6. Асноўныя дасягненні адукацыі, навукі, мастацкай культуры ў 50-80-я гг. ХХ ст
Асуджэнне культу асобы Сталіна станоўча адбілася на ўсіх напрамках жыццядзейнасці савецкага грамадства. Паводле закона «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём i далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР», прынятага ў снежні 1958 г., школьная адукацыя скіроўвалася на політэхнічнае навучанне і працоўнае выхаванне. У 1959 г. была ўведзена абавязковая 8-гадовая адукацыя. Для сірот і дзяцей са слабазабяспечаных у матэрыяльным плане сем’яў утвараліся школы-інтэрнаты. Гэтая сістэма навучання і выхавання сябе апраўдала, у 1965 г. у БССР налічвалася ўжо 128 такіх школ. Актывізавалі працу школы рабочай моладзі. У выніку з 1956 да 1965 г. сярэднюю адукацыю атрымалі каля 600 тыс. юнакоў i дзяўчат.
У 1972 ва ўсёй краіне, у тым ліку БССР, пачаўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У 1985 г. яе атрымалі ўжо 170 тыс. чал., на 20 тыс. больш, чым у 1965 годзе. Акрамя адукацыі, сярэдняя школа, галоўным чынам праз сістэму навучальна-вытворчых камбінатаў, ставіла на мэце даць выпускніку пэўную прафесію.
Узросшая патрэба ў кваліфікаваных рабочых абумовіла стварэнне спецыяльных навучальных устаноў. Так, у 1959 г. усе рамесныя і іншыя вучылішчы былі пераўтвораны ў гарадскія i сельскія прафесіянальна-тэхнічныя вучылішчы (ГПТВ і СПТВ). З 1961 па 1985 іх колькасць вырасла са 103 да 240. Каб узняць агульны ўзровень будучых рабочых, у 1970-я гг. у ПТВ, іх навучэнцам, акрамя прафесіі, занадавалася сярэдняя адукацыя.
З 1960 г. па 1985 г. са 102 да 139 павялічылася колькасць тэхні-кумаў, а навучэнцаў у іх – са 139 тыс. да 160, 4 тыс.
У гэты перыяд імкліва развівалася вышэйшая школа. 1960-70-я гг. пачалі працу машынабудаўнічы (Магілёў), радыётэхнічны (Мінск), тэхналагічны лёгкай прамысловасці (Віцебск), машынабудаўнічы, тэхналагічны, (Магілёў), політэхнічны (Наваполацк) і інш. інстытуты. Гродзенскі і Гомельскі педагагічныя інстытуты былі пераўтвораны ва ўніверсітэты. У 1970-х гг. з мэтай збалансавання сацыяльнага складу студэнцтва, у ВНУ былі ўтвораны падрыхтоўчыя аддзяленні, якія рыхтавалі іх слухачоў да паступлення на першы курс. У 1960 г. у нас налічвалася 24 ВНУ з 59 тыс. студэнтаў. У 1985 г. гэтыя лічбы складалі адпаведна 33 i 182 тыс. Па колькасці студэнтаў на 10 тыс. насельніцтва БССР (164) БССР выйшла на першыя месцы ў Еўропе.
Буйнейшым навуковым цэнтрам рэспублікі паранейшаму заставалася АН БССР. Размяшчэнне ў рэспубліцы прадпрыемстваў машына-, станка- і прыборабудавання стымулявалі паскоранае развіццё фізіка-тэхнічных навук. За дасягненні ў галіне спектраскапіі, люмінесцэнцыі, квантавай электронікі і матэматыкі лаўрэатамі Ленінскай прэміі былі адзначаны М. Барысевіч, М. Яругін, У. Платонаў, Л. Кісялеўскі, У. Лабуноў і інш. З 1965 па 1985 гг. па навуковаму патэнцыялу наша рэспубліка займала трэцяе месца ў СССР.
З 1954 па 1966 гг. Саюз беларускіх пісьменнікаў узрос са 114 да 242 чал. Дасягненнямі літаратуры 1960-1970-х гг. варта лічыць трылогію І. Мележа «Палеская хроніка». У шэраг грунтоўных твораў аб жыцці народа ўвайшлі творы А. Чарнышэвіча «Засценак Малінаўка», А. Кулакоўскага «Сустрэчы на ростанях», І. Шамякіна, «Сэрца на далоні», «Крыніцы», «Трывожнае шчасце», «Атланты і карыятыды».
Тэма Вялікай Айчыннай вайне зрабілася найважнейшай ва ўсіх літаратурных жанрах. Я. Брыль у рамане «Птушкі і гнёзды» адным з першых узняў праблему выбару паводзін чалавека на вайне. У трылогіі І. Чыгрынава «Плач перапёлкі» рэалістычна перадзены драматызм падзей і чалавечых лёсаў на вайне.
Прызнаным майстрам ваенна-псіхалагічнага жанру жанру з’яўляецца В. Быкаў («Альпійская балада», «Дажыць да світання», «Жураўліны крык», «Мёртвым не баліць» і іншыя). У цыкле яго «партызан-скіх» аповесцей – «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Воўчая зграя», «Пайсці i не вярнуцца», «Знак бяды» аўтар, як ніхто іншы да яго, здолеў закрануць рэальныя чалавечыя пачуцці. Праўдзівае, а не плакатнае, асвятленне чалавечых лёсаў у час вайны ўласціва творам А. Ада-мовіча, І. Пташнікава і інш.
Сапраўднай падзеяй у беларускай літаратуры гэтага часу стаў выхад твораў У. Караткевіча, якія ляглі ў падмурак новага гістарычнага жанру літаратуры. У іх ліку – раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі» і інш.
Адлюстраванне агульначалавечых каштоўнасцей праз асабістыя перажыванні герояў стала адной з галоўных тэм пасляваеннай паэзіі П. Броўкі ў зборніках «Пахне чабор», «Далёка ад дому», «А дні ідуць…». З вялікай сілай выявіўся талент М. Танка ў зборніках вершаў «Нарачанскія сосны», «Прайсці праз вернасць». Высокі патрыятызм і тонкая лірыка выдатна спалучаліся ў ваеннай тэматыцы паэтаў А. Куляшова і П. Панчанкі. Славу прызнаных майстроў паэтычнага слова набылі сабе А. Вярцінскі, С. Грахоўскі, Г. Бураўкін, Р. Бараду-лін, Н. Гілевіч, В. Зуёнак, А. Лойка і інш.
На тэатральнай сцэне вызначылася ўстойлівая тэндэнцыя пераходу ад праблемы бесканфліктнасці, барацьбы добрага з лепшым і г. д. да рэальнага жыцця людзей. Пытанні маралі, унутранага свету чалавека выдатна асвятляў у сваёй творчасці пачынальнік новага этапу ў развіцці беларускай сатырычнай камедыі А. Макаёнак. Яго п’есы «Каб людзі не журыліся», «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Таблетку пад язык» і інш. выклікалі велізарную цікавасць публікі. Высокі ўзровень драматургічнага майстэрства прадэманстраваў К. Крапіва ў сваёй п’есе «Брама неўміручасці».
З пачатку 1980-х гг. тэатральнае маестацтва ўзбагацілася новым драматургам – А. Дударавым, які паставіў п’есы "Выбар", "Вечар", "Радавыя". Прызнанне грамадскасці набылі п’есы А. Дзялендзіка «Выклік багам» і А. Петрашкевіча «Трывога».
Дзякуючы высокапрафесійнаму складу Кансерваторыі, у 1960-1980-я гг. на беларускай сцэне былі пастаўлены ўзоры оперных класікаў – Ж. Бізэ, Ш. Гуно, П. Чайкоўскага, А. Барадзіна, М. Рымскага-Корсакава, М. Глінкі. Акрамя таго, беларускія аўтары сваёй творчас-цю ўзбагацілі гэты від мастацтва. Так, Я. Цікоцкага напісаў оперу «Алеся», А. Багатыроў – "Надзея Дурава", Г. Пукст – "Машэка". Аса-блівым нацыянальным гучаннем характарызаваліся оперы Ю. Семяня-кі «Зорка Венера», і «Францыск Скарына» Дз. Смольскага.
Агульнавядомы творы кампазітараў-песеннікаў У. Алоўнікава "Радзіма мая дарагая" і "Лясная песня", а таксама "Песня пра Нёман" М. Сакалоўскага. У ліку шматлікіх аўтарскіх твораў – кантата «Беларускія песні» А. Багатырова, араторыя «Званы» Я. Глебава, песні І. Лучанка і інш.
Шырокую вядомасць набылі Дзяржаўная харавая акадэмічная капэла БССР, Дзяржаўны народны хор, Дзяржаўны ансамбль танца, сімфанічны i народны аркестры. З 1970 г. пачаў сваё трыўмфальнае шэсце музычны калектыў «Песняры» на чале з У. Мулявіным.
З другой паловы 1950-х гг. перыяд імклівага развіцця нацыя-нальнага кіно. У ліку высокамастацкіх твораў варта назваць кінастужкі «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (рэжысёр М. Фігуроўскі), «Трэцяя ракета» (Віктараў), «Альпійская балада», «Я родам з дзяцінства» (М. Шпалікаў), «Іван Макаравіч» (І. Дабралюбаў), «Бацька» (Б. Сцяпанаў).
Экранізаваліся вядомыя творы беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку В. Быкава «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Узыхо-джанне», «Знак бяды»; I. Мележа – «Людзі на балоце», У. Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі».
Экранізацыя лепшых спектакляў беларускіх тэатраў, акрамя іншага, спрыяла ўзбагачэнню савецкай культуры, папулярызацыі такіх артыстаў, як Г. Макарава, П. Кармунін, Р. Янкоўскі, Г. Гарбук, В. Та-расаў, М. Яроменка і інш.
У 1950-я гады беларускі цэх жывапісцаў папоўніўся выпускнікамі маскоўскіх і ленінградскіх мастацкіх устаноў (М. Савіцкі, М. Данцыг, I. Стасевіч), а таксама выпускнікамі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (В. Грамыка, Л. Шчэмелеў, Б. Аракчэеў, I. Рэй).
Услаўленню Савецкай улады прысвечаны творы Н. Воранава «Бе-ларусь. За ўладу Саветаў», М. Манасзона – «І з’езд РСДРП», X. Ліў-шыца – «І Ўсерасійскі з’езд Саветаў», Ф. Дарашэвіча – «У. I. Ленін сярод першых чырвоных камандзіраў», А. Шыбнёва – «З Леніным»),
Важнейшым напрамкам творчасці мастакоў другой паловы 1960 – 1980-х гг. прысвячаўся подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Свае працы на гэтую тэму прысвяцілі Я. Зайцаў «Мая рэспубліка ў агні Айчыннай», В. Грамыка «Салдаты», «1941. Над Прыпяццю»), М. Данцыг («Партызанскае вяселле», А. Малішэўскі («Мы вернемся», I. Стасевіч «Суровае юнацтва», М. Залозны «Салдаты».
Асобае месца ў асвятленні гэтай тэмы займае творчасць М. Савіцкага парызанскага цыклу «Блакада», «Віцебскія вароты», «Партызанская мадонна», «Поле». Вялікае эмацыянальнае ўздзеянне маюць напісаныя ім карціны з цыклу «Лічбы на сэрцы» аб ахвярах фашысцкіх концлагераў.
У азначаны час набываюць далейшае развіццё тэматычны жывапіс: родная прырода, свабодная праца, дом і сям’я. Лепшыя яго ўзоры ўяўляюць «Мае Палессе» Г. Вашчанкі, «Па родных мясцінах» В. Сумарава, М. Савіцкага «У полі». Toнкім лірычным настроем прасякнуты карціны М. Казакевіча «Юнацтва» і Л. Шчэмялёва «Вясна». Новым словам у жывапісе 1970-1980-х гг. з’явіўся зварот да мінуўшчыны, які здзейснілі Ў. і М. Басалыгі, А. Марачкін, У. Тоўсцік, Ф. Янушкевіч.
Аб дасягненнях беларускіх мастакоў выразна сведчаць узоры манументальнага мастацтва: мазаічнае пано «Палёт» Г. Вашчанкі, вітраж на фасадзе i размалёука ў холе кінатэатра «Піянер» Я. Зайцава i I. Ц1ханава, мазаіка ў фае кінатэатра «Партызан» М. Данцыга і Б. Няпомняшчага, размалёука «Зямля Светлагорская» Г. Вашчанкі, мазаіка «Партызаны» А. Юшчанкі і інш.
Усталяваны ў 1954 г. у Мінску Манумент Перамогі (аўтар праекта Г. Заборскі, скульптары З. Азгур, А. Глебау, А. Бембель, С. Селіханаў) і запалены ў 1961 г. каля яго Вечны агонь сталі не толькі сімвалам, але і сапраўдным мастацкім шэдэўрам. У ліку найбольш велічных помні-каў такога кшталту мемарыяльныя комплексы «Брэсцкая крэпасць-герой» (А. Бембель, У. Кароль, В. Волчак, В. Занковіч, Ю. Казакоў і інш.), «Хатынь» (С. Селіханаў, В. Занковіч, Л. Левін і інш.) і «Пра-рыў» у раёне г. п. Ушачы Віцебскай вобл. (А. Анікейчык, Ю. Градаў, Л. Левін), помнік «Курган Славы Савецкай Арміі – вызваліцельніцы Беларусі (А. Бембель, А. Арцымовіч, А. Стаховіч), помнік Н. Ф. Купрыянавай (А. Заспіцкі, І. Міско, М. Рыжанкоў), якая не дачакалася з вайны пяці сваіх сыноў.
Высокамастацкая манументальная скульптура таксама ўвасобілася ў помніках У. I. Леніну у Лепелі (I. Глебаў), Я. Купалу (А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. Заспіцкі), Я. Коласу (З. Азгур) у Мінску, Ф. Скарыне ў Полацку (А. Глебаў, I. Глебаў, А. Заспіцкі),
Такім чынам, беларускія літаратары і дзеячы мастацтва, аб’ядна-ныя ў творчыя саюзы, пад кантролем КПСС-КПБ выконвалі не толькі эстэтычную, але і ідэйна-выхаваўчую функцыю. У БССР, як і ва ўсім СССР, духоўнасць грамадзян асацыіравалася са ступенню авалодання імі сацыялістычных каштоўнасцей (марксізм-ленінізм, сацыялістыч-ная Радзіма, агульнанародная ўласнасць, калектывізм і таварысцкая ўзаемадапамога, «чалавек чалавеку – сябар, таварыш і брат, дружба народаў СССР і інтэрнацыяналізм і інш.).
Лічылася, што ў СССР самая адукаваная і высокамаральная мо-ладзь, якая праз УЛКСМ непарыўна звязана з КПСС і гатова выканаць любую, пастаўленую ёй задачу. Існаванне «несаюзнай» моладзі і нейкіх асобных яе інтарэсаў лічылася выключэннем, якое не заслугоўвала ўвагі. Так, да пачатку перабудовы, за 20 год існавання Камісіі па справах моладзі ў Вярхоўным Савеце БССР яе члены не падалі ніводнага заканапраекту аб жыццёвых патрэбах юнакоў і дзяўчат.
Не выклікала заклапочанасці ўсяго парламента (старшыні Прэзідыуму І. Шамякін, з 1985 г. – І. Навуменка) поўнае знікненне ў гарадах беларускіх школ, звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, занядбанасць гістарычным мінулым, помнікамі і традыцыямі мінуўшчыны. Занятыя вырашэннем уласных праблем партыйная і камсамольская наменклатура разам з кіраўніцтвам творчых саюзаў не маглі прадпрыняць дзейсных захадаў супраць распаўсюджання ў нашай краіне элементаў заходняй культуры. Не дзіўна, што моладзь губляла давер да сацыялістычных каштоўнасцей і стварала ўласную субкультуру: павальна захаплялася айчыннай і замежнай музыкай (стылі «рок», «поп», «дыска») і контрабанднымі «відакамі»; збівалася ў суполкі «панкаў», «металістаў», «рокераў». Насуперак ачмурэлай атэістычнай прапагандзе, трэць юнакоў і дзяўчат удзельнічала ў рэлігійных абрадах.
На пачатку 1980-х гг. расчараванне савецкіх людзей сацыялістычнымі каштоўнасцямі адбілася і на пабытовым узроўні, калі ў грамадстве надзвычай пашырылася п’янства, наркаманія і г. д.
З пачаткам перабудовы, партыйныя ідэолагі трактавалі змест духоўнасці ў непарыўнай сувязі з марксізмам-ленінізмам і толькі пад уздзеяннем магутнага адраджэнскага руху былі вымушаны прызнаць вяршэнства агульначалавечых каштоўнасцей над класавымі («сацыялі-стычнымі»), у тым ліку рэальную свабоду сумлення, неабходнасць бе-ларускай мовы ў якасці дзяржаўнай і многае іншае. Але шматлікія па-становы партыйных пленумаў, выступленні СМІ (тэлебачанне, прэса, радыё) па ўмацаванні народнай духоўнасці мелі дэкларатыўны характар. Вызначаць гэты працэс, ажыццяўляць яго і кіраваць ім у ЦК КПБ ужо не было ні сіл, ні магчымасцяў. Па сутнасці, за словамі аб духоўнасці хаваліся тактычныя намаганні наменклатуры захаваць сваю ўладу і сацыялістычны курс развіцця.
Тая ж частка беларускага народа – інтэлігенцыя і проста грамадзяне, якія не атаясамлівалі духоўнасць з камунізмам, звязалі яе з нацыянальнымі патрэбамі – адраджэннем дзяржаўнага статусу беларускай мовы, арганізацыяй сістэмы беларускай адукацыі, пераадоленнем нацыянальнага нігілізму, развіццём нацыянальнай літаратуры, тэатра, музычнага і выяўленчанга мастацтва.
На фоне разбуральных працэсаў у эканоміцы, сацыяльных узрушэнняў (беспрацоўе, п’янства, наркаманія, прастытуцыя, СНІД і інш.) аслаблення саюзнай дзяржавы праблема «духоўнага Чарнобылю» здавалася свядомым грамадзянам значна больш актуальнай, чым усе астатнія. Невыпадкова, што неаднолькавыя падыходы ўсіх палітыч-ных і грамадскіх аб’яднанняў да вызначэння прыярытэтных накірункаў у палітыцы перабудовы абумовілі разнастайныя праявы духоўнага жыцця, супярэчлівыя вынікі і ацэнкі.
У ліку першых у БССР, хто скарыстаў спрыяльную палітыку перабудовы на карысць нацыянальных інтарэсаў, былі сябры шматлікіх гісторыка-культурных аб’яднанняў – «Талака» (Мінск), «Паходня» (Гродна) і інш., а таксама маладыя літаратары Саюза пісьменнікаў, якія арганізавалі ўласную суполку «Тутэйшыя». Менавіта гэтыя суполкі, у партыйнай трактоўцы – «нефармальныя аб’яднанні» – абмяркоўвалі складаныя перыяды гісторыі, бралі ўдзел у святкаванні народных святаў «Гуканне вясны», «Дзяды», крытыкавалі сталінізм і г. д. Іх намаганнямі з’явіліся першыя, напалову легальныя друкаваныя выданні і лістоўкі. Менавіта яны паставілі ў парадак дня павышэнне статусу беларускай мовы. Таму ж паспрыялі змешчаныя ў адкрытым друку звароты (1986) і (1987) прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлі-генцыі БССР на адрас ЦК КПСС. Ідэю аб яе дзяржаўнасці настойліва праводзіла газета «Літаратура i мастацтва». Пасля таго, летам 1988 г. у ёй з’явіўся артыкул аб знойдзеных у Купрапатах парэштках ахвяр сталінізму, яе аўтарытэт значна ўзрос.
У 1988-1989 навучальным годзе ў многіх ВНУ БССР па рашэнні рэктаратаў стаў чытацца курс гісторыі Беларусі на беларускай мове. Нарэшце, павышэнню статусу беларускай мовы паспрыяла ўтварэнне грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.
Прапаганда беларускімі арганізацыямі беларускай мовы, герба «Пагоня», бела-чырвонага-белага сцяга сустракала жорсткую крытыку і нават сілавыя захады з боку партыйнай наменклатуры. Але ўрэшце, напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савета БССР, каб не адштурхнуць ад сябе электарат, КПБ была вымушана прызнаць справядлівасць патрабаванняў беларускіх арганізацый і ў снежні 1989 г. выказалася ў падтрымку беларускай мовы і нацыянальнай школы.
Нарэшце, 26 студзеня 1990 г. зноў абраны парламент БССР прыняў закон "Аб мовах у Беларускай ССР", які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай. 20 верасня 1990 г. Вярхоўны Савет (старшыня М. Дземянцей) зацвердзіў распрацаваную Саветам Міністраў Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы i іншых нацыянальных моў.
Нягледзячы на сваю абмежаванасць, распачатая палітыка перабудовы ў плане дэмакратызацыі і галоснасці паспрыяла далейшаму прагрэсіўнаму развіццю беларускай літаратуры. У прыватнасці, на хвалі адноўленай палітычнай рэабілітацыі ахвяр сталінскага рэжыму да чытача вярнуліся забароненыя творы М. Гарэцкага, А. Гаруна, П. Галавача, У. Ластоўскага.
З’явіліся аповесці-успаміны С. Грахоўскага "Зона маўчання", "З воўчым білетам", П. Пруднікава "Яжовыя рукавіцы", Ф. Аляхновіча "У капцюрах ГПУ", Б. Мікуліча "Аповесць для сябе", у часопісе «Ма-ладосць» былі надрукаваны ўспаміны Л. Геніюш «Споведзь».
Значны літаратурны рэзананс выклікала Чарнобыльская катастрофа. З яе мастацкім асэнсаваннем выступіў Б. Сачанка – «Родны вугал», І. Шамякін – "Злосная зорка", В. Карамазаў – "Краем Белага шляху", В. Казько – "Выратуй i памілуй нас, чорны бусел", А. Адамовіч – "Апакаліпсіс па графіку", У. Някляеў – "Зона".
Пасля смерці Ў. Караткевіча (1984) эстафету гістарычнага рамана працягваў Л. Дайнэка з творамі аб беларускім сярэднявеччы – «Меч князя Вячкі", «След ваўкалака", "Жалезныя жалуды". Уважлівым даследчыкам і тонкім назіральнікам выявіў сябе Ў. Арлоў творамі «Дзень, калі ўпала страла» і «Асветніца з роду Ўсяслава» (1989). Велізарную папулярнасць заваяваў твор. К. Тарасава «Памяць пра легенды: беларускай даўніны галасы i абліччы» і інш. Важкі ўклад у вяртанне забытых іменаў унёс Э. Ялугін сваёй дакументальнай аповесцю «Без эпітафіі аб лёсе» Ц. Гартнага.
У тэме Вялікай Айчыннай вызначыліся тэндэнцыі адыходу ад павярхоўных, плакатных персанажаў да раскрыцця складаных характараў, адбітых у творах В. Быкава «Кар’ер», «Сцюжа» і І. Новікава «Ачышчэнне». Новым словам у літаратуры канца 1980-х стала аповесць С. Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі», прысвечаная ахвярам вайны ў Афганістане.
Беларуская паэзія развівалася больш імкліва. Значная яе частка насіла публіцыстычны характар. У ліку лепшых аўтараў Н. Гілевіч, які прысвяціў нацыянальна-культурнаму адраджэнню свае кнігі паэзі «Повязь», «Як дрэва карэньнем», «Жыта, сосны й валуны». Зборнікі вершаў выдалі Р. Барадулін і В. Зуёнак. У 1988 г. Сапраўднай падзеяй у літаратурным сусвеце зрабілася выданне асобнай кніжкай легендарнай у 1970-х гг. ананімнай вершаванай паэмы «Сказ пра Лысую Гару».
Матывамі адраджэння прасякнута кніга паэзii «Міласэрнасць пла-xi» Р. Барадуліна. Патрэбам беларускага адраджэння прысвячалі сваю творчасць маладыя паэты А. Сыс, С. Сокалаў-Воюш, Л. Рублеўская, А. Пісьмянкоў, Л. Дранько-Майсюк, Г. Булыка, А. Глобус, В. Шніп. Для тэатральных падмосткаў пісалі А. Дудараў, А. Асташонак, У. Бутрамееў, М. Арэхоўскі, У. Саўліч, С. Кавалёў, I. Ciдарук і інш.
У цэлым з пачаткам перабудовы літаратурны працэс Беларусі развіваўся ў супярэчлівых умовах. З аднаго боку, паслабленне партыйнага ўціску над дзейнасцю Саюза пісьменнікаў і кожнага з яго членаў паспрыяла з’яўленню новых, пазбаўленых кан’юнктуры прац, а таксама вяртанню забароненых і забытых пад час сталіншчыны твораў. Як крок наперад трэба прыняць з’яўленне новых, нацыянальна арыентаваных аповесцей, раманаў, п’ес прысвечаных беларускай мінуўшчыне. З другога боку літаратурны працэс характарызаваўся моцным уцягненнем яго ўдзельнікаў у палітычную барацьбу. У выніку адной з характэрных асаблівасцяў літаратуры канца 80-х гадоў ХХ ст. зрабілася яе публіцыстычнасць.
У пачатку перабудовы беларускі тэатр адчуў на сабе ўздзеянне тых самых праблем, што і літаратура. Акрамя таго, пагаршэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва негатыўна адбілася на тэатральнай аудыторыі. Перавод усіх 17 тэатраў на самафінансаванне прывёў да супярэчлівых наступстваў. З аднаго боку, творчыя калектывы набылі рэальную свабоду творчасці: магчымасць самастойна фарміраваць рэпертуар, планаваць гастрольныя паездкі, рэгуляваць кошт білетаў і памеры заработнай платы і г. д. А з другога боку – яны трапілі ў рэчышча рыначных адносін і былі вымушаны дэманстраваць тыя п’есы, якія давалі найбольшы прыбытак. Так, амаль усе беларускія тэатры другой паловы 1980-х паставілі далёкія ад высокай маральнасці п’есы «Да-рагая Алена Сяргееўна», «І быў дзень», «Курыныя галовы». Найбольш гучны поспех напаткаў п’есу А. Галіна «Зоркі на ранішнім небе». Пэўны ўклад у такога кшталту драматургію ўнёс А. Дудараў, які напісаў чатыры п’есы з жыцця маргіналаў. Характэрна, што пастаўленыя Русскім театрам імя М. Горкага булгакаўскія «Майстар і Маргарыта» і чэхаўскія «На дне» і «Тры сястры» прайшлі зусім не заўважанымі.
Па меры дэмакратызацыі грамадскага жыцця, аслаблення ідэалагічнага ўціску, абуджэння цікавасці да беларускасці і г. д. беларускі тэатр прыцягваў гледачоў і сур’ёзнымі, высокамастацкімі пастаноўкамі як «Памінальная малітва» Б. Эрына , «Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева, «Дагарэла свечачка да палічкі», А. Петрашкевіча.
Яшчэ ў 1982 г. у Магілёве рэжысёр В. Маслюк спрабаваў інсцэні-раваць «Тутэйшых» паводле п’есы Я. Купалы, але толькі ў 1990 г. М. Пінігіну ўдалося здзейсніць гэтую «крамольную пастаноўку».
У цэлым у другой палове 1980-х гг. беларускаму тэатру даводзілася выжываць. Высокамастацкі рэпертуар з п’есамі В. Шукшына, А. Макаёнка, В. Быкава і іншых аўтараў саступаў забаўляльным пастаноўкам. Спатрэбілася ўмяшальніцтва дзяржавы, каб разам з Саюзам тэатральных дзеячаў аднавіць высокае прызначэнне тэатра ў справе фарміравання высокаразвітай чалавечай асобы.
Такія ж цяжкасці перажываў беларускі кінематограф.У ліку лепшых прац «Беларусьфільма» варта назваць кінастужкі рэжысёраў Э. Клімава «Ідзі і глядзі» (1985) і В. Рыбарава «Мяне клічуць Арлекіна» (1988). Але калі першы фільм закранаў уласцівую беларускаму мастацтву тэму жыцця і барацьбы народа ва ўмовах нямецкай акупацыі і ўжо тым прыцягваў увагу, то – другі, будзіў зусім іншыя, нязвыклыя пачуцці, бо героем фільма быў выхаванец савецкай эпохі, пазбаўлены агульначалавечых прынцыпаў і не здольны быць карысным грамадству. Яшчэ больш выразна такія «прадукты эпохі» знайшлі ўвасабленне ў кінафільме В. Пічула «Маленькая Вера».
Дасягненнем Саюза кінематаграфістаў БССР варта лічыць заснаванне рэспубліканскага відэацэнтра, які значна паспрыяў духоўнаму адраджэнню нацыі, папулярызацыі беларускай культуры за мяжой.
Не лепшыя часы перажывала класічнае мастацтва – опера, балет, сімфанічная музыка. Увагу гледачоў прыцягнулі оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана і «Майстар i Маргарыта» Я. Глебава. У барацьбе за гледача яно саступала месца так званаму шоу-бізнэсу. Рэнтэбельнымі заставаліся нешматлікія вакальна-інструментальныя («Песняры», «Верасы», «Сябры») і танцавальныя («Харошкі») ансамб-лі. У 1987 г. пачаў выступленні Дзяржаўны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам М. Фінберга.
У тэматыцы твораў выяўленчага мастацтва паранейшаму пры-сутнічалісюжэты Вялікай Айчыннай, але прызнаных народам шэдэўраў тут створана не было. Адной з асноўных тэм стала гісторыя сярэднявечча. У. Стальмашонак выканаў серыю партрэтаў Радзівілаў, замалёвак архітэктурных помнікаў Нясвіжа. Г. Вашчанка стварыў трыпціх, прысвечаны К. Каліноўскаму, і цыкл партрэтаў дзеячаў беларускай культуры. Увагу многіх мастакоў, у тым ліку А. Савіцкага і А. Марачкіна, прыцягнула праблема Чарнобыльскай катастрофы.
Такім чынам, другая палова 80-х хх. ХХ ст. з’яўлялася самым кароткім па часе, але вельмі важным па значнасці перыядам у гісторыі БССР, які, акрамя іншага, характарызаваўся паступовым крахам камуністычнай ідэалогіі і станаўленнем беларускай культуры, заснаванай на прынцыпах гуманізму, на агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцях, першых дасягненнях літаратуры і мастацтва
7. Змены ў духоўным жыцці народа ў канцы 1980-х гг
Другой, пасля адраджэння беларускасці, найважнейшай з’явай у справе фарміравання духоўнасці зрабілася вяртанне рэлігіі ў свядомасць і побыт людзей. Да пачатку перабудовы царква як арганізацыя не выяўляла сваёй прысутнасці ў грамадскім жыцці. Тым не менш партыйныя лідэры паранейшаму бачылі ў ёй ідэалагічнага праціўні-ка. Аб тым, у прыватнасці, сведчыла пастанова ЦК КПСС 1981 г. «Аб узмацненні атэістычнага выхавання» і даклад сакратара Ю. Андропава «Актуальныя пытанні ідэалагічнай, масава-палітычнай работы партыі» на Чэрвеньскім (1983) Пленуме ЦК КПСС. Так, з нагоды набліжэння 1000-годдзя хрышчэння Русі камуністы прадпісалі патрыярхату РПЦ абмежаваць святкаванне гэтай даты толькі царкоўным асяроддзем. Орган ЦК КПБ «Политический собеседник» звяртаў увагу сваіх нешматлікіх чытачоў на неабходнасць атэістычнага выхавання. Але ў 1988 г. сам Генеральны сакратар КПСС М. Гарбачоў быў вымушаны публічна прызнаць велічную ролю царквы, а разам з тым і неабходнасць поўнай легалізацыі яе дзейнасці.
Відавочнае ідэйнае банкруцтва камунізму выявілася нейперш у вяртанні людзей да сваіх каштоўнасцяў. Так, у 1988 г. колькасць дзеючых праваслаўных храмаў у БССР складала 369, праз год – 477, да канца 1990 г. – 609. Закрытымі заставаліся 387, але дзякуючы энергіі вернікаў на чале з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, і яны сталі вяртацца ва ўлонне праваслаўя.
Летам 1989 г. пачалі аднаўляцца ранейшыя епархіі. У ліпені ў Жыровічах – адбылася хіратонія двух новых архірэяў: архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Максіма і епіскапа Полацкага і Віцеб-скага Дзімітрыя. Новых архіпастыраў блаславіў патрыярх Антыёхіі Ігнацій IV, які наведаў Мінскую і Беларускую мітраполію. З 1 верасня 1989 г. узнавіліся заняткі ў Мінскай духоўнай семінарыі, ізноў пачаў дзейнічаць Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр у Полацку.
Царква таксама ўключылася ў агульнанародны рух па ажыццяўленні перабудовы. У красавіку 1990 г. тры яе прадстаўнікі – Мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), айцец Віктар (Радамысльскі), айцец Аляксандр (Дзічкоўскі) на альтэрнатыўнай аснове былі абраны дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР. Праваслаўная царква стала набліжацца да нацыянальнае культуры. Па прапанове Філарэта літаратар В. Сёмуха ўзяўся за пераклад Бібліі на беларускую мову.
Амаль адначасова выявілі актыўнасць прадстаўнікі іншых канфесій. Так, у ліпені 1989 г. Папа рымскі Ян Павел II прызначыў апостальскага адміністратара для католікаў Беларусі – ксяндза Тадэвуша Кандрусевіча. Прыкладна ў гэты ж час пачалі дзейнічаць пратэстанцкія канфесіі евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, пяцідзесятнікаў і інш.
Такім чынам, вяртанне людзей да сваіх рэлігійных каштоўнасцей дапамагло ім знайсці сэнс далейшага жыцця, набыць душэўную і духоўную раўнавагу. Акрамя таго, менавіта на этапе, калі ў беларускае грамадства хлынулі ідэі так званай «сексуальнай рэвалюцыі», гвалту, юдафобіі і г. д., менавіта царква зрабілася кансалідуючым яго фактарам і сродкам стрымлівання негатыўных працэсаў у духоўным і сацыяльным жыцці ўсіх людзей, асабліва моладзі.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.
2. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.
3. Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы i права Беларусі ў дакументах i матэрыялах. – Мн., 1998
4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. – Мн., 1993-2003.
5. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.
... прадстаўлены 50 дэлегатамі на першым славянскім кангрэсе Лацінскай Амерыкі (1943 г.). Па яго рашэнню быў створаны Славянскі саюз у Аргенціне, членамі якога сталі практычна ўсе беларускія арганізацыі краіны. Другая сусветная вайна выклікала трэцюю хвалю эміграцыі. Беларусь, якая была арэнай жорсткіх ваенных дзеянняў, працяглай акупацыі яе тэрыторыі фашысцкімі захопнікамі, гэтыя працэсы закранулі ...
... з’явай у культурным жыцці Беларусі ў ХІХ ст. стала фарміраванне беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы, што абумовіла паступовую кансалідацыю духоўных сіл народа і фарміраванне беларускай нацыі. 7. Беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне пачатку ХХ ст. Эканамічны ўздым Расійскай імперыі, які назіраўся ў пачатку ХХ ст., стварыў магчымасць для вырашэння шэрагу ўрадавых ...
... з'яў. Іх узаемаадносіны характызуюцца партнёрствам, агульным клопатам аб дабрабыце людзей і грамадзянскім міры, што з’яўляецца дадатковым доказам існавання ў Рэспубліцы Беларусь грамадзянскай супольнасці. 5. Культурнае развіццё беларускага народа Беларуская культура канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў мела станоўчую дынаміку. Па-першае, дзяржаўная палітыка ў галіне асветы заўсёды належала да ...
... віленскія біскупы прыкладалі значныя намаганні да рэфармавання яе царкоўнага статуса, стала удзельнічалі ў радзе паноў, вальных сеймах, у знешнепалітычных кантактах з Польшчай і Вялікім Княствам Маскоўскім. У дыпламатычных адносінах з свецкімі і царкоўнымі ўладамі і баярамі каталікі часам супрацоўнічалі з праваслаўнымі мітрапалітамі ВКЛ. Вышэйшая іерархія каталіцкіх біскупстваў ВКЛ (уключаючы ...
0 комментариев