8 Прыслоўе
Часціна мовы, якая абазначае разнастайныя прыкметы дзеянняў, стану, якасцяў прадмета ў адносінах да дзеяслова (дзеепрыслоўя), прыметніка (дзеепрыметніка) , назоўніка, а таксама і да другога прыслоўя. У параўнанні са словамі іншых знамянальных часцін мовы прыслоўе з'яўляецца найменш граматычным, бо не скланяецца, не спрагаецца, не мае марфалагічных катэгорый роду, ліку, склону, часу, трывання, ладу і інш. Аднак у вялікай групы прыслоўяў, якія адносяцца да разраду якасных, адзначаюцца ступені параўнання і формы суб’ектыўнай ацэнкі, чым выражаецца розная ступень якасці ці ўласцівасці пэўнай прыкметы, што пряўляецца марфалагічна ў формах вышэйшай найвышэйшай ступеняў параўнання.
Вышэйшая ступень параўнання ў сваю чаргу мае простую , ці сінтэтычную форму, якая ўтвараецца пераважна праз далучэнне да асновы зменных прыслоўеў суфікса –ей (-эй), тыпу даўно – даўней, доўга – даўжэй і інш., і складаную, або аналітычную, што ўтвараецца спалучэннем слоў больш, менш з якаснымі прыслоўямі (параўн.: больш проста, менш складана і інш.). Найвышэйшая ступень параўнання таксама мае простую форму, якая ўтвараецца праз далучэнне да формы вышэйшай ступені параўнання прыстаўкі най- (параўн.: найпрыгажэй, найцямней і інш.) і складаную, што ўтвараецца праз спалучэнне слоў найбольш, найменш, а таксама вельмі, надта, надзвычай і інш. з прыслоўямі (параўн.: найбольш рацыянальна, найменш заблытана і інш.). Формы суб’ектыўнай ацэнкі выражаюцца без параўнання з дапамогай ужывальных суфіксаў –еньк- (-аньк-), тыпу хуценька, скоранька і да т..п., і менш ужывальных –утк- (-ютк-), -усеньк- (-юсеньк-), -ечк- (-ачк-), -усенечк- (-юсенечк), -енн- (-энн-), -эрн-, -эзн-(-эразн-), -ават- і інш., якія выкарыстоўваюцца пераважна ў гутарковым маўленні (параўн.: блізютка, ціхусенька, недалёчка, страшэнна, даўжэзна і інш.).
Паводле свайго значэння прыслоўі дзеляцца на якасныя з граматычнымі характарыстыкамі ступеней параўнання і суб’ектыўнай ацэнкі (параўн.: проста – просценька – прасценечка і да т.п.), колькасныя, што выражаюць дзеянне і прыкмету па ступені іх праяўлення (параўн.: багата, крыху і інш.), акалічнасныя, што членяцца на прыслоўі месца (параўн.: блізка, далёка і інш.), часу (параўн.: даўно, заўтра і інш.), прычыны (параўн.: згарача, спрасонку і інш.), мэты (параўн.: знарок, назло і інш.), якасна-акалічнасныя, у якіх сумяшчаецца значэнне якасных і акалічнасных прыслоўяў (параўн.: бягом, па-брацку і інш.).
Па сваёй дэрывацыйнай структуры прыслоўі падзяляюцца на невытворныя (нематываваныя, тыпу куды, дзе і да т.п.) і вытворныя (матываваныя знамянальнымі словамі ўсіх іншых часцін мовы, ад якіх яны паходзяць, тыпу вясной, хутка, утрох, па-мойму і інш.). Прыслоўі, якія непасрэдна абазначаюць прыкметы, адносяцца да знамянальных, а якія толькі ўказваюць на іх – да займеннікавых (параўн.: тут, тады, калі і інш.). Граматычная транспазіцыя прыслоўяў праяўляецца ў тым, што яны даволі шырока могуць выкарыстоўвацца ў значэнні іншых часцін мовы: назоўнікаў (параўн.: залатое учора не вернецца да нас і інш.), прыназоўнікаў (параўн.: хадзіць вакол дома і інш.), часціц (параўн.:Заняткі пачнуцца роўна а другой гадзіны і інш.) , мадальных слоў (параўн.: Безумоўна, мы яшчэ сустрэнемся і інш.), злучнікаў (параўн.: Не ведаў, дзе знаходзіцца і інш.), прэдыкатываў (параўн.: Для мяне гэта даволі рана і інш.). Семантычная транспазіцыя праяўляецца ў выкарыстанні слоў адных тэматычных груп у значэнні іншых, напрыклад, прыслоўі месца могуць ужывацца ў значэнні прыслоўяў часу (параўн.: там, пасля і інш.).
Прыслоўі шырока выкарыстоўваюцца для ўтварэння слоў іншых знамянальных часцін мовы з дапамогай разнастайных афіксаў : назоўнікаў (параўн.: вакол – ваколіца і інш.), займеннікаў (параўн.: чамусьці, па-іхняму, зусім і інш.), прыметнікаў (параўн.: заўтра – заўтрашні і інш.), дзеясловаў (параўн.: даволі – задаволіць і да т.п.), іншых прыслоўяў (параўн.: учора – заўчора і інш.), а таксама незнамянальных слоў. У ролі прыслоўяў выкарыстоўваюцца фразеалагізмы тыпу час ад часу, ні сном ні духам і інш., службовыя часціны мовы ў пэўных кантэкстах (хто за , хто ўстрымаўся, хто супраць і інш.), а таксама неспрагальныя дзеяслоўныя формы тыпу загадзя, нехаця, жартуючы, чуць і інш.
9 Службовыя часціны мовы
Дадзеныя словы характарызуюцца тым, што не маюць намінатыўнага значэння, выкарыстоўваюцца ў мове для сувязі знамянальных слоў, з’яўляюцца граматычна нязменнымі, нешматлікімі, але шырока ўжывальнымі. Да службовых часцін мовы адносяцца прыназоўнікі і злучнікі. Прыназоўнікі выкарыстоўваюцца для падпарадкавальнай сувязі галоўнай і залежнай лексемы ў словазлучэннях, выражаюць разнастайныя сінтаксічныя адносіны, у якіх адлюстроўваюцца пэўныя знешнія сувязі паміж адпаведнымі рэаліямі: прасторавыя (параўн.: выехаць з горада, пайсці ў лес і інш.), часовыя (параўн.: з дня ў дзень, перад навальніцай і інш.) , аб’ектныя (параўн.: стукаць у дзверы, марыць пра волю і інш.), меры і ступені (параўн.: турбот па горла, шчасце без меры і інш.), прыналежнасці (параўн.: гузік ад кашулі, кніга з бібліятэкі і інш.), мэты (параўн.: хадзіць па грыбы, падрыхтаваць да экзаменаў і інш.), прычыны (параўн.: зачырванець ад хвалявання, скакаць ад радасці і інш.), атрыбутыўнасці (параўн.: торт з крэмам, галава без розуму і інш.), спосабу дзеяння (параўн.: адказваць без падрыхтоўкі, працаваць з натхненнем і інш.), кампаратыўныя (параўн.: мацнейшы за мяне, вышэйшы супраць бацькі і інш.) . Назва дадзенага лінгвістычнага тэрміна з’яўляецца матываванай , бо ў беларускай мове словы гэтай непаўназначнай часціны мовы ўжываюцца ў спалучэннях слоў іншых граматычных разрадаў (уключна назоўнікі) іменна з назоўнікам (субстантывам), які граматычна падпарадкоўваецца ім. Прычым кіраваць субстантывам можа кожнае знамянальнае слова пры дапамозе прыназоўніка: дзеяслоў (параўн.: дзякаваць за падарунак і інш.), назоўнік (параўн.: паход па мясцінах і інш.), прыметнік (параўн.: лепшы за нас і інш.), прыслоўе (параўн.: высока над намі і інш.), лічэбнік (параўн.: двое з адной школы і інш.), займеннік (параўн.: я з сябрам і інш.).
Адцягненае значэнне прыназоўнікаў служыць асновай полісеміі многіх з іх (параўн.: выйсці на работу, спадзявацца на поспех, ехаць на аўтобусе, быць на месцы і інш., дзе прыназоўнік на выражае розныя семантыка-граматычныя адносіны паміж паўназначнымі словамі). Высокая частотнасць прыназоўнікаў (у лік першых дзесяці самых ужывальных слоў беларускай мастацкай прозы, паэзіі, а таксама фальклору ўваходзіць чатыры прыназоўнікі у, на, за, а), што служыць прычынай іх многазначнасці. Так у спецыяльным слоўніку прыназоўнікаў для у зафіксавана 57 значэнняў, на -- 47 значэнняў, з -- 38 значэнняў).
Па свайму паходжанню прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя (параўн.: за, без, на, пры, для і інш.) і вытворныя, да якіх адносяцца прыназоўнікі, што генетычны звязаны з іншымі часцінамі мовы, у прыватнасці, з прыслоўямі (параўн.: абапал дарогі, вакол дрэва і інш.), назоўнікамі (параўн.: у час адпачынку, па прычыне гэтага і інш.), дзеясловамі (параўн.: нягледзячы на цяжкасці, дзякуючы табе і інш.). Па вонкавай структуры прыназоўнікі падзяляюцца на простыя (параўн.: для, пры, над і інш.), складаныя (параўн.: па-над, з-за і інш.), састаўныя (параўн.: на чале з, у залежнасці ад і інш.). Прыназоўнікі могуць ужывацца з адным склонам, кіраваць ім : родны склон – ад, без, да, дзеля, для, ля, каля, з-за, з-пад, з-над, заміж, паміма, акрамя, апрача, без, замест, звыш, наконт, накшталт, паводле, падчас, сярод, на працягу, за кошт, на аснове, за выключэннем і інш.; давальны склон – адпаведна, дзякуючы, згодна, к, насустрач, насуперак, паралельна , услед і інш.; вінавальны склон – нягледзячы на, пра, праз, цераз, у адказ на ; творны склон – згодна з , на чале з, па-за, поруч з, разам з, следам за, у сувязі з і інш.
З двума склонамі ўжываюцца прыназоўнікі над, пад, перад (вінавальны і творны), аб, на, пры (вінавальны і месны), паміж (родны і творны), паўз, скрозь (родны і вінавальны), упоперак (родны і давальны). З формамі трох склонаў выкарыстоўваюцца прыназоўнікі з, за, між (родны, вінавальны, творны), па (давальны, вінавальны, месны), у (родны, вінавальны, месны). Многія прыназоўнікі ўступаюць у сінанімічныя адносіны паміж сабой (параўн.: на полі – у полі, пасля вайны – па вайне, пра яе – аб ёй і інш.), могуць ужывацца ў розных варыянтах (параўн.: к – ка, над – нада, з – са, у – ва і інш.).
Злучнік – непаўназначнае службовае слова, якое звязвае лексемы ў сказе, а сказы ў тэксце, выражае паміж імі граматычныя і семантычныя адносіны, выконвае сінтаксічную, арганізацыйную ролю. З улікам менавіта сінтаксічных функцый злучнікі падзяляюцца на злучальныя, што служаць для аб’яднання сінтаксічна раўнапраўных адзінак мовы (слоў, словазлучэнняў, сказаў), падпарадкавальныя, якія выкарыстоўваюцца для сувязі сінтаксічна нераўнапраўных кампанентаў (частак складаназалежнага сказа). Сярод злучальных выдзяляюцца спалучальныя і, ды ( у значэнні і ), як …так, ні …ні, супастаўляльныя , а , аднак, але, ды ( у значэнні але), затое, не толькі … але, размеркавальныя або, ці, або … або, ці … ці і інш. Сярод падпарадкавальных адрозніваюць тлумачальныя (што, як, чым), прычынныя (бо, таму што і інш.), часавыя ( калі, як, пакуль і інш.), умоўныя (каб, калі б, раз і інш,), мэтавыя (для, каб, абы і інш.), выніковыя (дык, то і інш.), уступальныя (хоць, няхай і інш.), параўнальныя (як, чым, нібы і інш.). Злучнікі могуць быць полісемантычнымі, выражаць, напрыклад, і раўнапраўныя адносіны паміж часткамі выказвання, і супастаўляльныя (параўн.: я ды ён ; не я , ды ён і інш.), часовыя і ўмоўныя (параўн.: наведаю, калі буду мець час; калі не дамовімся, будзе кепска і інш.).
З генетычнага пункту гледжання злучнікі падзяляюцца на невытворныя (параўн.: а, і, але, ды і інш.) і вытворныя, што паходзяць ад слоў іншых часцін мовы : займеннікаў (параўн.: што, таму што і інш.), прыслоўяў (параўн.: калі, пакуль, як і інш.), дзеясловаў (параўн.: няхай, хаця і інш.), часціц (параўн.: ці, быццам і інш.). Па сваёй знешняй структуры злучнікі дзеляцца на простыя (параўн.: і, што, каб і інш.) і састаўныя, якія складаюцца з некалькіх слоў (параўн.: таму што , для таго каб і інш.). Па спосабу ўжывання сярод злучнікаў выдзяляюцца адзіночныя (параўн.: а, бо, чым і інш.), парныя ( параўн.: не толькі … але і, калі … то і інш.), паўторныя (параўн.: то … то, ці … ці і інш.). Амонімамі злучнікаў што, калі, чым, як і інш. у складаназалежных сказах выступаюць злучальныя словы, якія выконваюць роль членаў сказа і адносяцца да пэўных знамянальных часцін мовы. Злучнікі могуць быць стылістычна нейтральнымі, ужывацца ва ўсіх сацыяльных функцыях маўлення (параўн.: але, і , калі і інш.), размоўнымі, выкарыстоўвацца пераважна ў вусным маўленні (параўн.: дык, дарма што і інш.), кніжнымі, ужывацца, як правіла, у афіцыйным стылі, пісьмовым тэксце (параўн.: у сувязі з тым што, нягледзячы на тое што і інш.).
Да непаўназначных часцін мовы адносяцца і звязкі, якія маюць дзеяслоўнае паходжанне, выражаюць граматычныя катэгорыі часу, ладу састаўнога выказніка, чым і адрозніваюцца ад іншых службовых слоў. У процілегласць звязкам, што служаць першай часткай састаўнога выказніка, іншыя словы, якія выступаюць у ролі другой часткі састаўнога выказніка, належаць да неспрагальных слоў, суадносяцца з дзейнікам праз звязку, нясуць часта пры гэтым асноўную сэнсавую нагрузку дадзенага члена сказа. Лексічнае значэнне звязак можа захоўвацца па-рознаму, у залежнасці ад чаго яны падзяляюцца на знамянальныя (напрыклад, дзеясловы руху або стану, параўн.: Ён вярнуўся задаволены і інш.), поўзнамянальныя (дзеясловы тыпу стаць, рабіцца, з’яўляцца і інш., параўн.: Ён з’яўляецца чэмпіёнам краіны і інш.), незнамянальныя – формы дзеяслова быць, тыпу Ён быў узрушаны і інш.
... духоўная энергія народа. Яна з’яўляецца галоўнай адзнакаю і сімвалам нацыі. Мова – генетычны код нацыі, яна яднае мінулае з сучасным, праграмуе будучыню і забяспечвае быццё нацыі ў вечнасці. 2. МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ І ЯЕ ВІДЫ У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія кантактуюць, прыводзіць да інтэрферэнцыі. Інтэрферэнцыя – (лац. inter “паміж”, ferens, ierentis “які нясе, пераносіць”) ...
... танальнасць – канатацыя. Пад канатацыяй разумеюць дадатковыя да прадметна-лагічнага і граматычнага значэнняў эмацыянальна-экспрэсіўныя або функцыянальныя асаблівасці семантыкі, якія абмяжоўваюць магчымасці ўжывання гэтай адзінкі пэўнымі сферамі і ўмовамі зносін і тым самым нясуць стылістычную інфармацыю.(Кожына). Да канататыўных элементаў лексічнага значэння даследчыкі адносяць семантычныя і стылі ...
... фалькларыстаў, этнографаў, моваведаў першай паловы ХІХ ст. павялічвала фактычны беларускамоўны матэрыял і стварала магчымасці з’яўлення к канцу ХІХ ст. абагульняльных прац па беларускім мовазнаўстве. Тэма: Развіццё беларускага мовазнаўства ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст Вывучэнне мясцовых гаворак “Заходні Край” Расіі звярнуў на сябе асаблівую ўвагу царскага ўрада ў канцы 50-х – ...
... гг і пасля 1957 г. Інакш пра гэты працэс можна гаварыць як пра працэс выпрацоўкі і стабілізацыі літаратурных норм на нацыянальнай глебе, збліжэнне выпрацаваных норм з рускамоўнымі і вызваленне норм беларускай літаратурнай мовы ад рускамоўнага ўплыву. Згаданае дае права разважаць пра рухомасць норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Такім чынам, маўленне лічыцца правільным, калі ў ім адсутні ...
0 комментариев