4. Лірыка (лірычны род). Сістэма лірычных відаў і жанраў

У лірыцы (ад ст.-грэч. liricós – той, хто спявае пад гукі ліры; музычны, хвалюючы) на першы план выступае ўнутраны свет чалавека, стан яго свядомасці: эмацыянальна афарбаваныя развагі, разумовыя імпульсы, душэўныя памкненні, перажыванні, пачуцці. Калі ў лірычным творы і абазначаецца які-небудзь падзейны рад, дык надзвычай скупа, без дэталізацыі. Прадмет адлюстравання ў лірыцы – суб’ектыўнае. Разам з тым яно заўсёды мае якасць згустку, квінтэсенцыі душэўнага вопыту чалавека. Вельмі важная прыкмета лірыкі, ва ўсякім разе, пераважнай большасці яе твораў – экспрэсіўнасць, якая выяўляецца і праз падбор слоў, і праз сінтаксічныя канструкцыі, іншасказанні, і, галоўнае, праз фанетыка-рытмічную пабудову тэксту. Экспрэсіўнасць лірыкі надзвычай моцна працуе на такую яшчэ адну яе якасць, як сугестыўнасць, што ўказвае на наяўнасць у творах максімальнай унушаючай, заражаючай сілы, здольнай заставіць чытача пранікнуцца ўсім тым, чым жыве аўтар, адчуць і яшчэ раз перажыць гэта як нешта сваё, уласнае, глыбока асабістае.

Носьбіта перажывання, выражанага ў лірычным творы, прынята, з лёгкай рукі Ю. Тынянава, імянаваць лірычным героем. У залежнасці ад ступені праецыравання адлюстраванага ў творы на духоўна-біяграфічны вопыт аўтара лірыку дзеляць на аўтапсіхалагічную і ролевую. Наогул жа неабходна памятаць, што поўнасцю атаясамліваць аўтара і лірычнага героя не трэба. Па-першае, не трэба забываць аб творчым вымысле (фантазіі) як абавязковым складніку мастацкай творчасці. Па-другое, лірыка не проста ўзнаўляе пачуцці аўтара, яна іх трансфармуе, узбагачае, узвышае.

Відавая і жанравая сістэма лірыкі надзвычай разгалінаваная. Хоць і бытуе ў літаратуры жанр лірычнай паэмы, які ўзнаўляе перажыванні ў іх шматпланавасці («Яна і я» Я. Купалы, «Паэма без героя» Г. Ахматавай і інш.), лірыка выяўляе сябе ўсё-такі галоўным чынам у малой форме. Самымі распаўсюджанымі відамі лірыкі, у тым ліку і сучаснай, з’яўляюцца верш і песня, вытокі якіх ляжаць у фальклоры. Еўрапейская літаратурная традыцыя, з адштурхоўваннем яшчэ ад антычнасці, выпрацавала таксама такія віды і жанры лірычных твораў, як гімн, ода, элегія, эпіграма, эпітафія, эпіталама, раманс, мадрыгал, пасланне, санет, тэрцыны, рандо, рандэль, трыялет, актава і інш. Апошнія шэсць з прыведзеных намі жанраў лірыкі адносяцца да разраду ўстойлівых альбо цвёрдых форм. Многія з класічных лірычных жанраў да сённяшняга часу ўжываюцца ў паэтычнай творчасці.

Аналізаваць і рабіць спробы класіфікацыі і сістэматызацыі лірыкі пры такой яе надзвычай моцнай відавай і жанравай размаітасці даволі складана. Таму ў апошні час даследчыкі літаратуры усё больш і больш звяртаюцца ў дадзеным плане да тэматычнага прынцыпу. У залежнасці ад канкрэтнага зместу твораў адрозніваюць лірыку грамадзянскую (патрыятычная выступае пры гэтым як адна з яе разнавіднасцей), філасофскую (не зусім тоесная ёй, але надзвычай блізкая да філасофскай лірыка роздуму альбо медытатыўная лірыка), інтымную альбо любоўную, пейзажную і і некат. інш.


5. Ліра-эпас як адно з буйнейшых міжродавых утварэнняў, сістэма ліра-эпічных відаў і жанраў

Спецыфіка ліра-эпасу ў тым, што ён спалучае і сінтэзуе ў творах адзнакі і прыкметы лірыкі і эпасу. Сюжэтнае апавяданне аб падзеях у такіх творах спалучаецца з эмацыянальна-медытатыўнымі выказваннямі апавядальніка, якія ствараюць вобраз лірычнага «я» альбо лірычнага героя.

Самымі распаўсюджанымі і характэрнымі відамі і жанрамі ліра-эпасу з’яўляюцца паэма і балада.

Паэма (гаворка ідзе менавіта аб класічнай паэме) уяўляе сабой даволі вялікі (аб’ёмны) вершаваны твор, у якім закранаюцца і адлюстроўваюцца важныя праблемы рэчаіснасці, пададзеныя, як правіла, на значным сацыяльна-гістарычным фоне. У адрозненне ад вершаваных рамана і аповесці ў паэме адсутнічаюць падрабязныя апісанні; яе аўтары стараюцца ўзняцца над паўсядзённасцю і адшукаць у жыцці ўзвышана-гераічнае. Акрамя таго, паэма выяўляе імкненне да філасофска-гістарычнага асэнсавання падзей. Адпаведна, што гэта накладвае адбітак на сюжэтна-кампазіцыйныя і стылёвыя адзнакі твора. Самыя глыбокія вытокі паэмы ляжаць у фальклоры, а таксама ў не надта далёка адышоўшых ад яго творах народна-гераічнага эпасу. Еўрапейская літаратурная паэма вядзе свой адлік з антычнасці («Энеіда» Вергілія). Найвышэйшы ўздым паэма як жанр перажыла ў ХІХ ст., у эпоху рамантызму, калі тварылі Дж. Байран, А. Пушкін, М. Лермантаў, А. Міцкевіч і цэлы шэраг інш. паэтаў. Пераважная большасць даследчыкаў правамоцна ўказвае на «Песню пра зубра» М. Гусоўскага як на твор, які паклаў пачатак развіццю жанру паэмы на Беларусі. У новай беларускай літаратуры на пачатковым этапе яе развіцця выдатныя ўзоры паэмы пакінулі пасля сябе аўтары «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе», а таксама Я. Купала, Я. Колас. Іх традыцыі плённа працягнулі і ўзбагацілі крыху пазней П. Трус, М. Чарот, У. Дубоўка, А. Куляшоў, М. Танк, П. Панчанка, П. Броўка, Н. Гілевіч, Л. Геніюш і цэлы шэраг інш. паэтаў.

Балада характарызуецца распрацоўкай драматычна-напружанага сюжэта фантастычна-казачнага, легендарна-гістарычнага ці гераічнага зместу. Вытокі еўрапейскай літаратурнай балады ляжаць у творчасці Р. Бёрнса, С. Кольрыджа, І. Гётэ, Ф. Шылера, Г. Гейнэ, В. Жукоўскага, А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Міцкевіча. Пачынальнікамі беларускай балады лічацца В. Дунін-Марцінкевіч («Травіца брат-сястрыца»), Ф. Багушэвіч («Хцівец і скарб на святога Яна»), Я. Купала («Забытая карчма»), А. Гарун («Варажба»), З. Бядуля («У калядную ноч»). Іх традыцыі працягнулі і ўзбагацілі П. Трус, А. Дудар, А. Куляшоў, М. Танк, П. Броўка, П. Панчанка, А. Вялюгін, Н. Гілевіч, Я. Сіпакоў, А. Лойка і інш.

Шэрагам даследчыкаў да ліра-эпічных відаў і жанраў адносяцца таксама байка (невялікі, звычайна вершаваны, алегарычны твор павучальна-гумарыстычнага ці сатырычнага характару, чалавечае жыццё ў якім адлюстроўваецца, як правіла, праз вобразы жывёл, раслін, рэчаў), вершаваная аповесць і вершаванае апавяданне (дадзеныя жанры, у адрозненне ад паэмы, маюць яскрава выражаную ўстаноўку на апавядальнасць, падзейнасць; пэўнымі ўзорамі іх можна лічыць «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» і інш. вершаваныя рэчы В. Дуніна-Марцінкевіча) і раман у вершах (вялікі вершаваны твор, у якім шырока ахопліваюцца істотныя жыццёвыя падзеі пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі, эпохі, паказваюцца характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці; раман у вершах даволі шырока ўзнаўляе бытавыя малюнкі; у дадзеным жанры шмат лірычных адступленняў, у якіх закранаюцца многія важныя пытанні чалавечага жыцця; змацоўвае раман у вершах, сплятае ў адзінае цэлае яго сюжэт фігура галоўнага героя – Дон Жуана і Яўгена Анегіна ў аднайменных творах Дж. Байрана і А. Пушкіна, С. Вячоркі ў «Родных дзецях» Н. Гілевіча).


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Адамович А.М. Горизонты белорусской прозы / Адамович А.М. – М., 1974.

2. Алексеев В.А. Русский советский очерк / Алексеев В.А. – Л., 1980.

3. Андреев А.Н. Проза как язык культуры // Куляшоўскія чытанні. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі «Творчасць А. Куляшова і адукацыйна-асветніцкія праблемы сучаснасці», 6–7 лютага 2002 г.– Магілёў, 2002.

4. Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць.– Мн., 1971.

5. Богданов В.А. Роман // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

6. Введение в литературоведение / Под. ред. Г.Н. Поспелова.– 2-е изд., доп.– М., 1983.

7. Волков И.Ф. Теория литературы / Волков И.Ф. – М., 1995.

8. Гачев Г.Д. Содержательность художественных форм. Эпос. Лирика. Театр.– М., 1968.

9. Гуляев Н.А. Теория литературы / Гуляев Н.А. – М., 1985.

10. Декс П. Семь веков романа / Декс П. – М., 1962.

11. Дзюбайла П.К. Беларускі раман / Дзюбайла П.К. – Мн., 1984.

12. Дзюбайла П.К. Раман // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.– Мн., 1987.– Т. 4.

13. Днепров В. Черты романа ХХ века.– М.–Л., 1965.

14. Жирмунский В.М. Народный героический эпос / Жирмунский В.М. – М.–Л., 1962.

15. Журбина Е. Искусство очерка / Журбина Е. – М., 1957.

16. История русского советского романа.– М.–Л., 1965.– Кн. 1–2.

17. Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы: Агульны рух і галоўныя тэндэнцыі.– Мн., 1972.

18. Кожинов В.В. Повесть // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

19. Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства.– 2-е выд., дапрац. і дап.– Мн., 1982.

20. Мелетинский Е.М. Эпос // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

21. Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.– М., 2000.

22. Поспелов Г.Н. Теория литературы / Поспелов Г.Н. – М., 1978.

23. Поспелов Г.Н. Рассказ // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

24. Рагойша В.П. Эпас // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.– Мн., 1987.– Т. 5.

25. Рагойша В. Апавяданне; Аповесць; Раман; Эпас; Эпас народны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.– Мн., 2001.

26. Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Роды литературы // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.– Мозырь, 2003.

27. Тимофеев Л.И. Основы теории литературы.– 5-е изд., испр. и доп.– М., 1976.

28. Томашевский Б.В. Теория литературы. Поэтика / Томашевский Б.В. – М., 2002.

29. Утехин Н.П. Жанры эпической прозы / Утехин Н.П. – М., 1982.

30. Хализев В.Е. Эпос как род литературный // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

31. Хализев В.Е. Теория литературы.– 2-е изд.– М., 2000.

32. Хализев В.Е. Эпос // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.– М., 2000.


Информация о работе «Літаратурныя роды, віды, жанры»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 44715
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
41879
0
0

... ім, часта неўладкаваным жыцці, матэрыялу для эпіграмы больш чым дастаткова. Таму, можна пажадаць паспяховага развіцця гэтаму літаратурнаму жанру. Глава ІІ. Пародыя і эпіграма ў беларускай літаратуры   2.1 Працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя На пачатку ХХ стагоддзя парадыяванне як спосаб сатырычнай тыпізацыі вявілася не толькі ў паэзіі, але і ў ...

Скачать
40000
0
0

... “Паэтычны слоўнік” (Рагойша В.П., Мн., 1987), “Уводзіны ў літаратуразнаўства” (Майсейчык А.) Мэтай дадзенай курсавой работы з’яўляецца: прааналізаваць месца і ролю вучэбна-метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры ў працэсе школьнай адукацыі. У сувязі з адзначанай мэтай варта выдзеліць наступныя задачы: -  Прааналізаваць адпаведныя метадычныя і літаратуразнаўчыя матэрыялы па тэме; -  ...

Скачать
25088
0
0

... -метадалагічную сістэму. Асноўнае, самае сутнаснае з яе адлюстравалася ў "Назваслоўі", якое ўвайшло ў склад "Гісторыі беларускае літаратуры" выдання 1924-га г. Нямала зрабіў для развіцця беларускага літаратуразнаўства прафесар Іван Замоцін. Ён даў грунтоўную, у цэлым аб’ектыўную ацэнку спадчыны М. Багдановіча ("М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс", 1927), драматургіі Я. Купалы ("Беларуская ...

Скачать
48820
0
0

... і, на нашую думку, самых лепшых падручнікаў па тэорыі літаратуры на сучаснай постсавецкай прасторы, прысвяціўшы ў ім цэлы падраздзел разгляду дадзенай метадалогіі. 5. Эстэтыка, літаратурная тэорыя і крытыка экзістэнцыялісцкага накірунку літаратурная навука постструктуралізм дэканструктывізм З філасофіяй экзістэнцыялізму звязаны літаратурны накірунак, які атрымаў найбольшае развіццё ў Францыі ў ...

0 комментариев


Наверх