3.1 Месца і роля рускай мовы ў грамадскім жыцці Беларусі

Пасля сумнавядомага рэферэндуму 1995 года руская мова зноў, ужо каторым разам стала ў Беларусі дзяржаўнай. Нягледзячы на фармальную роўнасць з беларускай, яна адразу пачала імкліва выцясняць апошнюю з розных сфераў ужытку і асабліва са сферы адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі.

Гэтая тэндэнцыя, насуперак моцнаму супраціву з боку беларускай інтэлігенцыі, працягваецца і дагэтуль, таму мы павінны добра ведаць гісторыю ўзнікнення і фармавання рускай мовы, яе ўплыў на менталітэт жыхароў Беларусі незалежна ад іх нацыянальнага, сацыяльнага ды канфесійнага статусу.

У XVII ст. руская мова фармуецца на глебе маскоўскай гаворкі, якая лічыцца ўзорнай і разам з тым ўжо тады мае шэраг запазычанняў са стара-беларускай мовы, асабліва ў будаўніцтве і рамёствах (да прыкладу, слова «кафель» са старабеларускага «кафля»). Жыхары этнічных беларускіх земляў упершыню непасрэдна сутыкаюцца з рускай мовай толькі ў сярэдзіне XVII ст. у часе вайны 1654-1667 гг., калі асноўная тэрыторыя нашай краі-ны была часова захопленая маскоўскім войскам. Менавіта тады адбылося першае масавае прымусовае перасяленне беларусаў у Маскоўскае княства, у тым ліку і ў Маскву, дзе якраз беларусы заснавалі Мяшчанскую слабаду і складалі тады блізу 30% насельніцтва гэтага горада[45].

У той час як пасля 1696 г. на тэрыторыі Вялікага Княства адзінай дзяржаўнай становіцца польская мова і пачынаецца заняпад беларускага пісьменства, у Расійскай імперыі назіраецца цалкам адваротная тэндэнцыя. Дзякуючы намаганням Ламаносава і Карамзіна руская мова становіцца мовай навукі і дзяржаўнага апарату і такім чынам атрымоўвае моцны штуршок у сваім далейшым развіцці. А пасля гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. руская мова становіцца дзяржаўнай і на абшарах усёй этнічнай Беларусі, якая паводле падзелу адышла да Расійскай імперыі. Да 1830-1831 гг. на Беларусі ў сферы адукацыі і навукі рускай мове моцную канкурэнцыю яшчэ складала польская, але пасля задушэння паўстання 1830-1831 гг. пачалася татальная русіфікацыя беларусаў, і нават назва краіны «Беларусь» з 1840 г. падлягала забароне.

Цягам XIX і асабліва XX стст. этнічнае беларускае насельніцтва рознымі шляхамі рэгулярна перасялялася ў Расію, а Беларусь, у асноўным яе буйныя і сярэднія гарады, актыўна і мэтанакіравана засялялася рускімі.

Найбольшай колькасці рускае насельніцтва ў Беларусі дасягнула ў 1989 г, калі, паводле перапісу, тут жыло 1342 тысячы рускіх. Якраз з пры-чыны іх непасрэднага моўнага ўплыву рускую мову ў якасці роднай назвалі 3244 тысячы жыхароў Беларусі (для параўнання, у 1979г. — 2688 тысяч), з іх толькі 1311 тысяч былі рускія, астатнія 1933 тысячы — прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. I толькі зараз, пасля набыцця Беларуссю статусу незалежнай краіны, гэтыя лічбы змяніліся: грамадзян, што лічаць сябе рускімі па нацыянальнасці, значна паменела, а свядомых беларусаў стала болей[46].

3.2 Узаемадзеянне беларускай і рускай моў у Беларусі: уплыў, скажэнні, трасянка

Беларуская мова як нацыянальная мова аднаго з усходнеславянскіх народаў належыць да ліку жывых нармалізаваных літаратурна-пісьмовых моў сучаснасці. На працягу многіх стагоддзяў існавання склаўся яе слоўнік, выпрацаваліся фанетыка-арфаэпічныя і граматычныя сістэмы, вызначыліся літаратурныя нормы функцыянавання ўсіх без выключэння звенняў яе моўнай структуры: слова- і формаўтварэння, вымаўлення, акцэнтуацыі, напісання слоў ці іх частак і інш. Акрэсліліся адначасова прынцыпы лексіка-семантычнай спалучальнасці і граматычнай арганізацыі словаформ, мадэлі і тыпы адпаведных сэнсава-сінтаксічных пабудоў – словазлучэнняў, сказаў, у тым ліку складаных сінтаксічных утварэнняў на ўзроўні фразавых і звышфразавых адзінстваў.[47]

Аднак, як і ўсякая іншая жывая мова, сваю камунікатыўную функцыю яна паспяхова можа выконваць толькі пры ўмове строгага і абавязковага захоўвання ў працэсе знасін усіх уласцівых ёй структураўтваральных і семантычных адметнасцей, законаў і правіл іх літаратурнага выражэння.[48]

Сучасная беларуская мова існуе ў 3-х разнавіднасцях: літаратурная мова, народна-дыялектная мова і змешаная мова на беларускай аснове. Усе людзі, якія карыстаюцца гэтымі разнавіднасцямі з'яўляюцца носьбітамі беларускай мовы.

У межах сучаснай літаратурнай мовы суіснуюць дзве традыцыі. Адна разнавіднасць беларускай літаратурнай мовы атрымала назву "тарашкевіца" (паводле імя аўтара "Беларускай граматыкі для школ" Б.Тарашкевіча), другая – "чарнушэвіца" (паводле імя народнага камісара асветы Дзм.Чарнушэвіча). Абодва тыпы беларускай літаратурнай мовы маюць паміж сабой вельмі шмат агульнага і адрозніваюцца нязначнай колькасцю рыс. Маючы вельмі неаднолькавае пашырэнне ў грамадстве, абодва варыянты беларускай літаратурнай мовы тым не менш маюць выразны грунт для ўжывання.

У савецкия гады БССР лічылася напэўна самай “рускай” з усіх саюзных рэспублік. Атрыманы ў 1991 годзе суверэнітэт нічога тут не змяніў. У 1995 годзе руская мова атрымала статус афіцыйнай, што прывяло да амаль што поўнага знікнення беларускай мовы з афіцыйнах дакументаў. Сёння нязначная частка нацыянальнай інтэлігенцыі у паусядзённым жыцці размаўляе на беларускай мове. Пры гэтым іх чамусці называюць нацыяналістамі.

Большасць жа насельніцтва, па сутнасці, не валодае ні адной, ні другой дзяржаўнай мовай і карыстаецца так званай ”трасянкай” – жаргоннай сумяссю рускай і беларускай моў, тэмай мноства анекдотаў.

Спецыялісты адзначаюць цікавую тэндэнцыю: на Беларусі ідзе працэс фарміравання беларускага варыянта рускай мовы, што нагадвае тое, як за доўгія гады прыгнёту склаліся розныя варыянты ангельскай, французкай, нямецкай і іспанскай моў.

Існуе два варыянты “трасянкі”: першы – сумесь беларускіх і рускіх словаў з захаваннем беларускай фанетыкі, ідыяматыкі і сінтаксісу. Гэты варыянт распаўсюджаны ў сельскай мясцовасці. Другі варыянт – руская мова з беларускім вымаўленнем і захаваннем пэўнай колькасці беларускай лексікі і фразеалагічных выразаў. На гэтым варыянце трасянкі размаўляе моладзь у вёсцы і людзі сярэдняга ўзросту ў гарадах (яркі прыклад – маўлене прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі). Так ці інакш, "трасянка" з’яўляецца дамінуючай лінгвістычнай формай на Беларусі (размаўляе на ёй да 70 працэнтаў насельніцтва).

Акрамя “клінічнага выпадку” – “трасянкі” – у беларускай мове мае месца пэўны адыход ад нормы пад уздзеяннем рускай мовы Так часцей за ўсё назіраюцца наступныя памылкі на пісьме:

замена літары ё на літару е, хаця для расейскай мовы гэта лічыцца нормай;

напісанне літары у тады, калі трэба пісаць ў;

напісанне літары и замест літары i.

У вусным маўленні недапушчальна наступнае

Цвёрдае вымаўленьне гукаў [з] і [с] перад мяккімі зычнымі. Напрыклад, вымаўленьне слова сьнег на расейскі манэр як [сн’эк] замест [с’н’эх]; слова спазьніцца як [спазн’iц:а] замест [спаз’н’iц:а].

Асобнае вымаўленне гукаў [дж], [дз] у дыграфах дж і дз. Напрыклад: вымаўленне [нарад/жэн’:э] замест [нараджэн’:э], [iд/з’i] замест [iдз’i]. Асобна спалучэнні літар дж і дз вымаўляюцца толькі на стыку прыстаўкі і кораня: адзнака = [ад/знака], надзвычайны = [над/звычаjны], аджыць = [ад/жыц’]. У гэтых выпадках спалучэньні дж і дз адпаведна абазначаюць два розныя гукі: [д][ж] і [д][з].

Мяккае вымаўленне зацвярдзелых гукаў [ч] і [р]. Гэтыя гукі ніколі не бываюць мяккімі, і адступленне ад гэтага правіла “рэжа слых”. Гэтую памылку часта робяць нават тыя, хто ўжо даўно жыве на Беларусі. Беларусы гэта выразна чуюць і адразу заўважаюць небеларускае паходжанне суразмоўцы.

Невыразнае, недакладнае, скомсанае вымаўленьне галосных.

Няправільнае ўжыванне роду і ліку назоўнікаў. У беларускай і расейскай мовах не заўсёды супадае род і лік назоўнікаў. Напрыклад, у беларускай мове дзiця — ніякага роду; боль, мазоль, медаль, надпiс, палын, пыл, роспiс, рукапiс, сабака, фальш, шынэль — мужчынскага роду. Словы грудзi, дзверы, крупы, а таксама ўсе назвы ягад: маліны, суніцы, чарніцы ды інш. — маюць толькі множны лік. Род і лік назоўнікаў неабходна правяраць і вучыць па слоўніку.

Можна меркаваць, што, быўшы ўвесь час параўноўванай з рускай, беларуская мова хутчэй атрымлівае характарыстыкі негатыўнага характару: яна "непрэстыжная" і, хутчэй, "недастаткова развітая" і "недасканалая".

Напрыклад, дзякуючы недастаткова прафесійнай дзейнасці выканальнікаў Закона аб мовах 1990 года і прапагандзе сіл, настаўленых да беларускай мовы агрэсіўна, у першай палове 90-ых гадоў сярод пэўнай, дэмакратычна арыентаванай, часткі грамадства мог скласціся вобраз беларускай мовы як мовы, якая гвалтам навязваецца дзяржавай і недастаткова адукаванымі людзьмі.

З другога боку, абмежаванне сацыяльных функцый роднай мовы вядзе да дэцыяналізацыі беларусаў. Сярод розных вымярэнняў чалавека і соцыўма асобнае месца займаюць тры прыметы: мова, нацыянальнасць і вера. Яны ўзаемазвязаны, іх называюць галоўнымі фанктарамі, што ствараюць своеасаблівасць культуры і ментальнасці народа – яго псіхічнага складу, светаўпрымання, паводзінаў.[49] Шырока распаўсюджаны ў СМІ выраз – “гіне мова, гіне і нацыя” – даволі слушны. Як перасцярога гучаць словы вучонага Леаніда Лыча: А вось як страцім родную мову, нішто і ніхто не ўратуе нацыю ад немінуючай смерці”[50]. У рэспубліцы не функцыянуе беларуская мова ў сферы службова-справавых зносінаў. У сённяшніх варунках фармальна абвешчанага “двухмоўя” фактычна пануе рускае аднамоўе.[51] Мала выдаецца літаратуры (мастацкай, навуковай, публіцыстычнай) на беларускай мове.

Калі нават у вельмі агульных рысах прааналізаваць антыбеларускую дзейнасць у нашай краіне на працягу другой паловы XX стагоддзя, так ці гэтак выкліканую ўсходняй палітыкай, то заўважаем, што найбольшая актыўнасць, найбольшая колькасць звязаных тэм і найбольш выразныя тэндэнцыі разбурэння відаць былі якраз у накірунку знішчэння беларускай мовы. Тут праходзіў магістральны ўдар па беларускай нацыі, які яшчэ раней пакінуў у гісторыі унікальныя сведчанні цемрашальства. (Напрыклад, афіцыйная забарона ў 1840 годзе рускім Сенатам ужывання назвы "Беларусь" — і, адпаведна, беларускай мовы — ці рэпрэсіўны сталінскі асіміляцыйны дэкрэт аб "рэформе" беларускай мовы і набліжэнні яе да расійскай.)Уражвае, аднак, нават не гэтак характар антыбеларускіх дзеянняў, колькі іхняя бязлітасная паслядоўнасць, цягласць, на працягу ўсёй гісторыі дачыненняў з чужой уладай, накіраваная да адной палітычнай мэты — поўнага знішчэння Беларускай культуры, Беларускай дзяржаўнасці, Беларускага народа і русіфікацыі яго рэштак. …Чым больш культурны народ, тым мацнейшае культуратворнае (і, адпаведна, палітычнае) значэнне мае для яго нацыянальная мова. Невыпадкова развіццё нацыянальнай мовы, яе існаванне, ужыванне, зберагаючыя абставіны рэгулююцца не толькі нацыянальным грамадствам, але і дзяржаўнымі законамі. Беларуская мова ў гэтым сэнсе — надзвычай яркі прыклад высокай культуратворнай напоўненасці яе інфармацыйнай ролі ў грамадстве. Калі б уявіць немагчымае, што беларуская мова якім-небудзь катастрафічным чынам раптам знікла і народ застаўся б без мовы, то ўся беларуская гісторыя і культура сталася б для яго адсечанай, мёртвай для новых пакаленняў беларусаў. Яны як бы павіслі б у паветры, безабаронныя перад русіфікацыяй і анексіяй, пазбаўленыя грунту нацыянальнага існавання. На гэтым бы беларуская гісторыя і скончылася, нацыя знікла б, як туман, як пыл над вадой.[52]


Информация о работе «Шматварыянтнасць літаратурнай мовы ў яе пісьмовай і вуснай форме на тэрыторыі Беларуси»
Раздел: Иностранный язык
Количество знаков с пробелами: 88791
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх