1.1 Паняцце канцэпту ў лінгвістычнай літаратуры
Слова “канцэпт” стала актыўна ўжывацца ў лінгвістычнай літаратуры з пачатку 90-х гадоў. Першапачаткова тэрмін “канцэпт” выкарыстоўваўся надзвычай шырока. Перагляд традыцыйнага лагічнага зместу канцэпту і яго псіхалагізацыя тлумачацца патрэбамі кагніталогіі, у прыватнасці, кагнітыўнай лінгвістыкі, якая засяроджвае ўвагу на суадносінах лінгвістычных дадзеных з псіхалагічнымі [9, с. 64].
З усіх вядомых нам азначэнняў мы аддаём перавагу варыянту, прапанаванага прафесарам Маславай В.А. Канцэпт - аператыўная змястоўная адзінка памяці, ментальнага лексікону, канцэптуальнай сістэмы мовы і мозга, усёй карціны свету, адлюстраванага ў чалавечай псіхіцы [23, с.31]. Паняцце канцэпту перадае ўяўленне пра тыя сэнсы, якімі аперыруе чалавек у працэсе мыслення і якія адлюстроўваюць змест вопыту і ведаў, змест вынікаў усёй чалавечай дзейнасці і працэсаў пазнання свету.
Лінгвакультурны канцэпт ёсць семантычнае ўтварэнне высокай ступені абстрактнасці. На думку вучоных, канцэпт можна было б суаднесці з каранёвай марфемай, што складае аснову словаўтваральнага гнязда.
Р.М.Фрумкіна вызначае канцэпт як “вербалізаванае паняцце, адрэфлексаванае ў катэгорыях культуры” [38, с.14].
Д.С.Ліхачоў пад канцэптам разумеў “свайго роду алгебраічны выраз значэння, якім чалавек аперыруе ў сваім пісьмовым маўленні” [22, с.30].
Часцей за ўсё прадстаўніцтва канцэпту ў мове прыпісваецца слову, а само слова атрымлівае статус імя канцэпту – моўнага знака, які перадае змест паняцця найбольш поўна і адэкватна. Аднак канцэпт, як правіла, суадносіцца больш чым з адной лексічнай адзінкай. Такім чынам, адметнасцю канцэпту з’яўляецца яго суаднесенасць з планам выражэння ўсёй сукупнасці разнародных сінанімічных (уласна лексічных, фразеалагічных і афарыстычных) сродкаў, якія прэзентуюць яго ў мове. У выніку канцэпт суадносіцца з планам выражэння лексіка-семантычнай парадыгмы.
Сувязь канцэпту з вербальнымі сродкамі выражэння адзначаецца ва ўсіх лінгвакультуралагічных азначэннях, аднак адзінства ў поглядах адносна канкрэтных сутнасных адзінак мовы, з якімі суадносіцца канцэпт, у вучоных пакуль няма.
Тэарэтычна адносіны “канцэпт – яго моўная рэалізацыя” можна было б змадэляваць на базе антанімічнай парадыгмы ў лексіцы, якая фіксуе адрозненні ўнутры адной і той жа сутнасці (радасць – гора; шчасце – бяда; каханне – нянавісць). Любы канцэпт убірае ў сябе абагульнены змест мноства формаў выражэння ў натуральнай мове, а таксама ў тых сферах чалавечага жыцця, якія прадвызначаны мовай і немагчымыя без яе; гэта вынік аб’яднання слоўнікавага значэння слова з асабістым вопытам чалавека.
Канцэпт таксама вызначаецца як асноўная адзінка нацыянальнага менталітэту як спецыфічнага індывідуальнага і групавога спосабу светаўспрымання і светаразумення. Канцэпт уключае ў сябе, акрамя прадметнай суаднесенасці, усю камунікатыўна значымую інфармацыю. Перш за ўсё, гэта ўказанне на месца, якое займае гэты знак у лексічнай сістэме мовы: яго парадыгматычныя, сінтагматычныя і словаўтваральныя сувязі.
Трэба звярнуць увагу на існаванне так званых “універсальных канцэптаў”, якія выступаюць у свядомасці ў форме этычных тэрмінаў: добра – дрэнна, маральнае – амаральнае.
Такім чынам, можна вылучыць наступныя рысы канцэпту: 1) гэта мінімальная адзінка чалавечага вопыту ў яго ідэальным уяўленні; 2) гэта асноўная адзінка апрацоўкі, захавання і перадачы ведаў; 3) канцэпт мае рухомыя межы і канкрэтныя функцыі; 4) канцэпт – асноўная адзінка культуры. З гэтага вынікае, што канцэпты прадстаўляюць свет у галаве чалавека, ствараючы канцэптуальную сістэму, а знакі чалавечай мовы кадзіруюць у слове змест гэтай сістэмы [23, с. 36].
Лічым, што менавіта гэтае азначэнне канцэпту найбольш поўна ўбірае яго сістэмаўтваральныя адзнакі, адпавядае сутнасці паняцця. З гэтай прычыны абіраем дадзенае азначэнне як вядучае, базавае ў нашай працы.
1.2 Адзінка шчасце ў лексікаграфічных працах
Дзеля таго каб звесці ў адзінае паняцце ўсе наяўныя ўяўленні пра шчасце, звернемся да лексікаграфічных прац. Зразумела, што для аналізу канцэпту шчасце трэба ўсвядоміць усе значэнні гэтага слова, прыведзеныя ў розных слоўніках.
1. З пункту гледжання этымалогіі (Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: В. 4-х т. Т.3 – М.: Прогресс. - 1971. – 827 с.), шчасце – агульнаславянскае слова, якое суадносіцца з чалавекам, што застаўся “з часткай”, гэта значыць са здабычай.
Шчасце, згодна з Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы ў 5-ці тамах, мае 3 асноўныя значэнні:
I. Стан поўнай задаволенасці жыццём, пачуцце найвялікшай радасці і задавальнення.
II. Удача, поспех у чым-небудзь. Шчаслівы выпадак, шчаслівае спалучэнне акалічнасцей.
III. Лёс, доля.
Падаецца таксама ўстойлівае спалучэнне са словам шчасце: на шчасце, якое мае значэнне ‘каб былі поспех, удача ў каго-небудзь, каб шанцавала каму-небудзь’; бог шчасця не даў ‘пра няўдачлівага чалавека’.
У Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў маем наступны сінанімічны рад: шчасце, доля, дабро, добрае, памыснасць, фартуна.
Н.Гаўрош (Вобразнае азначэнне ў мастацкіх тэкстах: Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы) падае азначэнне паняцця “радасць”: ‘пачуццё вялікай асалоды, задаволенасці’ і наступны рад магчымых азначэнняў да гэтага слова: бязмежная, бясконцая, неабсяжная, вялікая, высокая, святочная, бурлівая, гордая, звонкая, чыстая, светлая, ясная, шчымлівая, вясновая.
Аналіз прыведзеных значэнняў дадзенага слова дае магчымасць зрабіць заключэнне пра тое, што шчасце ўспрымаецца як пачуццё найвялікшай радасці і задавальнення, пры якім удала складваюцца жыццёвыя абставіны. Шчасцем варта таксама называць задаволенасць чалавека сваім уласным жыццём, гармонія яго з прыродай, соцыумам.
Сэнсавымі замяшчальнікамі шчасця выступаюць таксама адзінкі ўдача, поспех, лёс, доля, дабро, шанцаванне.
... -най мадэлі паэзія адышоўшага з жыцця М. Багдановіча, што стала ў 2-й палове 20-х гадоў метадалагічным арыенцірам для платформы згуртавання «Узвышша». 3 другога боку, паэзія 20-х гадоў была пазначана відавочнымі рысамі афіцыёзнага авангардызму, звязанага найперш з устаноў-кай на стварэнне новага мастацтва пад уплывам рэвалюцыйна-пралетарскага светабачання і класавай ідэалогіі. Культ рэвалю-цыйных ...
... і розных аспектаў праяўленняў салярнага культу часам супадаюць паміж сабой, часам аказваюцца цалкам супрацьлеглымі. 3. Міфалагема Сонца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету славян У старажытных славян сонца ўяўлялася ў антрапаморфным выглядзе, персаніфікавалася (як і месяц). М. І. Талстой адзначыў таксама наяўнасць у славянскай міфалогіі ўспрыняцця сонца і месяца ў зааморфных абліччах. ...
0 комментариев