1.2 Маштабнасць мастацкай задумы пісьменніка

чорны творчасць літаратура

Неабходна звярнуць увагу на заканамерны характар з'яўлення постацi такога маштабу, як К. Чорны. Працэсы беларусiзацыi спрыялi абуджэнню творчага патэнцыялу нашага народа. Гэтая магутная энергiя выявiлася ва ўсплеску пасiянарнай актыўнасцi, у далучэннi да мастацкай творчасцi цэлай кагорты таленавiтай моладзi.

Асэнсоўваючы творчасць К. Чорнага ў працэсе развiцця сусветнай лiтаратуры, належыць сказаць, перш за ўсё, пра маштабнасць мастацкай задумы пiсьменнiка: асэнсаванне чалавечага жыцця ў кантэксце гiсторыi. Гэта задача яднае беларускага празаiка з такiмi класiкамi сусветнай лiтаратуры, як А. Бальзак (эпапея “Чалавечая камедыя”), Т. Ман (раманы “Будэнброкi”, “Чароўная гара” etc), У. Фолкнер (цыкл раманаў “Сага пра Йокнапатофу”), I. Андрыч (“Мост на Дрыне”, “Траўнiцкая хронiка”, “Пракляты двор” etc). Гэтыя пiсьменнiкi паўстаюць “iнфарматарамi” пра нацыянальнае жыццё для астатняга свету.

Так, у творах А. Бальзака i Т. Мана ўсеахопна адлюстравана жыццё адпаведна французскага i нямецкага грамадства. У цэнтры твораў I. Андрыча – нацыянальнае жыццё ў працэсе гiсторыi. Творы У. Фолкнера – скрупулёзнае даследаванне нацыянальнай гiсторыi, заснаванае на грунтоўным вывучэннi чалавека, суб'екта гэтай гiсторыi, яго характару, учынкаў, паводзiн, душэўных памкненняў, урэшце, забабонаў, прымхаў, iнстынктаў. Аналагiчную задачу ставiў перад сабой i К. Чорны – даследаванне нацыянальнага характару праз аналiз такiх катэгорый, як бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва i г.д.: “нарысаваць у мастацкiх вобразах гiсторыю беларускага народа ад паншчыны i да нашых дзён…” Героi названых пiсьменнiкаў паўстаюць як носьбiты нацыянальнай псiхалогii i свядомасцi, увасабляюць пэўныя рысы нацыянальнага характару.

1.3 К. Чорны і літаратура “плыні свядомасці”

Істотная заслуга К. Чорнага – i ў значнай трансфармацыi мастацкай формы. Паказальна, што пiсьменнiк, якога А. Адамовiч назваў “найбольш беларускiм па мове, быту, створаных характарах” [9, с. 8], пiсьменнiк, якi працягваў традыцыю Я. Коласа на эпiчнае, дакладнае ўзнаўленне рэчаiснасцi, у рэшце рэшт, пiсьменнiк, якога можна лiчыць прадстаўнiком нацыянальнага традыцыяналiзму ў лiтаратуры, быў i найбольшым наватарам у галiне мастацкай формы.

Самыя значныя адкрыццi ў мастацтве слова заўсёды характарызуюцца мадэрнiзацыяй эстэтычнай формы. Найбольш яскрава сказанае пацвярджае творчасць заснавальнiкаў новай лiтаратурнай эпохi М. Пруста i Дж. Джойса, з iмёнамi якiх звязаны кардынальны прарыў у галiне прыгожага пiсьменства. Аб тым, што наша лiтаратура не засталася ўбаку ад названых працэсаў, cведчыць творчасць К. Чорнага. Паказальнымi ў гэтых адносiнах з’яўляюцца апавяданнi са зборнiкаў “Пачуццi”, раман “Сястра”.

Мастацкiя адкрыццi празаiка звязаны з абнаўленнем тэхнiчнага арсеналу лiтаратуры, зменамi ў прынцыпах стварэння вобраза. Апошнi будуецца шляхам разлажэння прадметаў, з’яў аб’ектыўнай рэчаiснасцi на асобныя ўражаннi, aдчуваннi, перажываннi. Пiсьменнiк звяртаецца да перадачы самых тонкiх, ледзь улоўных, няўстоўлiвых чалавечых пачуццяў, пераменлiвых настрояў, хуткага пераходу ад аднаго псiхiчнага стану да другога.

У агульных рысах гэтая тэндэнцыя ў творчасцi К. Чорнага супадала са зваротам мастацкай лiтаратуры ў асобе яе вядучых прадстаўнiкоў да выяўлення падсвядомага, адкрытага З. Фрэйдам. Афармляецца новая форма пiсьма, дзе рухомыя, ледзь улоўныя настроi i адчуваннi атрымлiваюць права на прапiску. Па сутнасцi, дзеянне ў гэтых творах перанесена ва ўнутраную сферу, а знешнепадзейны план у агульнай плынi займае невялiкае месца. Мастакоў цiкавяць не столькi самi падзеi, колькi iх адбiтак у свядомасцi i псiхалогii герояў. Можна сказаць, што творы М. Пруста, Дж. Джойса – гэта i ёсць сама свядомасць, “вызваленне свядомасцi” (К. Юнг).

З’яўляецца новы тып псiхалагiзму – непасрэднае выяўленне працэсу думак, разважанняў, пачуццяў, фiксацыя асобных момантаў душэўнага стану. Сутнасць названых навацый у лiтаратуры Х. АртэгаiГасэт бачыць у “змяненнi перспектывы, пункту гледжання на старыя, манументальныя формы выяўлення псiхалогii, што складала змест рамана, i скрупулёзнай ўвазе да мiкрасвету пачуццяў, сацыяльных адносiн i характараў” [10, с. 245]. Сярод прыёмаў, што выкарыстоўваюцца мастакамi, адзiн з самых распаўсюджаных – прыём свабодных асацыяцый, апiсанне ўнутранай паслядоўнай узаемазалежнасцi разнастайных адчуванняў, меркаванняў. Пiсьменнiкi злучаюць аддаленыя ў часе ўспамiны, спалучаюць час лiрычны з часaм эпiчным, перадаюць суiснаванне ў чалавечай свядомасцi непасрэдных уражанняў i залежаў памяцi.

Па сутнасцi, гэта было працягам вялiкай традыцыi мастацтва слова да усё больш глыбокага, дакладнага, падрабязнага спасцiжэння мiкракосму чалавека. Выключная ўвага надаецца феномену памяцi, якая ўспрымаецца як своеасаблiвы масiў, сховiшча чалавечага мiнулага, што мае самадастатковае значэнне. Самакаштоўным прадметам мастацкага выяўлення становяцца ўнутраныя перажываннi асобы, а не падзеi навакольнага жыцця. Дамiнантай у стварэннi вобраза выступае самасвядомасць героя (раман “Сястра”, апавяданнi са зборнiка “Пачуццi”). Мастакоў цiкавяць не столькi самi падзеi, колькi iх адбiтак у свядомасцi i псiхалогii герояў. Такая падрабязная фiксацыя асобных момантаў душэўнага стану герояў, зварот да выяўлення не толькi выразна акрэсленых думак i пачуццяў, але i ледзь улоўных, падсвядомых, былi працягам вялiкай традыцыi мастацтва слова да ўсё больш глыбокага, дакладнага спасцiжэння мiкракосму чалавека. Чорнаўскi псiхалагiзм – гэта нешта грандыёзнае, даводзiцца толькi здзiўляцца глыбiнi спасцiжэння пiсьменнiкам чалавечай душы. Пiсьменнiк шукаў найбольш прыдатныя шляхi выяўлення ўнутранага свету чалавека, i гэтыя пошукi прыводзiлi яго да вельмi цiкавых вынiкаў. Аднак К. Чорны, у адрозненне ад заходніх мадэрністаў (М. Пруст, В. Вулф), не займаецца фiласофскiм цi эстэтычным асэнсаваннем уласнай творчасцi.

Пры ўсёй адрознасцi знешнiх акалiчнасцяў жыцця i спецыфiчнасцi эстэтычных установак досыць вiдавочныя паралелi памiж творчасцю французскага пiсьменнiка М. Пруста (1871 1922) i К. Чорнага. М. Пруст нарадзiўся ў заможнай сям'i, атрымаў выдатную адукацыю i г.д. Творчыя задачы М. Пруста былi чыста мастацкiмi, лiтаратурнымi, эстэтычнымi. Досвед К. Чорнага iншы: паходжанне з «самага дна беларускага жыццябыцця», моцны ўплыў сацыяльных фактараў на творчасць.

Тым не менш, можна вылучыць i агульнае. Папершае, гэта склад натуры абодвух пiсьменнiкаў, што абумоўлiвае пэўныя падыходы да жыцця, людзей, скiраванасць творчых iнтарэсаў. Абодва празаiкi былi надзвычай тонкiмi, ранiмымi людзьмi, з абвостранай пачуццёвасцю. У сваiм рамане “У пошуках страчанага часу” М. Пруст досыць шмат месца прысвяцiў развянчанню жорсткасцi, несправядлiвасцi, эгаiзму. Скразной iдэяй творчасцi К. Чорнага была iдэя чалавечнасцi, сцвярджэнне спагадлiвасцi, дабрынi памiж людзьмi. Пiсьменнiк балюча ўспрымаў любыя захады цiску на чалавека, занядбання яго пачуццяў. Адпаведна, самымi любiмымi персанажамi К. Чорнага, “рупарамi аўтарскiх iдэй”, з'яўляюцца Маня Iрмалевiч, “сястра” для герояў, Радзiвон Цiвунчык, “шчыры чалавечнасцю” (раман “Сястра”), Кравец (“Трэцяе пакаленне”) i iнш.

Падабенства памiж К. Чорным i М. Прустам не толькi ў прынцыпах адлюстравання свядомасцi, але i ў самой канцэпцыi: сцвярджэннi самакаштоўнасцi чалавека, багацця i невычэрпнасцi яго ўнутранага свету. Аднак, калi М. Пруст iмкнуўся перадаць чытачу пэўны эмацыянальны настрой, перадаць адчуванне часу ў яго “чыстым выглядзе”, своеасаблiвае “прасвятленне”, перажытае пiсьменнiкам, то К. Чорны ўвогуле захоплены адкрыццём чалавека, складанасцю яго ўнутранай арганiзацыi. Да таго ж у беларускага празаiка дадавалiся сацыяльныя фактары: усведамленне неабходнасцi супрацьстаяць цiску на чалавека, iмкненню ператварыць яго ў “вiнцiк”, пазбавiць свабоды самавыяўлення, супрацьстаяць утылiтарнаму i прагматычнаму погляду на чалавека. Падобныя матывы гучаць у рамане “Сястра”, апавяданнях “Сцены”, “Трагедыя майго настаўнiка”, “Справа Вiктара Лукашэвiча”.

Падругое, М. Пруст з'яўляецца аўтарам арыгiнальнай паэтычнай тэорыi, дзякуючы якой пiсьменнiк спадзяваўся пераадолець супярэчнасць памiж рэальнасцю i марай, стварыць з iмгненных адчуванняў, перажыванняў мастацкi твор. Фiласофскiя i эстэтычныя разважаннi М. Пруста – неад'емная частка яго рамана. Французскага пiсьменнiка, як вядома, цiкавiла праблема часу. Празаiку належыць своеасаблiвая тэорыя памяцi, што адлюстравана ў структуры яго твора. Для М. Пруста, у адпаведнасцi з iдэямi А. Бергсона, успрыманне нейкiх з'яў, рэчаў, прадметаў звязана з памяццю, з мiнулым вопытам, бо кожнае ўспрыманне ёсць успамiн. Даследчыкi лiчаць знакамiты эпiзод з пiрожным мадлен iлюстрацыяй duree А. Бергсона, калi сучаснае, мiнулае i будучыня ўспрымаюцца як адно цэлае (дзеля справядлiвасцi трэба зазначыць, што М. Пруст адмаўляў уплыў А. Бергсона на сваю творчасць).

Такiм чынам, раман французскага пiсьменнiка – гэта яшчэ i своеасаблiвы паэтычны, фiласофскi манiфест, адлюстраванне, выяўленне, вытлумачэнне працэсу творчасцi. Сама ж творчасць, згодна М. Прусту, з'яўляецца цалкам iрацыянальнай, iнтуiтыўнай (работа М. Пруста, прысвечаная Ш. О. СэнтБёву).

Для К. Чорнага актуальнымi былi iншыя праблемы. У яго творах адсутнiчаюць фiласофскiя разважаннi адносна прыроды мастацкай творчасцi i г. д. Аднак той жа феномен памяцi цiкавiць i К. Чорнага. Але ў беларускага пiсьменнiка ён разглядаецца ў кантэксце праблемы чалавека ўвогуле, як адно з праяўленняў, сведчанняў складанасцi ўнутранай арганiзацыi чалавека. Тут можна ўзгадаць эпiзод з апавядання “Пачуццi” К. Чорнага, калi варанае шчаўе выклiкае лiтаральна буру ў пачуццях героя. Памяць вяртае яго ў мiнулае, калi памерла сястра i таксама стаяў посуд з вараным зеллем. Герой да драбнiц узгадвае свае тагачасныя адчуваннi, думкi, жаданнi, нават пахi. Мiнулае i сучаснае злiваюцца ў адно цэлае. Падобны прыём досыць часта выкарыстоўваецца К. Чорным.

Такiм чынам, у наяўнасцi як вiдавочная паралель з бергсонаўскапрустаўскай канцэпцыяй часу (пра непарыўнасць часу), так i падабенства ў прынцыпах адлюстравання свядомасцi чалавека. Памяць, успамiн у М. Пруста i К. Чорнага не з'яўляюцца вынiкам работы iнтэлекта. Успамiн, як правiла, носiць выпадковы характар, ён можа быць абумоўлены самымi рознымi знешнiмi фактарамi. Нейкая асацыяцыя выклiкае шквал пачуццёвых, эмацыянальных рэакцый. Вытлумачэнне гэтых рэакцый, эмоцый, iмпульсаў, згодна М. Мамардашвiлi, ёсць “пачатак iндывiдуалiзацыi свету” [11, с. 157].

М. Пруст з'яўляецца адным з самых выдатных прадстаўнiкоў лiтаратурнага iмпрэсiянiзму. Рысы iмпрэсiянiстычнай паэтыкi таксама адчувальныя ў мастацкiм стылi К. Чорнага 20х гадоў.

Падабенства памiж мастацкай практыкай французскага i беларускага пiсьменнiка i ў тым, што для абодвух актуальным было менавiта iнтуiтыўнае спасцiжэнне рэчаiснасцi (у творчасцi К. Чорнага гэта тэндэнцыя найбольш выразна выяўлена ў 20х гадах 20 стагоддзя).

Даследчыкi характарызуюць названыя працэсы як iмкненне лiтаратуры да прасторавай формы. Так, Д. Фрэнк сутнасць эвалюцыi эстэтычнай формы сучаснага рамана тлумачыць на аснове аналагiчных працэсаў у паэзii: “Замест iнстынктыўнага, непасрэднага суаднясення слоў i фрагментаў з прадметамi i падзеямi, абазначэннямi якiх яны з’яўляюцца, калi значэнне ўзнiкае як вынiк паслядоўных актаў знешняй рэферэнцыi, сучасная паэзiя прапануе затрымаць гэты працэс знешняга ўпарадкавання, пакуль сiстэма ўнутраных рэферэнцый не будзе ўсвядомлена як адзiнае цэлае” [12, с. 203].

Мастацкiя задачы, што iмкнуўся сцвердзiць К. Чорны пры напiсаннi сваiх твораў, безyмоўна, адрознiвалiся ад творчых установак заходнiх лiтаратараў.

М. Пруст жадаў данесцi адчуванне часу ў яго чыстым выглядзе, перадаць каштоўнасць перажытых iм момантаў пераадолення часу праз духоўныя высiлкi. Пiсьменнiк неаднойчы пiсаў, што яго твор павiнен “увасобiць форму, якая звычайна застаецца нябачнай, форму часу”. М. Пруст адыходзiць ад лiнейнай паслядоўнасцi ў апiсаннi. Ён пaказвае сваiх герояў у розныя перыяды iх жыцця, апускаючы вялiкiя часавыя прамежкi. Намаганнi ж Дж. Джойса былi накiраваны на свядомую трансфармацыю раманнай формы (мастак iмкнуўся стварыць сучасны эпас, дзе б прысутнасць аўтара амаль не адчувалася). Беларускi празаiк у сваёй творчасцi кiраваўся жаданнем перадаць багацце i разнастайнасць унутранага свету чалавека, сцвердзiць каштоўнасць любых, нават самых няўлоўных рухаў чалавечай свядомасцi, сцвердзiць самакаштоўнасць чалавека ўвогуле.

Трэба сказаць, што беларускi пiсьменнiк кiраваўся не толькi творчымi задачамi. Да чыста мастацкiх у яго дадавалiся i сацыяльныя: сцвердзiць, насуперак набiраўшай моц тэндэнцыi унiфiкацыi чалавека, ператварэння яго ў “вiнцiк”, значнасць, складанасць чалавечай асобы. Гэтыя творчыя ўстаноўкi розных мастакоў прыводзiлi да аднолькавых вынiкаў – пашырэння выяўленчых магчымасцей прозы, навацый у галiне прынцыпаў i прыёмаў адлюстравання.

Такiм чынам, пошукi заходнiх лiтаратараў i К. Чорнага – тыпалагiчна роднасныя з’явы. Пiсьменнiкi iмкнулiся да пашырэння аб’ёму i формаў даследавання рэчаiснасцi.

Навацыi К. Чорнага звязаны i са змяненнем структурнай ролi дыялогу, якi дазваляе перадаць саму плынь жыцця, данесцi яго шматстайнасць, цякучасць. Падобны падыход вылучаў i У. Фолкнера. Скрупулёзнае, падрабязнае ўзнаўленне гаворак герояў – iмкненне пiсьменнiкаў да як мага больш поўнага пранiкнення ў быццё. Падабенства памiж творамi амерыканскага i беларускага празаiкаў – i ў лакальнасцi, аўтаномнасцi дзеяння. К. Чорны неаднойчы паўтараў, што яму ўсё жыццё хопiць апiсваць свае родныя Цiмкавiчы i iх жыхароў. Аналагiчныя прызнаннi выказваў У. Фолкнер.

Мы можам сцвярджаць, што падобныя навацыi К. Чорнага былi вынiкам яго натуральнага мастацкага развiцця, выражэннем унутраных духоўных запатрабаванняў. К. Чорны iнтуiцыйна ўлоўлiваў тэндэнцыi эвалюцыi сучаснай яму лiтаратуры. Падабенства з творамi названых заходнiх пiсьменнiкаў тут тыпалагiчнае.

Сказанае пацвярджае, што ў асобе К. Чорнага айчынная лiтаратура мае пiсьменнiка сусветнага (не пабаiмся гэтага вызначэння) узроўню, мастака надзвычай чуйнага, адоранага, якi iнстынктыўна ўлоўлiваў тыя тэндэнцыi, што вылучалi развiццё сучаснай яму сусветнай лiтаратуры. А ў многiм i апярэджваў свой час.


Информация о работе «Творчасць Кузьмы Чорнага і сусветны мастацкі вопыт»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 42134
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
29312
0
0

... ізуе літаратурныя публікацыі маладых аўтараў, а таксама друкуе свае кароткія адказы на дасланыя літаратурныя творы, у якіх дае пачынаючым паэтам і празаікам першыя ўрокі літаратурнай творчасці. Творчая актыўнасць Чорнага ў 20-я гады ўражвае. У адным 1926 г. выходзіць адразу тры зборнікі яго апавяданняў: «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць». У наступным 1927 г. пачынае друкавацца яго першы ...

Скачать
57895
0
0

... хлусні «генеральскіх мемуараў», тут, заўседы прысутнічае глыбокі філасофскі роздум над балючымі праблемамі, народжанымі небывала багатым на трагедыі XX ст. [1, с.419] 2.3. “Мёртвым не баліць” як прыклад уплыву экзістэнцыялізму на творчасць Васіля Быкава. Катэгорыя будучыні займае ў гэтай аповесці зусім не апошняе месца, у творы закрануты такі комплекс грамадскіх адносін, якія аказваюць ...

Скачать
66539
0
0

... таратуры. Раман «Салаўі святога Палікара» – узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 30-х гадоў. александровіч паэма проза драматургія 3. Драматургія 1930-х гадоў Стан развіцця беларускай драматургіі на пачатку 30-х гадоў тагачасная крытыка ацэньвала ў цэлым станоўча. Як прынцыпова творчая перамога пракламавалася з'яўленне п'ес з індустрыяльнай тэматыкай. Хваліліся творы за ...

0 комментариев


Наверх