1. Антрапонімы ў творы Уладзіміра Караткевіча
Багацце і разнастайнасць антрапанімічных адзінак у рамане Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” абумоўлены жанрава-стылістычнай спецыфікай гістарычнай прозы. Аўтар уводзіць іх ў твор, каб праўдзіва паказаць старонкі мінуўшчыны, перадаць дух і каларыт эпохі. Антрапонімы ў рамане – гэта повязь часу мінулага і сучаснасці.
Назіранні за ужываннем імёнаў у рамане “Каласы пад сярпом тваім” сведчаць, што Уладзімір Караткевіч выкарыстоўваў іх не толькі дзеля звычайнай ідэнтыфікацыі літаратурных персанажаў, выдуманых ці перанесеных з рэальнага жыцця, а з глыбокім пачуццём мастацкай мэтазгоднасці. Суцэльная выбарка фактычнага матэрыялу паказала, што ў рамане ўжыта 523 уласныя найменні. Прычым колькасць мужчынскіх імёнаў удвая перавышае колькасць жаночых, што абумоўлена як самім зместам твора, так і тым фактам, што ў час, апісаны ў рамане, дамінуючае становішча ў грамадстве займаў мужчына.
Паводле структуры ўжываюцца, як правіла, адначленныя, двух-, трох- і зрэдку чатырох- і пяцічленныя найменні асоб.
Самую вялікую группу ў творы складаюць простыя найменні: уласнае імя ці прозвішча (Алесь, Майка, Загорскі, Раўбіч). Значнаяя частка караткевічаўскіх антрапонімаў – гэта двухслоўныя найменні: афіцыйнага ўжытку, у склад якіх уваходзіць імя і прозвішча (пан Яраслаў Раўбіч, графіня Альжбета Хаданская, граф Ілля Хаданскі). Маюць месца ў рамане і трохчленныя антрапонімы:
· Трохкампанентная мадэль наймення (імя, імя па бацьку, прозвішча): Аляксандр Аркадзевіч Сувораў, Павел Сямёнавіч Сілін і інш.;
· Архаічныя камбінацыі: Кастусь Сымонаў сын Каліноўскі і інш.;
· Уласнае імя і падвоенае прозвішча: Пятро Басак-Яроцкі, Флегмонт Савіч-Елізараў і інш.
Чатырохчленныя антрапонімы сустракаюцца ў творы толькі ў двух выпадках: “Ёсць Міхаліна, дачка Яраслава Раўбіча, сястра Франса Раўбіча, сястра Франса Раўбіча, дачка і сястра ворагаў”, “Нарадзіўся Даніла, сын Акіма і ўнук Пятра, а праўнук Севярына і пранашчадак Глеба” і характарызуюць асобу ў першым выпадку па імені бацькі і брата, у другім – па імені бацькі, дзеда і прадзеда. Пяціслоўнае найменне асобы сустракаецца ў рамане ўсяго адзін раз: “Княжацкі сын Аляксандр Загорскі, сын Георгія, унук Данілы, праўнак Акіма і прапраўнук Пятра, схіліў апошні раз сваю галаву” і характарызуе асобу па імені прадзеда і прапрадзеда. Ужыванне падобнай формы абумоўлена ўзвышаным стылем, які абраў аўтар для перадачы значнай падзеі ў жыцці Алеся Загорскага – прадстаўніка старажытнага і шаноўнага роду.
2. Імёны
Вядома, што антрапонімы ў лексіцы кожнай мовы займаюць асобае месца. Яны такія ж старажытныя, як і чалавечае грамадства, таму што “чалавек – не толькі адзіная істота, якая можа даваць назвы, але і адзіны ў свеце аб’ект, здольны да саманазывання”. Акрамя таго, імя з’яўляецца паўнамоцным прадстаўніком чалавека ў грамадстве, служыць сродкам індывідуалізацыі і ідэнтыфікацыі адной асобы ў дзяржаве. Значыць, асноўная функцыя ўласнага імя – не абагульняць, а вылучаць, адрозніваць, і не столькі называць чалавека, колькі своеасабліва дапаўняць яго як пэўную асобу. У сваю чаргу, гэты чалавек па-свойму, сваёй непаўторнай індывідуальнасцю канкрэтызуе дадзенае імя. Гэта значыць, што для людзей імя з’яўляецца не толькі абазначэннем чалавека, але і ўтрымлівае, змяшчае пэўны сэнс. І таму людзям людзям з даўніх часоў здавалася, што імя даецца ім не выпадкова, нябачнай сувяззю злучае іх з мінулым, сучасным і будучым, набываючы для чалавека амаль магічнае значэнне.
Аналіз уласных асабовых імёнаў у творах мастацкай літаратуры паказвае, што пісьменнікі пры выбары такіх найменняў сваім персанажам арыентуюцца на рэальны анамастыкон свайго часу, пры гэтым звычайна свядома ці інтуітыўна ўлічваюць такія неабходныя для літаратурнага оніма патрабаванні, як стварэнне ўласным імем уяўлення аб нацыянальнай, узроставай, сацыяльнай, прафесійнай адпаведнасці носьбіта імені. Праз выбар імёнаў прасочваецца нацыянальна акрэсленая і эстэтычная пазіцыя пісьменніка, яго адносіны да персанажа – носьбіта імені, мэтанакіраванасць, абумоўленая ідэяй твора, аўтарскай задумай, яго дасведчанасць, творчы патэнцыял, моўная культура, асацыятыўна-стылістычная знаходлівасць, якія, як правіла, праяўляюцца пры ўдалым выбары імені. Уласныя імёны, з’яўляючыся састаўным элементам лексічнай сістэмы пісьменніка, выконваюць немалаважную ролю ў стварэнні мастацкіх вобразаў, у раскрыцці аўтарскага разумення твора, адлюстраванні моўных і літаратурных традыцый, якія стварыў ці працягваў мастак слова.
У рамане Уладзіміра Караткевіча выкарыстана вялікая колькасць асабовых імёнаў. Паспрабуем разабрацца, наколькі яны былі выбраны выпадкова, ці ёсць якая-небудзь сістэма ў іх ужыванні. Таму пазначым паходжанне і значэнне найбольш вядомых беларускіх імёнаў, ужытых у рамане "Каласы пад сярпом тваім":
Адам (старажытнаяўр.) - чалавек;
Алесь, Аляксандр (грэч.) - мужны, абаронца;
Андрэй (грэч.) - мужны, адважны;
Валерый (лац.) - моцны, здаровы;
Даніла (старажытнаяўр.) - бог - мой суддзя;
Ілля, Ілья (старажытнаяўр.) - крэпасць; бог ёсць мой бог;
Канстанцін, Костусь, Кастусь (грэч.) - пастаянны, стойкі;
Кандрат (цюркс.,татарск.)
Лявон, Лявонь (грэч.) - падобны на льва;
Мікалай, Мікола (старажытнаяўр.) - той, што перамагае народы;
Міхаіл, Міша, Міхась (старажытнаяўр.) - падобны на бога;
Павел (лац.) - малы, невялікі;
Пятро, Пятрусь, Пятрок (грэч.) - камень, цвёрды;
Сяргей, Сярожа (лац.) - стражнік, вельмі паважаны;
Юрый, Юрась - народны варыянт ад Георгій;
Антаніда (лац. або грэч.) - кветка, або тая, што ўступае ў бой;
Майя, Майка - відаць, ад назвы аднайменнага месяца ў гонар свята 1 Мая;
Наталля (лац.) - родная.
Я лічу, што У.Караткевіч выбраў менавіта гэтыя імёны невыпадкова, бо значэнне іх амаль супадае ці вельмі блізкае: мужны, адважны, цвёрды, стойкі чалавек, падобны на льва; для якога бог суддзя.
Ужыванне тых ці іншых ўласных імёнаў перадаюць адносіны аўтара да носьбіта імені. Найбольш часта Караткевіч ужываў скарочаныя варыянты ўласных імёнаў, а таксама імёны з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі: Майка, Паўлюк, Данька, Андрэйка, Ядвінька, Мішка, Пятрок, Янька.
Як асаблівасць, уласцівая анамастыкону пісьменніка, -- гэта тое, што мужчынскія асабовыя імёны з фіналямі –ась, -ось, -усь, -ісь, -- вельмі прадуктыўныя ў яго моватворчасці: Кастусь, Міхась, Антось.
Прадстаўнікі самых розных сацыяльных груп і нацыянальнасцей у творы Караткевіча называюцца па-рознаму:
1. паны – пераважна каталіцкімі імёнамі ці прозвішчамі ў спалучэнні са словам пан: пан Даніла, пан Юры, пан Адам; пані Надзея Клейна, пані Эвеліна, пані Антаніда.
2. сяляне (жанчыны і мужчыны) – гутарковымі варыянтамі праваслаўных (радзей каталіцкіх) імёнаў: Марыля, Кандрат, Міхал, Андрэй, Павал.
3. дзеці – найчасцей памяншальнымі варыянтамі імёнаў: Янька, Юрась, Ядзечка, Майка.
4. сяляне – гутарковымі імёнамі ў спалучэнні з разнастайнымі назоўнікамі – азначэннямі ў прэпазіцыі да імя: пастух Данька, бацька Міхал, фурман Варфаламей.
Шырока выкарыстоўваў пісьменнік імёны святых, міфалагічных і фальклорных герояў. Напрыклад: Адам, Ева, Людамір.
У рамане ўжываюцца і імёны гістарычных асоб: Мікалай Першы.
0 комментариев