18.3 Сувязь слоў у сказе
Сказ – больш складаная сінтаксічная адзінка, чым словазлучэнне, а таму і сінтаксічная сувязь слоў у сказе таксама больш складаная і разнастайная.
Існуюць наступныя віды сувязі слоў у сказе: каардынацыя, падпарадкаванне і злучэнне. Выказнік у сказе граматычна і па сэнсу звязаны з дзейнікам, каардынуе з ім свае формы, г. зн. поўнасцю або часткова прыпадабняецца да яго. Такая сувязь носіць назву каардынацыі. Пры каардынацыі формы асобы, ліку, а ў прошлым часе і роду дзеяслова-выказніка ці дзеяслоўнай звязкі дыктуюцца назоўнікам (займеннікам), што выступае ў ролі дзейніка: Дождж ідзе. Ты адпачываеш; Яна вяжа; Лета было цёплае. У сваю чаргу дзеяслоў-выказнік (ці дзеяслоў-звязка) патрабуе ад назоўніка (займенніка)-дзейніка назоўнага склону. Такім чынам, дзейнік і выказнік залежаць адзін ад аднаго, паміж імі існуе ўзаеманакіраваная сувязь. Схематычна гэту сувязь можна паказаць наступным чынам: Дождж↔ідзе. Сэнсавыя пытанні можна ставіць ад дзейніка да выказніка і наадварот.
Выказнік можа дапасавацца да дзейніка:
у родзе і ліку: ён ішоў; яна ішла; яны ішлі;
у ліку: лес шуміць; дзеці вучацца;
у родзе, ліку і склоне: Вечар ціхі і цёплы;
у ліку і склоне: сястра — тэрапеўт-стаматолаг;
у склоне: Будаўнікі— ганаровая прафесія.
Выказнік можа быць недапасаваным: А тут слёзы кап-кап; Сцены з новых плашак і нават з мохам. Ёсць сказы, у якіх у ролі галоўнага члена выступае або толькі дзейнік: Летняя раніца, або толькі выказнік: Развідневае. Такі галоўны член адзін складае структурную аснову сказа.
Падпарадкаванне — гэта сувязь граматычна нераўнапраўных слоў (галоўнага і залежнага). На падпарадкавальнай сувязі грунтуюцца словазлучэнні.
У сказе можа быць злучальная сувязь. Злучэнне – гэта сувязь, калі звязваюцца раўнапраўныя, незалежныя адно ад другога словы (аднародныя члены): Па-вясноваму молада і па-святочнаму ўрачыста выглядае сёння наш працавіты Мінск.
Адрозніваюць тры віды падпарадкавальнай сувязі слоў у сказе: дапасаванне, кіраванне і прымыканне.
Дапасаванне – такая сувязь слоў у сказе, пры якой залежнае слова ставіцца ў тым ліку, родзе, склоне або асобе, што і галоўнае: белая ружа, летні дзень.
Кіраванне – такая сувязь, пры якой галоўнае слова патрабуе, каб залежнае стаяла ў пэўным ускосным склоне: пішу ручкай (творны склон), чытаю раман (вінавальны склон).
Прымыканне – такая сувязь, пры якой залежнае слова звязваецца з галоўным толькі па сэнсу. Прымыкаць да галоўнага слова ў спалучэнні могуць нязменныя словы: прыслоўі (размаўлялі весела), дзеепрыслоўі (ішоў не спяшаючыся) і неазначальная форма дзеяслова (пачынала цямнець, прыйшлося расказаць).
Калі залежным выступае нязменнае слова, граматычная сувязь афармляецца без удзелу канчаткаў.
18.4 Віды сказаў
Віды сказаў па мэце выказвання
Апавядальныя:
Грамадка дужых дубоў, стаўшы родным паўколам, вартуе леснікову сядзібу.
Пытальныя:
Ці не казку лес складае?
Пабуджальныя:
Каб мне вучыліся старанна!
Віды сказаў па інтанацыі
Клічныя – апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя сказы з ярка выражанай клічнай інтанацыяй, эмацыянальнай афарбоўкай.
Як прыемна пахне збожжа!
Клічныя сказы афармляюцца з дапамогай:
1. клічнай інтанацыі
Гарачы дзень!
2. выклічнікаў
Эх, спека, спёка!
А прохладзь вечара далёк.
3. эмацыянальных часціц
Хай святло навукі яснай заблішчыць, як сонца ўсход.
Пытальна-клічныя сказы – выражаюць здзіўленне, захапленне, расчараванне:
Навошта сэрца я параніў чарнявым поглядам вачэй?!
Памятайце:
- кропка не ставіцца пасля сказаў-загалоўкаў
- шматкроп’е ставіцца для абазначэння незакончанасці думкі
18.5 Тыпы сказаў паводле структуры
Па колькасці граматычных асноў:
1. простыя (адна граматычная аснова):
Вясна прыносіла заўсёды свой мікраклімат.
2. складаныя (некалькі граматычных асноў):
Зазвіняць жалобна крыгі, і бурлівая вада снег размоклы у час адлігі, змые з лугу без сляда.
Па будове граматычнай асновы:
1. двухсастаўныя (дзейнік + выказнік):
Чалавечую душу жывіць памяць.
2. аднасастаўныя (з адным галоўным членам сказа):
Салаўя песнямі не кормяць.
Па наяўнасці даданых членаў сказа:
1. развітыя (пры наяўнасці даданых членаў сказа):
Сонца прыгравала ўсё мацней і мацней.
2. неразвітыя (даданыя члены сказа адсутнічаюць):
Сонца прыгравала.
Па наяўнасці ўсіх членаў сказа, неабходных для разумення сэнсу:
1. поўныя (усе члены сказа):
Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе.
2. няпоўныя (апушчаны асобныя галоўныя ці даданыя члены сказа):
Розныя пісьмы бываюць. Чытаючы адны, людзі радуюцца; чытаючы другія – бядуюць.
§ 19. Знакі прыпынку ў канцы сказа
19.1 Кропка
Кропка ставіцца:
у канцы апавядальнага сказа, які вызначаецца граматычнай, інтанацыйнай і сэнсавай закончанасцю: Палі збажынаю шумяць;
у канцы пабуджальных сказаў, калі яны не маюць яркай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі: Ніколі не спыняйцеся на паўдарозе;
у канцы сказаў, якія маюць клічную або пытальную форму, але ўжываюцца з апавядальнай інтанацыяй: Люба глянуць на поле вясною;
перад далучальнымі злучнікамі, якія пачынаюць новы самастойны сказ: Нельга варушыцца. Бо можна спалохаць выдру. I знікне паляўнічае шчасце;
пасля асобных слоў і спалучэнняў у разгорнутым паведамленні з мэтай падкрэсліць іх значэнне і надаць ім функцыю самастойнага сказа: Па мяккай раллі роўным ланцужком ішло чалавек дваццаць сейбітаў. Без шапак, у чыстых палатняных кашулях;
у канцы асобных пунктаў рэзалюцый, пастаноў і г. д., асабліва калі гэтыя пункты маюць лічбавую нумарацыю, а змешчаныя ў іх паведамленні з'яўляюцца адносна самастойнымі і ужываюцца са сваімі знакамі прыпынку.
На парадку дня сходу маладзёжнай брыгады стаялі наступныя пытанні:
1. Удзел моладзі ў падрыхтоўцы да веснавой сяўбы.
2. Паведамленне аб ходзе выканання асобных мера- прыемстваў, принятых на агульным сходзе працаўнікоў.
3. Бягучыя справы.
Кропка ставіцца пры скарачэнні слоў, напрыклад: г. — год, руб. — рубель, Калі скарочанае слова стаіць у канцы сказа, то гэта ж кропка адначасова афармляе і канец сказа (другая кропка пры гэтым не ставіцца): Дэлегаты падпольнай канферэнцыі збіраліся ў горадзе Н. Але калі пасля такога сказа знаходзіцца спасылка, то кропка перад ей захоўваецца: Калі пачаўся мітынг, Андрэй тлумачыў Лясніцкаму, хто выступае, да якой ён належыць партыі, якое яго мінулае і г. д.
... ічныя распрацоўкі беларускай мовы пачатку ХХ ст. значна паглыбілі ўяўленне аб яе асаблівасцях у тагачасных навуковых колах і сярод шырокай грамадскасці. Тэма: Вывучэнне гісторыі беларускай мовы ў пачатку ХХ стагоддзя У пачатку ХХ ст. працягвалася публікацыя помнікаў беларускага пісьменства. Старажытныя летапісы, рэлігійныя творы, палемічная літаратура, якая адшуквалася ў розных архівах і кні ...
... распрацоўцы правапісных і граматычных норм беларускай мовы. Пачатак беларусізацыі пасля утварэння БССР Пасля утварэння БССР (1919) пачалася беларусізацыя ўсіх сфер жыцця, з 1924 г. беларуская мова стала дзяржаўнай. У 20-я гады ХХ стагоддзя інтэнсіўна папўняецца новымі словамі слоўнік беларускай мовы, распрацоўваюцца пытанні арфаграфіі і граматыкі, фарміруюцца формы літаратуронага вымаўлення ...
... «Гiсторыя пра Атылу»), перакладнымi хронiкамi («Хронiка» М.Стрыйкоўскага). Пералiчаныя арыгiнальныя i перакладныя творы адлюстроўваюць высокую ступень развiцця старабеларускай лiтаратурнай мовы, багацце i разнастайнасць яе выяўленчых сродкаў. Беларуская мова пранiкае i ў сферу рэлiгiйнай лiтаратуры. У 15ст. на беларускую мову была перакладзена «Песня песням». У 1517-1519гг. беларускi першадрукар, ...
... ), дзеепрыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў прыдатная ім катэгорыя склону цалкам залежыць ад таго назоўніка, з якім яны спалучаюцца. З улікам таго, што ў беларускай мове азначальнае слова звычайна размяшчаецца перад назоўнікам, яно і сігналізуе пра марфалагічныя якасці назоўніка (параўн.: новаму -- давальны склон, адзіночны лік, мужчынскі або ніякі род адпаведнага субстантыва). Асабліва выразна ...
0 комментариев