ЗМЕСТ

 

1. Агульнае паняцце аб літаратурным родзе, відзе, жанры

1.1 Літаратурны род

1.2 Літаратурны від і жанр

2. Эпас (эпічны род). Сістэма эпічных відаў і жанраў

3. Драма (драматычны род). Сістэма драматычных відаў і жанраў

4. Лірыка (лірычны род). Сістэма лірычных відаў і жанраў

5. Ліра-эпас як адно з буйнейшых міжродавых утварэнняў. Сістэма ліра-эпічных відаў і жанраў

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. Агульнае паняцце аб літаратурным родзе, відзе, жанры

 

1.1 Літаратурны род

Здаўна (яшчэ з часоў еўрапейскай антычнасці) літаратурна-мастацкія творы прынята аб’ядноўваць у тры вялікія групы, якія імянуюцца літаратурнымі родамі. Гэта эпас, драма і лірыка. «Хоць і не ўсё, – зазначае В. Халізеў, – створанае пісьменнікамі (асабліва ў ХХ ст.), укладваецца ў гэтую трыяду, яна і па сённяшні дзень захоўвае сваю значнасць і аўтарытэтнасць у складзе літаратуразнаўства».

Традыцыя родавага падзелу літаратуры была закладзена Арыстоцелем у трактаце «Аб мастацтве паэзіі», дзе вялася гаворка аб трох спосабах пераймання ў паэзіі (слоўным мастацтве): «Пераймаць у адным і тым жа і адно і тое ж можна, расказваючы пра падзею як пра штосьці адлучанае ад сябе, як гэта робіць Гамер, ці так, што пераймальнік застаецца сам сабою, не мяняючы свайго твару, ці прадстаўляючы ўсіх паказаных асоб дзейнымі і дзейснымі». Затым гэтую традыцыю ўзнавілі і працягнулі класіцысты. На рубяжы ХVІІІ–ХІХ стст. да пытання падзелу літаратуры на роды з яскрава выражаным філасофскім падыходам неаднаразова звярталіся прадстаўнікі нямецкай класічнай эстэтыкі, і ў першую чаргу Г. Гегель. Блізка да Гегеля трактаваў тэорыю літаратурных родаў В. Бялінскі («Падзел паэзіі на роды і віды»). Вялікі ўклад у разгляд пытання паходжання літаратурных родаў унёс А-р Весялоўскі («Гістарычная паэтыка»). У ХХ ст. у замежнай эстэтыцы і літаратуразнаўстве побач з традыцыйным, а таксама экзістэнцыяльна-псіхалагічным, фармальна-структурным і інш. тлумачэннямі катэгорыі літаратурнага роду (Р. Уэлек, О. Уорэн, В. Кайзер, Э. Штайгер, К. Бёрк і інш.) мае месца і момант поўнага адмаўлення яе (Б. Крочэ). У савецкім літаратуразнаўстве цікавыя і арыгінальныя меркаванні аб літаратурных родах, прынцыпах падзелу славеснага мастацтва на іх былі выказаны Г. Паспелавым, В. Кожынавым, Г. Гачавым, Ю. Боравым, Я. Эльсбергам і некат. інш. вучонымі. Дарэчы, ёсць у айчыннай літаратурнай навуцы і праціўнікі родавага члянення літаратуры: у прыватнасці, такая пазіцыя характарызавала вядомага вучонага А. Бялецкага.

Літаратурны род складае сукупнасць твораў, якія з’яўляюцца блізкімі па сваёй моўнай арганізацыі і пазнаваўчай накіраванасці на аб’ект ці суб’ект альбо на сам акт мастацкага выказвання: слова альбо паказвае, малюе прадметны свет, альбо выражае стан таго, хто гаворыць, альбо, урэшце, узнаўляе працэс моўных зносін. Кожны з трох літаратурных родаў адпавядае пэўнай функцыі слова (рэпрэзентатыўнай, эматыўнай, камунікатыўнай) і распрацоўвае яе эстэтычную афарбоўку. Эпічны род ці эпас ахоплівае быццё ў яго пластычнай аб’ёмнасці, прасторава-часавай працягласці і падзейнай насычанасці. Сюжэтнасць – адна з яго галоўных прыкмет. Эпас паведамляе аб прадмеце маўлення, прадстаўляе яго. Лірыка адлюстроўвае ўнутраны свет асобы ў яго імпульсіўнасці і спантаннасці, у станаўленні і змене ўражанняў, мар, летуценняў, настрояў, асацыяцый, медытацый, рэфлексій. Асноўная прыкмета лірыкі – экспрэсіўнасць, выяўленне эмоцый таго, хто гаворыць. Драма фіксуе маўленчыя акты ў іх эмацыянальна-валявой накіраванасці і сацыяльна-псіхалагічнай характэрнасці, у іх унутранай свабодзе і знешняй абумоўленасці, г. зн. у дваістай экспрэсіўна-сюжэтнай суаднесенасці, што дазваляе некаторым вучоным бачыць у гэтым родзе зліццё рысаў эпасу і лірыкі. Драма акцэнтуе ўвагу на апелятыўным, дзейсным аспекце маўлення; слова паўстае ў творах гэтага роду ў якасці ўчынку, што здзяйсняецца ў пэўны момант разгортвання падзей.

З пералічанымі вышэй уласцівасцямі моўнай тканіны эпасу, лірыкі і драмы арганічна звязаны (і менавіта імі ў многім прадвызначаны) іншыя ўласцівасці літаратурных родаў. Гэта: па-першае, спосабы прасторава-часавай арганізацыі твораў; па-другое, своеасаблівасць выяўлення ў іх чалавека; па-трэцяе, форма прысутнасці аўтара; па-чацвёртае, характар звернутасці тэксту да чытача. Наогул у кожнага з літаратурных родаў маецца свой, толькі для яго характэрны, комплекс уласцівасцей.

Падзел літаратуры на роды не супадае з яе чляненнем на паэзію і прозу. Нярэдка ў паўсядзённым ужытку лірычныя творы атаясамліваюцца з паэзіяй, а эпічныя з прозай, што не зусім дакладна. Кожны з літаратурных родаў уключае ў сябе як творы паэтычныя (вершаваныя), так і празаічныя (невершаваныя). Так, эпас на ранніх этапах развіцця прыгожага пісьменства быў часцей за ўсё вершаваным (антычныя эпапеі, заходнеўрапейскія песні аб рыцарах-героях, усходнеславянскія быліны, гістарычныя песні і г. д.). У драматычным родзе літаратуры таксама прымяняюцца як вершы, так і проза. Ды і лірыка, пераважна вершаваная, часам бывае празаічнай («Вершы ў прозе» І. Тургенева, «Думкі ў дарозе» Я. Коласа і інш.).

Як зазначае В. Халізеў, «у тэорыі літаратурных родаў узнікаюць і больш сур’ёзныя тэрміналагічныя праблемы». Так, словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і іншыя іх уласцівасці. Эпічнасцю звычайна называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню погляду на свет. У сувязі з гэтым нярэдка вядуць гаворку аб г. зв. эпічным светасузіранні, што характарызуе, напрыклад, гамераўскія паэмы, а таксама шэраг твораў новай літаратуры («Ругон-Макары» Э. Заля, «Вайна і мір» Л. Талстога і некат. інш.). Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць твора можа мець месца не толькі ў эпасе, але і ў іншых літаратурных родах. Драматызмам імянуюць унутраны стан персанажа, звязаны з напружаным перажываннем, усхваляванасцю і трывогай. І, нарэшце, лірызм – гэта ўзвышаная эмацыянальнасць, якая дае аб сабе знаць у мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. І драматызм, і лірызм, і эпічнасць могуць прысутнічаць ва ўсіх літаратурных родах. Такім чынам, эпас, лірыка і драма свабодныя ад адназначнай і жорсткай прывязанасці да эпічнасці, лірызму і драматызму.

Літаратурныя роды не аддзелены адзін ад аднаго нейкай непераадольнай сцяной. Побач з творамі, якія бясспрэчна і поўнасцю належаць аднаму з літаратурных родаў, існуюць і такія, што спалучаюць у сабе ўласцівасці і прыкметы двух літаратурных родаў. Гэта двухродавыя ці міжродавыя, ці, нарэшце, змешаныя ўтварэнні, куды адносяць ліра-эпас (прадстаўлены цэлым шэрагам відаў і жанраў, надзвычай шырока распаўсюджаных у сусветнай літаратуры), ліра-драматургію (большасць п’ес М. Метэрлінка, А. Блока), эпічную драму (Б. Брэхт сам ахарактарызоўваў свае п’есы як эпічныя). Акрамя таго, у прыгожым пісьменстве сустракаюцца творы, «якія не ў поўнай меры валодаюць уласцівасцямі эпасу, лірыкі і драмы, а то і пазбаўлены іх зусім. Іх правамоцна назваць пазародавымі формамі». Да пазародавых форм В. Халізеў адносіць нарысы (у іх увага аўтараў скіравана на знешнюю рэальнасць, што дае падставы літаратуразнаўцам адносіць нарысы да эпасу; разам з тым падзейнасць і ўласна апавядальнасць тут не адыгрываюць арганізоўваючай ролі, бо дамінуюць апісанні, падмацаваныя развагамі), літаратуру «плыні свядомасці» (у ёй пераважае не апавядальная падача падзей, а бясконцыя ланцужкі ўражанняў, успамінаў, душэўных зрухаў носьбіта мовы; прычым усё гэта паўстае хаатычным, неўпарадкаваным, і ў выніку свядомасць як бы прысвойвае і паглынае рэальны свет) і, урэшце, эсэістыку (яна ўяўляе сабой «нязмушана-свабоднае спалучэнне суміруючых паведамленняў аб адзінкавых фактах, апісанняў рэальнасці і (што асабліва важна) разважанняў аб ёй. Думкі, выказаныя ў эсэісцкай форме, як правіла, не прэтэндуюць на вычарпальную трактоўку прадмета, яны дапускаюць магчымасць зусім іншых меркаванняў. Эсэістыка мае прыцягненне да сінкрэтызму: уласна мастацкія пачаткі тут лёгка спалучаюцца з публіцыстычнымі і філасофскімі»).



Информация о работе «Літаратурныя роды, віды, жанры»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 44715
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
41879
0
0

... ім, часта неўладкаваным жыцці, матэрыялу для эпіграмы больш чым дастаткова. Таму, можна пажадаць паспяховага развіцця гэтаму літаратурнаму жанру. Глава ІІ. Пародыя і эпіграма ў беларускай літаратуры   2.1 Працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя На пачатку ХХ стагоддзя парадыяванне як спосаб сатырычнай тыпізацыі вявілася не толькі ў паэзіі, але і ў ...

Скачать
40000
0
0

... “Паэтычны слоўнік” (Рагойша В.П., Мн., 1987), “Уводзіны ў літаратуразнаўства” (Майсейчык А.) Мэтай дадзенай курсавой работы з’яўляецца: прааналізаваць месца і ролю вучэбна-метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры ў працэсе школьнай адукацыі. У сувязі з адзначанай мэтай варта выдзеліць наступныя задачы: -  Прааналізаваць адпаведныя метадычныя і літаратуразнаўчыя матэрыялы па тэме; -  ...

Скачать
25088
0
0

... -метадалагічную сістэму. Асноўнае, самае сутнаснае з яе адлюстравалася ў "Назваслоўі", якое ўвайшло ў склад "Гісторыі беларускае літаратуры" выдання 1924-га г. Нямала зрабіў для развіцця беларускага літаратуразнаўства прафесар Іван Замоцін. Ён даў грунтоўную, у цэлым аб’ектыўную ацэнку спадчыны М. Багдановіча ("М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс", 1927), драматургіі Я. Купалы ("Беларуская ...

Скачать
48820
0
0

... і, на нашую думку, самых лепшых падручнікаў па тэорыі літаратуры на сучаснай постсавецкай прасторы, прысвяціўшы ў ім цэлы падраздзел разгляду дадзенай метадалогіі. 5. Эстэтыка, літаратурная тэорыя і крытыка экзістэнцыялісцкага накірунку літаратурная навука постструктуралізм дэканструктывізм З філасофіяй экзістэнцыялізму звязаны літаратурны накірунак, які атрымаў найбольшае развіццё ў Францыі ў ...

0 комментариев


Наверх