было вырашаць, закраналі лес беларускай нацыі. Беларускія нацыянальныя арганізацыі ставілі пытанне аб самавызначэнні, што вынікала з рашэнняў II Усерасійскага з’езда саветаў і іншых дакументаў савецкай улады. Аднак кіраўнікі абласных партыйных і савецкіх органаў не прызнавалі факт існавання беларускай нацыі і патрабаванне аб самавызначэнні Беларусі ўспрынялі як антысавецкае, контррэвалюцыйнае. 3 такіх «тэарэтычных» установак вынікалі практычныя дзеянні, якія вялі не да ўзаемаразумення і супрацоўніцтва, а да канфрантацыі.

Зыходзячы з таго, што ў Беларусі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва не пачыналася, і асцерагаючыся, каб германскія, польскія, украінскія, літоўскія буржуазна-памешчыцкія колы не паквапіліся на «безгаспадарчую» тэрыторыю Беларусі, беларускія нацыянальныя арганізацыі актыўна павялі лінію на ўтварэнне беларускай дзяржавы. Беларускія сілы, такім чынам, праявілі занепакоенасць лёсам сваёй Радзімы.

 


Информация о работе «Утварэнне Беларуская ССР»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 45662
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
28836
0
0

... новых адносін да нацыянальнага пытання з боку прагрэсіўнай беларускай грамадскасці. Узнікае пытанне: чаму некаторыя органы РСФСР не прыслухоувалкзя да голасу Белнацкома, бюро беларускіх секцый, іншых органау аб утварэнні Беларускай нацыянальнай дзяржавы? Мабыць, таму што ў той складанай сітуацыі цэнтральныя органы Pacii не маглі не лічыцца з думкай Пауночна-Заходняга абкома партыі, ...

Скачать
29151
0
0

... фабрыкі "Чырвоная Бярэзіна" ў Новабарысаве, металаапрацоўчага завод "Камунар" у Мінску, БелДРЭС, а так сама вялікай колькасці цэглавых заводаў. 4. Крызісы НЭПа. Прычыны згортвання новай эканамічнай палітыкі Восенью 1923 г. - распачаўся першы крызіс. Пачынаючы са жніўня 1922 г. сталі ўтварацца "нажніцы цэн" - калі кошты на прамысловыя вырабы пераўзышлі кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю ў ...

Скачать
54196
1
0

... Берн, Капенгаген, маючы дзяржаўныя пашпарты. Існаванне БНР аказала ўздзеянне на працэс утварэння беларускай рэспублікі на рэвалюцыйна-класавай аснове. 7. Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці на рэвалюцыйна-класавай аснове. Утварэнне БССР Пасля перамогі бальшавікоў у барацьбе за ўладу, у тым ліку на Беларусі і Заходнім фронце, частка былых членаў БСГ (грамадоўцаў) пайшла на супрацоўніцтва з ...

Скачать
32399
0
0

... іццю прыватнай вытворчасці. Выключна важнае значэнне для развіцця прамысловага патэнцыялу Беларускай ССР мела павелічэнне яе тэрыторыі ў 1924 і 1926 гадах, стабілізацыя фінансаў, павышэнне ўзроўню заработнай платы.   2.Актывізацыя беларускіх сіл ў перыяд НЭПа. Цяжкае сацыяльна-эканамічнае становішча ўскладнялася супярэчліва палітычнай сітуацыяй. Тэрыторыя Беларусі ў 1921 г. была падзелена ...

0 комментариев


Наверх