3.2 Аналіз вобразнага кампанента канцэпту шчасце

Акрамя разнастайных канататыўных адценняў, паняційнае ядро канцэпту акружана мноствам метафарычных асацыяцый. Пры аналізе канцэпту гэтыя асацыяцыі неабходна ўлічваць, бо яны ўяўляюць сабою зрокавае мадэляванне пачуццёва неўспрымальных сутнасцей. Набор метафарычных асацыяцый, які існуе ў грамадскай свядомасці, адлюстроўвае этнакультурную спецыфіку соцыума – яго менталітэт [23; 198].

Семантычнае апісанне імёнаў эмоцый – шчасце ўяўляе сабой разнавіднасць перш за ўсё эмацыянальнага стану – звязана са значнымі лексікаграфічнымі цяжкасцямі, галоўным чынам з прычыны недаступнасці для непасрэднага назірання і вымярэння пачуцця. Гэта выклікае неабходнасць прымянення ўскосных прыёмаў тлумачэння, асноўнымі з якіх з’яўляюцца сэнсавы і метафарычны.

Аналіз вобразнага кампанента канцэпту шчасця можна праводзіць па некалькіх параметрах: ступені спецыфічнасці/універсальнасці канкрэтных спосабаў метафарызацыі, іх частотнасці, па тыпу “дапаможнага суб’екта” – прамога, невытворнага значэння лексічнай адзінкі, да якой прыпадабняецца шчасце, па ступені выражанасці. Важным з’яўляецца прысутнасць у тэксце прамога параўнання шчасця з прадметам, з’явай, істотай альбо магчымасць узнавіць названыя параўнанні па ўскосных прыкметах іх спалучальнасці з іншымі лексемамі.

Часцей за ўсё шчасце, як і ўсе эмоцыі ў цэлым, прыпадабняецца да нейкай вадкасці, што цячэ, запаўняе чалавека знутры, якой ён поўніцца, якую ён прагне паспрабаваць:

Каб трывозе і шчасцю злівацца бясконца (Рус.; 41);

Хлынуў шчаслівай стомай (Паўл.; 66);

Крышталём пацячэ маё шчасце па нябеснай халоднай шчацэ (Шк.; 68);

Маладое, трывожнае шчасце, недапітая радасць да дна (Бар.; 39);

І глыток галодны шчасця. Паспрабую. Паспрабую (Ян.; 223);

Поўнюся сонечным зайчыкам шчасця – чуць цябе, бачыць (Паўл.; 79);

Збірацца па кроплі яна пачала на донейку шчасця (Карж.; 109);

Поўняцца шчасцем наіўным імгненні (Дудз.; 92);

І чужога шчасця кропля апякла да дна душу (Ян.; 62).

Частотнай з’яўляецца персаніфікацыя шчасця, долі, лёсу – яны могуць дзесьці жыць, ісці або бегчы, спаць, вітаць чалавека або падманваць яго, кіраваць чалавекам або служыць яму, надзяляць яго падарункамі:

Наша шчасце слізгаецца, падае (Карж.; 62);

Прыйдзе шчасце к сіраціне (Карж.; 52);

Хай нам паслужыць шчасце (Ян.; 240);

А радасць гэтак лёгка спудзіць (Мац.; 234);

Пад ссохлым лістом задрамала маё павуціннае шчасце (Рубл.; 100);

Паміж сценкамі і шчасце і гора на тым самым паверсе жывуць (Багд.; 53);

На тонкіх нагах непрыгожае шчасце прыбегла, запыхаўшыся, на абцасах (Багд.; 36);

Выпырхне вясёлкаю ўдача (Ян.; 109);

Каму ж пакоры доля не дала (Карж.; 23);

Мне праніклівасць доля дала (Карж.; 66);

Журавінавым болем прабілася шчасце (Ян.; 222);

Незавершанасць нашага шчасця на паўкроку замерла (Карж.; 123);

Даў талент лёс (Багд.; 26);

Наш лёс нашых коней запрог (Б.-Загн.; 200).

Да гэтай групы варта аднесці адзінкі, якія люструюць уяўленні паэтак пра тое, што шчасце мае ўзрост:

Сталае шчасце, што табе трэба, каб засталося і не пакідала (Бар.; 84);

Маладое, трывожнае шчасце, недапітая радасць да дна (Бар.; 39).

Дастаткова частотныя зааморфныя і батанічныя метафары:

Шчасліва стомленай згубіцца жывым сцяблом у збажыне (Б.-Загн.; 155);

Доля мая – нібы гронка любові (Ян.; 257);

Запозна радасць, як даспелы яблык (Ян.; 89);

Поруч шчасце, як галінка з плодам (Бар.; 97);

Шчасце салоўкам плача ў лісці (Бар.; 69);

І лісце, і шчасце – на тло (Рубл.; 100);

Быліна шчасця ломіцца ў акно (Ян.; 267);

Мне на шчасце колас дай (Ян.; 74);

Калі трымціць душа на тонкай гольцы шчасця (Ян.; 64);

Кветкі ўсе шчасліва-белыя (Ян.; 266);

Упляліся ў ваш балесны лёс шыпы і ружы (Ян.; 111);

Звязаны снопікам нашыя лёсы (Карж.; 39);

Дуб няшчасны (Карж.; 44).

Нярэдка шчасце прыпадабняецца да святла – яно свеціцца, пераліваецца, падобна гаручаму рэчыву – гарыць, грэе. Адзначаная якасць можа адрознівацца па ступені сваёй праяўленасці. Так, шчасце, радасць, удача могуць саграваць чалавека знутры, асвятляць шлях, але іншы раз гарачыня ад іх можа быць такой моцнай, што “плавіць” наваколле:

Што за вогненнае шчасце (Ян.; 209);

Там свет ад шчасця неразумных (Дан.; 28);

Светлай радасцю маёй сагрэўся белы дзень (Б.-Загн.; 208);

Свет для шчасця не заслонены (Ян.; 205);

Ад шчасця плавіўся сусвет (Рус.; 39);

Толькі днець пачало над доляй (Мац.; 232);

Быццам змрок расхінае святлістая доля сама (Мац.; 231);

Лёсу прамяністага яго той не міне (Лось; 26);

Свеціцца ціха-шчасліва праз снег (Ян.; 256).

Шчасце прыпадабняецца да сонца або месяца:

Засвеціць шчасця месяц (Ян.; 54);

Поўнюся сонечным зайчыкам шчасця;

Ветлым сонцам ці шчасцем сагрэты (Ян.; 42);

А гэты дзень, высокі і шчаслівы, як сонца над зямлёю ўздыму(Ян.; 146).

Рэдкія параўнанні з паветрам, якім можна дыхаць:

Дыханне шчаслівага дня (Ян.; 203);

Як лёс праз сівізну – тваіх гадоў дыханне (Ян.; 197) альбо з дымам:

Што шчасце? Ачмурэння едкі дым (Дудз.; 80);

А шчасце не заўсёды дым (Дар.; 15).

Як вынікае з паэтычных тэкстаў, шчасце можна аддаць, падзяліць, забраць, украсці, забіць:

Быць лёсам хацела тваім і дзяліць з табой шчасце і гора (Садко; 5);

Што нарабілі? Шчасце забілі (Гудк.; 123);

Дай жа мне шчасцейка на развітанне (Ян.; 189);

Я не кінуся шчасце шукаць (Ян.; 186);

Забівалі людзей багатых, каб людзям бедным шчасця даць (Рубл.; 60);

Жыццё навучыць свайму закону: чужога шчасця не выкрасці (Рус.; 31);

Не заву безмяцежнага шчасця (Бар.; 58);

Наклічу радасць выпадкова (Ян.; 72);

Каб шчасце ў каханні набыць (Гудк.; 86);

Там мама родная і тата мне шчасце-долю здабылі (Роўда; 3);

Сустрэнеш у нас ты і шчасце сваё і каханне (Багд.; 12);

Крычыце, што нехта шчасце ў вас адабраў (Багд.; 16);

кінуць лёс на лязо нажа (Б.-Загн.; 198);

Высокае шчасце здабыта (Лось; 62);

Хто займеў такую вось удачу (Карж.; 37);

Вазьму свой лёс і перайначу (Ян.; 13).

У шчасця можна пабыць у гасцях, ашукаць яго:

Як шчасце маё ашуканае, салоўкам плача ў лісці (Бар.; 69);

Знаю: долі мне не абхітрыць (Ян.; 254);

Сёння мы ў шчасця ў гасцях (Мац.; 239).

Зрэдку шчасце можа параўноўвацца з марамі, сном:

Чамусьці ля ног паэта мне марыць толькі аб шчасці (Карж.; 6);

Ён стаў шчаслівым забыццём (Ьар.; 144);

Пайду дарогай снегавою на мроях шчасця варажыць (Бар.; 76);

З ім сны твае шчаслівы след кладуць (Дудз.; 22);

Толькі ў марах да шчасця мкнеце вы душы свае (Багд.; 11), а таксама з прадчуваннямі, уяўленнямі:

Так яна шчасце сваё уявіла (Ян.; 44);

У прадчуванні шчасця зноў жыву (Бар.; 46);

Уяўляла шчаслівай сябе (Ян.; 24);

З прадчуваннем шчасця прачынацца (Дан.; 11);

Шчаслівым уяўляю сына (Гудк.; 169);

Я надзеі знасіла на шляху да нязбытнага шчасця (Карж.; 34),

Зрэдку сустракаюцца параўнанні шчасця з зачыненымі на замок дзвярыма:

Хоць і знаю: закрыліся дзверы, за якімі шчаслівыя мы (Карж.; 22), з тканінай:

Блаславілі і долю саткалі (Ян.; 136),

з мелодыяй:

Варта пераняць хоць бы нотку шчаслівага зыку (Карж.; 70),

з выбухам:

А ў фіялетавай выбухне лёс (Ян.; 106),

аковамі, ланцугом, палонам, катаргай:

Мы зрадніліся, спазнаўшы шчаснай катаргі работу (Ян.; 237);

Застаюся без шчасных акоў захаплення, святла і дабра (Дудз.; 127);

Гудзе любові крылле, шчаслівы славячы прыгнёт (Ян.; 97);

Я табой закута ў звенні, калі ёсць ланцуг шчаслівы (Багд.; 32);

Забаронены мне твой радасны палон,

транспартным сродкам:

І жоўты сцелецца агонь пад колы лёсу (Ян.; 237),

хваробай:

Я ад шчасця лекаў не знаю (Ян.; 234);

Даўнім шчасцем баліць (Дудз.; 151).

Шчасце ўяўляецца нечым крохкім, лёгкім, што можна разбурыць, парушыць:

Чужы агонь лаўлю ў акне і шчасце крохкае лілею (Ян.; 70);

З дрогкай радасцю бяссоннай (Ян.; 92);

Шчасце трапяткое (Дар.; 29);

Задрамала маё павуціннае шчасце (Рубл.; 100);

І шчасця твайго не парушу (Ян.; 134).

Шчасце (паводле ўяўленняў паэтак) можа пакінуць свой след, адбітак:

З ім сны твае шчаслівы след кладуць (Дудз.; 22);

Адбіўся твой глыбінны лёс (Ян.; 169);

На твары – шчасця зведанага след (Карж.; 68);

Мой адбітак шчасця на здымку (Ян.; 275),

яно мае межы:

За тыя старыя межы, што зваліся кімсьці шчасцем (Сом; 70).

Частотна шчасце асацыіруецца з грашыма, матэрыяльным забеспячэннем, маёмасцю:

А лёсу пятачок (Ян.; 107);

Быццам шчасця не займала (Ян.; 65);

Жорсткага шчасця цаною перад любоўю маёю (Ян.; 32);

Адкуль было відаць, што шчасце – апошні ў кішэні пятак (Багд.; 54);

Забыць, што шчасце не коштуе (Дар.; 28);

Каб людзям бедным шчасця даць (Ян.; 39);

Скупы на радасць дзед той быў).

Чалавек можа валодаць (або не валодаць) правамі на шчасце:

Я шчаслівыя маю правы (Ян.; 174);

Маем на шчасце правы (Ян.; 103);

Ці ж я пачвара? Ці ж я на шчасце правоў не маю? (Рубл.; 56).

Для жанчын-паэтак важнай рэччу з’яўляецца сям’я, дзеці, таму ў іх паэзіі сустракаюцца наступныя параўнанні, звязаныя са шчасцем:

гордае шчасцейка – мая сямейка (Ян.; 157);

на станцыю, дзе шчасце мацярынства ўжо прывёў мяне жаночы лёс (Сільн.; 72);

матуля шчаслівая сыну гатуе яечка ўсмятку (Б.-Загн.; 85);

такая вось няўдача: згубіла чаіца дзяцей (Ян.; 81).

Шчасце ў паэзіі можа выступаць у выглядзе з’яў прыроды, іх праяў (Хлынуў шчаслівай стомай (Дудз.; 133); Выпырхне вясёлкаю ўдача (Ян.; 109).

Нярэдка сустракаецца смакавая метафара:

Гады сумесныя, а шчасце здалося посным – не спажыць (Карж.; 106);

З гарчынкай шчасця на губах (Ян.; 71);

Усё ў адным шчасліва-горкім сэрцы (Ян.; 46);

Плачу за горкую ўдачу расянай кропелькай віна (Ян.; 13).

Частотныя параўнанні шчасця, долі, радасці з дарогай або шляхам:

Шлях маёй споўненай долі (Б.-Загн.; 203);

На шчасным віражы (Ян.; 234);

Сцежкі наша доля не мыляе (Ян.; 137);

На шляху да шчасця (Дудз.; 133);

Шчаслівае дарогі вам і долі (Ян.; 45);

Мы сцежку выбралі сабе як долю (Ян.; 145);

Не размяняць ні сцежкі і ні долі (Ян.; 144);

Надзеі згубіла на шляху да шчасця (Дудз.; 133).

Такім чынам, можна канстатаваць вялікую колькасць разнастайных вобразаў, звязаных з уяўленнямі пра шчасце. Вобразы шчасця могуць мець характар агульнавядомых і зразумелых (прыпадабненне да вадкасці, персаніфікацыя шчасця, прыпадабненне да свету і паветра, вобразы, звязаныя з грашыма і дабрабытам у цэлым), а таксама індывідуальна-аўтарскіх наватвораў, якія не сустракаюцца ў бытавых зносінах і апісаннях шчасця (параўнанне шчасця з птушкамі і жывёламі, ежай і харчаваннем, шляхам і дарогай).

3.3 “Крыніцы” шчасця паводле паэтычных твораў

 

Як сведчыць прааналізаваны матэрыял, “жаночае” шчасце ранжыруецца ў залежнасці ад мяркуемага месцазнаходжання вытокаў шчасця. Шматлікія прыклады сцвярджаюць крыніцу шчасця па-за суб’ектам. Шчасце – сума розных задавальненняў, што прыносяць радасць і адрозніваюцца паміж сабой толькі інтэнсіўнасцю. Адпаведна шчасце супрацьстаіць няшчасцю як гору і пакутам:

У вялікім сваім, дабрабытнейшым шчасці (Дар.; 18);

Неабдымным, немінучым сэрца шчасцем надзяляй (Лось; 106);

Дзе ад шчасця плавіўся сусвет (Рус.; 39);

І вось у гэтую зіму душа ад радасці пяе (Лось; 139).

Прааналізаваны матэрыял сведчыць, што крыніца шчасця можа знаходзіцца па-за воляй і намаганнямі чалавека. Гэта абумоўлівае адносіны да шчасця як да нечага дадзенага, прадвызначанага чалавеку зверху:

Я так цяпер удзячна лёсу за міг жыцця, за сэнс жыцця (Ян.; 75);

І шчасця міг і здзек павінна ўспрымаць я такім – якое ёсць (Карж.; 45).

Паводле жаночых уяўленняў, як сведчыць матэрыял, шчасце – свабода ад пакутаў цела і душы, што прыносіць задавальненне і спакойны, роўны настрой. У гэтым выпадку шчасце, па сутнасці, раўназначнае да не-няшчасця:

Дык шчасным будзь хоць раз на роўнай ноце (Ян.; 231);

Вусны свецяцца ціха-шчасліва праз снег (Ян.; 256);

Я ціхага шчасця хацела (Гудк.; 68);

І кожны ціха радуецца ўпотай (Карж.; 140);

Лёс прыбярог нам спакойнае шчасце такое (Рус.; 34);

Незямныя шукалі шляхі і хацелася шчасця зямнога (Гудк.; 14);

Светлай радасцю маёй сагрэўся дзень (Б.-Загн.; 208);

Не заву безмяцежнага шчасця (Ян.; 23).

Крыніцай шчасця, паводле паэтычнай моўнай свядомасці, могуць выступаць такія паняцці, як маладосць (Маладая, шчасліва жонка (Бар.; 39), свабода (Ужо непадуладная нікому, праз адзіноту, смутак і знявер вяртаюся, шчаслівая, дадому (Бар.; 80), род заняткаў чалавека (Шчаслівы чалавек – геолаг; няшчасны чалавек – анколаг (Лось; 136), Знала: праца ратуе ў бядзе (Гудк.; 78), Сябе аддаць шчаслівай працы (Карж.; 41), Павінны зямлю сваю працай і словам услаўляць, каб шчасліва глядзець з-пад павек (Багд.; 27), сям’я і дзеці (Шчаслівы міг хады сярод дзяцей (Лось; 24), Займеў сям’ю, жыве мо і шчасліва (Дудз.; 99), каханне: Каханне – шчасце, працяг быцця (Бар.; 30), І праз душу душою прарасці, каб жыць адзіным шчасцем і каханнем (Дудз.; 12), Словы шчасця:”Кохаю. Страждаю” (Лось; 107), Жанчыне вялікае шчасце – адзінага ў свеце любіць (Ян.; 24); любоў да Радзімы: А голас сэрца на Радзіме шчаслівы, шчыры і глыбокі (Роўда; 5), Ах, Беларусь, мая ты доля, мая сляза і пацалунак (Лось; 66), Хай вас цяпло Радзімы саграе (Лось; 136).

Многія паэткі разумеюць шчасце як магчымасць задавальняцца агульначалавечымі каштоўнасцямі: здароўем, прыродай – тым, што ў нас ёсць і што мы не цэнім, пакуль яно ёсць:

Але якое шчасце, што на даляглядзе, побач працуеш (Б.-Загн.; 94);

Я буду доўга тут шчаслівай святлом узгоркаў і далін (Ян.; 41);

Мераць сваё шчасце вусікамі і барадавачкамі гурочка (Б.-Загн.; 230).

Трэба заўважыць, што аб “простым шчасці” разважаюць тыя, каго яно наўрад ці задаволіць: паэткі, дзеля якіх задавальненне жыцця – найперш у творчасці.

Часам у якасці шчасця прымаецца жыццё само па сабе:

Жыццё – выпрабаванне і шчасця міг (Гудк.; 133);

Дзіцятка, на шчасце займаецца дзень (Кан.; 45).

Шматлікія прыклады сцвярджаюць: шчасце чалавека знаходзіцца ў ім самім. Шчасце – сістэма ўстановак, яно залежыць ад жыцця і жаданняў самога чалавека. Так, шчасце можа разглядацца як рэалізацыя чалавекам сваіх талентаў і магчымасцей, паразуменне з боку іншых людзей:

Ён да сваёй дабраўся вышыні і вышынёю гэтаю шчаслівы (Бар.; 30);

Сказаць і пачуць – гэта шчасце, бадай (Карж.; 168).

Выразным суб’ектна-арыентаваным разуменнем шчасця з’яўляецца мадэль няведання, згодна з якой шчаслівым можна быць толькі з прычыны адсутнасці інфармацыі сувязі са светам:

Там свет ад шчасця неразумных (Дан.; 28);

Калісьці бег ручай бурлівы, на ўсіх каменчыках бурліў сваёй бяздумнасцю шчаслівы (Багд.; 44);

Яны шчаслівыя, дзеці прыроды, бо не чытаюць і не думаюць (Гудк.; 120).

Сэнс жыцця існуе, яго знаходзіць сам чалавек, гэта значыць чалавек у стане сам спасцігнуць і здабыць сабе шчасце:

Высокае шчасце здабыта зямлі, чалавеку і промням (Лось; 62);

Тут мама родная і тата мне шчасце-долю здабылі (Роўда; 3);

Высокае шчасце здабыта зямлі, чалавеку і промням (Лось; 62).

Трэба адзначыць існаванне прамежкавых поглядаў: часта чалавек не ўсведамляе прычыны свайго шчасця, яго вытокаў: Я аднаго ўявіць не ўмею: хаджу шчаслівая пры чым? (Бар.; 78) альбо не можа апісаць свае ўласныя перажыванні, свой стан: Паміж няшчасных і шчаслівых якая я? (Ян.; 187), Гады адляталі рыскамі, шчасліваю ці была? (Бар.; 78).

Частотныя прыклады даюць падставу сцвярджаць існаванне погляду на шчасце як на нешта несапраўднае, ілюзорнае, якое вельмі рэдка сустракаецца на жыццёвым шляху:

Свет сярдзіты рэдка песціць шчасцем, а знябыты ў ім не бачыць злосці (Бар.; 50);

У свеце шчасця можна не займець, затое ў ім адчайнай скрухі мора (Бар.; 82);

Вось гэтым шчасцем камарыным: нібыта ў днях і не было (Ян.; 27);

Што шчасце? Ачмурэння едкі дым! (Дудз.; 80).

Усвядоміць сваё шчасце можа толькі той чалавек, які некалі перажываў няшчасце, гора. Такім чынам, можна выдзеліць сітуацыю кантрасту, згодна з якой шчасце магчыма толькі тады, калі яму папярэднічаюць супрацьлеглыя абставіны:

За радасцю часта прыходзіць бяда (Бар.: 168);

Шчасліваму і гора дапаможа (Бар.; 72);

Ён табою шчаслівы і табою балючы (Карж.; 69);

Ён быў тады маёй пакутай, ён стаў шчаслівым забыццём (Бар.; 144);

Шчасце штукуе між намі бяду (Д. Б-Загн.; 164).

Прааналізаваны матэрыял сведчыць, што ў народнай свядомасці бытуе думка пра нежаданне чалавека, які адчувае сябе шчаслівым, расказваць пра свой стан, “хваліцца”. Наадварот, такі чалавек імкнецца “схаваць” свае пачуцці. Частотныя прыклады ілюструюць вышэйназваную думку:

Толькі свой погляд шчаслівы ты ўсё-ткі прыхавай (Карж.; 117);

Як патрабуе этыкет адводжу позірк сарамлівы (Бар.; 49);

І кожны ціха радуецца ўпотай (Карж.; 140);

Я радасць хаваю ў дароных рамонках (Дудз.; 92);

Тут не хваляцца шчасцем: як жывецца жывуць (Ян.; 5);

Прыкрыю твар шчаслівы рукавом, каб вам безабароннасці не выдаць (Бар.; 137).

З пункту погляду грамадства, чалавеку, які цалкам задаволены жыццём, шчаслівы, спачуваць у чым-небудзь не варта: Для шчасных гэта добры знак – без спачування жыць (Рубл.;96).

Выразная думка пра тое, што чалавек здольны суб’ектыўна ацэньваць сваё шчасце:

У вялікім сваім дабрабытнейшым шчасці самотнай была жанчына (Рубл.; 99);

Нават самая ў свеце шчасліўка на самотных вачах у нябыт адыходзіць (Ян.; 47);

Пры сонцы можна быць дажджу, пры шчасці поўным – нешчаслівай (Бар.; 90).

Прааналізаваны матэрыял сведчыць пра тое, што крыніца шчасця залежыць ад тыпу асобы чалавека, яго характару і тэмпераменту. Часта гэтая крыніца змяняецца з узростам, калі юнацкі максімалізм змяняецца мінімалізмам шчасця:

Запозна радасць, як даспелы яблык (Ян.; 89);

Напэўна, шчасце ў мяне не па ўзросце (Ян.; 74);

Сталае шчасце, што табе трэба, каб прыжылося і не пакідала?(Ян.; 74);

Маладое трывожнае шчасце, недапітая радасць да дна (Бар.; 39).

Трэба зазначыць, што меркаванні адносна вытокаў шчасця падзяляюцца на тры групы: першая разглядае шчасце як дадзенае чалавеку, а значыць, яго крыніца знаходзіцца па-за межамі чалавечай дасягальнасці – ён не можа паўплываць на з’яўленне або страту шчасця.

Другое меркаванне сцвярджае: шчасце чалавека знаходзіцца ў ім самім. Шчасце – сістэма ўстановак, яно залежыць ад жыцця і жаданняў самога чалавека.

Трэцяя група поглядаў падтрымлівае думкі пра тое, што чалавек не здольны ўсвядоміць сваё шчасце і прасачыць за часам яго з’яўлення і страты.

ВЫВАДЫ

Падагульняючы вынікі, трэба звярнуць увагу на тое, што лексема “шчасце” можа ўжывацца ў функцыі прэдыката, які кіруе аб’ектнай залежнай часткай: “шчасце, (што/калі)…”, якая, акрамя станоўчай ацэнкі, сцвярджае адмоўную адзнаку адпаведнай супрацьлеглай падзеі: “калі б гэтага не адбылося, было б дрэнна”; прыметнік “шчаслівы” можа выступаць у складзе інфінітыва “быць шчаслівым”; вельмі часта сустракаецца зварот з лексемай “лёс” (“дзякаваць + каму”), які мае значэнне ‘быць удзячным за ўдалы зыход падзей. У моўнай свядомасці замацаваліся сімвалы, што паказваюць на наяўнасць (або адсутнасць) шчасця. Яны могуць быць як агульнавядомымі, так і індывідуальна-аўтарскімі.

Можна канстатаваць вялікую колькасць разнастайных вобразаў, звязаных са шчасцем. Вобразы шчасця могуць мець характар агульнавядомых і зразумелых (прыпадабненне да вадкасці, персаніфікацыя шчасця, прыпадабненне да святла і паветра, вобразы, звязаныя з грашыма і дабрабытам у цэлым, звязаныя з сям’ёй і дзецьмі), а таксама індывідуальна-аўтарскіх наватвораў, якія не сустракаюцца ў бытавых зносінах і апісаннях шчасця (параўнанне шчасця з птушкамі і жывёламі, прыроднымі з’явамі, ежай і харчаваннем, шляхам і дарогай, зачыненымі дзвярыма).

Канцэпцыі адносна вытокаў шчасця падзяляюцца на тры групы: першая разглядае шчасце як дадзенае чалавеку, а значыць, яго крыніца знаходзіцца па-за межамі чалавечай дасягальнасці – ён не можа паўплываць на з’яўленне або страту шчасця.

Другая канцэпцыя лічыць, што шчасце чалавека знаходзіцца ў ім самім. Шчасце – сістэма ўстановак, яно залежыць ад жыцця і жаданняў самога чалавека. Частотныя прыклады даюць падставу сцвярджаць існаванне погляду на шчасце як на нешта несапраўднае, ілюзорнае, якое вельмі рэдка сустракаецца на жыццёвым шляху.

Можна выдзеліць сітуацыю кантрасту, згодна з якой шчасце магчыма толькі тады, калі яму папярэднічаюць супрацьлеглыя абставіны (гора, няшчасце, пакуты).

Трэцяя група поглядаў падтрымлівае думкі пра тое, што чалавек не здольны ўсвядоміць сваё шчасце і прасачыць за часам яго з’яўлення і страты.


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Прааналізаваўшы адпаведную лінгвістычную літаратуру і творы сучасных беларускіх паэтак, можна зрабіць наступныя падагульненні.

Лінгвакультурны канцэпт шчасце выступае семантычным утварэннем высокай ступені абстрактнасці, якое перадае ўяўленне пра тыя сэнсы, якімі аперыруе чалавек у працэсе мыслення і якія адлюстроўваюць змест вопыту, ведаў і вынікаў усёй чалавечай дзейнасці і працэсаў пазнання свету.

Часцей за ўсё прадстаўніцтва канцэпту ў мове прыпісваецца слову, а само слова атрымлівае статус імя канцэпта – моўнага знака, які перадае змест паняцця найбольш поўна і адэкватна. Аднак канцэпт, як правіла, суадносіцца больш чым з адной лексічнай адзінкай. Такім чынам, адметнасцю канцэпту з’яўляецца яго суаднесенасць з планам выражэння ўсёй сукупнасці разнародных сінанімічных (уласна лексічных, фразеалагічных і афарыстычных) сродкаў, якія апісваюць яго ў мове.

У якасці рабочага азначэння канцэпту мы прынялі варыянт, прапанаваны прафесарам Маславай В.А. Адпаведна канцэпт – аператыўная змястоўная адзінка памяці, ментальнага лексікону, канцэптуальнай сістэмы мовы і мозга, усёй карціны свету, адлюстраванай ў чалавечай псіхіцы.

Калі гаварыць аб прэзентацыі лексемы шчасце ў лексікаграфічных працах, то трэба адзначыць такія яго спецыфічныя значэнні, як шанцаванне, пры якім спрыяльна складаюцца жыццёвыя абставіны, стан поўнага задавальнення сваім жыццём, лёсам.

Шчасцем таксама называюць задаволенасць чалавека сваім уласным жыццём, гармонію яго з прыродай, соцыумам.

Сэнсавымі замяшчальнікамі шчасця выступаюць таксама адзінкі ўдача, поспех, лёс, доля, дабро, шанцаванне.

Амаль усе тэорыі псіхалогіі і этыкі пагаджаюцца і пацвярджаюць думку пра тое, што шчасце як катэгорыя эмоцый суадносіцца і мяжуе з супрацьлеглай ёй катэгорыяй няшчасця і пакут. Фактычна само існаванне шчасця абумоўлена яго катэгорыяй – антыподам. Такую думку не паздзяляе толькі філасофія, якая ўспрымае шчасце як гранічна высокую, недасягальную катэгорыю, якая не мае супрацьпастаўлення.

Уяўленні пра шчасце заўсёды афарбаваныя культурнай спецыфікай і залежаць ад тыпу цывілізацыі, а ў плане моўнага выражэння ідэя шчасця характарызуецца дастаткова высокай ступенню “семіятычнай насычанасці”: яна перадаецца вялікай колькасцю сінонімаў, мастацкіх вобразаў.

Шчасце заўсёды праяўляецца ў радасці. Радасць і шчасце як душэўныя станы вельмі блізкія. Аднак шчасце не проста эмацыянальна больш насычаная і расцягнутая ў часе радасць. У шчасці знаходзіцца ўсведамленне годнасці жыцця. Трэба таксама адзначыць, што даследчыкі, уключаючы адзінкі “шчасце, радасць” у адзін сінанімічны рад, размяжоўваюць іх паводле адценняў значэнняў.

Спецыфіка канцэпту шчасце выяўляецца ў спалучэннях назоўнікаў і прыметнікаў з лексемай шчасце, у якіх выразная тэндэнцыя да ўжывання слоў (як прыметнікаў, так і назоўнікаў), якія паказваюць на гранічна высокую ступень праяўлення шчасця. Лексема шчасце спалучаецца з не толькі з прыметнікамі з прасторавым і часавым значэннямі, псіхаэмацыянальнага стану, але і з назоўнікамі, што маюць такія ж лексічныя значэнні.

У лексічным акружэнні даследаваных адзінак запатрабаваныя назоўнікі, якія перадаюць пачуцці і перажыванні, акустычныя і смакавыя асацыяцыі.

Лексемы лёс, доля, шчасце, радасць частотна спалучаюцца з дзеясловамі цяперашняга, будучага і прошлага часу. Часцей за ўсё прадстаўлены словазлучэнні з дзеясловамі прошлага і будучага часу, што сведчыць пра магчымасць усведамлення чалавекам свайго мінулага эмацыянальнага стану або пра жаданне перажываць гэты стан у будучым. Толькі ¼ словазлучэнняў з дзеясловамі часу прадстаўлена формамі цяперашняга часу, што гаворыць пра немагчымасць чалавека спасцігаць, асэнсоўваць сваё шчасце непасрэдна ў момант яго перажывання.

Лексемы лёс, доля, шчасце могуць выступаць як аб’ект (81% ад агульнай колькасці) або як суб’ект дзеяння (19%). Такі факт пацвярджае думку пра тое, што лёс можа ўплываць на чалавека, але і чалавек сам можа мадэляваць сваё жыццё.

Вялікая колькасць дзеясловаў волевыяўлення ў семантычным акружэнні канцэпту шчасце сведчыць пра значнасць для чалавека гэтага паняцця, пастаяннае імкненне да шчасця.

Лексічнае акружэнне канцэпту шчасце прадстаўлена вялікай колькасцю займеннікаў. Трэба адзначыць, што з разгледжанымі лексемамі суадносяцца займеннікі ўсіх разрадаў.

Лексема “шчасце” можа ўжывацца ў функцыі прэдыката, які кіруе аб’ектнай залежнай часткай: “шчасце, (што/калі)…”, якая, акрамя станоўчай ацэнкі, сцвярджае таксама адмоўную адзнаку адпаведнай супрацьлеглай падзеі: “калі б гэтага не адбылося, было б дрэнна”; прыметнік “шчаслівы” можа ўжывацца ў складзе інфінітыва, “быць шчаслівым”; вельмі часта сустракаецца зварот, з лексемай “лёс” (“дзякаваць +каму”), які мае значэнне ‘быць удзячным за ўдалы зыход падзей. У моўнай свядомасці замацаваліся сімвалы, што паказваюць на наяўнасць (або адсутнасць) шчасця. Яны могуць быць як агульнавядомымі, так і індывідуальна-аўтарскімі.

Прааналізаваны матэрыял дае падставу сцвярджаць разнастайнасць вобразаў, звязаных са шчасцем. Вобразы шчасця могуць мець характар агульнавядомых і зразумелых (прыпадабненне да вадкасці, персаніфікацыя шчасця, прыпадабненне да святла і паветра, вобразы, звязаныя з грашыма і дабрабытам у цэлым), а таксама індывідуальна-аўтарскіх наватвораў, якія не сустракаюцца ў бытавых зносінах і апісаннях шчасця (параўнанне шчасця з птушкамі і жывёламі, ежай і харчаваннем, шляхам і дарогай).

Паэтычныя меркаванні адносна вытокаў шчасця, падзяляюцца на тры асноўныя групы. Першая разглядае шчасце як дадзенае чалавеку, а значыць, крыніца згаданай катэгорыі эмоцый знаходзіцца па-за межамі чалавечай дасягальнасці – ён не можа паўплываць на з’яўленне або страту шчасця.

Другое меркаванне сцвярджае: шчасце чалавека знаходзіцца ў ім самім. Шчасце – сістэма ўстановак, яно залежыць ад жыцця і жаданняў самога чалавека.

Частотныя прыклады даюць падставу сцвярджаць існаванне погляду на шчасце як на нешта несапраўднае, ілюзорнае, якое вельмі рэдка сустракаецца на жыццёвым шляху.

Можна выдзеліць сітуацыю кантрасту, згодна з якой шчасце магчыма толькі тады, калі яму папярэднічаюць супрацьлеглыя абставіны (гора, няшчасце, пакуты).

Трэцяя група поглядаў прытрымліваецца думкі пра тое, што чалавек не здольны ўсвядоміць сваё шчасце і прасачыць за крыніцай яго з’яўлення.


СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

 

1. Аргайл М. Психология счастья. М., 1990. – 271 с.

2.  Арутюнова Н.Д. К проблеме функциональных типов лексического значения. // Аспекты семантических исследований. – М., - 1980. – С.32-37.

3.  Арутюнова Н.Д. Номинация, референция, значение. // Языковая номинация. Общие вопросы. – М., - 1977. – С. 206.

4.  Бендетович Г.Б. Лингвометодические аспекты категоризации // Язык как система коммуникативных операций: сб. науч. статей. – Мн. – 2004. – С. 6-9.

5.  Бреслав Г.М. Психология эмоций. – М.: Смысл, 2004. – 544 с.

6.  Вепрева И.Т. Метаязыковой комментарий в современной публицистике // Известия Академии Наук. Серия литературы и языка. – 2002. - №6. – С. 12 – 21.

7.  Воркачев С.Г. Дискурсная вариативность лингвоконцепта // Известия РАН. Серия литературы и языка. – 2005. – Т.64. - №4. – С. 46-55.

8.  Воркачев С.Г. Концепт счастья: понятийный и образный компоненты // Известия АН. Серия литературы и языка. – 2001. – Т.60. - №6. – С.47 – 58.

9.  Воркачев С.Г. Лингвокультурология, языковая личность, концепт: становление антропоцентричной парадигмы в языкознании // Филологические науки. - 2001. - №1. – С. 64-71.

10.  Гаўрош Н. Вобразнае азначэнне ў мастацкіх тэкстах. Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы. Вучэбны дапаможнік. – Мн., 1986, - 98 с.

11.  Гачев Г.Д. Национальные образы мира. Космо-психо-логос. – М., - 1995. – 215 с.

12.  Гусейнов А.А., Апресян Р.Г. Этика: Учебник. – М.: Гардарики, 2002. – 442 с.

13.  Демидов Д.Б. Феномены человеческого бытия. – Мн.: Экономпресс, - 1999. – 180 с.

14.  Джидарьян И.А. Представления о счастье в русском менталитете // Психологический журнал. – 1997. – Т.18. - №3. – С.13 – 25.

15.  Донецких Л.И. Слово и мысль в художественном тексте. – Кишинёв, “Ситинца”, 1990, - 164 с.

16.  Карпов В.А. Сквозь призму концептов // Веснік ВДУ. – 2005. - №4. – С. 160.

17.  Конан У. Архетыпы нашай культуры. // Адукацыя і выхаванне. – 1996. - №1. – С.6 – 9.

18.  Конан В. Народ в координатах культуры. // Нёман. – 1995. - №2. – С. 13 – 15.

19.  Кошелев А.Д. О концептуальных значениях приставки О-/ОБ- // Вопр. языкознания. – 2004 - №4. – С. 68-101.

20.  Красных В.В. От концепта к тексту и обратно // Вестник МГУ, сер. 9. Филология. – 1998. - №1. – С.34- 40.

21.  Кураш С.Б. Комперативные тропы как объект исследования в когнитивном и культурологическом аспектах // Русистика и белорусистика на рубеже веков. Вклад белорусских лингвистов, уроженцев Могилёвщины, в науку: Тезисы докладов международных научных чтений Международной научной конференции «Проблема истории и культуры Верхнего Поднепровья», - 25-26 октября 2001 г. / Под ред. Т.Г. Михальчук. – Могилёв.: МГУ им. А.А.Кулешова. – 2001. – 168 с., С. 121-122.

22.  Лихачев Д.С. Концептосфера русского языка // Русская словесность: Антология. – М.: Academia,- 1997. – С. 28 – 37.

23.  Маслова В.А. Когнитивная лингвистика: Учебное пособие / В.А. Маслова. – Мн.: ТетраСистемс, 2004. – 256 с.

24.  Маслова В.А. Поэт и культура: концептосфера Марины Цветаевой. – М.: Флинта, Наука, 2004. – 256 с.

25.  Маслова В.А. Поэтический текст как объект анализа // Русистика и белорусистика на рубеже веков. Вклад белорусских лингвистов, уроженцев Могилёвщины, в науку: Тезисы докладов международных научных чтений Международной научной конференции «Проблема истории и культуры Верхнего Поднепровья», - 25-26 октября 2001 г. / Под ред. Т.Г. Михальчук. – Могилёв.: МГУ им. А.А.Кулешова. – 2001. – 168 с., С. 3-5.

26.  Новаковска-Кемпна И. Категория чувства в когнитивном языкознании // Психологическая служба. – 2004. - №6. – С.5 – 12.

27.  Паршина О.Н. Концепт «чужой» в реализации тактики дистанцирования (на материале политического дискурса) // Филол. науки. – 2004. - №3. – С. 85-94.

28.  Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. – Мн.: Інтэрпрэссервіс, Кніжны Дом. – 2003. – 672 с.

29.  Прокофьев В.Ю. Концепт «Москва» в поэзии // Вестник Самарского государственного ун-та. – 2004. - №1. – С. 170 – 171.

30.  Рубинштейн С.Л. Проблемы общей психологии. – М., 1976. – 365 с.

31.  Русецкий В.Ф. Ключ к слову: Беседы о языке художественной литературы: Пособие для учителей. – Мн.: Экоперспектива, 2000. – 128 с.

32.  Русский язык: проблема художественной речи: лексикология и лексикография. – М., “Наука”, 1981. - 199 с.

33.  Телия В.Н. К проблеме связанного значения слова: гипотезы, факты, перспективы // Язык - система, язык – способность. – М., - 1995. – С. 25-36.

34.  Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Больш за 65 000 слоў / Пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко – Мн.: БелЭн, 1996. – 786 с.

35.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т. Т.5. Кн. 2. У-Я / [Рэд. тома М. Р. Суднік]. – Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984. – 608 с.

36.  Уфимцева А.А. Роль лексики в познании человеком действительности и в формировании языковой картины мира. – М., - 1988. – 187 с.

37.  Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: В. 4-х т. Т.3 – М.: Прогресс. - 1971. – 827 с.

38.  Фрумкина Р.М. Концептуальный анализ с точки зрения лингвиста и психолога // Научно-техническая информация, - 1992. – Серия 2. - №3. – С. 3 – 29.

39.  Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. - Мн.: Выдавецтва БДУ. – 1981. – 144 с.

40.  Черепанов М.В. Смысловая структура концептов “свет” и “тьма” и ее языковое выражение // Известия Саратовского ун-та. Нов. Серия. – 2003. – Т. 3. - №2. – С. 116-121.

41.  Шчэрбін В.К. Спалучальнасць слова. // Беларуская мова. Энцыклапедыя. – Мн., 1994. – С. 194.

42.  Юрэвіч А. Л. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. – Мн.: Выдавецтва Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальнай адукацыі БССР. – 1962. – 246 с.


КРЫНІЦЫ

1.  Багдановіч І. Чаравікі маленства: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1985. – 62 с.

2.  Гудкова М. Уголас: кн. паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1995. – 174 с.

3.  Данільчык А. Абрыс Скарпіёна: Вершы– Мн.: Маст. літ., 1996. – 79 с.

4.  Дудзюк З. Так і не: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 189 с.

5.  Канапелька А. Летазлічэнне: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1999. – 127 с.

6.  Каржанеўская Г. Вечны водгук: вершы і паэма. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 158 с.

7.  Каржанеўская Г. Званы гадоў: Зборнік паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1980. – 112 с.

8.  Лось Е. Лірыка ліпеня. Вершы і паэмы. – Мн.: Маст. літ., 1977. – 149 с.

9.  Рублеўская Л. Замак месячнага сяйва: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1992. – 126 с.

10.  Русілка В. Ажына: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 2004. – 70 с.

11.  Сом Л. Адзінокая зорка: Вершы і песні. – Мн.: Маст. літ., 1996. – 86 с.

12.  Тварановіч-Сеўрук Г. Ускраек тысячагоддзя: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1996. – 143 с.

13.  Янішчыц Я. На беразе пляча: Лірыка. – Мн.: Маст. літ., 1980. – 96 с.


ДАДАТАК

 

Табліца. Вербальныя рэалізацыі канцэпта “шчасце”

Колькасць лексем Лексема Рэалізацыя лексемы ў кантэксце

1

5

19

5

1

36

54

390

4

Пашэнціць

Удача

Радасць

Рады

Радасны

Доля

Лёс

Шчасце

Няшчасце

Пашэнціла – пазбег скаварады

А хто займеў такую вось ўдачу; лягуць шчыльна журба і ўдача; плачу за горкую ўдачу расянай кропелькай віна; выпырхне вясёлкаю ўдача; на шлях няроўны азірнуся і на ўдачу мімаходзь.

У гэтай кватэры, на радасць, ёсць боль, што завецца зямлёй; з дрыготкай радасцю бяссоннай; як называюцца слёзы? Святлынь, радасць, гаркота; струна душы, падобная на ўскрык, перажагнала радасць і гаркоту; я пражыву між радасцей і страт; прошлай радасці званец; ты адыходзіш святочна і проста, забіраеш радасць і сон; і кожны дзень – гарачы вырай здзіўленняў, радасцяў, клапот; запозна радасць, як даспелы яблык; вялікія тут перамены збыліся на радасць жыцця; скупы на радасць дзед той быў; дзякуй, служанка-дарога за крохкую радасць хвілін; як не стае мне адзінай рукі, у якой мая радасць і сіла; будзе радасць і туга; лета радасці за руку вядзе; і радасць гэтак лёгка спудзіць; наклічу радасць выпадкова.

Як многа ў мяне людзей, што рады майму спяванню; я рада, што праз груд гадоў не развучылася смяяцца; ды й мы таксама рады; ціха радуецца ўпотай;

Чую сэрцам: забаронены мне твой радасны палон.

Сваю мо долю дарагую ўбачыць; імкнешся долю ўзварушыць; доля, што жыве на небе сёмым; над спаленай доляй стаіць; за лепшай доляй; блаславілі і долю саткалі; а сцежкі наша доля не мыляе; так песня – долю нараджае; між пакутай і доляй паміж; мы сцежку выбралі сабе як долю; іншай долі не даўмецца; хіба я гэткай малілася долі; не размяняць ні сцежкі і ні долі; яшчэ з табой мы павяснуем, доля; а доля, як вайна; не бойся скрухі, песенная доля; долі мне не абхітрыць; доля мая – нібы гронка любові; такую мажлівасць нам доля дала; яшчэ шкадуе доля нас; і над нашай агульнаю доляй сапсаваны гадзіннік вісіць; ах, Беларусь, мая ты доля; у нядолі ўзгадавала; долі сівой не тоячы; доля нас вітала; быццам змрок расхінае святлістая доля сама; шлях маёй споўненай долі; дзе наша доля; толькі днець пачало над доляй; душа раскрыжавана, у змроку доля; мне праніклівасць доля дала; каму ж пакоры доля не дала; хто долі просіць.

Лёсу прамяністага не міне; на лёс свой запаветны малюся; я так цяпер удзячна лёсу за міг жыцця, за сэнс жыцця; многае мне лёс падарыў; лёсам мне дадзена многа; лёс мой высакосны; на кім паставіў кропку лёс; у паэтаў не скваплівы лёс; о дай апомніцца ёй, лёс; выбухне лёс; выпаў лёс быць мужнай; лёсу пятачок; упляліся ў ваш балесны лёс шыпы і ружы; о не пра свой, пра песні лёс; твой і мой нястомны дзень і лёс; хай струны дзён уславяць лёс пяра; вазьму свой лёс і перайначу; на шчасце ім лёс прыбярог; лёс мой вясковы; не нараку на лёс; лёс захапляючы і горкі; лёс асабісты; быць лёсам хацела тваім; не абдзялі ж яе шчасцем, лёс; злому лёсу не верце; адбіўся твой глыбінны лёс; пра лёс з ёй размаўляю; скошан лёс; паміж двух непрыкаяных лёсаў; такі нам выпаў лёс – суцэльнае чаканне; жоўты сцелецца агонь пад колы лёсу; думкамі абменьваемся, лёсамі; вось думнік-лёс; як лёс праз сівізну тваіх гадоў дыханне; лёсу насмешка; прайшоў, як лёс; прынёс цябе не лёс, а памяць; стаіць незалежна, як лёс; высокі лёс; у самым цэнтры драматычных лёсаў; як жорстка лёс кіруе мной; прыватны лёс; кінуць лёс на лязо нажа; наш лёс нашых коней запрог; абмінуў непапраўны лёс; Даўгавы лёсам ісці; лёс перамог; звязаны снопікам нашыя лёсы; дзякуй лёсу, брат; дзякуй лёсу ёсць Азёрны край; спаслаў жа шчаслівую муку мне лёс.

Шчасця замала ў ціхай кватэры, слёзы шчасця, падкова шчасця, высокае шчасце здабыта, жорсткае шчасце, не просіш шчасця, з гарчынкай шчасця, трымціць душа на гольцы шчасця, шчасця не займала, чужога шчасця кропля, шчасцем сагрэта, шчасця замала, засвеціць шчасця месяц, да шчасця зусім недалёка, варожыць пра шчасце, шчасце крохкае лілею, шчасце не па ўзросту, на шчасце колас дай, на шчасце правы, маю трохі шчасця, хваліцца шчасцем, кароткі, як шчасце, на шчасце прыбярог, як на шчасцейка, сонечны зайчык шчасця, неабдымнае шчасце, не маю шчасця, не зычыць шчасця, жыць адзіным шчасцем і каханнем, шлях да шчасця, шчасце злічана часам, свет ад шчасця не заслонены, задрамала шчасце, дабрабытнейшае шчасце, наша шчасце падае, прыдзе шчасце к сіраціне, не аслабнуць у шчасці, з шчасцем парадніць, на донейку шчасця, сляза ад шчасця бяжыць, шчасце з дробнаю слязой, гордае шчасцейка, голас ад шчасця звонкі, шчасця шукаць, дай мне шчасцейка, набытак шчасця, вогненнае шчасце, прабілася шчасце, ад шчасця лекаў я не знаю, глыток шчасця, шчасця твайго не парушу, камарынае шчасце, песня пра шчасце, хай нам паслужыць шчасце, быліна шчасця, адбітак шчасця, шчасце уявіла, непрыгожае шчасце, шчасце адабраў, у марах да шчасця, сустрэнеш шчасце, не абдзялі шчасцем, шчасцем узняло, далёкае шчасце, з прадчуваннем шчасця, шчасце мацярынства, шчасце не коштуе, крычалі пра шчасце, шчасця не выкрасці, жадаю шчасця, дапаможа ў шчасці, чыстае шчасце, поўняцца шчасцем імгненні, шчасце здалося посным, вечнае шчасце, шчасце зямное, даўнім шчасцем баліць.

Маё няшчасце сталася, кожны сам сабе няшчасце напрарочыць, няшчасце лягло, вяршыліся няшчасці.


Информация о работе «Канцэпт "шчасце" у мове сучаснай беларускай паэзіі»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 90691
Количество таблиц: 1
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
69683
0
0

... -най мадэлі паэзія адышоўшага з жыцця М. Багдановіча, што стала ў 2-й палове 20-х гадоў метадалагічным арыенцірам для платформы згуртавання «Узвышша». 3 другога боку, паэзія 20-х гадоў была пазначана відавочнымі рысамі афіцыёзнага авангардызму, звязанага найперш з устаноў-кай на стварэнне новага мастацтва пад уплывам рэвалюцыйна-пралетарскага светабачання і класавай ідэалогіі. Культ рэвалю-цыйных ...

Скачать
91899
0
0

... і розных аспектаў праяўленняў салярнага культу часам супадаюць паміж сабой, часам аказваюцца цалкам супрацьлеглымі. 3. Міфалагема Сонца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету славян   У старажытных славян сонца ўяўлялася ў антрапаморфным выглядзе, персаніфікавалася (як і месяц). М. І. Талстой адзначыў таксама наяўнасць у славянскай міфалогіі ўспрыняцця сонца і месяца ў зааморфных абліччах. ...

0 комментариев


Наверх